Новы год – гэта заўсёды новы пачатак, новая надзея… Псальміст прапануе ў гэтыя дні: “Спявайце Пану новую песню”, і якімі б ні былі твае музычныя здольнасці, гэта запрашэнне таксама і для цябе. Твае жаданні, малітвы, сустрэчы, размовы, намаганні, праца – усё гэта зліваецца ў адзіную песню. Магчыма, табе прыйдзецца ўключыць у сваю мелодыю не надта вясёлыя ноты: гэта не страшна. Аддай Богу жаданне змяніць у тваім жыцці штосьці да лепшага, Ён – найлепшы кампазітар! Не варта параўноўваць сваю песню з іншымі, яна ўнікальная. Бог чакае цябе кожны дзень новага года, каб зноў і зноў ствараць разам з табой непаўторны матыў, і гэтая песня – унікальны ўнёсак у сімфонію ўсяго стварэння.

***

1 Ян 2, 22-28
Пс 98 (98)
Ян 1, 19-28

“Спявайце Пану новую песню, бо Ён учыніў цуды” (Пс 98, 1)

Новы год – гэта заўсёды новы пачатак, новая надзея… Псальміст прапануе ў гэтыя дні: “Спявайце Пану новую песню”, і якімі б ні былі твае музычныя здольнасці, гэта запрашэнне таксама і для цябе. Ці атрымліваецца перадусім чуць боскую мелодыю ў сваім жыцці? Ці заўважаеш у руцэ Бога дырыжорскую палачку, якой Ён чыніць цуды з дня ў дзень? Якім матывам табе хацелася б адказаць на вядучую партыю Бога? Твае жаданні, малітвы, сустрэчы, размовы, высілкі, праца – усё гэта зліваецца ў адзіную песню. Магчыма, табе прыйдзецца ўключыць у сваю мелодыю не надта вясёлыя ноты: гэта не страшна. Калі баішся сфальшывіць, не дацягнуць да патрэбнай ноты, хутчэй за ўсё, табе давядзецца штодня практыкавацца, рэпеціраваць… Аддай Богу жаданне змяніць у тваім жыцці штосьці да лепшага, Ён – найлепшы кампазітар! Не варта параўноўваць свой спеў з іншымі, ён унікальны. Бог чакае цябе кожны дзень новага года, каб зноў і зноў ствараць разам з табой непаўторны матыў, і гэтая песня – унікальны ўнёсак у сімфонію ўсяго стварэння.

Св. Ян у першым пасланні нагадвае пра гарызонт нашых дзён: вечнасці ў Айцом, якая пачынаецца ўжо тут, на зямлі:

“Калі жыве ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце жыць у Сыне і Айцу. Абяцанне ж, якое Ён нам даў, гэта вечнае жыццё.” (1 Ян 2, 24-25)

Кожны дзень – гэта магчымасць наблізіцца да паўнаты Жыцця, дадзенай нам у Сыне. Дазволь Духу напоўніць тваю штодзённасць музыкай шчырасці, надзеі, любові, заспявай Богу новую песню.

Віктар Жук SJ