На шляху да свята Божага Нараджэння напэўна кожны з нас хацеў бы асабіста дасведчыць, як прыходзіць Езус, хацеў бы глыбока і па-сапраўднаму перажыць сустрэчу з Ім. Аднак, трэба прызнаць, што ўласных высілкаў будзе замала, калі Бог сам не навучыць нас і не правядзе праз гэтыя падзеі. Дзве тысячы гадоў таму Ён выбраў тых людзей, якія падрыхтавалі прыйсце Езуса на зямлю. Сёння яны таксама могуць быць для нас святлом, знакам і натхненнем – каб Бог нарадзіўся чалавекам у кожным з нас, у табе, ува мне.

Дзякуючы супрацоўніцтву з парталам Catholic.by, мы маем магчымасць прапанаваць вам разважанні аб ключавых постацях Адвэнту айца-езуіта Паўла Касіньскага. Пераклала і агучыла Тэрэса Клімовіч. Фрагменты Святога Пісання – з бібліятэкі Catholic.by.

Айцец Павел Касіньскі SJ, быў душпастырам студэнтаў у Аполю, душпастырам для палякаў у Чыкага, дзе заснаваў Езуіцкі цэнтр тысячагоддзя; супрацоўнік “L’Osservatore Romano”, студыі “Inigo”, “Posłaniec Serca Jezusa” і радыё “Deon”, а таксама каардынатар праекта “Modlitwa w drodze” і jezuici.pl

Крыніца: https://modlitwawdrodze.pl/rekolekcje/przewodnicy-adwentu

1. Захарыя

Служыў Богу з юнацтва. Меў жонку, з якой пражыў усё сваё жыццё. Яны жылі прыстойна і сумленна, аднак Бог не адказваў на іх малітвы. Яны не мелі дзяцей, пра якіх так марылі. Жыццё навучыла Захарыю, што ён мусіць з гэтым пагадзіцца. Ён састарэў і ўжо не ўяўляў сабе, што можа быць інакш. Сэрца б жадала, пэўна, але цвярозы розум вяртаў на зямлю.

Божае слова

У дні Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар, па імені Захарыя, з роду Абія. Ён меў жонку з дачок Аарона, а імя яе было Альжбета. Абое былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднай; і абое былі ўжо ў старым узросце.

Калі Захарыя ў парадку сваёй чаргі выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму паводле святарскага звычаю выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб прынесці ахвяру каджэння. Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння. І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. Захарыя збянтэжыўся, калі ўбачыў анёла, і страх ахапіў яго.

Анёл жа сказаў яму: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян. Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, не будзе піць ні віна, ні сіцэры і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні сваёй маці. Многіх з сыноў Ізраэля наверне да іхняга Пана Бога. І сам пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непаслухмяных — да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць Пану народ дасканалы».

Тады сказаў Захарыя анёлу: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце».

Анёл сказаў яму ў адказ: «Я Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою, і абвясціць табе добрую навіну пра гэта. І вось, ты будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».

Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні. А калі выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што ён бачыў з’яўленне ў святыні. А ён гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.

Лк 1, 5-23

Анёл супакойвае: «Не бойся!». Столькі разоў Захарыя маліўся і заклікаў Бога пачуць ягоныя просьбы — і дробныя, штодзённыя, і самыя вялікія. Аднак, калі з’явілася перспектыва іх спаўнення, яго пранізвае страх. Чалавек ён праўдзівы, справядлівы і сумленны, але моцна напалоханы і ўражаны Божай прысутнасцю і дзеяннем.

О, Захарыя, няхай і ў маіх вушах прагучаць словы, якія ты пачуў ад анёла: «Не бойся!».

«Бо я ўжо стары», — кажа Захарыя. А гэта значыць, немагчыма, каб штосьці змянілася. Я занадта стары, занадта стомлены; жыццё склалася іначай… Мы маем шмат слушных аргументаў, каб прыхаваць свой недавер і млявасць. Хоць лепш было б прызнаць, што часам нам неабходны такі досвед немачы, сумневу ва ўласных сілах, каб дазволіць дзейнічаць Богу, прыняць з Ягоных рук збаўленне.

