У панядзелак 5 ліпеня ў бальніцы Мумбаі ва ўзросце 84 гадоў памёр айцец Стэн Свомі, вядомы абаронца правоў адзівасі і іншых маргіналізаваных супольнасцяў Індыі. У кастрычніку мінулага года ён быў несправядліва абвінавачаны і зняволены, і, нягледзячы на ўзрост і слабае здароўе, яму пастаянна адмаўлялі ў вызваленні пад паручальніцтва. Паведамляючы аб яго смерці, Сакратарыят сацыяльнай справядлівасці і экалогіі (SJES) заклікае ўсіх падзякаваць Богу за яго жыццё.
Мы з глыбокім болем паведамляем вам, што а. Стэн Свомі SJ адыйшоў у вечнае жыццё 5 ліпеня 2021 г. у 13:30 па індыйскім часе ў бальніцы Святой Сям’і ў Мумбаі. Яму было 84 гады,
Стэн быў сапраўдным прарокам, які жыў для іншых, асабліва для адзівасі, далітаў і іншых маргінальных супольнасцяў. Знаходзячыся ў турме, ён казаў: “Птушка ў клетцы ўсё яшчэ можа спяваць” і сеяў надзею ў кожным сэрцы. Сёння ён – вызваленая птушка, якая спявае з нябёсаў, заклікаючы кожнага з нас захоўваць жывую надзею на сапраўднае вызваленне ад несправядлівасці, прыгнёту і адмаўлення правоў.
Стэн стаў захавальнікам сумлення і тым, хто ва ўсіх абудзіў надзею. Мы памятаем і дзякуем усім, хто маліўся, выступаў у яго абарону, падтрымліваў яго і ўсіх астатніх у падобных выпадках, якім адмаўляюць у чалавечай годнасці і правах.
Шчыра дзякуем Богу за жыццё а. Стэна Свомі, які ахвяраваў сябе і прыняў цярпенне, каб іншыя мелі жыццё, жыццё ў дастатку. Мы ўпэўнены, што ён “не будзе маўклівым гледачом нават з нябёсаў”. Ён будзе працягваць падтрымліваць кожнага з нас, каб дапамагаць нам “гаварыць праўду ўладзе” і прысвячаць сваё жыццё бедным і маргіналізаваным.
Няхай Бог суправаджае і дапамагае нам жыць напоўніцу і, па прыкладзе Стэна, выступаць на баку маргіналаў і бедных у нашых пошуках справядлівасці, роўнасці і свабоды!
Давайце разам падзякуем Богу за жыццё Стэна!
Ксаверый Джеярадж, SJ
Сакратар SJES-Рым