У наш паспешлівы век інфармацыя, пададзеная ў скарочаным або спрошчаным выглядзе, здаецца выдатным спосабам атрымання ведаў без страты часу (хоць ён усё роўна недзе губляецца). Прачытанне доўгай біяграфіі вымагае асобнага часу і трываласці. Прынамсі, у мяне так… Укладальнікі «Духоўнага дзённіка» святога Пятра Фабэра спачатку вырашылі адказаць на пытанне «Хто такі Пётр Фабэр?» І выявілася, што мне зусім не так лёгка ісці крок за крокам за наратарам, Антоніо Альбукэркэ SJ, які грунтоўна распавядае ў кантэкце той эпохі пра жыццёвыя падзеі, справы і думкі гэтага незвычайнага езуіта, аднаго з першых паплечнікаў святога Ігнацыя Лаёлы. Ён паходзіў з простай сям’і, у дзяцінстве часта пасвіў авечак на альпійскіх схілах. Пражыў святы Пётр усяго сорак гадоў, актыўнаю дзейнасцю займаўся толькі восем, а расповед аб ім усё «цягнецца і цягнецца».

Пасля вучобы ў Парыжы, дзе яны з Ігнацыем Лаёлам і Францішкам Ксавэрыем дзялілі адзін пакой, Фабэр самаахвярна прысвяціў сябе інтэнсіўнай апостальскай працы. Атрымліваючы ўсё новыя даручэнні, ён вандраваў па Італіі, Германіі, Францыі, Іспаніі і Партугаліі, служыў дарадцам кардыналаў, біскупаў і дыпламатаў, бываў пры іспанскім і партугальскім дварах. Ён прапаведаваў, чытаў лекцыі, даваў духоўныя практыкаванні (і ў гэтым служэнні быў надзвычайным майстрам), спавядаў, абіраў кандыдатаў у новазаснаваны ордэн «кампаньёнаў Езуса», езуітаў.

Аднак духоўны дзённік адкрывае нам чалавека, які нібыта нікуды не спяшаецца і няспынна паглыбляе сваю малітву. А. Альбукэркэ піша: «Яго дух не ведае межаў. Ён узносіцца на неба і кантэмплюе Святую Тройцу. Яму баліць цярпенне душаў у чыстцы. У сваім уяўленні ён наведвае ўсе Марыйныя санктуарыі ў рэгіёне, куды ён скіраваны, і ён асаблівым чынам даручае сябе святым заступнікам. Ён пастаянна моліцца, ідучы праз палеткі і вёскі. Ён звяртаецца да анёлаў-ахоўнікаў усіх жыхароў той ці іншай мясцовасці. Ён просіць Езуса Хрыста, прысутнага ў вясковым касцёле, прыйсці на дапамогу блізкім, грэшнікам, паміраючым і патрабуючым суцяшэння. Вандруючы, ён часта просіць аб памнажэнні зямных дабротаў. Ён дзякуе і просіць прабачэння ад імя грэшнікаў, якія не могуць падзякаваць за атрыманыя дары і папрасіць прабачэння за свае грахі».

Варта прыняць да сэрца метад дзеяння Фабэра: маліцца да анёла-ахоўніка асобы, да якой ідзеш з нейкай справай; прасіць падтрымкі і заступніцтва ў апекуна горада ці супольнасці, дзе хочаш знайсці прыхільнасць; дзякаваць і прасіць за ўсіх і нават замест тых, хто ні аб чым Бога не просіць і ні за што не дзякуе. Толькі ўкара­ніць гэта ў сваё жыццё не ўдасца, калі мы не заўважым галоўнага: любові, якая ляжыць у аснове такой адданасці Божай волі і такой адчувальнасці да анёлаў і святых. Фабэр менавіта з любоўю ўглядаўся ў повязі паміж рознымі членамі Містычнага Цела Хрыста, нібы маючы перад вачамі ўсю вялікую карціну Божых дзеяў. Таму яму ўдавалася «сшываць» сваім служэннем зраненыя душы і супольнасці, даваць каштоўныя парады і проста быць добрым сябрам, якога людзі не хацелі адпускаць ад сябе.

У адным месцы ён піша, што добры дух дае яму прагненне сказаць кожнаму мучаніку суцяшальныя словы з 20-га псальма: «Няхай выслухае цябе Пан… кожную задуму тваю выканае… прыгадае кожную тваю ахвяру». Пачытайце самі гэты цудоўны псальм з думкай пра чалавека, які заўчасна адышоў з гэтага жыцця.

Відавочна, што перш чым захацець кагосьці суце­шыць, трэба стаць нейкім чынам побач з гэтай асобай, услухацца ў яе перажыванні. У лёсах мучанікаў звычайна больш уражвае змест іх пакутаў, чым тое, якімі яны былі людзьмі, аб якіх няздзейсненых задумах тужыла іх сэрца ў прадчуванні смерці. Каб не моцна ўразіцца, мы часцей «захоўваем дыстанцыю», просім заступніцтва здалёк, калі ўвогуле просім. Але тады як можам знайсці для іх хоць кроплю любові і словы суцяшэння?

Пётр Фабэр быў і ёсць вельмі цярплівым святым. Ён памёр 1 жніўня 1546 года. 17 снежня 2013 г. Папа Францішак кананізаваў свайго сабрата езуіта, які нарадзіўся больш за пяцьсот гадоў таму, 13 красавіка 1506 г. Больш за трыста гадоў ён чакаў беатыфікацыі, а потым амаль сто пяцьдзясят гадоў чакаў кананізацыі, гэта значыць, канчатковага вердыкту Касцёла аб яго святасці.

Пётр Фабэр, штодзённасць якога была (і ёсць) напоўненаю Божаю прысутнасцю і адчуваннем лучнасці з анёламі і святымі ва ўсіх радасцях і смутках, можа нагадаць нам, што стагоддзі нічога не змяняюць у гэтым Боскім асяроддзі, дзе бачнае прасякнута нябачным; дзе распачатае з Богам жыццё насамрэч не мае канца; дзе добрыя задумы здзяй­сняюцца і ніводная ахвяра не бывае забытай.

Тэрэса Клімовіч

Апублікавана ў часопісе “Ave Maria” №11 (356) 2024