Гісторыя навяртання святога Ігнацыя Лаёлы можа стаць каштоўным урокам для ўсіх нас. Яна паказвае, што войны і пошасці могуць паслужыць пакаянню і змене кірунку, якім ішлі дагэтуль, лічыць Папа Францішак. Фрагменты з яго ліста да арцыбіскупа Барселоны прыводзіць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News
“Праз крызісы Бог кажа нам, што мы не з’яўляемся гаспадарамі гісторыі, нават нашай уласнай гісторыі, і нават калі можам адказваць згодай ці адмовай на заклікі Яго ласкі, светам заўсёды кіруе Яго задума любові”, – напісаў Папа ў лісце да кардынала Хуана Хасэ Амелы, арцыбіскупа Барселоны і старшыні Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі, з нагоды 500-годдзя прыбыцця ў каталонскі горад святога Ігнацыя Лаёлы.
14 лістапада 1522 года будучы заснавальнік Таварыства Езуса, у той час “бедны жаўнер”, пакінуў свой дом у Лаёле, каб дабрацца да Барселоны і адправіцца ў Іерусалім. Па дарозе ён амаль на год затрымаўся ў Манрэсе, дзе адмовіўся ад свайго шляхецкага адзення і меча. “Наш герой, – нагадаў Пантыфік, – пасля служэння каралю і яго перакананням аж да праліцця сваёй крыві, быў паранены целам і духам, пазбавіў сябе ўсяго і з рашучасцю вырашыў ісці за Хрыстом у беднасці і пакоры”.
“У цяперашнія часы важна падумаць пра тое, што Бог выкарыстаў вайну і чуму, каб прывесці яго туды”, – заўважыў Папа, нагадваючы, што вайна, якая вывела святога Ігнацыя з абкладзенай Памплоны, стала прычынай яго навяртання, а чума, якая перашкодзіла яму дабрацца да Барселоны, затрымала яго ў пячоры Манрэса. “Гэта вялікі ўрок для нас”, – адзначыў ён, падкрэсліваючы, што і цяпер не бракуе войнаў і пошасцяў, якія важна выкарыстаць для навяртання.
“Такім чынам, мы можам скарыстацца імі як магчымасцю змяніць кірунак, якім ішлі да гэтага часу, і інвеставаць у тое, што мае значэнне”, – напісаў Святы Айцец.
Вось чаму, паводле Францішка, крызісы становяцца магчымасцямі для прызнання першынства Бога: “Ігнацый быў паслухмяны Божаму закліку, але больш важна тое, што ён не захоўваў гэту ласку для сябе: ён з самага пачатку разглядаў яе як дар для іншых, як шлях, метад, які можа дапамагчы іншым сустрэцца з Богам, адкрыць свае сэрцы і адказаць на Яго заклік. З таго часу яго духоўныя практыкаванні, як і іншыя шляхі ўдасканалення, “падаюцца нам як тая лесвіца Якуба, якая вядзе з зямлі ў неба і якую Езус абяцае тым, хто шчыра шукае Яго”.