Час, прысвечаны малітоўным разважанням, дае шмат добрых натхненняў і магчымасцяў, каб адступіць ад руціны і напружанасці штодзённага жыцця, малітоўна паразважаць над тым, хто і што з’яўляецца сапраўды важным.

Удзел у гэтых анлайн-рэкалекцыях дае шанц шчыра паглядзець на адносіны, стаўленне да свету, і асабліва — на адносіны з Богам. Часта гэтай сферы жыцця не хапае ўвагі, часу, шчырасці.

Адвэнт — выдатная магчымасць паразважаць над пытаннямі і праблемамі ў прысутнасці Бога, які любіць і чакае кожнага з нас, каб мы наблізіліся да Яго.

Уводзіны

Дапамагаць нашай малітве будуць разважанні над новым пачаткам. Мы паглядзім, як жыццё можа пачаць рухацца іншым шляхам, у нечаканым напрамку, калі Бог уваходзіць у нашую гісторыю.

Некалі святы Ігнацый быў упэўнены ў сваім рыцарскім шляху, пакуль у Памплоне гарматнае ядро не спыніла яго «кар’ерны рост». Божае дзеянне змяніла кірунак жыцця.

Падчас Адвэнту мы паразважаем над тэкстамі Евангелля і ўбачым, як Бог уваходзіў у гісторыі людзей і перамяняў іх. Як Марыя, мы можам перажыць «момант звеставання», у які нашыя планы разбурацца дзеля больш грандыёзнага Божага плану. Разам з Юзафам мы можам абудзіцца «ад сну» з ясным бачаннем наступнага кроку. Падобна да мудрацоў з Усходу, мы таксама можам дазволіць святлу «зоркі» прывесці нас у новае месца, дзе ёсць Бог.

Знайдзі ў гэтыя снежаньскія адвэнтавыя дні крыху часу на цішыню, каб пачуць голас, які «кліча ў пустыні».

Глядзі ўважліва і не абмінай магчымасці новых пачынанняў; яны з’явяцца, бо ты будзеш ісці з Богам.

На парозе Адвэнтавых рэкалекцый звернемся да паслання, якое Бог кіруе да нас праз прарока Ісаю:

«Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта?» (Іс 43, 19).

Практычныя заўвагі

Дазвольце яшчэ нагадаць некалькі практычных рэчаў адносна ўдзелу ў анлайн-рэкалекцыях. Слова retreat у перакладзе з англійскай мовы азначае не толькі рэкалекцыі, але і адступленне, крок назад, прытулак і нават выязную сустрэчу. Падобныя рэчы, як правіла, маюць на ўвазе намер і пэўны план, таму на пачатку гэтых Адвэнтавых рэкалекцый падумайце аб інтэнцыі, з якой вы будзеце маліцца, а таксама ўсталюйце, як, дзе, калі будзеце карыстацца тэкстамі разважанняў.

Колькі часу вы прысвеціце малітве, можаце вызначыць толькі вы самі. Але потым ужо важна не змяняць працягласць у залежнасці ад настрою. Матэрыял кожнай асобнай часткі разлічаны на 20–25 хвілін, але падрыхтоўка да малітвы, паўторнае вяртанне да момантаў, якія закранулі найбольш, альбо запіс думак, пытанняў, ідэй могуць патрабаваць дадатковага часу.

Не варта перарываць малітву, калі аднойчы яна падасца цяжкай ці бессэнсоўнай, але таксама не трэба занадта доўга працягваць яе, калі ўсё даецца лёгка і прыемна.

Загадзя падбярыце месца і пару дня для малітвы. Для гэтага прапануем адно дапаможнае пытанне: у якім месцы і калі я адчуваю сябе найлепш здольным засяродзіцца для спакойнага разважання? Адказваючы на гэтыя пытанні, вы адпаведна падрыхтуецеся да рэкалекцый.

