Гамілія на ХХVІІ звычайную нядзелю, Год В

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Падышлі фарысеі да Езуса і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей?

Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту.

Мк 10, 2–12

«Стварыў іх мужчынам і жанчынай»

«Стварыў іх мужчынам і жанчынай»: гэтую праўду нагадвае Пан Езус у сённяшнім Евангеллі, адказваючы на правакацыйнае пытанне фарысеяў адносна практыкі разводу.

Відавочна, тэма разводу была «гарачай» ужо тады, як і ў наш час.

Як чуем ад фарысеяў, у законе Майсея развод дазваляўся; спрэчкі паміж прадстаўнікамі розных школ датычыліся толькі прычын для разрыву адносінаў з боку мужа (памятаем, што юдэйскае грамадства, як і большасць іншых антычных — і ў вялікай меры таксама сучасных — было патрыярхальным). Паводле адных настаўнікаў Закону, развесціся можна было толькі па сур’ёзнай прычыне, такой як сужэнская здрада; паводле іншых жа нават дробнае незадавальненне мужа магло стаць нагодай для таго, каб адправіць жонку.

У сваім адказе Езус не спыняецца на выключна юрыдычным вымярэнні праблемы, але звяртаецца да «пачатку»: да Божага аб’яўлення пра тое, хто ёсць чалавек паводле сваёй натуры. «Стварыў Бог чалавека на вобраз свой <…> мужчынам і жанчынай стварыў іх», — кажа першы біблійны аповед пра пачатак існавання людзей.

У гэтым сцвярджэнні становіцца відавочнай і адзінства натуры чалавека, і адначасова задуманая Стварыцелем розніца паміж прадстаўнікамі двух палоў. Або правільней будзе сказаць: менавіта ў гэтай розніцы і ў пакліканні да таго, каб дапаўняць адно аднаго, адлюстроўваецца вобраз Бога і заключана прастора для падабенства да Таго, які ёсць дасканалай камуніяй Трох Асобаў.

«Так што яны ўжо не двое, але адно цела»: новая, «трэцяя» рэчаіснасць, якая ствараецца дзякуючы повязі любові паміж мужчынам і жанчынай, — гэта нешта большае за выраз намаганняў і гатоўнасці падтрымаць адно аднаго; большае за нейкі юрыдычны кантракт, бо ў гэтай повязі прысутнічае сам Дух Святы.

Менавіта гэтая праўда ёсць сутнасцю Сакрамэнту сужэнства для хрысціянаў — той повязі, якую ствараюць па свайму свабоднаму выбару мужчына і жанчына і якую асвячае Дух Святы. У гэтай перспектыве становіцца зразумелым, чаму «тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». Адначасова ў гэтым сцвярджэнні заключана і праўда пра тое, што толькі пры дапамозе Божай ласкі магчыма ўтрымаць сужэнскую сувязь, захаваць вернасць і еднасць. Такім чынам, непарыўнасць сужэнства — хутчэй дар, чым закон.

Трагедыя разбітых сем’яў

На жаль, добра вядома, што той ідэал адносінаў паміж жанчынай і мужчынам, пра які сёння чуем ад Езуса, не заўсёды рэалізуецца. Таму пытанне фарысеяў — і ўсіх тых, хто хоча ведаць, як жа быць у сітуацыях, калі сужэнскую повязь не атрымліваецца захаваць, — здаецца правамерным. Але гэтае пытанне гучыць як халодная, бяздушная цікаўнасць, калі не памятаць, што кожнае разбітае сужэнства — гэта драматычная гісторыя, поўная болю і расчаравання. Гледзячы збоку, лёгка абвінаваціць сужонкаў у нявернасці абяцанню, у эгаізме, няўменні дамовіцца, пайсці на кампраміс ці падтрымліваць дыялог і ўзаемную зацікаўленасць, часам у наіўнасці і, у рэшце рэшт, у граху…

У некаторых выпадках сепарацыя (раздзельнае жыццё сужонкаў) становіцца неабходнай, бо сумеснае жыццё ператвараецца ў пастаянны канфлікт і агрэсію. На жаль, у нашых каталіцкіх супольнасцях рэдка ёсць адпаведныя асобы з навыкамі і сродкамі, каб суправаджаць сужэнствы ў такіх сітуацыях. Тым больш складана дапамагчы, калі самі людзі не шукаюць дапамогі. У любым выпадку, з нашага боку мы заўсёды можам заняць пазіцыю шчырага спачування, а не асуджэння, якое, на жаль, сустракаецца сярод членаў нашых супольнасцяў. Часам здаецца, што вернікі баяцца мець дачыненне з сем’ямі, якія перажылі драму разводу, нібыта заразнай праказы.

