Працягваючы катэхезы аб распазнаванні, Папа прапануе разгледзець важнасць малітвы. Малітва ніколі не бывае чыста інтэлектуальным заняткам, а закранае сэрца і эмоцыі. Праз малітву паглыбляецца нашае сяброўства з Панам. Мы пачынаем больш давяраць Яму, калі разумеем, што, прымаючы Яго святую волю, знаходзім сваё сапраўднае шчасце. Адной з вялікіх спакус у духоўным жыцці з’яўляецца страх, што вернасць Божай волі прыносіць сум і нерэалізаванасць. Малітва дапамагае пераадольваць такія дарэмныя страхі і напаўняе глыбокай духоўнай радасцю, нават падчас выпрабаванняў і турботаў. Распазнаванне як плод малітвы робіць нас адчувальнымі да Божага святла, а ў Яго волі знаходзім супакой і паўнату жыцця.
Добры дзень, дарагія браты і сёстры!
Тэма распазнавання вельмі важная, бо дае магчымасць даведацца, што адбываецца ў чалавеку. Каб ведаць свае пачуцці і ідэі, трэба распазнаць, адкуль яны бяруцца і куды вядуць, да якіх рашэнняў. І сёння мы засяродзімся на першым з фундаментальных элементаў распазнавання, якім з’яўляецца малітва.
Каб распазнаваць, мы павінны быць у асяроддзі, у паставе малітвы.
Малітва – незаменная ўспамога для духоўнага распазнавання, асабліва калі закранаецца эмацыйнае вымярэнне, якое дазваляе нам звяртацца да Бога даверліва і наўпрост, бы ў размове з сябрам. У малітве можна выйсці па-за межы думак і наблізіцца да Пана з любячай непасрэднасцю. Жыццё святых было прасякнута таямніцай блізкасці і даверу да Бога, якія, паступова паглыбляючыся, дапамагалі ўсё лягчэй распазнаваць, што Яму даспадобы. Сапраўдная малітва – гэта блізкасць да Бога і давер. Не адгаворванне малітваў, падобна папугаю, бла, бла, бла, не. Сапраўдная малітва – гэта непасрэднасць і любоў да Пана. Блізкасць з Ім перамагае страх або сумнеў наконт таго, што Ягоная воля нам не на дабро – гэтую спакусу, якая часам узнікае ў галаве і робіць сэрца неспакойным і няўпэўненым, нават знявераным.
Распазнаванне не прэтэндуе на абсалютную ўпэўненасць, гэта не хімічна чысты метад, яно не прэтэндуе на поўную яснасць, бо тут ідзецца пра жыццё, а жыццё не заўсёды лагічнае. Распазнаванне мае шмат аспектаў, якія нельга абмежаваць адной катэгорыяй мыслення. Мы хацелі б дакладна ведаць, што рабіць, але нават ведаючы, не заўсёды дзейнічаем адпаведным чынам. Колькі разоў мы дасведчылі тое, аб чым апостал Павел кажа: “Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю” (Рым 7, 19). Мы не проста розум, мы не машыны, нам мала атрымаць інструкцыі, каб дзейнічаць: і супраціў, і падтрымка ў пошуку рашэння, згоднага з Божай воляй, перадусім афектыўныя, інакш кажучы, паходзяць з сэрца.
Паказальна, што першым цудам, апісаным у Евангеллі паводле Марка, з’яўляецца экзарцызм (пар. 1, 21-28). У сінагозе ў Капернауме Езус выбаўляе чалавека ад нячыстага духа, вызваляючы яго ад фальшывага вобраза Бога, які сатана прапаноўваў ад самага пачатку: такога Бога, які не жадае нашага шчасця. Апантаны чалавек ведае, што Езус ёсць Богам, але гэта не прымушае яго верыць у Яго. Фактычна, ён кажа: “Ты прыйшоў знішчыць нас” (в. 24).
Многія людзі, нават хрысціяне, згаджаюцца, што Езус цалкам можа быць Сынам Божым, але сумняюцца, што Ён хоча нашага шчасця; сапраўды, некаторыя баяцца, што сур’ёзнае прыняцце Яго прапановы вядзе за сабой руйнаванне жыцця, паміранне нашых жаданняў, нашых самых моцных памкненняў. Часам закрадаюцца думкі, што Бог патрабуе занадта шмат, мы баімся, што Ён нечага такога папросіць ад нас, што Ён насамрэч нас не любіць.
