З а. Станіславам Памыкалам, езуітам, які больш за дзесяць гадоў працаваў у Беларусі, у 2009 годзе размаўляў а. Юзэф Аўгустын SJ. Пераклад гэтай размовы апублікаваў часопіс “Наша вера”.
3 верасня 2022 г. айцец Станіслаў адышоў да Пана. І сёння гэтае інтэрв’ю прачытваецца як ягоны запавет любові для ўсіх нас.
Што, на Вашу думку, павінна быць найважнейшым у жыцці чалавека?
Любоў! Яна не павінна, але ёсць – падабаецца нам гэта ці не – найважнейшай у жыцці чалавека, таму што Бог ёсць Любоў. Яна ёсць тым, чаго я прагнуў і шукаў з дзяцінства. Гэта мая адзіная ненасытнасць. У любові я губляюся і знаходжуся, яна збаўляе мяне. Любоў – прагненне кожнага чалавечага сэрца, бо чалавек быў створаны з любові і для любові. Калі гэта гучыць банальна, то толькі таму, што свет з-за адыходу ад Бога дэвальвуе яе значэнне і нават само гучанне слова “любоў”. Тым не менш, яна была і ёсць не толькі найважнейшай для мяне, але для ўсіх нас і для кожнага асабіста! Я лічу, што гэта яна вызваляе чалавека з яго найвялікшага рабства ці абмежаванасці, з любых чалавечых супярэчнасцяў, ператвараючы бітву ў адзінства супярэчнасцяў.
Тады як казаць пра любоў, каб гэта не гучала банальна?
Трэба яе мець. Трэба любіць! Аб любові не можна толькі гаварыць, аб ёй, або лепей – яе, трэба сведчыць. Гэта яна прамаўляе. Мы можам яе спазнаць, нават ёю жыць, але насамрэч не можам яе да канца выказаць, бо яна – дар і ласка, пакора і таямніца. Трэба быць утаямнічанаму ў любоў, каб хадзіць яе шляхамі і пазнаць яе. Мы не маем над ёй улады. Яна ёсць Панам.
Для мяне ключом да зразумення і перажывання тамніцы любові сталі “Духоўныя практыкаванні” святога Ігнацыя Лаёлы. Айцец Ігнацый праз практыкаванні ініцыюе, уводзіць у таямніцу і адкрывае ў людзях дарогі любові, завяршаючы ўсё кантэмпляцыяй дзеля атрымання любові (Ad amorem).
У заўвагах да гэтага практыкавання чытаем між іншым: “Любоў трэба укладаць больш у справы, чым у словы” (ДП, 230), а таксама “Любоў грунтуецца на ўзаемным дары, а дакладней: той, хто любіць, дае ўмілаванаму тое, што мае сам, … і наўзаем, умілаваны дзеліцца з тым, каго любіць” (ДП, 231). Таму ў духоўным жыцці будуць узрастаць людзі, якія вызваляцца ад фальшывай любові да сябе, самавольства, карыслівасці або імкнення да ўласнай выгады. Словам, тыя, хто вызваліцца ад карыкатуры любові, якой ёсць чалавечы эгаізм.
Згаданая кантэмпляцыя (Ad amorem) ініцыюе або, інакш кажучы, утаямнічвае асобу, якая ўжо цалкам зрабіла ігнацыянскія практыкаванні, у новую штодзённую рэчаіснасць – у жыццё любоўю дзень за днём. Аднак ужо на самым пачатку Практыкаванняў, у “фундаменце”, св. Ігнацый піша: “Чалавек створаны дзеля таго, каб хваліць, шаваць і служыць Богу, Пану нашаму, і праз гэта збавіць сваю душу” (ДП, 23). Тое самае можна сказаць іншымі словамі: “Мужчына і жанчына створаныя дзеля таго, каб Айцу, Пану нашаму, былі ўдзячнымі, шанавалі Яго, служылі Яму і праз гэта дасягнулі збаўлення, вечнага з’яднання з Ім”. Таму быць удзячным Стварыцелю, мець глыбокую павагу да Яго і праслаўляць Яго, прысутнага ў табе самім, і аддаваць сябе Яму, працуючаму ў табе і праз цябе – вось для мяне тры з чатырох асноўных вымярэнняў, імёнаў любові: удзячнасць, пашана і адданасць-служэнне.