І яшчэ некалькі словаў «на старце». Узгадайце на момант, што Бог глядзіць на вас з любоўю тут і цяпер, чакаючы сустрэчы ў малітве.

Памятайце таксама аб іншых удзельніках ва ўсім свеце, якія будуць на іншых мовах маліцца разам з вамі: вы з’яўляецеся часткай вялікай малітоўнай супольнасці вернікаў.

Разважанне 1. Новы пачатак з Янам Хрысціцелем

На пачатку кожнага малітоўнага разважання мы прапануем прысвяціць крыху часу падрыхтоўцы, каб унутраны спакой дапамог вам глыбей увайсці ў малітву. Сёння такім практыкаваннем стане ўвага да дыхання. Паслухайце хвіліну-другую гук свайго дыхання, ягоны рытм. Няма патрэбы змяняць хуткасць. Адзначце, як паветра напаўняе лёгкія, прыносячы жыццё ўсяму целу, і як пакідае яго праз ноздры. Удыхніце Божую любоў да вас, а выдыхаючы, аддайце Богу ўсё, чым хочаце падзяліцца з Ім, або тое, што хацелі б адпусціць і даверыць Богу. Зрабіце такі ўдых-выдых тры разы.

Ян Хрысціцель быў «голасам у пустыні». Пастарайцеся правесці ў спакоі гэты час малітвы, каб пачуць голас прарока ў сваёй уласнай «пустыні».

Божае слова

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Гэта пра яго сказаў прарок Ісая:
«Голас таго, хто кліча ў пустыні:

„Падрыхтуйце дарогу Пану,
простымі рабіце сцежкі Яму!“».

Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд. Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: «Маем Абрагама за бацьку», бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь. Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным».

Мц 3, 1–12

Разважанне

Ян Хрысціцель — незвычайны чалавек. З першага погляду, пэўныя рысы ў ім могуць падацца непрывабнымі і нават адштурхнуць нас.

Чалавек, які гэтак апранаецца, выбірае такую дзіўную ежу, магчыма, не выглядае той асобай, з якой хацелася б праводзіць час.

Тым не менш незвычайныя паводзіны характэрныя для вялікіх прарокаў; побач з імі нязручна, яны могуць, як землятрус, прайсціся па нашым звыклым светапоглядзе, яны прымушаюць сутыкнуцца тварам у твар з тымі праявамі нас саміх, якія мы хацелі б ігнараваць далей. Менавіта аб гэтым прамаўляў Ян, заклікаючы да навяртання. «Кайцеся!», «Прынясіце годны плён пакаяння!»

Пісьменнік і настаўнік Рычард Рор OFM (Richard Rohr) тлумачыць, што слова, якое звычайна перакладаецца як «пакаянне», у грэцкай мове (метаноя) адзначае «разварот розуму» або «перамена». Ян заклікае нас змяніць спосаб бачання сябе і свету. Ён хоча, каб сябе і свет мы бачылі ў праўдзе, як на самай справе ёсць, а не так, як здаецца і як бы нам хацелася. І ён прагне гэтага па вельмі добрай прычыне: бо «наблізілася Валадарства Нябеснае». Бог вось-вось прыйдзе і стане жыць сярод нас, як чалавек, як адзін з нас.

Бог паказвае нам, што нашыя чалавечыя целы і душы, хоць і недасканалыя, Ён любіць да такой ступені, што рады падзяліць іх, прыняць на Сябе. Бог прагне, каб мы бачылі рэчаіснасць так, як Ён. Пазней Езус не раз будзе спрабаваць змяніць спосаб бачання людзей. Ён будзе казаць нам між іншым, што Бог, як бацька марнатраўнага сына, не прамовіўшы ніводнага слова абвінавачвання, хоча толькі святкаваць вяртанне дзіцяці: Ён любіць гэтае дзіця ва ўсім яго бязладдзі і няўдаласці, Ён перапоўнены радасцю, што дзіця зноў пераступае парог бацькоўскага дому.

