Гамілія на XХХ звычайную нядзелю, год В
Чытанне святога Евангелля паводле Марка
Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі.
Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною.
Езус спыніўся і сказаў: Паклічце яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: Смялей, уставай, Ён кліча цябе. Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса.
І адказваючы яму, Езус сказаў: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Настаўнік, каб я зноў бачыў. Езус сказаў яму: Ідзі, вера твая вылечыла цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.
Мк 10, 46–52
Прызнаць сваю слепату
Сённяшні эпізод пад Ерыхонам — апошняя падзея, паводле евангеліста Марка, перад урачыстым уваходам Езуса ў Ерузалем. Акрамя таго, што ён знаходзіцца ў такім ключавым месцы, гэты аповед пра аздараўленне, як, зрэшты, і кожны іншы ў Евангеллі, кажа не толькі пра ўчынены Езусам цуд вяртання здароўя чалавеку, але мае і глыбокае сімвалічнае вымярэнне, указваючы на нешта важнае адносна шляху веры кожнага вучня Хрыста.
«Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» — звяртаецца да сляпога Бартымея Езус, амаль даслоўна паўтараючы пытанне, скіраванае да вучняў Яна і Якуба, якое мы чулі ў мінулую нядзелю.
І нам таксама сёння Пан зноў задае гэтае пытанне: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?»
Мы можам адказаць так, як Якуб і Ян, выказваючы свае хворыя амбіцыі, альбо ўзяць прыклад са сляпога жабрака, просячы аб аздараўленні зроку. Так, прыклад Бартымея дае нам магчымасць прызнацца ва ўласнай слепаце — не фізічнай, а духоўнай. Такога прызнання не хапала і ў мінулым эпізодзе сынам Зэбэдэя, і на працягу ўсяго Евангелля апосталам, якія не навучыліся бачыць рэчаіснасць у святле слова, пачутага ад свайго Настаўніка.
Ці мы ходзім у святле гэтага слова і ці ўспрымаем сваё жыццё і свет навокал у перспектыве Евангелля Валадарства? Ці здольныя мы бачыць прагажосць Божага стварэння, заўважаць Божую прысутнасць і дзеянне — не праз прызму трыумфалісцкіх чаканняў лёгкай перамогі, а ў святле пасхальнай таямніцы — крыжа, які вядзе да ўваскрасення? Ці распазнаём Божыя дары і знакі, праз якія Пан няспынна звяртаецца да нас, запрашаючы браць адказнасць і быць салідарнымі, супрацоўнічаючы з Ім у праекце Божага Валадарства? Урэшце, ці навучыліся ўжо бачыць у іншай асобе не чужынца, а бліжняга — брата і сястру, нават больш — самога Сына Божага?..
Гэты «чэк-ліст» можна было б доўга працягваць — не дзеля таго, каб заганяць нас у хворае пачуццё віны, а каб дапамагчы нам усвядоміць у пакоры, наколькі кожны з нас патрабуе сустрэцца з Тым, хто мае ўладу вярнуць зрок чалавеку і не даць згубіцца ў цемры.
Вера, якая чыніць цуды
Бартымей усклікае да Езуса ў пакоры, але настойліва, зноў і зноў паўтараючы сваю просьбу.
Ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі яго зварот, часткова змадыфікаваны, стаў асновай для так званай «малітвы Езусавай» — няспыннага паўтарэння ў рытме дыхання і біцця сэрца звароту да Сына Божага аб міласэрнасці: «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога Жывога, змілуйся нада мной, грэшным». Гэта спосаб пастаянна памятаць пра нашу радыкальную патрэбу ў збаўленні і шукаць паратунку ад той цемры, якая лёгка можа паглынуць чалавека, нават калі ён лічыць сябе «ў поўным парадку».
Пытанне Езуса ў адказ на заклік сляпога жабрака, чаго той хоча, можа здавацца лішнім, але часам чалавек у патрэбе просіць і чакае не тое, што варта: падобна кульгаваму жабраку з Дзеяў Апосталаў, Бартымей таксама мог бы спадзявацца на некалькі манет і не больш (Дз 3, 1–10).
