Гамілія на ІII Нядзелю Адвэнту, Год A
Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея
Калі Ян пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытаць Яго: Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага? І сказаў ім Езус у адказ: Ідзіце, абвясціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавы ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне.
Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы хадзілі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што вы хадзілі глядзець? На прарока? Так, кажу вам, і нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана: Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу. Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве — большы за яго.
Мц 11, 2–11
Людскія чаканні і Божы спосаб дзеяння
«Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?» — Ян Хрысціцель праз сваіх вучняў задае гэтае пытанне Езусу, знаходзячыся ў вязніцы, магчыма, зусім незадоўга да сваёй смерці.
У мінулую нядзелю мы чулі заклік Яна да сур’ёзнага, радыкальнага навяртання і ягонае прадказанне суду, які павінен адбыцца неўзабаве. Ён паказаў на Езуса як на «Божага Баранка», які будзе хрысціць агнём і Духам Святым; Ян убачыў у Езусе з Назарэта Памазаніка, які ўсталюе справядлівасць і Божае Валадарства. Ян, як большасць юдэяў, чакаў значных перамен, праяўлення моцы, нейкага перавароту, у выніку якога радыкальна змяніўся б стан рэчаў. Між тым час мінаў, а ўсё, збольшага, заставалася такім жа: Ізраэль жыў пад прыгнётам язычніцкага Рыму, у ерузалемскай святыні гаспадарылі ўсё тыя ж садукеі, якія ішлі з Рымам на кампраміс; грэшнікі далей квітнелі і не баяліся адплаты за сваю няправеднасць…
Пытанне Яна можа стаць і нашым пытаннем сёння: ці Езус — той, хто, як нам здаецца, патрэбны гэтаму свету і нам асабіста, каб паказаць выйсце з надзвычай складанага становішча?
Ці Ягонае пасланне не надта «наіўнае», ці ў сваёй дзейнасці Ён не растрачвае сваю сілу на тое, што не вартае ўвагі або, хутчэй, на тых, хто не варты ўвагі? Ці замест гэтага не мог бы нам дапамагчы вырашыць нашыя пільныя праблемы?
У перыяд Адвэнту, у час чакання прыйсця Пана ёсць рызыка, што нашыя чаканні размінуцца з тым, што Божы Сын сваім уцелаўленнем жадае нам прынесці. Справа не толькі ў тым, што шматлікія практычныя дэталі надыходзячага святкавання часта няшмат маюць агульнага з сутнасцю нараджэння Хрыста ў Бэтлееме. Больш глыбокае пытанне ў тым, ці кожны з нас гатовы прыняць «стыль» гэтага Месіі, які не выкарыстоўвае сваю ўладу, каб камандаваць і кантраляваць, але імкнецца з пяшчотай служыць той частцы чалавецтва і нашай чалавечнасці, якая знаходзіцца ў найбольшай патрэбе — і гэта часта тыя (і тое), хто (і што) знаходзіцца па-за фокусам нашай увагі.
Дзе крыніца тваёй радасці?
Заклік да радасці, якім прасякнута ўся сённяшняя літургія, таксама прымушае нас задумацца, ці знаходзім мы сваю радасць у словах Божых прарокаў і Божага Месіі, ці, можа, мы прывыклі і шукаем зусім іншых нагодаў для задавальнення і весялосці. У сваёй нядаўняй катэхезе на тэму духоўнага суцяшэння Папа Францішак папярэджвае, што акрамя сапраўднай, глыбокай радасці ў сэрцы, крыніцай якой з’яўляецца Божы Дух і якая дапамагае нам спаўняць Божую волю ў жыцці, існуе і фальшывая, «эйфарычная» радасць, скіраваная на эгаістычнае самазадавальненне.
Матэрыяльныя рэчы могуць выклікаць у нас радасную рэакцыю, але яна звычайна не доўгатрывалая і можа адцягваць нас ад таго, што больш важнае ў жыцці і да чаго варта імкнуцца.
З радасцю, якая паходзіць ад Божага Сына, сітуацыя падобная да абяцання спакою: «Спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю» (Ян 14, 27). Апостал Павел узгадвае радасць сярод пладоў Духа Святога разам з любоўю, спакоем, цярплівасцю, лагоднасцю, стрыманасцю, дабрынёй (пар. Гал 5, 22). Калі радасць, якую адчуваем, суправаджаецца гэтымі іншымі цнотамі, тады можна быць упэўненымі, што яна паходзіць ад Бога, з’яўляецца Ягоным дарам і «пацвярджэннем таго, што мы робім тое, што хоча ад нас Бог», як сказаў Папа Францішак. Як жа жыватворна вяртацца зноў і зноў да гэтай крыніцы аўтэнтычнай, непадробнай радасці, якая не пакідае нясмаку пасля сябе, як многія іншыя пацехі, але напаўняе і жывіць нас знутры!
Прыняць Пана ў Ягоным і нашым убостве
«Шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне», — кажа Езус, адказваючы на пытанне Яна Хрысціцеля. Каб стаць удзельнікамі гэтага абяцання шчасця, варта даследаваць свае чаканні, жаданні, памкненні, выносячы іх на Божае святло, каб праверыць, наколькі яны згодныя з Хрыстовым Евангеллем — Радаснай Навіной, якая забяспечвае нам радасць не толькі ў гэтым свеце, але дасягае паўнаты за парогам смерці. Тое пытанне, што Ян скіраваў да Езуса, не перашкодзіла Пану назваць свайго прадвесніка найбольшым «сярод народжаных жанчынамі»: ён атрымаў унікальную місію падрыхтаваць дарогу перад Хрыстом. Але Езус дадае парадаксальнае сцвярджэнне: «Найменшы ў Нябесным Валадарстве — большы за яго [Яна]». Тут указанне для нас, як дасягнуць сапраўднай, не ілюзорнай велічы (не абавязкова ўваходзячы ў канкурэнцыю з Янам): жыць Божым Валадарствам.
Быць грамадзянамі Нябеснага Валадарства — значыць прыняць усім сэрцам Добрую Навіну, якая «абвяшчаецца ўбогім».
Тыя, хто не лічыць сябе ўбогімі, хто ганарыцца сваім багаццем, сваім статусам, не здольныя пачуць Евангелле Божага Сына, які становіцца «бедным, каб мы ўзбагаціліся Ягоным убоствам» (пар. 2 Кар 8, 9). Прызнаем, што мы сляпыя без святла веры і надзеі; кульгаем, няздольныя самі ісці шляхам Божых запаведзяў; пакутуем ад ізаляцыі, нібы пракажоныя, калі аддзяляемся ад супольнасці дзяцей Божых; глухія, бо не чуем голас Пастыра, які нас запрашае на пашу свайго благаслаўлення; нібыта памерлыя, калі не адчуваем Божай прысутнасці… Калі ў пакоры ўмеем прызнаць сваю маласць і радыкальную патрэбу ў Збаўцы, тады сапраўды гатовыя прыняць Пана, які прыходзіць.
Няхай у сваёй несамадастатковасці мы сёння адкрыемся Evangelii gaudium — «радасці Евангелля», каб жыць ім і быць ягонымі сведкамі. Амэн.
Віктар Жук SJ
Выява: Bernadette Lopez “Ян Хрысціцель у вязніцы”