Тэма Божага Валадарства займае значнае месца ў прапаведаванні Пана Езуса паводле Евангелляў. Відавочна, наш Настаўнік хацеў, каб гэта рэчаіснасць ніколі не пакідала поля ўвагі Ягоных вучняў. У мінулы раз мы разглядалі якраз тую праўду, што Валадарства павінна быць у цэнтры ўсіх памкненняў і інтарэсаў сапраўдных вучняў Хрыста: “Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай”, – кажа Пан у Казанні на гары (Мц 6, 33). Сёння мы працягнем разважаць над рысамі Валадарства паводле вучэння Езуса.
Біблійны лексікон: Валадарства Божае. Частка 1
Біблійны лексікон: Валадарства Божае. Частка 2
У папярэднім артыкуле мы заўважылі таксама, што наш Боскі Настаўнік найчасцей карыстаецца прыпавесцямі ў навучанні пра Божае Валадарства. Езус звяртаецца да самых розных вобразаў з розных сфераў чалавечага жыцця, каб данесці праўду пра тыя законы і логіку, якія дзейнічаюць там, дзе па-сапраўднаму валадарыць Пан Бог, дзе Яго справядлівасць і любоў становяцца рэчаіснасцю, дзе Яго жаданне для людзей – сваіх умілаваных дзяцей – адлюстроўваецца ў іх стаўленні, адносінах, выбарах.
Зерне: плённы вобраз
Сёння я хачу звярнуць нашу ўвагу на тое, што сярод вобразаў, да якіх звяртаецца Божы Сын у сваіх прыпавесцях, асаблівае месца займаюць зерне, насенне. Самая першая прыпавесць у сінаптычных Евангеллях (Мц, Мк, Лк) – гэта аповед пра сейбіта, які сее зерне. Далей гэты вобраз вяртаецца ў прыпавесцях пра каласоўнік, пра гарчычнае зерне. У Евангеллі паводле Марка мы знаходзім унікальнае параўнанне Божага Валадарства з зернем, якое расце само па сабе (Мк 4, 26-29)… Таксама ў Чацвёртым Евангеллі, дзе практычна адсутнічае навучанне Езуса ў прыпавесцях (бо Ян ставіць за мэту дапоўніць тое, што ўжо напісанае іншымі евангелістамі), ёсць вельмі кароткая алегорыя зерня, якое памірае ў зямлі, каб прынесці багаты плён (Ян 12, 24). Прапаноўваючы гэты натуральны вобраз, Пан Езус паказвае прыклад і адначасова заахвочвае сваіх вучняў да таго, каб яны ўмелі заняць адносна навакольнай рэчаіснасці “пазіцыю сузірання”, каб умелі затрымацца, “чытаць” тую кнігу, якую напісаў і няспынна працягвае пісаць Усемагутны Стваральнік, калі кліча ўсё існае да жыцця. Зерне з’яўляецца тым універсальным (хоць і не адзіным) інструментам, які дазваляе створаным істотам – і раслінам, і жывёлам, і людзям – удзельнічаць, супрацоўнічаць у боскай справе стварэння паводле наказу Пана: “Пладзіцеся і размнажайцеся!” (Быц 1, 22.28).
Сёння дзякуючы сучаснай навуцы мы лепш разумеем, як гэты наказ “упісаны” і закадаваны ў Божым стварэнні на ўзроўні ДНК, і гэта зусім не перашкаджае нам верыць, а наадварот, дазваляе яшчэ больш захапляцца вялікім Стваральнікам.
Таямніца перамянення, заключаная ў зерні
Працэс пераўтварэння зерня, бадай што, найлепш дапамагае нам усвядоміць тое перамяненне, якое адбываецца і з нашым уласным жыццём. З матэрыяльнага пункту гледжання, наша існаванне пачынаецца менавіта ад зерня – насення. Ва ўлонні маці чалавечая істота на працягу кароткага часу праходзіць праз неверагодныя метамарфозы. Калі мы нараджаемся ў гэтым свеце, далейшыя перамены на фізічным узроўні, магчыма, ужо не здаюцца такімі дзіўнымі, аднак і гэты працэс варты захаплення. Але што надзвычай важна, у перспектыве, аб’яўленай нам Богам, працэсамі пераўтварэння ў гэтым свеце для нас усё не заканчваецца, а толькі пачынаецца: апостал Павел, тлумачачы праўду пра наша будучае ўваскрашэнне, параўноўвае зямное чалавечае цела з зернем, якое пасля фізічнай смерці народзіцца ў славе: “Сеецца ў тленні, паўстае ў нятленнасці… Сеецца цела зямное, паўстае цела духоўнае” (гл. 1Кар 15, 35-50). Так, паводле нашай надзеі ў Хрысце фізічная смерць – гэта толькі пераход, пасля якога пачынаецца цалкам новы этап – этап даўжынёй у вечнасць.
