Кардынал Карла Марыя Марціні SJ
Боязь Божая і мудрасць
“Боязь Божая” – словазлучэнне, якое можа здацца ўстарэлым. Раней нават дадавалі “святая боязь Божая”. Гэтыя словы выглядаюць далёкімі; магчыма, выклікаюць непакой. Мы кажам, што наша рэлігія – гэта рэлігія любові. Навошта ж сярод дароў Святога Духа згадваць боязь? Хіба гэтае словазлучэнне не асацыюецца з выхаваўчымі метадамі, якія выйшлі з ужытку, бо заснаваныя на страху, запалохванні, прыгнёце? Як можна баяцца Бога, які па сваёй сутнасці ёсць любоў, міласэрнасць, дабрыня? Як страх можа быць дарам Духа любові?
Аднак, з іншага боку, мы добра памятаем, што выразы “боязь Божая”, “баяцца Бога” – адны з найбольш распаўсюджаных у Старым Запавеце. Боязь Божая, паводле Старога Запавету, моцна спалучана з мудрасцю. Боязь Божая – “квінтэсэнцыя” рэлігійнага пачуцця, гэта выяўленне высакароднасці ў чалавеку. Кніга Мудрасці Сіраха ў першым раздзеле ажно сем разоў згадвае боязь Божую, нязменна ў вельмі станоўчым ключы:
Боязь Пана – хвала і гонар, весялосць і вянец радасці (верш 11).
Боязь Пана ўсцешыць сэрца і дасць весялосць, уцеху і даўгалецце (верш 12).
Такім чынам, боязь Божая не душыць і не руйнуе чалавека, а наадварот “пашырае сэрца”, прыносіць радасць. У таго, хто баіцца Бога, усё ў рэшце рэшт будзе добра.
Баяцца Пана – пачатак мудрасці (верш 15).
Баяцца Пана – паўната мудрасці (верш 16).
Вянец мудрасці – гэта боязь Пана (верш 18).
Баяцца Пана – корань мудрасці (верш 20).
Такім чынам, боязь Божая ідзе поруч з радасцю, весялосцю; у ёй – пачатак, паўната, вянок і корань мудрасці. Гэтых слоў са старазапаветнай кнігі, напісанай адной з апошніх, павінна быць дастаткова, каб пераканаць нас, наколькі высока Біблія ставіць такія адносіны. Гэта якасць вельмі высокая, станоўчая, пажаданая, “годная прамоцыі”, кажучы сучаснай мовай.
Боязь Божая і любоў да Бога
Што менавіта маецца на ўвазе пад дарам “боязі Божай”? Ён цесна суадносіцца з сур’ёзным успрыманнем жыцця, з адказнасцю, з неадкладнасцю выбара на карысць Валадарства. Але ў ім хаваецца значна больш таго: штосьці глыбокае, далікатнае, тонкае, здольнае адкрыць сэрца, сагрэць дух… Боязь Божая – гэта любоў да Бога, якая ўсведамляе ўласную слабасць, усведамляе сваю здольнасць Бога зняважыць, страціць Яго сяброўства. Гэта глыбокая любоў, глыбокая павага да Таямніцы, якая пераўзыходзіць нас ва ўсіх вымярэннях. Таямніцы, якой не можам авалодаць, якую не можам утрымаць у сваіх руках, таму што яна заўсёды дадзена нам як дар, і ў нас заўсёды ёсць магчымасць адштурхнуць яе, праігнараваць, згубіць. Боязь Божая ўспрымае маральнасць не толькі як паслухмянасць закону, але як перамену адносінаў з асобай, асабістых адносінаў з самім Богам-Айцом і Панам. Боязь Божая – гэта ўсведамленне, што Бог, згодна з вядомай фразай, – mysterium fascinans, г.зн. таямніца, якая прыцягвае, захоплівае сваёй прыгажосцю і прывабнасцю. Але гэта таксама ўсведамленне, што Бог – mysterium tremendum: таямніца, з якой немагчыма гуляць, якая кідае нам сур’ёзны і глыбокі выклік. І робіць гэта менавіта таму, што з’яўляецца любоўю ўсёабдымнай і патрабавальнай; таму што любоў – гэта асабістыя адносіны Запавету і дару. Таму з ёю нельга гуляць, нельга баналізаваць яе. У гэтым сэнсе боязь Божая – знак сталасці, глыбокай чалавечнасці, высокай і грунтоўнай маральнасці, дзейснай адказнасці, знак сапраўднай рэлігійнасці. Такім чынам, боязь Божая – гэта такая якасць, або сума якасцяў, якія дазваляюць пераадолець банальнасць, павярхоўнасць, паспех, з якімі, напрыклад, мы молімся, ходзім у касцёл ці прыступаем да сакрамэнтаў. Гэта якасць узнёслая, ачышчаная, і Бог далей выпрабоўвае яе праз “цёмную ноч душы”, падчас якой яна ўзрастае яшчэ больш. Святы Ян ад Крыжа, які спазнаў ноч душы, кажа аб ачышчэнні, што ў гэтых адносінах з Богам душа адчувае, як у ёй расце тонкасць, высакароднасць і глыбокая павага – якасці, якія ў першую чаргу павінны характарызаваць адносіны з Панам. Вось чым з’яўляецца боязь Божая.
