Сёння раніцай мы з мужам прайшліся брукаванай сцежкай абапал гарадскога парку, які знаходзіцца непадалёк ад нашага дому. З высокага агляднага пункту адкрываецца панарамны від на навакольны пейзаж: мноства дрэў, звілістая рака Чарльз, трыснёг, дзе жывуць чырвонакрылыя чарнушкі; чыгунка з гудзеннем прыгараднага цягніка, і зусім воддаль воданапорная вежа. Мы часта шпацыруем па парку альбо па мясцовым дэндрарыі. З пачатку пандэміі нашы экскурсіі набылі яшчэ большае значэнне; штодзённы шпацыр нагадвае мне, што я звязана з вялікім светам. Сузіраючы прыгажосць восеньскай лістоты, задуменна сочачы за шпаком, які калыхаецца на ветры, заўважаючы сляды, пакінутыя бабром на пні, або ўдыхаючы водар вінаграду Канкорд, які незразумелым чынам звісае з раскідзістых галінаў дуба, я атрымлівала невялікія, але значныя падарункі, дзякуючы якім свет адчуваўся надзвычай востра. Сузіранне прыроды дапамагае зразумець, што ёсць нешта значна большае, чым мае непасрэдныя клопаты. Бывае, мяне пакідае цярплівасць і хочацца, каб цяжкасці скончыліся, каб доўгачаканыя спадзяванні ажыццявіліся, і тады там, на вяршыні пагорка, я набываю больш шырокі позірк не толькі ў прасторы, але і ў часе. Прырода нагадвае мне, што план Бога велізарны. <…>
Гэты парк каля нашага дома створаны на старым сметніку. Амаль два дзесяцігоддзі таму былому мэру нашага горада прыйшла бліскучая ідэя, што вялікі ўзгорак смецця можна засыпаць глебай, апрацаваць, а потым засеяць травой, пракласці ходнікі і напоўніць разнастайнымі мясцовымі раслінамі. Я часам падазраю, што гэта найвялікшы сакрэт Бога: узяць смецце нашага жыцця і зрабіць з яго нешта прыгожае. Першыя працаўнікі на старым палігоне і падумаць не маглі, што смецце, якое яны ўкладаюць у вялізную кучу, калі-небудзь стане домам для дзясяткаў разнавіднасцяў птушак, сотняў мясцовых раслінаў, вінаграда, сіняй чаплі і бабра. Гэта напаўняе мяне надзеяй, калі я гляджу на выклікі, якімі напоўнены наш свет. Мне падабаецца ўяўляць, як Бог кажа: “Не пакідайце ўсё на Мяне, бо вы ўжо не дзеці. Але пабудуйце нешта, а Я ўчыню так, што яно будзе працаваць”.
На маю думку, святы Ігнацый менавіта так і рабіў усё жыццё. Сутыкнуўшыся з бязладдзем, ён аглядаў рэальныя даступныя яму варыянты, рабіў тое ці іншае і распазнаваў, што рабіць далей. Ён хацеў стаць выбітным рыцарам, але пасля цяжкага ранення бавіў час, чытаючы кнігі – адзіныя кнігі, даступныя ў доме, – і гэтыя кнігі натхнілі яго запрагнуць святасці. Ён выправіўся ў Іерусалім – пункт прызначэння, які мусіў стаць вяршыняй яго пілігрымкі, але з меркаванняў бяспекі яго вярнулі дадому. Сутыкнуўшыся з расчараваннем ва ўсім, да чаго ён імкнуўся, Ігнацый скіраваў свае намаганні на вучобу. Я не здзівілася б, даведаўшыся, што Ігнацый часам трос кулаком у паветры падчас тых першых заняткаў па латыні, якую яму даводзілася вывучаць ва ўзросце 33 гадоў побач са значна малодшымі вучнямі! Аднак сёння ў нас ёсць шмат езуіцкіх універсітэтаў з-за перакананасці Ігнацыя ў неабходнасці вучобы падчас падрыхтоўкі да служэння. Што было б, калі б Ігнацый згадзіўся з думкай, што моцна пашкоджаная нага знішчыла ўсе яго надзеі і мары? Што вымушанае вяртанне на карабель з Іерусаліма ў Барселону азначала толькі правал? Так многае ў свеце змянілася да лепшага дзякуючы яго надзеі і настойлівасці.
Я спрабую памятаць, што магу глянуць на гару смецця перад намі і падумаць: “Магчыма, калі-небудзь гэта будзе дзівосны парк”. Уявіце, што Бог можа зрабіць, калі ў нас ёсць гатоўнасць рабіць высілак разам з трываласцю. Усе маленькія ўчынкі павольна складаюцца ў штосьці большае. І магчыма, калі-небудзь Бог скажа: “Хадзіце сюды. Вам спадабаецца від з вышыні”.
Марына Берзінс Маккой
Крыніца: From a Mountain of Trash to Beauty