Станіслаў Памыкала нарадзіўся 4 студзеня 1950 года ў Бжэгу Дольным каля Волава ў сям’і Станіслава і Эміліі, народжанай Кустры. Пачатковую адукацыю распачаў у вёсцы Тарношын, а скончыў у Немстуве каля Любачава. Затым адвучыўся ў ліцэі ў Любачаве. 30 ліпеня 1965 года ўступіў у Таварыства Езуса. У аўтабіяграфіі, якую Станіслаў прадставіў перад уступленнем у ордэн, ён напісаў: “Калі быў яшчэ маленькім хлопчыкам, я казаў, што буду ксяндзом, таму мяне і назвалі – ксёндз”.
Пасля навіцыяту ў Старой Всі і завяршэння сярэдняй адукацыі з 1970 па 1973 год вывучаў філасофію ў Кракаве на філасофскім аддзяленні Таварыства Езуса, а потым праходзіў апостальскую практыку ў польскім езуіцкім выдавецтве WAM (1973-1974). Затым ён вывучаў тэалогію на аддзяленні тэалогіі Таварыства Езуса Bobolanum у Варшаве (1974-1978) і ў Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве (1978-1979). Святарскае пасвячэнне прыняў 30 ліпеня 1977 года ў Варшаве з рук біскупа Ежы Мадзялеўскага.
У 1980 годзе распачаў працу ў Польскай секцыі Ватыканскага радыё ў Рыме. Суправаджаў шматлікія пілігрымкі Яна Паўла ІІ. Трэцюю прабацыю прайшоў у 1982–1983 гадах у Трослі-Брэй у Францыі пад кіраўніцтвам а. Андрэ дэ Жэра. Канчатковыя манаскія абяцанні склаў 22 красавіка 1985 года ў Рыме. Быў звязаны з супольнасцямі нэакатэхумэнату, дзе шмат гадоў служыў як душпастыр.
Пасля заканчэння працы на Ватыканскім радыё ў 1990 годзе і года адпачынку быў скіраваны ў 1991 годзе ў Навасібірск на дапамогу біскупу Юзафу Верту SJ – першаму ардынарыю Апостальскай Адміністрацыі Навасібірска, якая ахоплівала ў той час усю Сібір. Праз год а. Станіслаў стаў членам Незалежнага Расійскага рэгіёна Таварыства Езуса. Ён быў заснавальнікам і дырэктарам Цэнтра духоўнасці “Ініго” ў Навасібірску і вёў рэкалекцыі таксама ў іншых гарадах Расійскай Федэрацыі і ў некаторых былых савецкіх рэспубліках. У мясцовым універсітэце чытаў лекцыі па ігнацыянскай духоўнасці і педагогіцы. З канца 2011 г. працаваў у Беларусі, спачатку ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім Віцебскай дыяцэзіі (2012-2014), потым у Віцебску ў парафіі св. Антонія (да 2017 г.) і затым у парафіі св. Уладзіслава, якую езуіты афіцыйна перанялі ў 2019 г. і пабудавалі там касцёл св. Ігнацыя Лаёлы, кансэкраваны ў ліпені 2022 г. Быў духоўным айцом святароў Віцебскай дыяцэзіі.
Пасля рэструктурызацыі рэлігійных правінцый 31 ліпеня 2020 г. быў прызначаны ў Велікапольска-Мазавецкую правінцыю. У пачатку 2020 года ён пачаў змагацца з анкалагічным захворваннем і мусіў выехаць на лячэнне ў Польшчу. Апошні час жыў у езуіцкім калегіуме ў Варшаве на вул. Ракавецкай, 61, дзе і адышоў да Пана 3 верасня 2022 года, прысвяціўшы 57 гадоў жыцця Таварыству Езуса і 45 гадоў святарскаму служэнню.
9 верасня езуіты развіталіся са сваім сабратам а. Станіславам Памыкалам SJ у Нацыянальным санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве. Пахавальную святую Імшу цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі, казанне прамовіў айцец Юзэф Аўгустын SJ.
Фота: Лукаш Сосьняк SJ.
Крыніца: Zmarł o. Stanisław Pomykała SJ (1950-2022).
Галоўнае фота: Аляксандра Шчыглінская/Сatholic.by