У выніку размовы з анёлам Захарыя анямеў і змоўк. Можа здавацца, што напаткала яго «кара» за нявер’е ў словы Габрыэля. Але ў той жа час гэта быў шанец на штосьці іншае, новае. Захарыя пачаў «гаварыць на мігах» — жэстамі, рухамі, мімікай. Ён мусіў «на мігах» казаць сваёй жонцы Альжбеце, што сын мае насіць імя Ян.

Звычайна тое, што выглядае цяжкасцю, нават «карай» за грэх, можа выявіцца новым адкрыццём, новай перспектывай. І да мяне Бог ставіцца так, як да Захарыі.

Няхай жа Захарыя стане для мяне сёння правадніком. Бог карыстаецца яго дапамогай, каб Езус мог нарадзіцца ўва мне.

2. Марыя

Яна была вельмі юнай, гадоў, можа, чатырнаццаці. Выхаваная ў пабожнасці і прастаце. Напэўна Яна марыла аб тым жа, што і яе равесніцы, аб добрым замужжы, сям’і і дзецях. Яна хацела служыць Пану Богу. І гэты намер быў для Яе бясспрэчным і безумоўным. Як гэтае жыццё для Бога будзе выглядаць на практыцы, Яна не магла прадбачыць. Аднак была гатова.

Свет быў створаны па Божым слове: «Няхай станецца!…» Гісторыя чалавецтва была, аднак, пазначана першародным грахом. Ужо тады, у раі, пасля граху Адама і Евы, Бог прадказаў, што некалі будзе «жанчына і яе патомства», якое «сатрэ галаву» зла. Бог выбраў Марыю, новую Еву чалавецтва, каб нарадзіла Збаўцу свету. Выбраў, але не прымусіў. Ён чакаў Яе згоды, Яе дазволу. «Няхай мне станецца…» — гэта слова «новага стварэння», збаўлення свету.

Божае слова

У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана.  Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».

І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага». Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.

Лк 1, 26-38

Марыя не рыхтавалася да слоў анёла Габрыэля, не чакала такой сустрэчы і такой навіны. Ужо адбыліся заручыны з Юзафам. Яна мела іншыя ўяўленні наконт сваёй будучыні. Словы анёла збянтэжылі і занепакоілі Яе да той ступені, што Габрыэль прамовіў: «Не бойся!».

Досвед спаткання з Богам не заўсёды прыносіць спакой, асабліва калі кранаецца сутнасці нашых планаў на будучыню, таго, што ў жыцці мы лічым фундаментальным.

Галоўнае ўсё ж, што Яна разважала над значэннем пачутых слоў, заставалася ўважлівай і старалася распазнаваць.

Аднак, анёльскага абвяшчэння, што Яна абраная стаць Маці Бога, было недастаткова, каб усё Ёй растлумачыць. Марыя пачала пытацца аб тым, як гэтае прадказанне мае споўніцца, як усё гэта станецца. Вось, чарговы крок для прыняцця Божага задання.

Спачатку разважаем аб значэнні пачутага, потым дапытваемся, калі не ўсё ясна. Гэта не гандаль з Богам, не пошук адгаворак. Марыя — асоба сумленная і празрыстая перад Богам і Ягонай прапановай.

Калі Бог кліча чалавека да нейкай місіі, то дае і пацвярджэнне, напаўняе ўпэўненасцю ў хвіліну сумневаў. Не трэба баяцца ставіць Яму пытанні.

Толькі тады Марыя кажа: «Няхай мне станецца паводле твайго слова». Марыя – «новая Ева». Яе словы — гэта словы новага стварэння, словы збаўлення. Ці ведала Марыя, на што вырашаецца і якім будзе Яе лёс? Не. Яна не ведала, які шлях збаўлення выбраў Бог, ані нават падрабязнасцяў сваёй ролі. Яна сказала Богу сваё «так», не ведаючы, што з Ёй будзе.

