Гамілія на ХХVІІІ звычайную нядзелю, Год В
Чытанне святога Евангелля паводле Марка
Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?
Езус сказаў яму: Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці.
А той сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці маёй.
Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: Табе нестае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною.
А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адыйшоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць.
Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, хто мае багацце ўвайсці ў Валадарства Божае! Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае.
А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: Хто ж можа збавіцца?
Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.
Мк 10, 17–27
Стаць спадкаемцамі вечнага жыцця
«Што зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Следам за чалавекам з сённяшняга евангельскага урыўка звяртаемся з гэтым пытаннем да Езуса: яно непасрэдна датычыцца кожнага з нас. Такім чынам ажыццяўляецца праўда, якой вучыць нас Пасланне да Габрэяў: «Слова Божае жывое і дзейснае <…> здольнае судзіць думкі і намеры сэрца». Слова Божае сапраўды закранае наша жыццё, асабліва ж тады, калі ў Эўхарыстыі, Сакрамэнце Слова і Цела, мы ўслухоўваемся ў яго як крыніцу чыстай і вечнай мудрасці.
Перш за ўсё, словы Святога Пісання нагадваюць нам пра мэту нашага існавання: жыццё вечнае, і менавіта гэтая перспектыва надае сэнс усяму. Без яе мы лёгка губляем кірунак, забываемся пра тое, што найбольш важнае і каштоўнае.
Езус, адказваючы на зададзенае пытанне, нагадвае пра Божыя запаведзі, і ў гэтым не адкрывае нічога асабліва новага ў параўнанні з тым, што было аб’яўлена Ізраэлю Богам праз прарокаў: Дэкалог — гэта дар людзям, каб яны захавалі свабоду пасля таго, як Пан вывеў іх з няволі. Як з дыялогу хутка становіцца відавочным, хоць суразмоўца Езуса захоўвае запаведзі, але сэрца ягонае не свабодна, бо ён прывязаны да сваёй маёмасці. Я валодаю рэчамі ці дазваляю, каб яны валодалі мной? — вось пытанне, якое нам варта часта задаваць сабе. «Дзе скарб твой, там і сэрца тваё», кажа Езус (Мц 6, 21).
Адзін з крытэрыяў, які паказвае, наколькі рэчы могуць валодаць намі, — гэта тое, колькі часу нашага жыцця патрабуе тая ці іншая рэч: і той час, які праводзім з ёй, і той, што патрэбны, каб атрымаць і «абслугоўваць» яе. Яскравым сучасным прыкладам з’яўляюцца розныя гаджэты, без якіх многія не могуць уявіць сабе жыццё: нам патрэбна вялікая разважлівасць, каб умець карыстацца рэчамі, але не дазваляць ім валодаць намі і нашым часам, зняволіць нас.
Сум — наступства адмовы на заклік Езуса
Суразмоўца Езуса, для якога адказ Настаўніка выглядае «непад’ёмным» заданнем, адыходзіць з сумным тварам. І мы таксама ў большай ці меншай ступені зведаем пачуццё суму і маркоты, калі наша сэрца несвабодна, каб адказаць «так» нашаму Настаўніку і Пану: гэта духоўны закон.
Да кожнага з нас, вучняў Езуса, якія называем сябе імем Хрыста, Пан скіроўвае запрашэнне: «Ідзі за Мной!» У перспектыве веры, у перспектыве вечнасці гэты дзеяслоў — самае важнае слова ў жыцці хрысціяніна.
Не для кожнага такое запрашэнне азначае неабходнасць адмовіцца ад усіх матэрыяльных рэчаў: варта ў шчырым і адкрытым дыялогу дазволіць Пану даць нам зразумець, як наследаванне Яго павінна выражацца ў канкрэтных абставінах майго жыцця.
