Гэтая самая маленькая езуіцкая правінцыя ў свеце налічвае 38 езуітаў, якія служаць у вельмі секулярызаванай краіне з багатай і няпростай гісторыяй. Чэхія складаецца ў асноўным з двух рэгіёнаў: Маравіі і Багеміі. Айцец Генерал наведаў у лістападзе ўсе езуіцкія пляцоўкі: Оламаўц, Сваты Гостын, Велеград, Брно, Дзечын і, нарэшце, Прагу, дзе знаходзяцца офісы правінцыі.
Для афіцыйнага сайта Рымскай курыі езуітаў Jesuits.global соцый правінцыяла а. Пётр Гаўлічэк праліў святло на некаторыя моманты гісторыі сваёй краіны, якая налічвае каля 10,5 мільёнаў жыхароў, а таксама распавёў пра сацыяльны і рэлігійны стан і, вядома, пра прысутнасць і абавязацельствы Таварыства Езуса.
А. Пётр адзначыў, што Чэхія доўгі час належала да групы краін Цэнтральнай Еўропы, якія ўваходзілі ў склад былой манархіі Габсбургаў. Потым надыйшоў 40-гадовы перыяд савецкага камуністычнага кіравання, які скончыўся знакамітай «Аксамітнай рэвалюцыяй» у 1989 годзе. У той час Чэхія і Славакія складалі адзіную краіну, але апошняя атрымала незалежнасць мірным шляхам у 1993 годзе. У любым выпадку , пасля заканчэння Першай сусветнай вайны езуіты там мелі дзве розныя правінцыі, адну для Чэхіі і другую для Славакіі.
Вельмі высокая доля, каля 80 %, насельніцтва краіны лічыць сябе альбо атэістамі, альбо нерэлігійнымі. Каля 9% насельніцтва складаюць католікі, але нядаўняе даследаванне, праведзенае Каталіцкім Касцёлам, паказвае, што толькі 3,5% насельніцтва з’яўляюцца практыкуючымі католікамі. Звычайна называюць дзве прычыны такой сітуацыі: уплыў дзесяцігоддзяў камунізму і ранейшыя намаганні чэшскага народа вызваліцца ад Габсбургскай манархіі, якая атаясамлівала сваю ўладу з каталіцкай рэлігіяй. Такім чынам, чэшскае грамадства перажывае такую ж моцную тэндэнцыю да секулярызацыі, якая характэрная для большай часткі Еўропы. Варта, аднак, дадаць, што каталіцтва больш прысутнічае на ўсходзе, гэта значыць у Маравіі, чым у Багеміі.
Такая сітуацыя не перашкаджае езуітам чэшскай правінцыі з гонарам адзначыць сваё 400-годдзе. Яны робяць гэта з пэўнай пакорай, вядома, улічваючы невялікую колькасць езуітаў, прысутных толькі ў пяці мясцовасцях. Душпастырскія паслугі прапануюцца ў парафіях або ў святынях у трох гарадах і дзвюх сельскіх мясцовасцях, якія абслугоўваюць езуіты. У трох гарадскіх раёнах, якія з’яўляюцца ўніверсітэцкімі гарадамі, асноўная ўвага надаецца служэнню моладзі, асабліва студэнтам, з парафій Таварыства. Гэтая праца праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з Каталіцкім універсітэцкім рухам, свецкім аб’яднаннем студэнтаў-католікоў.
Фармацыя чэшскіх езуітаў адбываецца ў асноўным па-за межамі краіны, за выключэннем практыкі (апостальскі этап паміж дзвюма праграмамі навучання – філасофіі і тэалогіі). Маладыя езуіты знаёмяцца з Таварыствам Езуса ў іншых краінах, праводзячы навіцыят у Вялікабрытаніі і вывучаючы філасофію і тэалогію ў Польшчы, Францыі, Італіі, Іспаніі ці ЗША. Нядаўна ў правінцыі прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне чатыры езуіты. Гэта пашырае магчымасць суправаджаць маладых людзей і студэнтаў.
Напрыканцы соцый адзначыў, што кіраўніцтва правінцыі ўсведамляе будучыя задачы. Перш за ўсё, яны шукаюць эфектыўныя спосабы развіцця апостальскай дзейнасці па-за межамі касцёлаў і парафій Таварыства. У грамадскім і рэлігійным кантэксце Чэхіі езуіты хацелі б мець іншыя віды прысутнасці, якія дапамагалі б ім шырэй распаўсюджваць ігнацыянскую духоўнасць і духоўныя практыкаванні, нават калі ў правінцыі няма ўласных цэнтраў духоўнасці.
