У мінулых катэхезах аб распазнаванні мы ўбачылі важнасць інтэрпрэтацыі рухаў нашага сэрца, у тым ліку стану “пакінутасці”, унутранага хвалявання і незадаволенасці. Такія моманты насамрэч з’яўляюцца выклікам для нашай самазаспакоенасці і стымулам для духоўнага ўзрастання. У выпадку многіх вялікіх святых, такіх як Аўгустын, пачуццё ўнутранага неспакою было прэлюдыяй да глыбокага навяртання. Досвед пакінутасці можа адкрыць нам вочы, каб убачыць рэчы ў новым святле, ацаніць благаслаўленні, якія мы так часта ўспрымаем як належнае, і знайсці супакой у набліжэнні да Пана. Так мы паглыбляем адносіны з Езусам, якія прыносяць не толькі суцяшэнне, але і новыя выклікі для сталення ў хрысціянскім вучнёўстве. У моманты пакінутасці або расчаравання прымем гэты досвед як запрашэнне да больш глыбокай малітвы, больш цеснай еднасці з Хрыстом і непахіснага даверу да Яго абяцанняў.
Дарагія браты і сёстры, сардэчна вас вітаю!
Сёння мы працягваем катэхезы на тэму распазнавання. Мы ўжо ведаем, наколькі важна чытаць свае ўнутраныя рухі, каб не прымаць паспешлівых рашэнняў, справакаваных мімалётнымі эмоцыямі, дзеля таго толькі, каб пашкадаваць аб іх, калі позна штосьці змяняць. Іншымі словамі, варта “чытаць”, што адбываецца, а затым прымаць рашэнні.
У гэтым сэнсе нават духоўны стан, які мы называем пакінутасцю, калі ў сэрцы толькі змрок і сум, можа стаць магчымасцю для росту. Сапраўды, калі няма крыху незадаволенасці, крыху здаровага смутку, здаровай здольнасці жыць у адзіноце і быць з сабой, не ўцякаючы, мы рызыкуем заўсёды заставацца на паверхні рэчаў і ніколі не ўступіць у кантакт з сутнасцю свайго існавання. Пакінутасць выклікае “неспакой у душы”: калі камусьці сумна, душа ў ім быццам скаланутая. Такі стан трымае нас чуйнымі, спрыяе праніклівасці і пакоры і захоўвае ад ветру капрызу. Гэта неабходныя ўмовы жыццёвага прагрэсу, а значыць, і духоўнага жыцця. Ідэальны, але “асептычны” спакой, пазбаўлены пачуццяў, пазбяўляе нас чалавечнасці, калі становіцца крытэрыем рашэнняў і паводзін. Мы не можам ігнараваць свае пачуцці: мы – людзі, і пачуцці з’яўляюцца часткай нашай чалавечнасці. А без разумення пачуццяў мы не былі б людзьмі. Больш за тое, не пражываючы свае пачуцці, мы можам стаць абыякавымі да чужых пакут і няздольнымі прыняць свае. Не кажучы ўжо пра тое, што такога “ідэальнага спакою” нельга дасягнуць шляхам абыякавасці. Такая стэрыльная дыстанцыя: “Я ні ў што не ўвязваюся, я трымаю дыстанцыю”. Гэта не жыццё. Нібы мы ў лабараторыі, пад замком, каб не заразіцца мікробамі і хваробамі. Для многіх святых неспакой быў вырашальным каталізатарам, які змяніў іх жыццё. Штучны спакой не прыносіць карысці, тады як здаровы неспакой добры, неспакойнае сэрца – гэта сэрца, якое шукае свой шлях. Так было, напрыклад, у Аўгустына Гіпонскага, Эдыт Штайн, Джузэпэ Бэнэдыкта Каталенга і Шарля дэ Фуко. Важныя выбары маюць цану, якую выстаўляе жыццё, цану, даступную кожнаму. Сутнасць у тым, што важныя выбары не выпадаюць у латарэю, не. У іх ёсць цана, і ты павінен яе заплаціць – заплаціць сэрцам. Гэта цана рашэння, цана пэўнага высілку. Выбар не даецца задарма, аднак ягоны кошт даступны кожнаму. Кожны з нас павінен заплаціць за сваё рашэнне, каб пазбыцца стану абыякавасці, які заўсёды нам замінае.