Евангеліст Марк узгадвае вельмі важную дэталь пра тое, як гучыць гэты заклік з боку Езуса: Ён глядзіць на свайго суразмоўцу з любоўю, калі вымаўляе словы «ідзі за Мною». Мы маем вялікую патрэбу ў тым, каб адчуваць на сабе гэты позірк Езуса, поўны любові, каб у правільным святле чуць усе Ягоныя словы. Позірк, які жадае для нас сапраўднай свабоды; позірк, які хоць і ставіць высокую планку, але адначасова гатовы даць нам сілу, каб мы зрабілі правільны наступны крок.
«Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог», — кажа Езус чалавеку, які звяртаецца да Яго «Настаўнік добры». Праз такі адказ Пан не адмаўляецца прыняць гэты зварот у адносінах да сябе, а «намякае» на сваю сапраўдную тоеснасць: так, Ён — добры, бо Ён ёсць і чалавек, і Бог; у Ім прыняла чалавечае цела спрадвечная Дабрыня. Таму Яго пасланне — сапраўды «Добрая Вестка», Евангелле, крыніца радасці для чалавека.
Няправільным будзе любое іншае ўяўленне пра Езуса-Месію — напрыклад, як пра таго, хто «выдумляе» розныя патрабаванні і заданні, каб абмяжоўваць людзей і адбіраць у іх радасць; ці таго, хто нібыта благаслаўляе матэрыяльны свет, а потым кажа адмаўляцца ад матэрыяльных дабротаў.
Насамрэч у Езусе Бог прапануе людзям самае вялікае і каштоўнае абяцанне, і ўжо тут, на зямлі, яно пачынае рэалізавацца, бо мы атрымліваем у сто разоў больш за тое, ад чаго нам часам і трэба адмовіцца — дзеля сапраўднага скарбу.
Прыняць дар збаўлення — паўнату жыцця
«Хто ж можа збавіцца?» — задаюць пытанне вучні ў сённяшнім евангельскім эпізодзе, і ў ім мы чуем яшчэ адно вельмі важнае слова для нашай веры: «збаўленне». Хоць яно часта гучыць у літургіі і ў малітвах, існуе рызыка, што мы недастаткова глыбока разумеем яго сэнс.
Напэўна, першае значэнне, з якім у нас асацыюецца дзеяслоў «збавіць» — гэта выратаванне ад чагосьці дрэннага: ад небяспекі, ад пагрозы смерці, ад зла, ад вечнага праклёну… Мы прымаем як праўду Божае аб’яўленне пра тое, што менавіта ад усяго гэтага прыйшоў нас выратаваць той, чыё імя значыць «Бог збаўляе» — Езус.
У гэтым заключаецца адзін бок той місіі, дзеля якой Сын Божы прыйшоў у гэты свет, жадаючы збавіць нас не «звонку», а будучы сярод нас, зведаўшы і ўзяўшы на сябе наступствы зла, якое паразіла чалавецтва. Але ёсць і іншы сэнс слова «збавіць», і адпаведна другі аспект пасланніцтва Езуса: σωτηρία можна перакласці таксама як «паўната жыцця», і менавіта гэта жадае даць нам Пан — сапраўднае шчасце і радасць, якія ніякая зямная рэчаіснасць не можа гарантаваць. Збаўленне ў гэтым сэнсе ва ўсёй паўнаце нам абяцана ў вечнасці, у Валадарстве Нябесным, але жыццё вечнае пачынаецца ўжо ў гэтым свеце, калі праз веру мы знаходзімся ў камуніі з Уваскрослым Хрыстом.
«Хто ж можа збавіцца?.. У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма», — тлумачыць Езус вучням.
Збаўленне — дар ад Бога, а не вынік нашых намаганняў, хоць з нашага боку патрэбна жаданне і гатоўнасць прыняць гэты дар, жывучы тым словам, якое да нас скіроўвае Божы Сын.
Няхай Ён сваім Духам Святым пакажа нам шлях сапраўднай свабоды — шлях наследавання Яго пад позіркам, поўным дабрыні і любові. Амэн.
Віктар Жук SJ
Мастак Генрых Фердынанд Гофман. «Хрыстус і багаты юнак». Фрагмент.