Чацвёртае вымярэнне і імя любові – збаўленне – гэта еднасць з Богам, незаслужаная ласка любові, якую прымаем штодня праз удзячнасць, пашану і служэнне-адданасць. Падзяка, павага, самадданае служэнне і еднасць уласцівыя, перш за ўсё, нашым адносінам з Панам, але ў роўнай меры і адносінам з бліжнімі, і стаўленнем да самога сябе, бо любіць Пана азначае любіць сябе. А любіць бліжняга, як самога сябе, азначае любіць Пана! Кожны мужчына і кожная жанчына, незалежна ад таго, жывуць яны ў сужэнстве ці паслухмяныя абяцанню чыстасці, ды ўвогуле кожны чалавек у любым узросце і нават кожнае стварэнне менавіта такім чынам, праз удзячнасць-хвалу, пашану-праслаўленне, адданасць-служэнне ідзе і даходзіць да Паўнаты З’яднання ў Любові з Богам Тройцай!
Але чалавек часта не ў стане перакрочыць самога сябе і свае абмежаванні.
Так, бо гэта трэба рабіць праз адносіны, не выракаючыся іх. Адысці лягчэй. Мы можам годна несці слабасці і абмежаванні толькі будуючы адносіны з Богам і іншым чалавекам. У той жа час перажыванне трансцэндэнцыі Бога часта прымае форму адмаўлення ад усталявання адносін з Ім іманентным, які прабывае ў стварэннях, у людзях і ў нас саміх. У сваёй трансцэндэнцыі Бог стаўся для нас вельмі далёкім. Мы няздольныя адчуваць Яго іманентнасці, трывання ў нас. Не бачым, што Бог у нас жыве, што нашая праца і намаганні – гэта перадусім Ягоныя высілкі. Шмат крызісаў, якія перажывае сучасны чалавек у асабістым жыцці, а таксама і ў грамадскім, палітычным, рэлігійным, вынікае з гэтага адчужэння, адсутнасці сувязі з Богам іманентным, прысутным у ім самім.
Калі ў нас няма ахвоты ствараць сапраўдныя і глыбокія адносіны з Панам, адносіны, заснаваныя на вышэйзгаданых трох вымярэннях ігнацыянскага фундаменту, мы не зможам будаваць адносіны з іншай асобай. Калі я не шаную Бога ў сабе, не праслаўляю Яго і не служу Яму, то не змагу здзяйсняць гэта ў іншым чалавеку. Шчырае і праўдзівае пакланенне Богу вынікае не са страху перад Ім як трансцэндэнтнай Істотай. Трансцэндэнцыя Бога ёсць праўдай і абаронай Яго іманентнасці (прысутнасці ў нас) ад суб’ектывізму. Ён прысутнічае ў кожным чалавечым досведзе: у шчасці і цярпенні, у маладосці і старасці, у жыцці і смерці. Калі навучымся ў сабе шанаваць Бога, здолеем заўважыць і палюбіць Яго ў кожным чалавеку.
Як жа ацаліць адносіны з Богам і бліжнім?