Размова з Богам

  • Аб якім новым пачатку ў маім жыцці я задумваюся падчас сённяшняй малітвы? Пастараюся быць шчырым з самім сабой. Ці ёсць ува мне рэчы, з якімі я баюся сутыкнуцца? Што гэта? Шкодныя звычкі, залежнасці, нездаровыя — або, як цяпер кажуць, «таксічныя» — адносіны? З тым, што бачу ў сабе, звяртаюся да Бога, які мяне любіць, хоць ведае маё нутро лепш, чым я сам. Прашу Езуса дапамагчы мне сустрэцца з маімі цяжкасцямі і заганамі; з усім тым, што патрабуе Ягонага святла.
  • Пэўны час я прысвячу людзям з майго блізкага атачэння — родным і сябрам. Ці новыя пачынанні маглі б закрануць адносіны з імі? Што насамрэч патрабуе зменаў, развароту розуму, каб я паглядзеў іншымі вачыма на ўсё, што адбываецца? Тых, каго я люблю, з кім жыццё сплецена вельмі шчыльна, я прыношу ў святую прастору перад Богам. Гавару з Ім пра мае адносіны, пра рэчы, якія я магу змяніць, і пра тыя аспекты, дзе я адчуваю сябе бяссільным штосьці зрабіць. Часам новы пачатак у адносінах азначае простае ўсведамленне і прыняцце рэальнасці, што я не магу змяніць іншую асобу.
  • Цяпер я звярну ўвагу на тых шматлікіх людзей, з якімі сутыкаюся штодня, хоць яны не ўваходзяць у блізкае кола сяброў. Узгадаю калег па працы, людзей, якія забяспечваюць мае патрэбы ў крамах і кавярнях, бяздомных, якіх я мінаю на вуліцах, мігрантаў, іншаземцаў. Як я стаўлюся да іх? Ці памятаю, што гэтак жа, як і мяне, усіх гэтых людзей любіць Бог? Ці паважаю іх? Можа, асуджаю? Трымаюся з імі ганарыста і нахабна? Ці магчымыя з майго боку тут новыя пачынанні і якія канкрэтна? Аб сваіх адносінах да іншых людзей паспрабую шчыра паразмаўляць з Езусам.
  • Нарэшце, я прашу Бога дапамагчы мне прыняць самога сябе. Прашу Яго дапамагчы мне ўсвядоміць, што я бязмежна любімы. Я прашу вылечыць мяне, малюся аб святле, надзеі і радасці. Прашу Бога паказаць адзін маленечкі крок, які я магу зрабіць сёння ў кірунку новага пачатку. Потым некалькі хвілін правяду ў цішыні, слухаючы, што Бог скажа мне.
Разважанне 2. Новы пачатак з Марыяй

Сёння дзеля пошуку ўнутранай супакоенасці сядзьце як мага выгодней. Заплюшчыце вочы і ўявіце, як адыходзяць, адступаюць усе вашыя хваляванні, трывогі і дакучлівыя думкі. Дазвольце сабе не чапляцца за іх і застацца ў цішыні.

Сэрца Марыі было спакойным і адкрытым, калі Яна слухала Анёла. Паспрабуем вытанчыць слых, звернем усю ўвагу на гукі, знешнія і ўнутраныя. Магчыма, вы нават пачуеце біццё сэрца.

У гэтай сцішанасці нагадайце сабе, што Бог побач з вамі, унутры вас. Ён прамаўляе Сваё слова, робіць жыллё ў вашым сэрцы менавіта цяпер. Гэта момант Адведзінаў для вас.

Божае Слова

У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.

І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».

І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага».

Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.

Лк 1, 26–38

Разважанне

Задумайцеся над гэтай гісторыяй, нягледзячы на тое, што ведаеце яе даўно. Як Марыя ўспрыняла візіт і словы Анёла?

