Забыліся пра заахвочванне, якое кажа вам, як сынам: “Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе. Бо каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына”. Будзьце цярплівыя да пакаранняў. Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Ці ж ёсць такі сын, якога б не караў бацька? (Гбр 12, 5-7).
У перакладзе гэтага фрагмента Паслання да Габрэяў грэчаскае слова παιδεύει (paideia) перадаецца словам “каранне”. Перакладчык выбраў даволі неадназначную альтэрнатыву… Бог не карае. Бог выхоўвае чалавека да паслухмянасці. Кожны, хто вывучаў педагогіку, ведае, што “paideia” – гэта грэчаскі тэрмін, які азначае “выхаванне”. Бог з’яўляецца выхаваўцам непакорных і злых, а не іх катам.
З той пары, як нейкі руплівы святар стварыў незабыўную з дзяцінства формулу, што “Бог за добрае узнагароджвае, а за дрэннае карае”, у нашай свядомасці ўкаранілася перакананне, што Бог карае нас і можа ўкінуць у агонь за няправільныя ўчынкі.
У грэчаскай мове першае значэнне слова “paideia” – гэта выхаванне, трэніроўка цела, развіццё розуму, гартаванне духа. Таму трэба было б разумець “каранне” не як пакаранне, але як Божае выпраўленне нашых паводзінаў. “Сыне мой, не пагарджай выхаваўчымі дзеяннямі Пана і не падай духам, калі Ён трэніруе цябе” (пар. Гбр 12, 5). Вось такі сэнс тэксту, які мы ў трошкі іншым перакладзе чуем з амбоны ў ХХІ звычайную нядзелю. Далей чытаем: “Каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына”. Але больш дакладным было б не карае ці б’е – грэч. μαστιγοῖ (mastigo), – але выхоўвае і выпраўляе. Грэчаскі тэрмін трэба перакладаць не як “біццё”, а як “заклік да парадку”. Бог заклікае чалавека да парадку, робіць яму заўвагу, нагадвае пра мэту жыцця. Падумай, чалавек, што ты робіш! Паглядзі, да чаго гэта цябе вядзе! Такім шляхам ты не здабудзеш шчасця! Калі будзеш далей так рабіць, скончыш у возеры агню і серы.
Чалавек пакараны не Богам, але наступствамі сваіх няправільных рашэнняў, вынікамі грахоўнай паставы. Бог жа, як добры трэнер, настаўляе нас, каб мы не паддаваліся спакусам і годна зносілі ўсялякія цяжкасці лёсу, не губляючы пры гэтым унутранай радасці. Бог з’яўляецца добрым выхаваўцам. Не б’е сваіх дзяцей, але выхоўвае да жыццёвай мудрасці, праводзячы праз крызісы і выпрабаванні.
А калі дзіця падае, што робіць любячы Айцец? Ён не кажа: “Вось і добра”, “атрымаў па заслугах”. Любячы Айцец матывуе. Устань, не спі, не думай толькі пра сябе, паспрабуй яшчэ раз. Як рэагуе добрая маці, калі дзіця, робячы першыя крокі, падае? Карае ці перавязвае пабітае калена? Бог дзейнічае як добры Айцец і чулая маці.
Бог – суддзя, які апраўдвае нас і стварае магчымасці, каб мы выправіліся і на семдзесят сёмы раз з поспехам наследавалі Хрыста. Бог з’яўляецца трэнерам, які натхняе, а не старым зласліўцам, які дэматывуе. Бог не мае намеру лавіць нас на слабасцях, але дае моц перамагаць іх. Калі б Ягонае Валадарства было з гэтага свету, то Ягоная судовая ўлада заключалася б у вызначэнні вінаватых, у асуджэнні грэшнікаў. Аднак Бог – выхаваўца непакорных і злых, а не іхні кат.
Ён, як спартыўны трэнер, вучыць практыкавацца, матывуе і паказвае, адкуль чэрпаць моц, каб стаць добрым. Добры трэнер верыць у магчымасці выхаванца. Заахвочвае яго, каб тое, што зрабіў сёння добра, заўтра зрабіў яшчэ лепш. Гэтае заданне менавіта для цябе! Ты можаш стаць яшчэ лепшым! Ты здольны паказаць іншым, якім высакародным можа быць чалавек!
Кат толькі і чакае, калі ты парушыш закон, а выхаваўца нагадвае: ідучы гэтым шляхам, ты ўжо раз упаў, выберы іншы, лепшы! Паглядзі, ты прамінуў штосьці важнае! Ці памятаеш тую радасць, з якой калісьці ў дзяцінстве ты аддаў любімую цацку хлопчыку з дзіцячага дому? Не спыняйся на гэтым учынку. Заплануйма разам нешта прыгожае, выключнае!
Трэнер велагоншчыка, якому не хапіла адсотка секунды, каб заняць прызавое месца, прапануе яму дадатковыя практыкаванні. Дапамагае зразумець, чаму так сталася, і падказвае лепшыя шляхі выйсця на будучыню. Бог звяртае ўвагу сваіх дзяцей на іх моцныя бакі і, як добры трэнер, сцвярджае: ты можаш зрабіць гэта больш прафесійна. Стань у гэтым чэмпіёнам – і іншыя запрагнуць вучыцца ў цябе. Я ў цябе веру! Некалі ты напэўна будзеш лепшы!
Наш дрэнны ўчынак – гэта не канец свету і не трагедыя для Пана Бога. Для Яго не тое галоўнае, каб мы білі рэкорды па добрых учынках. Найважнейшым ёсць сэрца, а менавіта – як мы прагнем дзейнічаць. А ўсё астатняе – ласка.
Мы не маем уплыву на надвор’е. Часам праз жыццё пройдзе бура, а іншым разам на небе не з’явіцца ніводнай хмаркі. Марак не ўплывае на тое, з якога боку дзьме вецер, але калі ён ведае, як ставіць ветразь і карыстацца штурвалам, то будзе набліжацца да мэты. Гэтаму вучыць добры трэнер і гэтаму вучыць нас Бог. Калі ж часам Ён запрашае нас на тэхнічны перапынак у канфесіянал, не трэба губляць энтузіязм. Ты ж не хочаш праседзець усё жыццё на лаўцы запасных. Бог ніколі не знеахвочвае. Бог умацоўвае. І працягвае ў нас верыць.
Войцех Жмудзіньскі SJ
Пераклад: Вікторыя Сідар