Хвала Богу, што апошнім часам гэтая тэма не застаецца «табу» і актыўна абмяркоўваецца ў Касцёле, у тым ліку на нядаўніх Сінодах біскупаў, прысвечаных сям’і.

Касцёл шукае спосабаў, каб клапаціцца пра членаў разбітых сем’яў і трымаць адкрытымі дзверы нават для разведзеных, якія ўступілі ў паўторны грамадзянскі шлюб, хоць і немагчыма дапусціць іх да сакрамэнтаў.

Яшчэ адзін сумны аспект сямейных канфліктаў, якія вядуць да сепарацыі і разводу, — гэта сітуацыя дзяцей з такіх сем’яў. Невыпадкова наступны эпізод пасля правакацыйнага пытання фарысеяў кажа пра дзяцей: менавіта яны найбольш пакутуюць — у тым ліку ў доўгатэрміновай перспектыве — ад сямейных трагедый і носяць у сабе незагоеныя раны балючага досведу расчаравання ў любові.

На жаль, такія сітуацыі ў сучаснай культуры становяцца нормай, як паказвае статыстыка разводаў, і таму ад нас, вернікаў, патрабуецца тым большая гатоўнасць быць сведкамі ласкі Пана, які не перастае дзейнічаць у сем’ях, асвячаючы адносіны і аздараўляючы нашую слабасць. З іншага боку, таксама патрэбны высілак, каб дапамагаць нашай моладзі адпаведна рыхтавацца да адказнага кроку заключэння сужэнства паводле Божай задумы.

Езус — «трэці не-лішні»

Для хрысціянаў сакрамэнтальная повязь паміж жанчынай і мужчынам мае дадатковае вымярэнне дзякуючы аб’яўленню Бога ў Езусе Хрысце, Яго Сыне, «правадыры збаўлення» сваіх братоў, як Яго сёння называе другое чытанне. Езус не ажаніўся і не завёў сваёй сям’і ў звычайным разуменні: Яго пасланніцтва прадугледжвала поўнае адданне той справе, дзеля якой Ён прыйшоў у гэты свет, і будаванне іншай сям’і — паўсюднай сям’і дзяцей Божых. Але гэтая важная рыса стылю жыцця нашага Збаўцы, канечне, не аддаляе Яго ад сямейных людзей, бо толькі Ён, моцай свайго Духа, можа навучыць сужонкаў любіць па-сапраўднаму і быць вернымі сакрамэнтальным абяцанням.

Як тлумачыць святы Павел, у адносінах любові паміж мужам і жонкай павінна адлюстроўвацца ўзаемная любоў паміж Хрыстом і Касцёлам, з якім Ён стварае адзінае Цела (пар. Эф 5, 25–33). Так, як Ева нарадзілася з адкрытага рабра Адама, так Касцёл — і кожны яго член — нараджаецца з адкрытага боку ўкрыжаванага Езуса, прабітага кап’ём.

Езус, чалавечае аблічча Айца, праз свайго Духа — заўсёды «трэці не-лішні» ў сужэнстве, як і ў любых іншых сапраўдных чалавечых адносінах.

Ён — Жаніх не толькі Касцёла, свайго Цела, але і кожнай душы, бо толькі Ён можа задаволіць бясконцую прагу душы — быць любімай і аддаць сябе ў любові, каб знайсці сапраўдную асалоду і шчасце. Няхай Ён сёння і заўсёды асвячае ўсе нашыя адносіны, каб нам быць сведкамі Ягонай любові.

Амэн.

Віктар Жук SJ

Мастак Ladislav Záborský.