13 кастрычніка ў Познані адбылася першая святая Імша на беларускай мове ў новым касцёле з новым душпастырам.

Летам супольнасць беларусаў Познані звярнулася да свайго іерарха з просьбай аб прызначэнні новага душпастыра для іх супольнасці. Адказваючы на просьбу пазнанскіх біскупаў і душпастырскія патрэбы Пазнанскай архідыяцэзіі, а таксама клапоцячыся аб сакрамэнтальным жыцці беларускай дыяспары, супольнасць езуітаў прызначыла айца Гжэгажа Дабрачыньскага SJ душпастырам беларусаў. І ўжо 13 кастрычніка адбылася св. Імша ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Суцяшэння.

На Літургіі прысутнічала каля 20 чалавек. Усе вельмі хваляваліся, бо для а. Гжэгажа гэта была першая ў жыцці служба на беларускай мове. Але як гаворыць Алена, адна з удзельнікаў Літургій на роднай мове: “Мы стараліся ва ўсім дапамагаць, і таму атрымалася ўсё з Божай дапамогай добра! А пасля Імшы мы традыцыйна сабраліся на гарбату, каб пазнаёміцца і пагутарыць”.

Святыя Імшы на беларускай мове ў Познані адбываюцца кожную нядзелю а 12:30 у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Суцяшальніцы па адрасе: Szewska 18 (уваход у капліцу злева ля цэнтральнага алтара). Пасля Літургіі ўсіх запрашаюць на гарбату ў сальцы ў вежы св. Готарда (першыя дзверы направа пры выхадзе з касцёла).

Крыніца: Першая Св. Імша з новым душпастырам прайшла ў Познані