У перапляценні з працэсамі, якія адбываюцца з нашым фізічным целам у гэтым свеце, ідзе іншае перамяненне – у духоўнай рэчаіснасці нашага жыцця. Тлумачачы прыпавесць пра сейбіта, Пан Езус раскрывае сэнс вобразу зерня: “Сейбіт сее слова” (Мк 4, 14). Мы можам сказаць, што з духоўнай перспектывы пачатак чалавечага жыцця – гэта Божае «так», вымаўленае твайму і майму існаванню. Яно суправаджаецца ў далейшым нашым існаванні незлічонымі іншымі зернямі цудоўных Божых абяцанняў і словаў, якія запрашаюць нас на шлях жыцця і чакаюць, каб быць прынятымі на глебе сэрца праз нашу свабоду. Найважнейшае Слова, прамоўленае Богам Айцом у вечнасці, – гэта Ягоны Сын, Які ва ўцелаўленні дадзены нам як Брат, Сябра і Збаўца. Менавіта да Яго скіроўвае нас Нябесны Тата як да крыніцы “словаў жыцця вечнага” (пар. Ян 6, 68).
Жывая сувязь з Езусам – Божым Сынам, паслухмянасць Ягонаму слову – вось працэс прарастання Божага насення, працэс уцелаўлення Божага Валадарства ў канкрэтыцы нашага існавання. Адначасова, як папярэджвае Пан у прыпавесцях пра сейбіта і пра каласоўнік, існуе рэальнае супрацьдзеянне з боку ворага – д’ябла, які хоча ўсялякім чынам перашкодзіць на шляху прыняцця і росту Божага слова ў жыцці чалавека і сам падступна сее сваё насенне зла і заганаў. Таму трэба быць пільнымі і пагадзіцца на тое, што паслухмянасць Слову Жыцця будзе непазбежна азначаць барацьбу і змаганне са спакусамі і сваволлем.
Зерне – сімвал сціплага пачатку
Вобраз зерня вучыць нас важнаму закону датычна працэсаў Божага Валадарства. Рост зерня займае час, таму неабходная цярплівасць, каб умець чакаць, каб паважаць дынаміку выспявання і ўзрастання, каб даверыцца той таямнічай сіле, якая не падуладная нашаму кантролю, і дазволіць ёй дзейнічаць. Вельмі часта, асабліва ў нашай сённяшняй рэчаіснасці, каторай уласцівы ціск дасягаць большага як мага хутчэй, не хапае менавіта цярплівасці і прыняцця таго рытму, які не паддаецца знешняму кантролю.
Праз прыпавесць пра гарчычнае зерне – найменшае з усяго насення, але якое дае пачатак вялікай расліне – Пан Езус падкрэслівае, што справы Божага Валадарства маюць сціплы пачатак, аднак даюць несуразмерны плён. Гэты факт вучыць нас пакоры і ўменню прыдаць належнае значэнне на нашым духоўным шляху тым рэчам, якія здаюцца надта малымі і неістотнымі, але ў канчатковым выніку становяцца вырашальнымі ў нашай пладавітасці для Божага Валадарства. Пан звяртаецца да нас праз слова, запісанае для нас у Бібліі: вельмі сціплы насамрэч сродак, ад якога так проста адмахнуцца, палічыць чымсьці слабым, няважным, паставіць на апошняе месца ў спісе сваіх прыярытэтаў. У нашай штодзённасці мы лёгка прапускаем магчымасці рабіць простыя жэсты спагады і дабрыні, бо яны здаюцца лішнімі, другаснымі, але яны якраз могуць стаць тымі маленькімі зярнятамі, якія паступова прынясуць багаты плён любові і надзеі ў жыцці нашым і нашых бліжніх. Нашыя цноты не ўзнікаюць цудоўным чынам, але ўзрастаюць дзякуючы цярплівай вернасці ў сціплых найчасцей учынках і дзеяннях.
Раю дарагім чытачам знайсці ў інтэрнеце вельмі мудрую і прыгожую малітву Антуана дэ Сент-Экзюперы (аўтара “Малога Прынца”), у якой ён просіць Пана навучыць яго мастацтву малых крокаў (искусству маленьких шагов). Няхай Пан дасць нам жаданне і здольнасць праз сціплыя жэсты дзень пры дні дазваляць Ягонаму Валадарству станавіцца рэальнасцю ў нас і вакол нас!
Віктар Жук SJ