Пакінутасць – гэта таксама запрашэнне да бескарыслівасці, да таго, каб не дзейнічаць заўсёды і выключна з мэтай эмацыйнага задавальнення. Пакінутасць дае нам магчымасць узрастаць, распачынаць больш сталыя, больш прыгожыя адносіны з Панам і нашымі блізкімі, адносіны, якія не зводзяцца да простага абмену: даваць і мець. Падумаем зараз пра сваё дзяцінства. Вось, калі мы былі дзецьмі, то часта шукалі бацькоў, каб атрымаць ад іх што-небудзь: цацку, грошы на марозіва, дазвол… І таму мы шукалі іх не дзеля іх саміх, а дзеля асабістай выгады. Аднак менавіта яны – найвялікшы падарунак, нашыя бацькі, і мы разумеем гэта паступова, сталеючы.
Штосьці падобнае ёсць і ў многіх нашых малітвах: просьбы аб ласках, з якімі мы звяртаемся да Пана без усялякай рэальнай цікавасці да Яго. Ходзім і просім, просім, просім Пана. У Евангеллі адзначаецца, што вакол Езуса часта было поўна людзей, якія шукалі Яго, каб атрымаць што-небудзь: аздараўленне, матэрыяльную дапамогу, але не дзеля таго, каб проста быць з Ім. Яго сціскалі натоўпы, але Ён быў адзін. Некаторыя святыя і нават некаторыя мастакі засяроджваліся над гэтым станам Езуса. Можа здацца дзіўным і нерэальным пытанне да Пана: “Як Ты?” А на самай справе гэта цудоўны спосаб увайсці ў сапраўдныя, шчырыя адносіны з Яго чалавечнасцю, з Яго цярпеннем, нават з Яго асаблівай самотнасцю: адносіны з Ім, які пажадаў дарэшты падзяліць Сваё жыццё з намі.
Вельмі шмат дабра крыецца ў здольнасці быць з Ім, быць з Панам без прыхаваных прычын, гэтак жа, як з тымі, каго мы любім. Мы хочам пазнаваць іх усё больш і больш, таму што нам з імі добра.
Дарагія браты і сёстры, духоўнае жыццё – гэта не тэхніка, якой мы можам авалодаць. Не праграма для ўнутранага “добрага самаадчування”, запланаваць якую мы можам самі. Не. Духоўнае жыццё – гэта адносіны з Жывой Асобай, з Богам, якога немагчыма звесці да нашых катэгорый. І пакінутасць, такім чынам, з’яўляецца найбольш выразным адказам на абвінавачванне, што досвед Бога з’яўляецца формай самападману, простай праекцыяй нашых жаданняў. Пакінутасць – гэта стан, калі не адчуваючы нічога, апынуўшыся ў цемры, усё ж шукаеш Бога ў пакінутасці. У тым выпадку, калі б мы мелі Яго за праекцыю сваіх жаданняў, мы заўсёды маглі б уключыць Яго ў план і заўсёды былі б шчаслівымі і задаволенымі, як кружэлка, што паўтарае адну і тую ж музыку. Але людзі, якія моляцца, ведаюць, што вынік непрадказальны. Перажыванні і біблійныя ўрыўкі, якія раней захаплялі нас, дзіўным чынам сёння нас не кранаюць. І гэтак жа неспадзявана перажыванні, сустрэчы і чытанні, на якія мы ніколі не звярталі асаблівай увагі або стараліся пазбягаць (напрыклад, досвед крыжа), прыносяць велізарны супакой. Не бойся пакінутасці; з трываласцю сустрэнь яе. Не ўхіляйся. І паспрабуй у пакінутасці знайсці сэрца Хрыста, знайсці Пана. І адказ прыйдзе заўсёды.
Таму перад абліччам цяжкасцяў, калі ласка, ніколі не падай духам, але адкажы на выпрабаванне з рашучасцю, з дапамогай Божай ласкі, якой ніколі не бракуе. А калі пачуем у сабе настойлівы голас, які хоча адвярнуць нас ад малітвы, давайце навучымся выкрываць яго як голас спакушальніка, і не дазволім яму ўплываць на нас. Будзем проста рабіць супрацьлеглае таму, што ён кажа! Дзякуй.
Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 16 лістапада 2022г.
Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221116-udienza-generale.html
Галоўная выява: Папа Францішак на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 16 лістапада 2022 г. (Крыніца: Reuters).