О, Марыя, правадніца на шляхах Адвэнту, навучы мяне разважаць значэнне Божага закліку, дапамажы перамагаць страх перад запытваннем, а потым адважна адказваць Богу: «Так».

 

3. Альжбета

На нашым Адвэнтавым шляху мы сустракаем сёння жанчыну мудрую і чуллівую, жыццё якой доўга не ўкладалася паводле яе мараў і планаў. Што яна мне скажа? Куды павядзе і чым натхніць?

Альжбета была энергічнай і рашучай жанчынай. Умела слухаць. Марыла аб прыгожым доме, поўным дзіцячага гоману. Аднак ёй не было таго дадзена, і гэта вельмі яе прыгнятала. Яна саромелася і балюча перажывала шматлікія з’едлівыя заўвагі атачэння наконт яе бясплоднасці. Маршчыны і сівыя валасы толькі ўзмацнялі пачуццё фрустрацыі і жыццёвай паразы.

Божае слова

І пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, кажучы: «Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу перад людзьмі».

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».

Лк 1, 24–25. 39–45

«Пан глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу перад людзьмі», — кажа Альжбета. Якія драматычныя словы… Колькі пякучага болю прасвечваецца скрозь іх: штодзённыя кпіны, меркаванні, грэблівыя перасуды; чуецца тут таксама трагічнае пачуццё сораму, неадпаведнасці чаканням, адчуванне сябе іншай, адкінутай і забытай нават Богам.

Людзі, нават самыя блізкія, могуць быць бязлітаснымі. Альжбета доўгія гады насіла ў сабе горыч і няўцешнасць.

Калі Марыя прамовіла словы прывітання, Альжбета адчула, што з ёй дзеецца штосьці нязвыклае.

Дзіцятка ў ёй узварухнулася, і яна адчула, як ахінае яе шчаслівае трымценне — святло і моц Святога Духа.

Якую вялікую моц мае слова іншага чалавека, якія перажыванні адчыняе перад намі. Альжбета пазнала ў Духу, што Марыя «благаслаўлёная між жанчынамі» і носіць у сваім улонні Пана. Слова прывітання Марыі адкрыла перад ёй новы свет. Добрае слова мае моц асвятліць гарызонт і паказаць нам новыя перспектывы.

«Яна ўсклікнула моцным голасам». Людзі крычаць ад страху або ў захапленні. Альжбета так рэагуе на моцны досвед, на напоўненасць Духам, на перспектыву нечага новага.

Яна выходзіць са сваёй схованкі, яе путы ганьбы і паразы рассыпаюцца, новае жыццё пульсуе ў ёй. Тое жыццё, якое носіць пад сэрцам, і тое, якое праз яе зараз пішацца.

Альжбета хваліць Марыю, што тая «паверыла», ды толькі і яна сама цяпер з’яўляецца адным з асноўных элементаў Божага плану збаўлення. Яна гэтак жа паверыла ў спаўненне абяцання Пана.

Сёння Альжбета няхай будзе маёй правадніцай з месцаў ганьбы, зняволення і фрустрацыі да новага жыцця, да абяцання Пана, які прыходзіць, каб ува мне нарадзіцца, каб мяне збавіць.

4. Ян Хрысціцель

Звычайна ён уяўляецца нам аскетычным прарокам, чалавекам, які застаецца ў пустыні і пакутуе. Але заклік, які ён скіроўвае свету, сцісла звязаны з ягонымі бясплоднымі бацькамі, Захарыем і Альжбетай. Гісторыя нараджэння на свет гэтага дзіцяці, выбару імя, цуду, перажытага ягоным бацькам, і сталення юнака да сваёй жыццёвай місіі — такая самая Божая навіна для мяне, як і ўся пазнейшая дзейнасць Яна.