Вось звычайная маладая дзяўчына, яшчэ не замужам, чуе, што яна зацяжарыць вельмі незвычайным чынам. Можна было б чакаць, што Яна запярэчыць, адмовіцца ўваходзіць у настолькі дзіўны план. Што Яна скажа свайму нарачонаму? Што будуць казаць Яе родныя, суседзі, іншыя людзі? А што кожны падумае? І гэтак далей, і гэтак далей.

Аднак усё, што Яна зрабіла, — задала вельмі простае пытанне: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?»

Неверагодна! Яна толькі хацела ведаць, як такое магчыма.

Калі толькі Анёл растлумачыў Ёй, што моц Найвышэйшага ўчыніць гэта, Марыя адразу ж згадзілася без ніводнай скаргі наконт будучых цяжкасцяў, якія, несумненна, узнікнуць пасля Яе адказу: «Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова».

Давер Марыі да Бога быў такі вялікі, што Яна ўжо была падрыхтаваная да моманту, які запатрабаваў адкласці ўсе свае мары і планы аб будучыні і выйсці «ў месца» бязмежнай невядомасці, дзе пра кантроль над сітуацыяй нават не йдзе гаворка.

Новы пачатак можа спалохаць нас. Нам больш падабаецца яснасць і зразумеласць, і зусім не хочацца пакідаць свой маленькі ўтульны свет.

Тым не менш, акурат па-за яго межамі могуць адбыцца цудоўныя рэчы, як паказвае гісторыя Марыі, Маці Божай.

Размова з Богам

  • Падчас гэтага Адвэнту — у чаканні, малітвах, разважаннях — ці заўважыў я Анёла, які прыходзіў да мяне?
    Анёлы наведваюць нас у самых розных формах і вымярэннях! Ці ўсвядоміў я хоць бы аднойчы ціхае запрашэнне ў глыбіні сэрца выйсці са свайго камфортнага свету ў невядомую прастору?
    Напрыклад, каб пачаць, нарэшце, змаганне з дрэннай звычкай, або выправіць памылкі ў адносінах з іншымі? Магчыма, мяне спалохала перспектыва зрабіць першы неабходны крок? Што я вырашыў? Ці не застаўся ў бяспечным знаёмым «месцы», нават добра разумеючы патрэбу ў пераменах?
    Шчыра і непасрэдна я скажу Богу аб усім, не хаваючы сваіх страхаў ні ад Яго, ні ад сябе. Прашу Пана аб ласцы большага даверу.
  • Гісторыя Марыі адкрывае мне праўду аб тым, што часам новы пачатак можа быць схаваны ў заканчэнні пэўных рэчаў.
    Усе планы і спадзяванні Марыі, якія Яна мела на момант Звеставання, раптам перасталі існаваць, калі Яе наведаў анёл. І таму я цяпер паразважаю над сітуацыямі ўласнага жыцця, якія сталі нечаканымі і нежаданымі або палохаючымі паваротамі.
    Магчыма, я перажыў цяжкую страту, хваробу, разрыў адносінаў або губляў працу і нават жыллё? Памалюся, каб Бог дапамог мне ўбачыць прыкметы новага пачатку, схаваныя ў тым, што выглядае канцом сувязяў і надзей. Я прашу Яго навучыць мяне згаджацца на павароты і развароты жыцця.
  • Сустрэча з Анёлам нясе з сабою перамяняльную энергію, што напаўняе і ўмацоўвае нас. Бог ніколі не просіць нас рабіць штосьці цалкам самастойна, але «ахінае» нас.
    На заканчэнне малітвы некалькі хвілін пасядзім у цішыні перад Богам і дазволім быць ахінутымі Яго моцай.
Разважанне 3. Новы пачатак з Юзафам

Каб увайсці ў малітву з засяроджанасцю і спакоем, на некаторы час закрыйце вочы і прыслухайцеся да сваіх думак, жаданняў і турботаў. Дыхайце з усведамленнем таго, што знаходзіцеся ў прысутнасці Бога, на выдыху адпускаючы ўсё, што непакоіць вас цяпер. Паўтарыце некалькі разоў. Вы пачынаеце сённяшнюю малітву, каб атрымаць больш святла і зразумення жыцця, імкненняў і мараў.