І мы ў нашых просьбах часта абмяжоўваемся занадта малым і павярхоўным, не заўважаючы сапраўдны гарызонт Божай усемагутнасці і міласэрнай ласкі.
Так, як Бартымею, нам неабходна пераадолець супраціў «натоўпу» — усіх тых галасоў, якія з розных прычын імкнуцца перашкодзіць нам наблізіцца да Крыніцы нашага збаўлення. Часта гэтыя галасы гучаць унутры, хоць паходзяць звонку, з нашага выхавання ці траўматычнага досведу ў гэтым недасканалым свеце: наш страх перад чымсьці новым, устаноўка «не высоўвацца», нізкая самаацэнка, звычайная лянота, сумневы і нявер’е…
Але не трэба забывацца, што вораг чалавечай натуры, наш супраціўнік у духоўнай барацьбе ўмела карыстаецца гэтымі слабымі месцамі, каб трымаць нас далёка ад Бога. Хвала Пану, што мы не самотныя ў гэтай барацьбе: наша вера дае нам доступ да найлепшага Саюзніка.
«Ідзі, вера твая ўратавала цябе», кажа Езус Бартымею. Падобныя словы мы чуем ад Пана амаль у кожнай гісторыі аздараўлення: Езус указвае на той «рэсурс», які дазваляе Богу здзяйсняць цуды ў жыцці чалавека.
Гаворка, канечне, не пра «чароўную палачку», пры дапамозе якой нібыта можна кіраваць звышнатуральнымі сіламі.
Вера пачынаецца там, дзе чалавек усведамляе, што ягоны ўласны праект жыцця, ягоныя мары і чаканні разбураюцца — але ў выніку ў яго з’яўляецца магчымасць прыняць дапамогу Кагосьці мацнейшага і адкрыцца іншай мары, прыгажэйшай за любое чалавечае ўяўленне.
Нават калі не адбываецца цуд фізічнага аздараўлення — хоць, ведаем, і сёння часам здараюцца такія невытлумачальныя навукай выпадкі — нават тады жыццё чалавека перамяняецца дзякуючы веры. Усе, напэўна, чулі гісторыю Ніка Вуйчыча, але апроч яго колькі іншых людзей сустрэлі сапраўднае святло праз веру і прыняцце збаўлення, якое пераўзыходзіць нашае чалавечае і занадта павярхоўнае ўяўленне пра шчасце!
Ісці за Езусам — Дарогай, Праўдай і Жыццём
Заканчэнне сённяшняга аповеду таксама мае іншы, акрамя даслоўнага, сэнс. Бартымей ідзе па дарозе за Езусам, інакш кажучы, ён становіцца вучнем Хрыста, яго паслядоўнікам (выкарыстаны Маркам дзеяслоў мае абодва значэнні). Бартымей сустрэў Таго, хто ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём, і ўжо больш не хоча пакідаць ці аддаляцца ад Яго. Гэта таксама цуд — нават большы за вяртанне фізічнага зроку, бо, бачучы абодвума вачыма, можна трапіць у геену вогненную (пар. Мц 18, 9), а той, хто ідзе за Езусам, Святлом свету, «не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (пар. Ян 8, 12).
Як заўважаюць экзегеты, у евангельскіх аповедах пра аздараўленні рэдка захоўваецца імя таго, каму Езус вяртае здароўе. Бартымей стаў адным з нешматлікіх выключэнняў, і гэты факт можа сведчыць пра тое, што ён меў пэўную ролю ў жыцці першага Касцёла, гэта значыць, сапраўды далей быў вучнем Езуса. Яго асабістая гісторыя стала часткай гісторыі Касцёла, часткай гісторыі збаўлення, пераплеценай з гісторыямі іншых, хто сустрэў святло Хрыста.
І нас таксама сёння Настаўнік запрашае быць Ягонымі вучнямі, ісці за Ім — Святлом свету, бачыць сваё жыццё як частку гісторыі збаўлення.
Прымем гэты заклік і дазволім нашаму Пану аздараўляць наш зрок, вучыць нас глядзець на саміх сябе і ўсю рэчаіснасць Ягонымі вачыма — Таго, хто палюбіў нас да канца. Амэн.
Віктар Жук SJ