Палітычны рэжым Даніэля Артэгі ў Нікарагуа скасаваў прававы статус Таварыства Езуса ў гэтай краіне і выдаў распараджэнне аб канфіскацыі ўсёй яго маёмасці, паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Цэнтральнаамерыканская правінцыя Таварыства Езуса абнародавала спецыяльную заяву, падкрэсліваючы, што рашэнне было прынята ўладамі без адміністратыўных працэдур, прадугледжаных законам, і без магчымасці абскардзіць яго ў бесстаронніх судовых органах, якія маглі б асудзіць гэтыя злоўжыванні ўладай.
Езуіты асудзілі “новую агрэсію”, якая адбылася ў кантэксце палітыкі тэрору супраць насельніцтва Нікарагуа і “самых сістэматычных рэпрэсій”, якія праводзіць на нацыянальным узроўні рэжым Артэгі. Падкрэсліваецца, што група экспертаў ААН ужо назвала іх “злачынствам супраць чалавецтва”.
У заяве Цэнтральнаамерыканскай правінцыі Таварыства Езуса адзначаецца, што меры, якія прымаюцца ўладамі, накіраваны на “поўнае ўсталяванне таталітарнага рэжыму”. Адказнымі за гэта называюцца Прэзідэнт і Віцэ-Прэзідэнт, вінаватыя таксама ў перашкодзе незалежнасці і нейтралітэту судовай сістэмы.
Езуіты Цэнтральнай Амерыкі звярнуліся да кіраўніцтва краіны з заклікам спыніць рэпрэсіі і спрыяць “разважліваму рашэнню, у якім будуць пераважаць праўда, справядлівасць, дыялог, павага да правоў чалавека і прававой дзяржавы”. Яны заахвоцілі паважаць свабоду і тоеснасць езуітаў і людзей, якія з імі супрацоўнічаюць. Таварыства Езуса ў Нікарагуа, “разам з тысячамі нікарагуанскіх ахвяраў, чакае справядлівасці і кампенсацыі шкоды, нанесенай цяперашнімі ўладамі”, – гаворыцца ў заяве.
Скасаванню прававога статуса ордэна езуітаў у Нікарагуа папярэднічаў шэраг рэпрэсіўных мер супраць гэтай манаскай супольнасці. 19 жніўня ўлады абвінавацілі ў тэрарызме прэстыжны езуіцкі Цэнтраальнаамерыканскі ўніверсітэт у Манагуа і загадалі канфіскаваць маёмасць гэтай навучальнай установы. Разам з тым яны канфіскавалі адну з рэзідэнцый езуітаў, дзе пражывалі тры святары.
Жорсткія палітычныя рэпрэсіі пачаліся ў Нікарагуа ў 2018 года, пасля таго як у краіне прайшлі маштабныя грамадскія пратэсты. Артэга назваў іх спробай дзяржаўнага перавароту, падтрыманай біскупамі і замежнымі дзяржавамі. Біскупы і святары падвергліся пераследу і запалохванню, некаторыя з іх былі вымушаныя пакінуць краіну, былі закрыты шматлікія каталіцкія навучальныя ўстановы, СМІ і дабрачынныя структуры. На 26 гадоў турэмнага зняволення быў асуджаны біскуп Раланда Альварэс, які адмовіўся сесці на борт самалёта, што пераводзіў палітычных зняволеных у выгнанне ў ЗША.
У 2022 годзе ўрад Нікарагуа выслаў апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Вальдэмара Зомертага, а ў красавіку 2023 года Святы Пасад закрыў сваю нунцыятуру ў Манагуа, прыпыніўшы па просьбе ўрада дыпламатычныя адносіны.