3 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін благаслаўлёнага Руперта Маера — нямецкага езуіта, які мужна выступаў супраць нацызму і дыктатуры шалёнага фюрэра.
Руперт нарадзіўся 23 студзеня 1876 года ў нямецкім Штутгарце ў заможнай сям’і камерсанта. Пасля заканчэння ліцэя юнак сказаў бацьку, што хоча стаць езуітам, аднак той параіў сыну спачатку стаць святаром. Руперт паслухаўся бацькоўскай парады і напачатку як свецкі студэнт вывучаў філасофію і тэалогію ва ўніверсітэтах Фрайбурга, Мюнхена і Цюбінгена, а пасля паступіў у духоўную семінарыю ў Ратэнбургу. 2 мая 1899 года прыняў святарскае пасвячэнне, пасля чаго нёс служэнне вікарыя ў адной з парафій. Езуітам ён стаў толькі праз год пасля святарскага пасвячэння, прычым у Аўстрыі, паколькі на яго радзіме ў Германіі дзейнасць Таварыства Езуса была пад забаронай.
У 1912 годзе айцец Руперт Маер пасяліўся ў Мюнхене і рэшту свайго жыцця прысвяціў служэнню жыхарам гэтага горада. Ён быў душпастырам і апекуном усіх тых людзей, якія ў вялікай колькасці сцягваліся ў Мюнхен у пошуках працы і нярэдка станавіліся ахвярамі несумленнага выкарыстання. Разам з двума іншымі святарамі айцец Маер заснаваў Супольнасць сясцёр Святой Сям’і, якія клапаціліся пра самых бедных, а асабліва пра працуючых жанчын.
Святарскае служэнне Руперта Маера ў Мюнхене перарвала Першая сусветная вайна. З яе пачаткам ён стаў вайсковым капеланам і стараўся быць анёлам-ахоўнікаў для жаўнераў, якія ваявалі на франтах у Францыі, Польшчы і Румыніі. Адважны святар, які падчас бітваў заставаўся на першай лініі разам з жаўнерамі, атрымаў найвышэйшую нямецкую вайсковую ўзнагароду — Жалезны крыж першай ступені.
У 1916 годзе, закрыўшы ўласным целам баявога таварыша, айцец Маер страціў левую нагу, якую адарвала выбухам гранаты.
Айцец Руперт Маер на фронце. Выява: Youtube
Пасля вайны святар-герой вярнуўся ў Мюнхен, дзе нёс служэнне ў парафіі святога Міхала. Як і раней, ён асаблівым чынам клапаціўся пра найбяднейшых, якіх пасля вайны стала яшчэ больш. У гэты перыяд свайго служэння ён прамаўляў каля 70-і казанняў і настаўленняў у месяц. Айцец Маер увёў у жыццё наватарскую задуму цэлебрацыі нядзельных святых Імшаў на цэнтральным вакзале Мюнхена для зручнасці тых, хто ў дарозе. У 1919 годзе ён асабіста пазнаёміўся з Адольфам Гітлерам, акрэсліўшы яго як «выключнага прамоўцу і падбухторшчыка, які не надае асаблівай увагі праўдзе», і практычна адразу ўключыўся ў барацьбу з нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіяй.
У 1923 годзе айцец Руперт Маер прыйшоў на сходку нацыстаў у славутай піўной зале Бюргербройкелер у Мюнхене, дзе яго з энтузіязмам віталі экзальтаваныя прыхільнікі Гітлера. Ужо тады айцец Маер быў шырока вядомым і шанаваным святаром, і яны лічылі, што ён таксама вырашыў далучыцца да «іх справы». Аднак у першых словах сваёй прамовы святар сцвердзіў, што немагчыма быць адначасова католікам і нацыстам. Ён казаў гэта адкрыта, не баючыся рэпрэсій. Сваю нязгоду з намерамі Гітлера ён выказваў таксама на сходках нацыянал-сацыялістаў, імкнучыся змагацца са шкоднымі поглядамі ля іх вытокаў.