Бог прамаўляе да Юзафа ў сне і з намі працягвае размаўляць разнастайнымі спосабамі. Цяпер у цішыні сэрца слухайце Божы голас.

Божае Слова

Нараджэнне Езуса Хрыста было такім.

Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

алі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных». А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае „з намі Бог“».

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.

Мц 1, 18–24

Разважанне

Гэты кароткі фрагмент Пісання апавядае пра вельмі балючы перыяд у адносінах паміж Марыяй і Юзафам. Мы не ведаем, ці спрабавала Марыя растлумачыць Юзафу, што адбылося з Ёю, ці Яна вырашыла нават не спрабаваць.

Досыць ясна адно: Юзаф быў перакананы, што Марыя не была яму вернай, таму вырашыў не браць Яе за жонку.

Які вялізны боль давялося перажыць ім абодвум: Марыя адчувае, што чалавек, якога Яна любіць, больш не верыць ёй, а Юзаф думае, што каханая здрадзіла яму.

Евангелле не дае звестак, як доўга працягвалася незразуменне, пакуль анёл Пана не адкрыў Юзафу праўду, але, незалежна ад працягласці, гэта быў невыносна цяжкі час для пары нарачоных.

Большасці з нас давялося ў жыцці не раз пакутваць з прычыны незразумення. Многія, калі не ўсе, і ў будучыні дасведчаць разрыў адносін з блізкім чалавекам, развітанне са старэйшым членам сям’і або сябрам.

Магчыма, цяпер я жыву з болем у сэрцы. Гэта акурат адпаведны момант, каб задацца пытаннем: дзе новы пачатак у такой сітуацыі? Дзе Бог ва ўсім гэтым?

Суцяшэнне і падтрымку можна знайсці ў тым, што нават Марыя і Юзаф — двое найсвяцейшых людзей — не пазбеглі балючага досведу. Напэўна, мне ёсць чаму павучыцца, разважаючы над тым, як яны паводзілі сябе падчас цярпення.

Размова з Бога

  • Пад любячым позіркам Бога я магу шчыра паглядзець на адносіны з самымі блізкімі людзьмі: з сужэнцам, братам і сястрой, бацькамі, дзецьмі. Ці гэтыя сувязі напоўнены жыццём? Калі так, то я дзякую Богу.
  • Кожную асобу я ў малітве прыводжу пад Божы позірк і прашу Пана і надалей умацоўваць нас ва ўзаемнай любові і захоўваць ад незразумення і памылковага ацэньвання адно аднаго.
  • Калі тым не менш я заўважаю, што нешта пайшло не так у адносінах, некалі напоўненых любоўю, то спрабую без прадузятасці паглядзець на тое, што адбываецца. Прашу Бога даць мне Сваё святло, каб убачыць праўду.
  • Калі я несправядліва суджу пра чалавека, прашу Бога паказаць мне гэта і даць адвагу прызнаць сваю памылку. Калі я нейкім чынам вінаваты, прашу падказаць: ці магу я штосьці зрабіць, каб нашыя адносіны маглі атрымаць новы пачатак?
  • У тым выпадку, калі з усёй шчырасцю разважаючы над адносінамі, я застаюся пры меркаванні, што разрыў сяброўства ці зносінаў выкліканы здрадай іншай асобы, а таксама калі бачу згубнасць пэўнай сувязі для мяне, пастараюся знайсці адпаведнае і годнае выйсце. Успомню, як Юзаф паводзіў сябе, калі адчуваў неабходнасць спыніць адносіны з Марыяй. Ён не хацеў абвінаваціць Яе або ў якасці «рэваншу» публічна зняславіць.
  • Зноў я звяртаюся да Бога з просьбай аб святле, аб здольнасці прабачыць іншаму чалавеку. Я прашу Божай ласкі, каб ніякае дзеянне, якое я лічу патрэбным ажыццявіць, не было выразам помсты.
  • Прабываю пэўны час у цішыні, дазваляючы Богу дакрануцца да майго сэрца.
Разважанне 4. Новы пачатак з Езусам