Мне здаецца, у дадзеным кантэксце важная ўдзячнасць Богу за ўсе атрыманыя ад Яго дары. Калі мы ўдзячныя, то пачуваемся залежнымі ад Бога, адказваем ўзаемнасцю на любоў. Калі Яму не дзякуем, значыць, хочам нейкім чынам стаць незалежнымі ад Яго, стаць гаспадарамі сітуацыі. Іншага ж успрымаем не як брата, у якім прабывае Бог, але як пагрозу і канкурэнта. І наадварот, калі сваю рэчаіснасць – цела, душу і духа, пачуцці, здольнасці, цярпенне, радасць і плач – лічым Божым дарам, сустрэча з іншым чалавекам ўжо будзе сустрэчай не з супернікам, але з братам, які, падобна нам, бывае шчаслівым, смяецца, але таксама пакутуе і плача. Тады мы здолеем адшукаць у ім Божую прысутнасць, шчаслівую і радасную, якая таксама церпіць і плача.
Мы павінны навучыцца быць удзячнымі Богу і шанаваць Яго ўзаемна, прызнаць, што ўсё ад Яго атрымалі і надалей атрымліваем: і свет вакол нас, і сябе саміх. Калі не прызнаем гэтай праўды, іншы чалавек ніколі не стане братам, у лепшым выпадку – цяжкім партнёрам. Нам трэба таксама разумець, што Бог прыходзіць да нас у іншым чалавеку, у ягоных здольнасцях і ўменнях, у абмежаваннях і слабасцях. Тое, чаго няма ў нас, знаходзім у бліжнім. Дзякуючы гэтаму чалавек становіцца, у пэўным сэнсе, калі не ўсёмагутным, то “здольным на значна большае”. Гэтая “большая моц” прыходзіць праз любоў і добрыя повязі, бо тое, што ты ўмееш, дзякуючы повязі любові, умею я, а тое, што ведаю я, ведаеш і ты, калі, дзякуючы повязі любові, мы ўмеем быць узаемна карыснымі.
Значыць, людзі павінны быць карысныя адзін аднаму.
Так, павінны служыць адзін аднаму, каб аддаць сябе Богу і знайсці ў Ім паўнату! З узаемнага служэння спантанічна нараджаюцца ўдзячнасць, радасць і павага, якія вядуць да любові і з’яўляюцца імёнамі любові. Аздараўленне адносінаў паміж асобамі вядзе да аздараўлення адносінаў паміж супольнасцямі і групамі людзей: сямейнымі, грамадскімі, нацыянальнымі. Гэта здаецца асабліва важным, калі гаворка ідзе пра сустрэчы з людзьмі, якія вызнаюць іншую рэлігію ці належаць да іншых хрысціянскіх супольнасцяў.
Таксама і ў выпадку экуменічнага дыялогу.
Безумоўна, тым больш, што для многіх экуменізм стаўся галоўным чынам “узгадненнем агульнага спосабу мыслення” аб дагматах веры. Але ж сутнасць не толькі ў тым, каб мы аднолькава думалі, стваралі дакументы, здымалі накладзеныя стагоддзі таму праклёны. Гэта ўжо было і не прывяло да еднасці. Чаму? Бо не цалкам вылечылі ўзаемаадносіны паміж людзьмі і з Богам у Хрысце, якія ляжаць у аснове стасункаў паміж Касцёламі, у тым ліку паміж католікамі і праваслаўнымі. <…> Любім Пана без бліжняга і не ўсведамляем, што, ненавідзячы бліжняга па самых святых, справядлівых і абгрунтаваных, на наш погляд, прычынах, мы тым самым ненавідзім Пана. Не адчуваем патрэбы дзякаваць Богу адны за другіх, не прагнем па-сапраўднаму разам стаяць каля эўхарыстычнага стала.
Чым тады павінен быць экуменізм?
