Некаторыя парады св. Ігнацыя, нашага духоўнага настаўніка, адносна малітоўнага разважання Мукі Езуса Хрыста дапамагаюць наблізіць яе да нашай штодзённасці. Як і ў выпадку любой іншай кантэмпляцыйнай малітвы, спачатку мы засяроджваемся на тым, якія асобы прысутнічаюць у евангельскіх падзеях, што яны гавораць і робяць. А затым пераходзім да наступных трох пунктаў:
– разважаем, што Езус цярпеў як чалавек і што “Ён хацеў цярпець”,
– разважаем, як боскасць “хавала сябе” падчас Мукі, не ўмешваючыся ў падзеі,
– просім аб ласцы дацаніць тое, што Езус зрабіў дзеля нас.
Чалавечая частка Хрыстовага цярпення
Страшэнныя фізічныя пакуты Езуса можна прадставіць на карцінах і ў скульптурах, але не так проста перадаць словамі чалавечае вымярэнне таго, што Ён выцярпеў. Магчыма, варта пачаць з наступнага: Езус быў ахвярай палітычнага і рэлігійнага злоўжывання. Яго забойства было палітычна бессэнсоўным, бо ў канчатковым выніку злоўжыванне палітычнай уладай праз выкарыстанне гвалту знішчае тое, чаго ўлада нібыта імкнецца дасягнуць, то бок правазаконнасць. З іншага боку, смяротнае пакаранне Езуса было і рэлігійна бессэнсоўным, таму што жорсткі рэлігійны пераслед адразу нішчыць святасць прыгнятальніка, а менавіта святасць мае першаснае значэнне ў рэлігіі. Такім чынам, Езус зведаў бязглузды і бессэнсоўны жах, які сёння, аднак, занадта многім з нас знаёмы. Гэта Ён і “хацеў цярпець”: да самага канца быць салідарным з чалавецтвам, закранутым глупствам і бессэнсоўнасцю.
Езус пакутаваў, як мы ўсе пакутуем. Кожнаму з нас у вялікай бядзе вельмі цяжка паверыць, што існуе якое-небудзь цярпенне, падобнае на нашае. Аднак цярпенне чымсьці падобнае да мовы: мае словы не цалкам мае; у якой бы меры я не рабіў іх уласнымі, яны належаць усім. Цярпенне – сярод нас, і ніякая яго праява не з’яўляецца нічыёй асабістай уласнасцю. Я магу казаць пра “свой” рак, але многія іншыя людзі вакол мяне пакутуюць ад яго гэтаксама.
Хутчэй за ўсё, ніхто з нас не спазнае такіх фізічных катаванняў, якія выцярпеў Езус (няхай Бог вызваліць нас ад гэтага). Але кожны з нас непазбежна пакутуе ад фізічнага болю і раскладання. Гэтае чалавечае цярпенне закранае ўсіх нас і гэта тое, што Езус хацеў выцярпець. Ён не быў мазахістам. Ён зрабіў выбар: прыняць нават найгоршыя катаванні, каб быць падобным да нас ва ўсім – акрамя граху – і сваёй паслухмянасцю перамяніць увесь чалавечы досвед з падарожжа ў кірунку смерці на шлях вечнага жыцця.
Езус адмовіўся быць ахвярай адчаю
Св. Ігнацый прапануе чалавеку, які разважае Муку Езуса, “пачаць з вялікага імкнення смуткаваць, журыцца і плакаць”. Ніколі цярпенне не бывае лёгкім, і асабліва цяжка ўвайсці ў цярпенне іншага. Нам патрэбна ўнутраная праца, каб зразумець, што Езус на сваім крыжы зведаў жахлівую пустку Божай схаванасці, калі Бог пакінуў Яго ў бязлітасным досведзе, які перакрэслівае жыццё. Многім з нас так ці інакш давядзецца перажыць гэтае пачуццё ў хаосе нашага свету.
Роспач – гэта выбар, роўна як і надзея; не адчай быў цярпеннем Езуса, бо Ён адмовіўся ад яго. Ён захаваў давер і надзею, што Айцец выратуе Яго; Ён не раз казаў, што памрэ і ўваскрэсне з мёртвых. На крыжы Ён працягваў давяраць, што Яго цярпенне мае сэнс, які адкрыецца, калі Айцец вырашыць. Кожны дзень свайго чалавечага жыцця Ён хацеў зрабіць усё магчымае, каб палегчыць цярпенне людзей. Але Яму перашкодзілі. Яму давялося памерці ў надзеі, што Ён будзе зноў жыць у нашым целе.
Мука Езуса набліжае нас да таго, каб прыняць свет такім, які ён ёсць
Тыя, хто сапраўды ведае і любіць Езуса, будуць цярпець гэтак жа, па-ягонаму. Яны таксама ўбачаць цярпенне ўсіх людзей, якіх Бог прыводзіць у іх жыццёвы свет, і прыкладуць вялікія намаганні, каб смуткаваць разам з імі і будуць рабіць усё магчымае, каб палегчыць іх пакуты. Вось тут і знаходзіцца найглыбейшы духоўны корань імпульсу працаваць на карысць міру і справядлівасці. Штосьці меншае было б нявартым матывам для тых, хто любіць Езуса Хрыста.
Мука Езуса набліжае нас да прыняцця свету такім, які ён ёсць на самай справе: поўны гвалту і болю. Мы адмаўляемся дазволіць рэлігіі і ласцы стаць лёгкім абязбольвальным сродкам, які служыць бар’ерам перад цярпеннем, якое існуе вакол нас. Замест гэтага мы прымаем любыя пакуты, якія нам выпадаюць, і больш не лічым іх бессэнсоўнымі. Нашае цярпенне мае значэнне на “мове крыжа” (пар. 1 Кар 1, 18). Мы лучымся з цярпеннем укрыжаванага Хрыста, цярпеннем чалавецтва, якое Ён захацеў прыняць. Мы трымаемся Езуса, які ёсць “Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць” (1 Кар 1, 24). Робячы менш, мы выкарыстоўваем нашу веру ў Хрыста як абязбольвальную таблетку.
Джозэф А. Тэтлоў SJ
Крыніца: The Language of the Cross
Выява: Тыцыян “Езус нясе крыж”