Пра св. Клода дэ Каламб’ера (Claude La Colombière) вядома няшмат. Паводле ўспамінаў сучасніка, гэты езуіт вылучаўся шляхетнасцю душы, вострым розумам і здольнасцю выказвацца вытанчана і дакладна.
У семнаццацігадовым узросце Клод уступіў у Таварыства Езуса. Атрымаў тэалагічную адукацыю ў Парыжы, прыняў святарскае пасвячэнне і пераехаў у Ліён, дзе займаўся выкладчыцкай працай, а таксама прапаведваў у некалькіх кангрэгацыях.
У гэты ж час ён стаў духоўным айцом у кляштары, дзе жыла св. Маргарыта Марыя Алакок. Пасля размовы з ёй і вывучэння аповедаў пра аб’яўленні Хрыста, якія яна мела, Клод зрабіў выснову, што яны праўдзівыя. З той пары ён стаў гарачым прыхільнікам культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
У 1676 годзе Клод быў накіраваны ў Лондан, дзе цяжка захварэў. У лютым 1682 года Клод дэ Каламб’ер пакінуў гэты свет. Беатыфікаваны 16 чэрвеня 1929 года Папай Рымскім Піем XI.
Гісторыя культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса цесна звязана з іменем Клода дэ ла Каламб’ера. Гэта быў чалавек Божага Провіду. У горадзе Парэ-ле-Маніяль на ўсходзе Францыі ён выконваў абавязкі настаяцеля супольнасці езуітаў. Быў спаведніком і духоўным кіраўніком сясцёр візітак. Падчас наведвання кляштара візітак у лютым 1675 года сястра Маргарыта Марыя Алакок пачула ў душы голас: “Гэта той, якога Я пасылаю табе”. А ёй вельмі патрэбна была падтрымка. Яна прыйшла ў кляштар чатыры гады таму, а Езус, стаўшы для яе духоўным Кіраўніком, ужо шмат разоў даваў доказы Сваёй прысутнасці, шануючы пры гэтым яе залежнасць ад настаяцельніц. Місія, да якой паклікаў яе Пан Езус (асабліва падчас чацвёртага аб’яўлення ў 1675 годзе – каб было ўстаноўлена свята ў гонар Яго Сэрца), пераўзыходзіла яе сілы. Калі манахіня адчувала, што не дае рады ў гэтай справе, тады Сам Езус прыйшоў ёй на дапамогу: “Звярніся да Майго слугі і скажы яму ад Майго Імя, каб зрабіў, што толькі зможа, каб увесці гэтае набажэнства. Гэтым ён будзе падабацца Майму Сэрцу. Няхай не падае духам у цяжкасцях, якія яго спаткаюць. А іх будзе вельмі шмат. Няхай ведае, што моцным становіцца той, хто ні ў чым не разлічвае на сябе, але цалкам давярае Мне”.
Можам уявіць, што адбывалася ў душы сястры, якая задавала сабе пытанні: ці не стала яна ахвярай памылкі ці падману? Ла Каламб’ер запэўніў сястру Маргарыту, што яе вядзе “добры дух”, не д’ябал. Таму яна можа не баяцца ісці гэтым шляхам далей. Айцец Клод рассеяў усе сумненні і настаяцельніцы візітак наконт аб’яўленняў Маргарыце.
Паміж гэтымі дзвюма асобамі завязалася глыбокае духоўнае сяброўства. Аднойчы, калі айцец Каламб’ер удзяляў Маргарыце Марыі святую Камунію, сястра ўбачыла Сэрца Езуса. Яно было падобнае да гарачай печы, у якой знікалі два сэрцы – яе ўласнае і яе духаўніка. Сястра пачула тады: “Мая чыстая любоў злучае гэтыя тры сэрцы назаўсёды”.
Айца Клода моцна закранулі таямніцы Божай любові і аб’яўленні Маргарыце Марыі. Ён першым урачыста прысвяціў, ахвяраваў і аддаў сябе на служэнне да канца жыцця Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Наступнай гэта зрабіла Маргарыта Марыя. Гэты акт ахвяравання быў адказам на глыбокі досвед любові Сэрца Езуса. Праз гэты акт ахвяравання айцец Клод сваё сэрца склаў у дар Сэрцу Збаўцы і пастанавіў жыць і памерці ў Ім. Ахвяраваў Езусу ўсе плёны сваёй малітвы, апостальскай працы, аскетычнага жыцця і паслухмянасці.
Пасля ахвяравання сябе Божаму Сэрцу Езуса айцец Клод з запалам узяўся за пашырэнне набажэнства. Ён прагнуў, каб заўсёды спаўнялася ў ім воля Пана. Прасіў таксама, каб Божае Сэрца дапамагала ўзрастаць у святасці. І гэтая святасць павінна служыць большай хвале Божай. Распазнаваць думкі і пачуцці Езуса, любіць Яго ўсім сэрцам, заўсёды і ўсюды наследаваць Збаўцу ў Яго ўчынках – гэта, па словах айца Клода, пастава таго, хто аддае сапраўдную пашану і хвалу Божаму Сэрцу.
Святы Клод дэ ла Каламб’ер і святая Маргарыта Марыя Алакок – гэта дзве асобы, улюбёныя ў Сэрца Езуса, якіх яднала духоўнае падабенства і братэрства. Маргарыта Марыя перадала айцу Клоду пасланне, якое стане вядомым ва ўсім Касцёле:
“Вось Сэрца, якое так палюбіла людзей, што не пашкадавала нічога дзеля вынішчэння і ахвяравання сябе, каб паказаць ім сваю любоў. І ўзамен за ласкавасць я атрымліваю ад большасці з іх няўдзячнасць, абыякавасць і святатацтва, холад і пагарду, якімі адплочваюць Мне ў гэтым сакрамэнце любові”.
Яна перадала просьбу Езуса, каб было ўстаноўлена свята ў гонар Яго Найсвяцейшага Сэрца і каб людзі перапрашалі Хрыста за няўдзячнасць, усялякія грахі і знявагі. Айцец Клод адказаў на гэтую просьбу сваім жыццём, малітвай і апостальствам, прайшоў праз шматлікія выпрабаванні, абвінавачванні, цяжка захварэў на сухоты. Але, нягледзячы на гэта, аддаваў сябе Божаму Сэрцу і імкнуўся да чыстай любові. Часта паўтараў: “Чыні, Пане, ува мне сваю волю… Божае Сэрца Езуса, для Цябе трэба рабіць усё”.