Боязь Божая ў жыцці і словах Езуса
Боязь Божая ў правільна зразуметым сэнсе ёсць і ў Езуса. Езус жыве ў глыбокай павазе да Айца, да Яго волі, і, магчыма, найвышэйшы выраз гэтай павагі – малітва ў Гетсэманскім садзе: “Не Мая воля, а Твая няхай станецца” (Лк 22, 42). І гэтае вымярэнне асобы Езуса відавочнае: павага Сына да Айца.
Але ёсць яшчэ адзін момант у жыцці Езуса, больш складаны для нашага ўспрымання: Яго рэзкія словы, Яго выказванні, якія палохаюць, Яго пагрозы. Я маю на ўвазе, у прыватнасці, чатыры серыі выказванняў, чатыры серыі “Гора вам” з пагрозамі. Яны з’яўляюцца часткай Евангелля, нават калі мы часта на іх забываемся. Звернем увагу, перш за ўсё, на чатыры “Гора вам”, якія ідуць за абвяшчэннем чатырох благаслаўленняў у Евангеллі паводле Лукі:
“Гора вам, багатыя!.. Гора вам, хто цяпер сыты!.. Гора вам, хто цяпер смяецца!.. Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас!..” (Лк 6, 24-26).
Гэта педагогіка, заснаваная на страху! Ёсць яшчэ праклёны для гарадоў Галілеі:
“Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда!.. І ты, Кафарнаум, ці аж да неба будзеш узвышаны? Аж да адхлані нізрынешся!” (Лк 10, 13-15)
Узгадаем таксама трэцяе месца ў тэксце Евангелля, дзе гучыць “Гора вам” – вельмі сур’ёзныя перасцярогі, скіраваныя фарысеям, кніжнікам, законнікам, і сёння ўсім тым, хто ў Касцёле ці ў грамадстве валодае ведамі і ўладай:
Але Пан сказаў яму: «Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубак і місу, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю. Неразумныя!.. Гора вам, што абмінаеце суд і любоў Божую!.. Гора вам, фарысеям, бо любіце першыя месцы!.. Гора вам, бо ўскладаеце на людзей нязносныя цяжары!..” і г.д. (пар. Лк 11, 39-40.42-43.46).
Гэта ўсё словы Езуса. Таксама можам успомніць чацвёртую серыю пагроз Ерузалему, калі Ён плача над горадам, кажучы:
“Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго!” (Лк 19, 41).
З усіх гэтых і іншых падобных слоў Хрыста мы бачым, што Езус не баіцца моцных выказванняў, не баіцца палохаць, страшыць, не баіцца выкарыстоўваць рэзкія і нават пагрозлівыя словы. Варта спытацца: “Чаму так? Ці ёсць у дзеяннях Езуса педагогіка страху?” Адказаць няпроста, але мне б хацелася, каб мы больш уважліва даследвалі, прынамсі, першыя словы з выказванняў “Гора вам”, якія ідуць адразу пасля благаслаўленняў. Мы часта цытуем благаслаўленні, але рэдка тое, што сказана далей.
“Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне! Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце! Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце! Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія” (Лк 6, 24-26).
І тут адразу прыходзіць у галаву пярэчанне: наогул, якое зло ў тым, каб мець багацце, дасыта есці, смяяцца, мець добрую рэпутацыю?.. І калі мы ўважліва прыгледзімся да гэтых слоў, то ўбачым, што тут няма маралістычнай педагогікі, не гаворыцца “гора вам, распуснікі, гора вам, злодзеі, гора вам, забойцы, гора вам, гвалтаўнікі…” Гэта для Езуса і так відавочна. Ён ідзе далей. Тут гаворка ідзе не пра маралістычную педагогіку, а пра педагогіку адказнасці. Іншымі словамі, патрэбна ўсведамленне сур’ёзнасці моманту: Валадарства ўжо тут, са сваімі вышэйшымі каштоўнасцямі, і гора тым, хто ўсё яшчэ чапляецца за людское, зямное, нібы яно з’яўляецца канчатковай каштоўнасцю, бо яны загінуць разам з тым зямным, да чаго прывязаліся: тыя, хто адпрэчвае вяршэнства Валадарства, падпісвае сваё ўласнае асуджэнне, капае сабе магілу.
Педагагічная функцыя боязі ў тым, каб прымусіць усвядоміць і прыняць адказнасць, усвядоміць сур’ёзнасць Евангелля і неадкладнасць выбару на карысць Валадарства. У свецкіх тэрмінах можна сказаць, што чалавек павінен адчуць сур’ёзнасць жыцця, адказнасць за свае ўчынкі, адказнасць за іншых, асабліва за самых слабых, адказнасць нават за зямлю, за навакольны свет. Вось педагогіка адказнасці, якую мы знаходзім у рэзкіх словах Езуса.