14 жніўня 2021 г. у езуіцкім цэнтры (Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўляльны цэнтр) на беразе возера Ісык-Куль у Кіргізіі адбылося ўрачыстае пасвячэнне другога будынку. Цэлебрацыю святой Імшы і абрад пасвячэння ўзначаліў а. Энтані Каркаран SJ, Апостальскі адміністратар Каталіцкага Касцёла ў Кіргізіі.
Новы корпус выкарыстоўваецца ўжо з мінулага года, аднак з прычыны пандэміі пасвячэнне было адкладзена. У новым памяшканні знаходзіцца некалькі дзясяткаў спальных месцаў, некалькі пакояў і санітарныя памяшканні. Вялікая перавага будынка – вялікая і прасторная канферэнц-зала, якая дазваляе арганізаваць розныя сустрэчы, а таксама цэлебраваць святую Імшу для большых груп.
Першы корпус быў адкрыты ў 2010 годзе. З таго часу кожны летні сезон ён прымае як католікаў, так і групы з розных пратэстанцкіх цэркваў, а таксама мусульман. Асаблівая ўвага з самага пачатку прысвячаецца групам інвалідаў з бедных сем’яў, дзеля якіх цэнтр быў адпаведна прыстасаваны.
Улетку на тэрыторыі цэнтра, як грыбы пасля дажджу, утвараліся намётавыя лагеры, у якіх жылі валанцёры, моладзь, студэнты, а таксама часта і езуіты. Усё гэта з-за адсутнасці дастатковай колькасці месцаў у доме. Такім чынам, пасля некалькіх гадоў дзейнасці ўзнікла жаданне пабудаваць другі корпус. Дзякуючы шчодрасці дабрадзеяў і ўдзелу а. Даміяна Вайцяхоўскага SJ у мінулым годзе гэтая мара здзейснілася.
Другі год запар цэнтр можа змясціць 100 чалавек. Адначасова можа прыехаць некалькі груп. З чэрвеня па верасень ён запоўнены да краёў. Здараецца таксама, што нечаканых гасцей, напрыклад, турыстаў, ёсць магчымасць прымаць толькі ў юрце! Адказным за цэнтр з’яўляецца а. Рэмігіюш Кальскі SJ, ён кіруе ім разам з групай супрацоўнікаў.
Дзейнасць цэнтра ўпісваецца ў кантэкст езуіцкага служэння ў Кыргызстане. Апроч падтрымкі каталіцкага асяроддзя, цэнтр з’яўляецца месцам сустрэчы хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій. Гэта яшчэ адзін мост, праз які маленькі кыргызскі каталіцкі Касцёл можа актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці сваёй краіны і ствараць яе разам. Ён можа служыць сем’ям, дзецям і самым бедным на сваім прыкладзе, абвяшчаючы пасланне Евангелля.
Фотаздымкі новага корпуса можна паглядзець тут.
Рафал Булоўскі SJ