Перадусім жалем і паяднаннем з Панам і чалавекам, блізкім і далёкім, на ўзроўні штодзённага жыцця асабістага і супольнага, а не толькі стварэннем дакументаў… хоць і яны, бясспрэчна, вельмі важныя. Нам трэба, аднак, спачатку ўзаемна прыняць адзін аднаго з даверам, пашанай і спачуваннем, бо гэта ёсць воляй Пана. <…> Калі не будзе скрухі і прымірэння ў Пану, праведзеныя сімпозіумы, падпісаныя дакументы, пастаўленыя пячаткі мала што зменяць. Трэба пачаць з таго, каб пастарацца быць карыснымі адны для другіх: узаемна служыць сваімі здольнасцямі, ведамі і навыкамі, дабрынёй і ласкай! Так пакрысе прыйдзем да таго, што будзем разам шчыра дзякаваць – хваліць Пана і служыць – аддаваць сябе Богу. Без гэтага нашыя дары застаюцца блюзнерствам. Таму таксама мае вялікае значэнне прысутнасць католікаў сярод праваслаўных і наадварот, каб адны і другія маглі ступіць на шлях любові, без якой нельга падабацца Богу, каб перасталі баяцца іншых, а пачалі шанаваць і служыць адзін аднаму, а тым самым і Богу. Гэта шлях да жалю і паяднання. Пакуль што разам мы ўмеем толькі дражніць Яго, а не любіць.
Вернемся ўсё ж да любові. Звычайна аб ёй ідзе гаворка ў кантэксце закаханасці, сужэнства і сям’і.
Бо так ёсць і павінна быць, хоць гэта яшчэ не ўсё! Закаханасць і ўласцівая ёй рамантыка, пачуцці – прыгожы дар, цудоўны досвед. Мы складаемся з цела, душы і духа. Але я думаю што часта мы не да канца разумеем цялеснае вымярэнне нашай любові. Не таму, што нашае цела дрэннае, але таму, што маем сапсаванае пыхай сэрца і не ўмеем быць удзячнымі Богу за сваё цела, плоднасць і сексуальнасць. Робімся самадастатковымі ў нашай сексуальнасці і гэта праблема: не адказваем Стварыцелю ўзаемнасцю ў любові! Чалавек не самадастатковы не толькі ў тым сэнсе, што фізічна, псіхічна і духоўна жанчыне патрэбны мужчына, а мужчыну – жанчына. Каб жыць па-сапраўднаму, трэба вучыцца ўзаемнасці перадусім у адносінах да Пана, узносячы падзяку за чалавека, якога кахаем і які кахае нас, – за яе ці за яго. Адсюль нараджаецца сапраўдная ўзаемнасць у нашых міжасабовых стасунках. Калі не зможам дзякаваць за сваё цела і за цела каханай асобы, яно можа стаць для нас прычынай дэмаралізацыі, дрэннага ўплыву альбо спакусы. Бо маніпулюючы ўласным целам, мы ставімся негатыўна да саміх сябе “ва ўласным целе” і гэтак жа маніпулятыўна глядзім на іншага чалавека. Мы не можам любіць бліжняга іначай, чым сябе.
Усведамленне гэтай праўды дае нам шанец выкрыць свой эгаізм, і мы можам тады ўбачыць, як часта выкарыстоўваем кагосьці замест таго, каб шчыра любіць яго ці яе. Заўважым, напрыклад, што ў моладзевай субкультуры часта гучаць словы пра любоў, але звычайна за імі крыюцца эгаістычныя патрэбы, схільнасці і тэндэнцыі.
Таму здаецца важным няспынна ачышчаць сваё разуменне чалавечай любові, бо тое, як мы любім іншага, уплывае на наш асабісты досвед Божай любові і наадварот.
Безумоўна! Мы створаныя з любові і для любові. Калі не ўмеем любіць, нашае жыццё прайгранае, нават калі мы здабылі прызнанне, поспехі, папулярнасць і багацце. Св. Шарль дэ Фуко любіў паўтараць: не так важна, што мы робім і кажам – важней за ўсё, ці жыве ў нас Хрыстус. Ці жыве ў нас любоў, якой ёсць Хрыстус? Ці любім так, як Ён, ахвяруючы жыццё за іншага? Чалавек часта хвалюецца толькі за сябе, дрыжыць за сваю будучыню, баіцца паразы і выкарыстання.
А гэта супрацьстаіць любові.