У слабасці чалавека магутна выяўляецца Божая моц. Няхай гісторыя Яна Хрысціцеля вядзе нас па Адвэнтавым шляху ў сённяшнім разважанні.

Ян быў чалавекам суровым і бескампрамісным, меў яснае ўсведамленне сваёй жыццёвай місіі. Ягоная веліч была не ў здзяйсненні чагосьці захапляльнага, але ў тым, што свету, які страціў добрую дарогу, ён паказаў постаць Збаўцы і потым здолеў цешыцца, што людзі ідуць за Езусам. Ян не зайздросціў гэтаму. Ён ведаў, што пасланы перад Месіяй і быў рады, што Пан узрастае, а ён змяншаецца.

«Вы самі мне сведкі ў тым, што я сказаў: я не Месія, але я пасланы перад Ім. Хто мае нявесту, той жаніх; а сябар жаніха, што стаіць і слухае яго, вельмі радуецца голасу жаніха. Гэтая радасць мая поўная. Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым».

(пар. Ян 3, 28-30)

Божае слова

Альжбеце ж надышоў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. Калі пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан учыніў вялікай міласэрнасць сваю да яе, радаваліся разам з ёю. На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але будзе названы Янам». Тады сказалі ёй: «Няма нікога з тваёй радні, хто б называўся такім імем».

У бацькі ж ягонага пыталіся на мігах, як бы хацеў назваць яго. Ён, папрасіўшы таблічку, напісаў: «Ян — імя яго». І ўсе здзівіліся. У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога. Ахапіў страх усіх суседзяў іхніх, і па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта. Усе, хто чуў, разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: «Што ж гэта будзе за дзіця?» Бо рука Пана была з ім.

А Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы: «А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа, бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму; каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне праз адпушчэнне яго грахоў, дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога, у якой наведаў нас Усход з вышыні; каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным; каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою». А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.

Лк 1, 57–67. 76–80

Наданне імя — важны момант у жыцці кожнага чалавека. Імя апісвае мяне, надзяляе выключнасцю, дазваляе адчуваць сябе асаблівым, адзіным. Разам з імем мы атрымліваем цэлы воз гісторыі, досведу, а таксама сацыяльны кантэкст, пачуццё прыналежнасці і карані. Няхай загучыць у маіх вушах жаданне Альжбеты і Захарыі: «Будзе названы Янам». Гэтае імя даў яму Бог, які дзейнічае, пераадольвае бясплоднасць і чалавечую немач, вызвале ад ганьбы. Альжбета і Захарыя — бацькі, якія стаяць за сваім дзіцем, свядомыя таго, што яно даверана ім Богам і мае стаць Ягоным пасланцам у свеце.

Суседзі і сваякі, бачачы, што сталася падчас абразання Яна, дзівіліся і разважалі, кім ён будзе. Захарыя прадказвае, што дзіця стане прарокам і будзе рыхтаваць шляхі Месіі.

Атачэнне адыгрывае важную ролю ў жыцці кожнага чалавека. Можа перашкаджаць, адцягваць нас, замінаць ралізацыі нашага паклікання, але можа таксама быць дапамогай, натхненнем, можа дапамагаць нам станавіцца тым, кім Бог хоча нас бачыць. Гэта адказнасць і ў той жа час заданне.

Ян Хрысціцель не адразу быў прарокам, якога мы ведаем са старонак Евангелля. Паколькі меў старых бацькоў, то, верагодна, хутка іх страціў. Аднак у сям’і пэўна  засталася памяць пра тыя важныя перажыванні. Суседзі не раз апавядалі, што тады адбывалася. Памяць пра вялікія Божыя справы жыла і фармавала Яна. А хлопчык «рос і ўзмацняўся духам». Пустыня гартавала ягоны характар. Ён не дазваляў сабе няўважлівасці. Няйнакш ён сутыкаўся з цяжкасцямі і меў спакусы выбраць іншы шлях. Аднак, у канчатковым выніку, ён прыняў сваю місію і споўніў тое, да чаго быў   пакліканы.

