Успамін святога Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка ордэна езуітаў, адзначаецца 31 ліпеня.

“Ідзіце і запаліце ўвесь свет” – адно з найбольш вядомых выказванняў, якое прыпісваць святому Ігнацыю (1491-1556). Выкарыстоўваючы ўсе дары, якімі Бог надзяліў нас – ці то рэсурсы, ці то здольнасці, ці то магчымасці, – мы пакліканы праслаўляць Бога, шанаваць Яго і служыць Яму, застаючыся ў свеце і запальваючы яго любоўю. Гэта не значыць рабіць аднолькавыя рэчы, бо кожная асоба, маючы ўнікальныя дары, мае служыць па-свойму. Як папярэджваў святы ігнацый:

“Вельмі небяспечна весці ўсіх адным шляхам, а яшчэ горш – мераць іншых па сабе”.

Прапануем некалькі спосабаў адзначыць успамін святога Ігнацыя, які ўжо пяць стагоддзяў працягвае натхняць мноства людзей жыць “дзеля большай хвалы Божай“. Спадзяёмся, што гэтыя варыянты дапамогуць вам знайсці свой уласны шлях ушанавання памяці святога і падзякі Богу дар ягонага жыцця. Такім чынам, у набліжэнні свята можна, напрыклад:

  • Пазнаёміцца з біяграфіяй святога Ігнацыя, найменшага, трынаццатага дзіцяці ў шляхецкай сям’і, які выхоўваўся пры каралеўскім двары і ўсімі сіламі імкнуўся да рыцарскай славы. Як жа адбыўся ў ягоным жыцці разварот да пошуку Бога “ва ўсім”, да поўнага аддання сябе волі Божай? Якія плады гэта прынесла яму асабіста, Касцёлу і свету? Нездарма святы пісаў, што “нямногія людзі падазраюць, што Бог зрабіў бы з іх, калі б яны дарэшты аддаліся кіраўніцтву Яго ласкі”;
  • Памаліцца літаніяй або навэннай да святога Ігнацыя (з сённяшняга дня да свята застаецца якраз 9 дзён);
  • Даведацца больш пра гісторыю Таварыства Езуса на беларускіх землях, Полацкую акадэмію, езуіцкае барока, місію ў Альбярціне, выбітных езуітаў;
  • Паразважаць пра некаторыя важныя рысы ігнацыянскай духоўнасці, пра ўмовы, якія спрыяюць малітве, пра ролю ўяўлення ў ігнацыянскай малітве. Святы Ігнацый можа навучыць, як рабіць выбар, згодны з Божай воляй, як распазнаваць крыніцу думак і адрозніваць натхненні добрага духа ад падшэптаў злога (у рубрыцы “Паглыбленне” можна знайсці шмат іншых карысных матэрыялаў);
  • Зрабіць рахунак сумлення па метадзе святога Ігнацыя (даведацца, у чым сутнасць такога рахунку, і ўзяцца яго практыкаваць);
  • Пакласці свой “меч” у якасці жэста прысвячэння сябе Богу. Пасля доўгага чування Ігнацый пакінуў свой меч перад фігурай Чорнай Мадонны ў Мансэрат, адмаўляючыся ад сімвала свайго старога жыцця, каб распачаць новае. Праз заступніцтва святога Ігнацыя, можам прасіць у малітве, каб Бог адкрыў, што нам трэба пакласці да ног Маці Божай, каб цалкам прысвяціць жыццё Ягонай задуме.
  • Задаць сабе тры знакамітыя пытанні з Духоўных практыкаванняў святога Ігнацыя: “Што я зрабіў для Хрыста? Што я раблю для Хрыста? Што я павінен зрабіць для Хрыста?”. Пошук адказаў дапамагае больш рэалістычна ўбачыць, чым мы кіруемся, калі робім той ці іншы выбар у сваім жыцці;
  • Па магчымасці, наведаць касцёл святога Ігнацыя ў Віцебску. У дзень успаміну, 31 ліпеня, св. Імша будзе ў 18.30, а сам фэст у парафіі адбудзецца ў нядзелю 4 жніўня, пачатак св. Імшы ў 10.30;
  • Прыняць удзел у святой Імшы ў сваім парафіяльным касцёле. Святы Ігнацый адзначаў, што “адным з найбольш вартых захаплення эфектаў святой Камуніі з’яўляецца тое, што яна захоўвае душу ад граху, а тым, хто падае з-за сваёй слабасці, дапамагае падняцца зноў”.