Засяроджанне на мысленным паўтарэнні аднаго малітоўнага слова дапамагае суцішыць унутраны шум. Прысвяціце гэтаму практыкаванню пэўны час, каб увайсці ў малітву. Спачатку падумайце аб тым, у якім вы цяпер месцы і як сябе адчуваеце, а таксама аб тым, што вас непакоіць. Аддайце гэта ўсё Богу.

Затым папрасіце ў Яго тое, чаго шукаеце ў сённяшняй малітве. Магчыма, гэта будзе просьба аб тым, каб пазнаць Езуса як Пана і Збаўцу альбо як блізкага Сябра. Вазьміце арамейскае слова Мараната, якое азначае «Прыйдзі, о, Пане», і паўтарайце яго ў рытме дыхання: Мараната. Некалькі хвілін… Калі штосьці адцягне ўвагу, проста вярніцеся да слова.

Божае Слова

У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. Усе пайшлі запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дома і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. З’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:

«Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі супакой людзям добрай волі».

Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім. І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.

Лк 2, 1–20

Разважанне

Мы дасягнулі чацвёртага тыдня Адвэнту і наблізіліся да найвялікшага пачатку сярод усіх магчымых — нараджэння Езуса. Гэта быў, несумненна, новы пачатак для ўсяго чалавецтва, таму што Бог прыйшоў, каб жыць сярод нас.

Але, як ні дзіўна, гэта быў новы пачатак і для Бога таксама. Бог вечны. Бог ніколі не меў пачатку і не будзе мець канца. Але ў нараджэнні Езуса Ён пачаў штосьці новае: Бог пачаў жыць чалавечым жыццём, з усім, што з ім звязана, уключаючы смерць.

І што гэта значыць для мяне? Якое дачыненне падзея больш чым двухтысячагадовай даўніны мае да майго цяперашняга жыцця? Святы Павел кажа нам, што Бог стаўся чалавекам у асобе Езуса, „выракся самога сябе“ (пар. Флп 2, 7), так што Ён мог поўнасцю спазнаць сваю новую чалавечасць. Ён не чапляўся за сваю боскасць, але стаў дакладна такім, як мы.

Святы Лука кажа нам, што Ён узрастаў: не толькі фізічна, але таксама ў мудрасці і ведах. Як Бог Ён ведаў усе рэчы; як чалавек Ён набываў веды аб усім, паступова, як мы гэта робім.

Пакора Езуса можа многаму навучыць мяне. Ці не чапляюся я за сваё мінулае? Магчыма, гэта перашкаджае мне поўнасцю прыняць цяперашняе маё жыццё і тую навіну, якую яно можа прынесці? Ці не адбываецца так, што я прапускаю дары, якія Бог прапануе мне менавіта ў гэты момант, які з’яўляецца адзінай рэальнасцю? Тое, што было, мінула, а таго, што будзе, яшчэ не існуе. Толькі ў тым, што ёсць цяпер, я магу знайсці Бога.