У любові няма страху, – кажа св. Ян, – а кожны, хто баіцца, яшчэ недасканалы ў любові (пар. 1 Ян 4, 18). Чалавек не можа думаць толькі пра сябе, бо нарадзіўся з сувязі і дзеля сувязяў, у першую чаргу сямейных. Аднак сямейныя сувязі без укаранёнасці ў міжасабовыя сувязі чалавечай супольнасці, народжанай з Эўхарыстыі, становяцца толькі гульнёй інтарэсаў. Сям’я з’яўляецца першасным асяроддзем любові, дзякуючы эўхарыстычнай супольнасці. Таму трэба менавіта так, эўхарыстычна, дбаць аб адносінах у сям’і, бо сёння ім пагражае небяспека. Бацькі павінны клапаціцца пра дзяцей, любіць іх, прысвячаць сябе, але павінны таксама даваць ім сапраўдную свабоду, у якой яны рабіліся б самастойнымі, і толькі Бог ёсць адзінай яе гарантыяй. Калі бацькі перажываюць адносіны з дзіцём як своеасаблівае “зліццё” з ім, дзіця губляе шанец будаваць уласную гісторыю. А гэта таксама супрацьстаіць любові. Ад хвіліны нараджэння дзіця – гэта асобны чалавек са сваёй гісторыяй. Каб паміж бацькамі і дзіцем магла ўтварыцца сапраўдная повязь любові, яны павінны быць свабоднымі адносна дзіцяці і дарыць яму свабоду праз удзячнасць, пашану і аддаванне яго Богу.
Праз сямейныя сувязі мы вучымся ўсталёўваць адносіны з іншымі людзьмі, з супольнасцямі, у тым ліку з супольнасцю Касцёла. Касцёл пакліканы ўтвараць супольнасць любові. Ён павінен кіравацца любоўю і такім чынам стаць альтэрнатывай для “свету”, які кіруецца законам, разуметым вельмі часта як падстава і апраўданне тых ці іншых пакаранняў, гвалту, а не мудрасці, якую Бог даў людзям, каб маглі любіць адзін аднаго. У духоўнай супольнасці Касцёла нашыя сувязі павінны рэгуляваць перадусім любоў і закон, разуметыя як мудрасць любові. Таму так важна, каб асобныя члены Касцёла былі здольныя ствараць адносіны любові.
Здаецца, у гэтым плане яшчэ шмат трэба зрабіць.
Думаю, гэта выклік перадусім для біскупаў, святароў і ўвогуле для ўсіх, хто прымае ўдзел у евангелізацыі, бо часта на справе мы не ініцыюем любоў у нашых верніках, замяняючы душпастырства працай у арганізацыі, на пасадзе. Не вучым людзей таму, што найважнейшае: будаванню сталых адносінаў любові з Богам і тымі, хто жыве побач з імі. А гэта істотная справа, пачынаючы ад сям’і і заканчваючы светам вялікай палітыкі.
У сваёй душпастырскай працы я часта бачу, што замест любові Хрыста мы даём людзям веды аб Ім. Нашмат лягчэй паведамляць пра Хрыста, чым любіць так, як Ён. Аднак толькі гэта мае значэнне, толькі гэта застаецца: наколькі мы наследуем Хрыста, наколькі можам, як Ён, любіць па-сапраўднаму, шчыра аддаваць сябе іншым, узяць на сябе іх цярпенне, не баяцца жыць у Богу так, як жыў Ён. Усе іншыя справы прамінаюць. Толькі любоў вечная. Таму ў будаванні Касцёла мы павінны перадусім клапаціцца пра любоў, а не пра веды і знешнія абрады. Яны ёй служаць! Лёгка пераказваць рэлігійную культуру замест глыбокай веры, народжанай з удзячнасці, якая з’яўляецца прынцыпам і фундаментам любові.