Наадварот, калі мы пазнаёміліся з Ім, то ўбачылі, што знакам сустрэчы з Панам з’яўляецца радасць. Калі я сустракаюся з Панам у малітве, то адчуваю радасць. Кожны з нас становіцца радасным – і гэта так прыгожа. З іншага боку, смутак або страх з’яўляюцца знакамі аддаленасці ад Бога: “Калі хочаш увайсці ў жыццё, захоўвай запаведзі”, – кажа Езус багатаму юнаку (Мц 19, 17). На жаль, некаторыя перашкоды не дазволілі яму рэалізаваць жаданне свайго сэрца і пайсці за “добрым настаўнікам”. Ён быў цікаўным, энергічным маладым чалавекам, ён праявіў ініцыятыву, каб сустрэцца з Езусам, але ўнутры быў вельмі падзелены. Багацце займала занадта важнае месца. Езус не прымушае яго вырашыцца, але ў тэксце адзначаецца, што малады чалавек адыходзіць “маркотны” (в. 22). Хто адварочваецца ад Пана, ніколі не бывае шчаслівым, нават валодаючы вялікай маёмасцю і магчымасцямі. Езус ніколі не прымушае цябе ісці за Ім, ніколі. Езус дае спазнаць Сваю волю, ад усяго сэрца дае табе разуменне, але пакідае свабодным. І гэта самае прыгожае, што адбываецца ў малітве: свабода, якую Ён дае. З іншага боку, калі мы аддаляемся ад Пана, застаемся з нейкай журбой у сэрцы, з нейкім бязладдзем.
Генрых Гофман “Езус і багаты юнак”. Фрагмент
Распазнаць тое, што адбываецца ўнутры нас, нялёгка, бо выгляд падманлівы, але блізкасць з Богам далікатна развейвае сумневы і страхі, і нашае жыццё робіцца ўсё больш успрымальным да Ягонага “лагоднага святла”, як цудоўна выказаўся святы Джон Генры Ньюман. Святыя ззяюць адлюстраваным святлом і простымі жэстамі на працягу дня паказваюць любячую прысутнасць Бога, які робіць немагчымае магчымым. Кажуць, што сужонкі, якія доўгі час пражылі разам, кахаючы адно аднаго, становяцца ўрэшце падобнымі між сабой. Прыкладна тое самае можна сказаць і пра сардэчную малітву. Паступова, але эфектыўна, яна павялічвае нашую здольнасць распазнаваць і вылучаць каштоўнае зусім натуральна, быццам нешта такое, што паходзіць з глыбіні нашай істоты. Прабываць у малітве не азначае казаць словы, словы, не: маліцца – значыць адкрыць сэрца Езусу, наблізіцца да Езуса, дазволіць Езусу ўвайсці і даць досвед Сваёй прысутнасці. І менавіта ў гэтым месцы мы можам распазнаць, калі там ёсць Езус, а калі мы са сваімі думкамі, часта вельмі далёкімі ад таго, што Ён хоча.
Папросім аб ласцы жыць у адносінах сяброўства з Панам, размаўляючы з Ім так, “як сябар размаўляе з сябрам” (пар. св. Ігнацый Лаёла, Духоўныя практыкаванні, 53).
Я ведаў аднаго старога брата-манаха, які быў брамнікам у школе-інтэрнаце, і вось ён, калі толькі меў магчымасць, падыходзіў да капліцы, глядзеў на алтар і казаў: “Прывітанне”, бо Езус быў блізка. Яму не трэба было казаць бла-бла-бла, не: “Прывітанне, я побач з Табой, а Ты побач са мной”. Уласцівасцю нашых адносін у малітве павінна быць блізкасць, эмацыйная блізкасць, як між братамі і сёстрамі, блізкасць з Езусам. Усмешка, просты жэст, а не прамаўленне слоў, якія не даходзяць да сэрца. Як я ўжо казаў, размаўляйце з Езусам так, як сябар размаўляе з сябрам.
Аб гэтай ласцы мы павінны прасіць адно для аднаго: бачыць у Езусе свайго сябра, найвялікшага і вернага сябра, які не шантажуе, гэта найперш, і які ніколі не пакідае нас, нават калі мы адыходзім ад Яго. Ён застаецца каля дзвярэй нашага сэрца. “Не, з Табой я і знаць нічога не хачу”, – кажам мы. А Ён маўчыць. Ён застаецца поруч, на адлегласці выцягнутай рукі, бо Ён заўсёды верны. Будзем жа крочыць далей з гэтай малітвай, можна назваць яе “малітвай прывітання”, малітвай адкрытага сэрца для Пана, малітвай любові, малітвай блізкасці – з нешматлікімі словамі, але з учынкамі і добрымі справамі. Дзякуй.
Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 28 верасня 2022г.
Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20220928-udienza-generale.html
Фота: Папа Францішак вітае дзяўчынку падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 28 верасня 2022 г. (Крыніца: CNS/Yara Nardi, Reuters).