Размова з Богам

  • Уяўляю, што Езус сядзіць побач са мной. У Яго прысутнасці я спрабую ўбачыць, што стрымлівае мяне ад распачацця новай старонкі ў жыцці. Што перашкаджае зноў і зноў, і нават у гэты момант? Я прашу Яго паказаць мне, ці не трымаюся я абедзвюма рукамі за рэчы, якія не даюць ні дапамогі, ані карысці, ані жыцця, а наадварот, шкодзяць мне.
  • Мне страшна адпусціць некаторыя залежнасці і схільнасці, таму што без іх жыццё выглядае нязносным? Я прашу Езуса дапамагчы мне даверыцца Яму настолькі, каб зрабіць першы маленькі крок, якім бы нязначным ён ні здаваўся. Гэта можа быць прынамсі ўсведамленне таго, што я маю залежнасць і патрабую дапамогі. Малюся аб дары надзеі, якая дазволіць мне ўбачыць, што новы пачатак і новае жыццё магчымыя для мяне.
  • А можа, я трымаюся за нейкую крыўду, якая перашкаджае мне цалкам прыняць новы пачатак у пашкоджаных адносінах? Прашу Езуса даць мне сілы адпусціць тую крыўду, з якой я звыкся і нават навучыўся прыкрывацца ёй. Прашу аб ясным бачанні ўсёй непрыдатнасці такой паставы.
  • Магчыма, працэс пераменаў у жыцці прыняць складана, і я адчайна чапляюся за ўспаміны аб тым, як было раней. З Езусам я магу паразмаўляць аб усім, магу папрасіць Яго ўмацаваць маю рашучасць пакінуць мінулае за сабой і павярнуцца да сучаснасці тварам, каб сустрэцца з магчымасцямі новага жыцця і большай свабоды. Усё, што мне трэба, — прыняць іх.
  • Цяпер я дам прастору цішыні, каб Езус мог прамаўляць да мяне і запэўніць, што ў Яго дарах — заўсёды і толькі — жыццё.
Разважанне 5. Новы пачатак з мудрацамі

Рыхтуючыся да заключнага разважання ў сёлетніх рэкалекцыях, мы засяродзімся на спакоі розуму. Адзначце гукі, чутныя вакол, па чарзе звяртаючы на кожны з іх увагу. Потым проста сканцэнтруйцеся на дыханні, жыццядайным Божым дары. На ўдыху прыміце Яго дар жыцця, а на выдыху аддайце Богу ўсё, што вас трывожыць.

Бог вёў усходніх мудрацоў святлом зоркі. Вы бачыце гэтае ззянне?

Паспрабуйце адну-дзве хвіліны правесці ў спакойным зорным святле. Дазвольце яму свяціць на вас з вышыні, асвятляючы жыццёвы шлях і глыбіню вашай асобы. З удзячнасцю прыміце ўсё, што ў гэты час малітвы будзе дадзена вам.

Божае Слова

Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».

Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народа і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

“І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму». Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі.

А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра.

Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.

Мц 2, 1–12

Разважанне

Невядома, кім былі мудрацы з Усходу. Традыцыя прыпісвае ім каралеўскую годнасць, але Святое Пісанне называе іх мудрымі. Але кім бы яны ні з’яўляліся, яны ўбачылі зорку, пакінулі свае сем’і, дамы і ўсе сумневы наконт падарожжа і пайшлі за святлом. Яны верылі, што зорка сведчыць аб нараджэнні Вялікага Караля, і хацелі пакланіцца Яму.

Напэўна, мусілі моцна збянтэжыцца, калі зорка ўрэшце затрымалася над сціплым прытулкам Марыі і Юзафа. Верагодна, яны чакалі ўбачыць палац, аднак не засумняваліся, ці варта пашукаць больш адпаведнага месца. Яны «вельмі ўзрадаваліся», як кажа Евангелле, і ўпалі на калені і пакланіліся Дзіцяці. Мудрацы давяралі зорцы, нягледзячы на тое, што яна нечакана так здзівіла іх.

Завяршаючы рэкалекцыі, я магу ахапіць позіркам пройдзены шлях і паглядзець наперад.

