Жыві цяпер

Чытаю:

Аб’явіўся Пан Абрагаму каля дубоў Мамрэ, калі той сядзеў пры ўваходзе ў шацёр у час дзённай спякоты. Абрагам узняў вочы свае – вось тры мужы стаялі насупраць яго. Убачыўшы іх, ён пабег ад уваходу ў шацёр насустрач ім і, пакланіўшыся да зямлі, сказаў: Пане, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, не абмінай свайго слугі. Прынясу крыху вады, і вы абмыйце свае ногі, і адпачніце пад гэтым дрэвам. Я ж прынясу трохі хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя, а потым пойдзеце, бо дзеля гэтага праходзіце каля слугі вашага. А яны сказалі: Зрабі так, як сказаў.

Абрагам паспяшыў у шацёр да Сары і сказаў: Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі. Потым Абрагам пабег да статка і, выбраўшы тоўстае і прыгожае цяля, даў слузе, каб той хутка яго прыгатаваў. Затым узяў масла і малако, і прыгатаванае цяля і паставіў перад імі. Сам жа стаяў каля іх пад дрэвам. А яны елі.

Быц 18, 1-8

Гляджу:

Паштоўка «Дуб Абрагама ў Хэброне» паводле акварэлі (каля 1898 г.) Ёгана Фрыдрыха Пэрльберга (1848–1921)

Разважаю: Абрагам, наш айцец у веры, умее распазнаць Пана і прывітаць Яго, рупіцца сам пра гасціну і карыстаецца дапамогай Сары і слугі. Прабывае ў моманце, як бы цяпер сказалі. Гэтае цяпер, напоўненае Божай прысутнасцю, вымагае асаблівай увагі. Менавіта вымагае, бо без высілкаў не ўдаецца жыць там, дзе насамрэч адбываецца жыццё: мінулае цягне ў свой бок, будучыня – у свой, і думкі разбягаюцца, марнуючы час і магчымасць атрымаць асалоду ад сустрэчы з Панам, ад Яго дароў, як тыя ж ежа і адпачынак, ад няспешных размоў і жартаў, ад сузірання прыроды. Таго, што мінула, не складзеш па-новаму, а будучыня – у Божых руках, як і гэтая хвіліна жыцця. 

Так шмат усяго, што пачынаецца словам “проста”, патрабуе гэтага прабывання ў цяпер. Проста падыхаць, паўзірацца ў неба, як любое дрэва. Проста быць ціхім сведкам Божай прысутнасці, як той дуб Абрагама. Проста заўважыць існаванне канкрэтных рэчаў побач, суседства іншых людзей. Проста выслухаць кагосьці, не перабіваючы. Проста смакаваць кожную “крошку са стала Пана”. Проста назіраць за птушкамі. Проста вылучыць адно за другім адценні снегу… Досыць хутка высвятляецца, што гэта нялёгка. Нават ведаючы, што кожны момант – дар Божай дабрыні, які заслугоўвае ўвагі, складана свядома рабіць асобна нейкую справу. Але гэта сапраўды жыццядайнае практыкаванне – засяроджвацца на нечым адным хаця б час ад часу. 

Паспрабуй на гэтым тыдні, злавіўшы сябе на рассеянасці або з тэлефонам, які чамусьці трэба было “праверыць” за вячэрай, спыніся і зноў сканцэнтруй увагу на тым, што робіш цяпер. Нават складаючы план на заўтрашні дзень, распісаны па хвілінах, спрабуй ацаніць перавагу прабывання ў цяперашнім моманце, калі яшчэ нічога не пачалося, калі ёсць магчымасць прадбачыць нейкія цяжкасці, а ўсе страхі і надзеі аддаць Богу.  

Тут варта пагаварыць пра малітву як адну з найважнейшых спраў нашага жыцця, паколькі яна лучыць нас з яго Крыніцай, а значыць, поіць нас. Малітва заслугоўвае таго, каб прысвячаць ёй усю ўвагу, імкнуцца ўдумліва прамаўляць кожнае слова вуснай малітвы, разважаць кожнае слова Пісання, скіроўваць да Бога ўсе памкненні і думкі… Тут, напэўна, кожны ўзгадаў свае змаганні за ўвагу ў малітве, бо мы не маем поўнага кантролю над працэсам мыслення; пытанне ў тым, ці ўжо не перасталі прагнуць большай глыбіні, большай гасціннасці для Пана, які наведвае нас, як Абрагама. Св. Ігнацый Лаёла так ясна ўсвядоміў сваю няздольнасць цалкам аддавацца пошуку Бога, а не сябе, што да канца жыцця ў пачатку кожнай малітвы пакорна прасіў Пана аб вялікай ласцы: каб усё ў ім – намеры, думкі і дзеянні – было скіраваныя толькі на праслаўленне Бога і служэнне Яму. 

Бывае так, што малітва для нас стаецца не часам праслаўлення і служэння, каштоўным самім па сабе, але часам “прагравання матора”, вымушаным прыпынкам перад тым, як рынуцца “жыць”: дзейнічаць, спажываць, развіваць, ісці. Адным словам, нешта рабіць. І калі малітва не дае “энергіі” на тое, што мы запланавалі, то… мы сумуем, мякка кажучы. Св. Ігнацый параіў бы з самага пачатку аддаць усё ў Божыя рукі, каб Ён вырашаў, што будзе адбывацца ў малітве. Магчыма, Ён сапраўды разагрэе, натхніць, даць адчуць моц Сваёй любові і заахвоціць да працы, якую даручыў нам. А магчыма, астудзіць, каб спыніць нашу ліхаманкавую дзейнасць (або доўгую бяздзейнасць?), у якой мы ўжо перасталі Яго шукаць і ўпарта спаўняем сваю, а не Ягоную волю. Ці ў мяне ёсць сілы прыняць такі час малітвы і не збегчы ў іншыя думкі, у скролінг тэлефона, у адкладанне малітвы на потым? Няма такіх сіл, таму можна проста прасіць Бога ўчыніць цуд – вось на гэтай малітве. І на заўтрашняй, і на наступнай… Прасіць, як жабрак, які нічога не мае і не прыкідваецца багатым. Прасіць аб такой любові да Бога, каб прыняць з Яго рук усё, прыемнае і горкае. 

Слухаю: ціхі Божы стук. “Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною” (Ап 3, 20).

Спрабую: святы Ігнацый заклікае шукаць Бога не толькі ў час малітвы, але літаральна ва ўсім. Ці гэта магчыма, робячы адначасна некалькі спраў? Чаму не, калі мы такія дасведчаныя ў шматзадачнасці? Аднак на гэтым тыдні, наколькі магчыма, паспрабуй рабіць адно па адным: асобна есці і асобна чытаць навіны ў тэлефоне, напрыклад. Асобна сузіраць прыроду і асобна размаўляць па тэлефоне. Гатаваць не з серыялам, а з Езусам, які, я веру, ахвотна складзе кампанію кожнаму, хто Яго запросіць у свае простыя штодзённыя рэчы. Ён будзе не толькі вячэраць, але і гатаваць з табою. 

Як варыянт на выбар: разважаць на працягу гадзіны (добра, паўгадзіны – для занятых) над кожным словам і выразам любімай малітвы, якой пагражае небяспека няўважлівасці (напрыклад, малітвы “Ойча наш”), суадносіць словы з рэаліямі свайго жыцця, смакаваць больш глыбокі сэнс, быць у Божай прысутнасці. 

Тэрэса Клімовіч