Мы часта гаворым пра Хрыста, інфармуем аб Ім, абвяшчаем Яго, але не сведчым пра Яго ў любові. Між тым евангелізацыя – гэта не пераказванне звестак, але аздараўленне адносінаў. Хрыстус менавіта так евангелізаваў – аздараўляў адносіны паміж людзьмі і адносіны з Богам, выводзячы людзей на дарогі спакою і любові. Абвяшчаючы Добрую Навіну, мы павінны перадусім дапамагаць людзям будаваць сапраўдныя адносіны, якія вядуць да Любові. Бывае так, што вельмі пабожныя людзі ніяк не могуць знайсці агульнай мовы са сваімі блізкімі – у сям’і альбо ў супольнасці. Гэта ставіць пад пытанне глыбіню іх угрунтаванасці ў Божай любові.
Нам трэба вучыцца любіць так, як Езус. Пры гэтым мы не павінны нават шмат ведаць пра Яго. Я знаёмы з людзьмі неахрышчанымі, параненымі камуністычнай бязбожнасцю, з цяжкім лёсам. Аднак ёсць у іх такія імпульсы любові, якіх я не знаходжу ў сабе, хоць столькі гадоў усведамляю сябе хрысціянінам і святаром. Гэтыя імпульсы любові з’яўляюцца для мяне сведчаннем прысутнасці Бога ў жыцці кожнага чалавека.
Аднак евангельскі прыклад любові Хрыста не так лёгка наследаваць.
Так, бо для чалавечай і анёльскай пыхі найцяжэйшай аказваецца пакора Бога. Любоў – таксама пакора. Напрыклад, добрым тэстам на любоў з’яўляецца тая сітуацыя, калі мы спазнаём несправядлівасць, пераслед, крыўду… Св. Ігнацый у “Духоўных практыкаваннях” у разважанні пра караля моліцца аб тым, каб “прымаць з Ім усе крыўды, адкіданне і беднасць, як матэрыяльную, так і духоўную” (ДП, 98). Такая логіка любові для хрысціяна з’яўляецца сапраўдным выклікам. Так адбываецца яшчэ і таму, што цяпер грамадскім, палітычным і эканамічным жыццём кіруе логіка прыбытку і поспеху, улады, а не любові. Чалавек жа сваю рэчаіснасць павінен будаваць на любові.
Мы ўзрастаем і вучымся любові ўсё жыццё. Як мы можам ачысціць свае ўяўленні пра яе?
Ачышчэнне нашага шляху да любові адначасова простае і складанае. Такое ж простае, як нашая ўдзячнасць, павага і дабрыня ў адказ на патрэбу бліжняга. І складанае, бо патрабуе малітвы, посту і міласціны (дару сябе), перажываных у адносінах з Айцом, які прабывае ў таямніцы і бачыць таемнае. Што значыць ацаліць адносіны з Богам? Паўтару, бо гэта важна: гэта значыць адказваць Яму ўзаемнасцю на любоў праз удзячнасць, пашану і адданне… А таксама – як ужо казаў – важна ачысціць адносіны з іншым чалавекам, убачыць у ім Божы дар і быць удзячным за яго. Калі мы прагнем аздаравіць нашую сувязь з Богам, то шукаем і добрых сувязяў з бліжнім, нават калі іх няшмат у нашым жыцці. Спачатку хопіць адной. Яна будзе трымаць нас пры жыцці, дасць нам спакой і пачуццё бяспекі. І з часам на ёй мы пабудуем іншыя адносіны, якія ў выніку дапамогуць нам паўней адкрыцца Богу і прывядуць да сустрэчы з Ім у праўдзе. Гэтага не варта раздзяляць.
Галоўная запаведзь, якую пакінуў нам Езус, служыць найлепшаю падказкаю: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе” (Лк 10, 27).
Апублікавана ў часопісе “Наша вера”, №4 (102)/2022.
Пераклад з польскай мовы Тэрэсы Клімовіч. Фота: а. Янез Север SJ.