У чым я бачу новы пачатак для сябе? Ці дадзена мне бачыць зорку, якая ззяе над ім? Што з’яўляецца зоркай майго жыцця? Што ўзрушвае і дае мне энергію і радасць? Ці магу я даверыцца гэтаму настолькі, каб выправіцца следам, альбо я са страхам адступаю назад? Ці захаваю я давер, калі шлях прывядзе мяне ў нечаканае месца?

Ці зраблю я першы крок да новага пачатку?

Размова з Богам

  • Усведамляючы сябе ў Божай прысутнасці, зноў заглыбляюся думкамі ў сваё жыццё, каб зразумець, дзе ў ім свеціць зорка. Яна можа быць у выглядзе асобы, якая натхняе мяне, або падзеі, якая штосьці ўва мне змяняе, паказвае лепшы шлях, або сустрэчы, якая напаўняе жыццём. А магчыма, нічога з пералічанага не ўласціва ёй, бо яна — толькі далікатнае ўнутранае прагненне, якое ўва мне жыве і не знікае.

  • Я перакананы толькі ў адным. Калі я пайду за гэтай «зоркай», то яе святло прывядзе мяне да Бога.

  • Я прашу Пана дапамагчы мне распазнаць зоркі майго жыцця. (Часам іх сапраўды больш, чым адна!)

  • Па чым я пазнаю зорку? Па радасці, якую яна выклікае. Аднак гэтую радасць часам амаль поўнасцю засланяе страх перад невядомым. Прашу Бога паказаць мне, дзе мая праўдзівая радасць і ў чым знайду паўнату жыцця. Малюся, каб Ён дапамог мне з даверам выправіцца ў шлях прыгод насуперак сваім страхам. Пан — мой пастыр, нідзе я не буду ў самоце.

  • Малюся таксама аб тым, каб Бог паказаў мне рэчы, якія стрымліваюць мяне і не даюць ісці за маёй зоркай. Гэта могуць быць, напрыклад, імкненне заставацца ў бяспецы, жаданне мець усё пад кантролем, патрэбу ў пахвале ад іншых. Прашу Божай дапамогі ў вызваленні ад перашкод, каб свабодна і радасна стаць на шлях новага пачатку.

  • Заключнай часткай нашай малітвы няхай зноў будзе прабыванне ў цішыні перад Богам, каб даць месца Яго слову.

Заканчэнне

Завяршаючы рэкалекцыі, карысна пэўны час прысвяціць прагляду таго, што адбывалася на працягу гэтых пяці малітоўных частак, каб адзначыць тэмы і пытанні, якія найбольш закранулі вас.

Якія пачуцці ўзрушылі вас? Які сказ, ці фраза з Евангелля, ці адно слова застаецца з вамі? Якія ласкі атрымалі ад Бога? Ці заўважылі перамену ў сабе? Што было складаным у гэтых рэкалекцыях?

Добра было б запісаць думкі, планы і ідэі наконт новых пачынанняў, якія ўзніклі падчас малітвы, каб захаваць на будучыню натхненні і пастановы.

Ці можаце ўзгадаць моманты, калі анёлы «наведвалі» вас на працягу мінулага Адвэнту? Ці здарылася штосьці паваротнае, як гарматнае ядро ў жыцці святога Ігнацыя? Ці ўбачылі вы «зоркі» над галавой? Куды іх святло кліча вас?

Езус не прагне нічога іншага, як толькі ўвайсці ў кожную хвіліну нашага жыцця.

Папрасіце Яго цяпер дапамагчы вам убачыць ласкі і благаслаўленні, атрыманыя ад Бога. Прысвяціце некалькі хвілін удзячнасці за гэты святы час, які вы правялі разам з Ім, за паглыбленне адносінаў паміж вамі. Якімі рашэннямі і пастановамі вы будзеце падтрымліваць і ўмацоўваць сувязь з Богам кожны дзень?

Бог сапраўды з намі — Эммануэль — будзем жа радавацца і весяліцца!