Падчас першай часткі свайго візіту айцец генерал Артура Соса наведаў усход Маравіі. Гэта рэгіён з больш моцнай каталіцкай традыцыяй, чым на захадзе ці поўначы, дзе ўплыў секулярызацыі больш відавочны. У двух універсітэцкіх гарадах езуіты аддаюць перавагу суправаджэнню студэнтаў.
Падчас свайго візіту ў правінцыю Багемія 13 лістапада а. Соса цэлебраваў Эўхарыстыю ў езуіцкім касцёле ў Брно – жывым і дынамічным цэнтры моладзі Каталіцкага ўніверсітэцкага руху. Нагода супала са святам святой апякункі Багеміі, святой Агнешкі Чэшскай, кананізаванай Янам Паўлам ІІ у 1989 г. Адхіляючы каралеўскія прапановы, святая Агнешка, дачка караля Атакара, прысвяціла жыццё Богу і клопату пра бедных. Не прыняўшы прапанову рукі імператара Фрыдрыха II, яна заснавала ў Празе кляштар кларысак, увасабляючы жыццё пакоры, натхнёнае святой Кларай Асізскай.
На самай поўначы Чэхіі, недалёка ад мяжы з Германіяй, Таварыства Езуса вядзе сярэднюю школу ў горадзе Дзечын. Гэты памежны рэгіён зведаў негатыўныя наступствы дагавораў паміж вялікімі дзяржавамі, асабліва ў ХХ стагоддзі. Сацыяльны дабрабыт і развіццё рэгіёну не былі ў прыярытэтах палітычных актораў, але наадварот, у занядбанні. Менавіта ў гэтым кантэксце ў 2008 годзе езуіты вырашылі адкрыць сярэднюю школу ў Дзечыне. У школе вучацца дзеці ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў з навучальнай праграмай, якая ахоплівае 6-9 класы.
15 лістапада айцец генерал наведаў вучняў гэтай школы, якая з’яўляецца адначасова адукацыйным і сацыяльным праектам Таварыства Езуса ў Чэхіі. Генеральны настаяцель знайшоў час, каб сустрэцца з супрацоўнікамі школы і падкрэсліць, наколькі важна для Таварыства Езуса забяспечваць адукацыю маладым людзям з менш прывілеяваных слаёў насельніцтва.
Так ахарактарызаваў гэту каталіцкую няўрадавую арганізацыю а. Ян Адамік, кіраўнік установы.
«Натхненнем для нашай школы паслужыла мадэль школ NativityMiguel у ЗША. Езуіты заснавалі першую школу, Nativity Mission Center, у 1971 годзе ў Ніжнім Іст-Сайдзе на Манхэтэне ў Нью-Ёрку. Кааліцыя NativityMiguel вырасла да 50 школ-членаў па ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў і Канады. За межамі гэтых дзвюх краін існуе адна школа ў Афрыцы і адна ў Еўропе – у нас у Чэхіі.
Nativity School у Дзечыне мела вырашальнае значэнне для захавання і развіцця адукацыйнай харызмы чэшскіх езуітаў і для фармавання іх супрацоўнікаў у Божай місіі як адданых каталіцкіх лідэраў. Гэта адна з нямногіх каталіцкіх устаноў у рэгіёне, акрамя парафій, і з’яўляецца часткай больш шырокай езуіцкай місійнай працы ў гэтым рэгіёне. Школа перадае каталіцкія каштоўнасці як вучням, так і супрацоўнікам і іх сем’ям у вельмі дэхрысціянаванай Паўночнай Багеміі. У асноўным, школа прымае маладых падлеткаў, матываваных і таленавітых, якія, аднак, па розных прычынах (сацыяльнае паходжанне, сямейныя ўмовы, дысфункцыі і г.д.) не знаходзяць у дзяржаўных школах таго, што ім трэба для развіцця сваіх здольнасцяў.
Паводле матэрыялаў:
https://www.jesuits.global/2023/11/13/the-province-of-bohemia-boh-is-400-years-old-father-general-is-visiting-it/
https://www.jesuits.global/2023/11/15/accompanying-students-a-priority-for-czech-jesuits/
https://www.jesuits.global/2023/11/15/st-agnes-of-bohemia-chose-the-poor-over-royal-courts/
Фота: František Ingr – Člověk a víra Association