Яне Хрысціцелю, праваднік Адвэнту, навучы мяне цаніць сям’ю, бацькоў, традыцыі, перададзеныя мне. Дапамажы не стаць перашкодай для іншых у выбары паклікання. Выпрасі мне адвагу ў спаўненні місіі майго жыцця.

5. Юзаф

Ягоная роля ў падрыхтоўцы прыйсця Хрыста была выключнай. Яму была даверана апека над Езусам, Сынам Божым, і Ягонай Маці, Марыяй. Можна меркаваць, што ў яго былі іншыя жыццёвыя планы і намеры. Заручаны з Марыяй, ён хацеў мець сям’ю, слухаць Бога і захоўваць праведнасць. Юзаф не быў гатовы да таго, з чым яму давялося сутыкнуцца. Ён быў высакародны і непакоіўся пра добрае імя Марыі. Бог злагодзіў ягоныя сумневы, паказваючы іншую перспектыву. Не пад прымусам, але свабодна Юзаф зрабіў свой выбар.

Гэта адна з найважнейшых і адначасова найбольш таямнічых постацяў Святога Пісання. Ягоная роля ў гісторыі збаўлення вельмі важная: ён слухае, перажывае, верыць і дзейнічае без аніводнага слова. Застаецца ў ценю, заўсёды чуйны, паспяхова выконвае ўсё што яму даручана. Юзаф, муж Марыі, апякун Езуса – асаблівы праваднік у гэтым Адвэнце.

Божае слова

Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных». А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.

Мц 1, 18-25

Становішчу, у якім апынуўся Юзаф, не пазайздросціш. Ён мае ясную перспектыву будучыні, канкрэтныя жыццёвыя планы, і раптам бачыць, што дзеецца штосьці абсалютна непрымальнае. Цалкам натуральна, калі б у ім узнікла абурэнне, гнеў, асуджэнне і патрабаванне справядлівага пакарання. Але Юзаф не паддаецца гэтым пачуццям. Хоць не ведае, што з’яўляецца сапраўднай прычынай такой сітуацыі, але застаецца чалавекам ураўнаважаным і справядлівым.

Шукае такога рашэння, якое прынесла б як найменей шкоды і як мага болей дабра.

Напэўна псіхічны стан маладога сужэнца быў досыць кепскі, поўны стрэсу і страху, раз анёл Пана сказаў яму: “Не бойся!” Ад анёла Юзаф даведваецца пра Божы план збаўлення. Сітуацыя, якая яму небеспадстаўна здавалася нечым такім, што пераўзыходзіць яго сілы і што ён не можа ды не ведае як прыняць, раптам атрымала іншы сэнс. Юзаф як чалавек справядлівы і чулы змог на гэта пагадзіцца і зразумець.

Як часта досвед хваробы, расчаравання, цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў і асабістых паразаў адольвае і прыгнятае нас, бо нам не стае справядлівасці і адчувальнасці, каб паглядзець на гэта вачамі Бога?

“Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана”. Нашае жыццё не адбываецца ў думках, планах і марах. Урэшце трэба абудзіцца і сказаць “так”. Юзаф “зрабіў” – і гэта было ягонае слова згоды на місію, на вызначаную яму ролю. На старонках Святога Пісання мы не знойдзем ніводнага слова, вымаўленага Юзафам. Свае намеры ён пацвярджаў учынкамі. Юзаф быў апекуном Езуса, калі Ён вучыўся хадзіць, гаварыць і рабіць штосьці самастойна. Вучыў Яго, кім ёсць бацька. Вучыў, як стаць сапраўдным мужчынам. А калі Езус абвяшчаў: “Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”…, але той, хто выконвае…” (Мц 7, 21), – напэўна думаў пра Юзафа, свайго апекуна.

Юзэфе, праваднік Адвэнту, навучы мяне шукаць таго, што лепшае. Дазволь пераняць тваю чуласць і праведнасць і дапамажы абудзіцца ад сну, каб чыніць дабро.