Такім чынам айцец Руперт Маер стаў галоўнай асобай каталіцкага антынацысцкага руху ў Мюнхене. Яго называлі «кульгавым апосталам», а вядомасць гэтага езуіта хутка зрабіла яго вельмі небяспечным ворагам нацыстаў. Пасля таго, як нацыянал-сацыялісты прыйшлі да ўлады, яны забаранілі айцу Руперту Маеру прамаўляць казанні. Аднак ён лічыў сябе абавязаным слухацца толькі сваіх духоўных уладаў, а тыя падтрымлівалі ягоную дзейнасць і не абмяжоўвалі свабоды. Таму забарону нацыстаў святар папросту ігнараваў.
«Кульгавы езуіт» айцец Руперт Маер падчас працэсіі Божага Цела ў 1938 г. Выява: mk-online.de
Упершыню ён быў на кароткі час арыштаваны ў 1937 годзе, але пакаранне было адкладзена з-за вялікай папулярнасці айца Маера. Ён казаў пра сябе: «Стары аднаногі езуіт, калі на гэта ёсць Божая воля, перажыве бязбожную тысячагадовую дыктатуру». Па просьбе настаяцеляў ён перастаў прамаўляць казанні, але як толькі пачуў меркаванне гаўляйтэра (кіраўніка мясцовай улады пры нацысцкім рэжыме), які казаў, што святароў дастаткова пастрашыць вязніцай, каб яны перасталі весці сваю дзейнасць, зноў пачаў прамаўляць Божае слова.
5 студзеня 1938 года айцец Маер быў зноў арыштаваны і падчас аднаго з допытаў сказаў:
«Вы можаце мяне знішчыць, але праўда павінна быць сказана».
З вязніцы нязломны езуіт выйшаў да заканчэння шасцімесячнага тэрміну зняволення па амністыі. У камеры ён дэманстратыўна пакінуў свой Жалезны крыж.
Здымкі з вязніцы. Выява: jesuit.ie
У трэці раз святара затрымалі ў 1939 годзе пасля таго, як ён адмовіўся даць інфармацыю пра сваю душпастырскую дзейнасць. Гэтым разам езуіта саслалі ў канцлагер у Араньенбургу каля Берліна, хоць тады яму было ўжо 63 гады. Там яго 7 месяцаў трымалі ў ізаляцыі ў адзіночнай камеры. Пазней айцец Маер сказаў:
«Слёзы радасці выступілі ў мяне на вачах, калі я за сваё пакліканне атрымаў гонар вязніцы і няпэўнай будучыні».
Аднак перш, чым забіць папулярнага святара, гітлераўцы імкнуліся знішчыць яго славу. Таму калі стан здароўя айца Маера з-за нялюдскіх умоваў у канцлагеры моцна пагоршыўся, яго выпусцілі і інтэрнавалі ў бэнэдыктынскім абацтве ў Эталі. Такім чынам нацыстам удалося пазбегнуць праслаўлення айца Маера як мучаніка.
Са свайго боку святар сам з болем усведамляў, што шмат яго суайчыннікаў, якія не маюць такой, як ён, вядомасці, паміраюць у канцлагерах, а ён нічога не можа зрабіць. У 1945 годзе амерыканскія войскі адбілі кляштар у нацыстаў, а айцец Руперт Маер, атрымаўшы свабоду, вярнуўся ў Мюнхен і зноў распачаў душпастырскую дзейнасць. Ён стараўся пераконваць людзей, каб яны не асуджалі адно аднаго і жылі ў міры. Аднак яму нядоўга было наканавана заклікаць да прабачэння. Падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Усіх Святых у 1945 годзе ён падчас казання страціў мову: раптам спыніўся на слове «Пан!», некалькі разоў яго паўтарыў і ўпаў. Праз некалькі гадзін айцец Маер памёр у шпіталі. Прычынай смерці стаў сардэчны прыступ.
Некаторыя выказванні езуіта-антыфашыста сталі афарызмамі: «Усё так хутка мінае, што мы не паспелі апамятацца, як ужо дасягнулі канца жыцця»; «Пане, калі Ты хочаш, у мяне на ўсё ёсць час, цяпер і ў вечнасці».
Айцец Руперт Маер быў беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ 3 мая 1987 года. Беатыфікацыя адбылася на запоўненым людзьмі алімпійскім стадыёне ў Мюнхене. Тады святы Ян Павел ІІ сказаў:
«Там, дзе не лічацца з Богам і Яго законамі, парушаюцца таксама правы чалавека».