Алаізій (Луіджы) Ганзага нарадзіўся ў 1568 г. у палацы Кастыльёнэ каля Мантуі ў Ламбардыі. Ён быў старэйшым сынам Фернанда Ганзагі, маркіза Кастыльскага дэ лас Эстывернас. Ва ўзросце дзевяці год у Фларэнцыі Луіджы склаў абяцанне вечнай цнатлівасці перад тронам Найсвяцейшай Панны. Некалькі год правёў у Іспаніі ў якасці пажа Марыі Аўстрыйскай. Пасля доўгіх спрэчак з сям’ёй атрымаў згоду ад бацькі і ўступіў у Таварыства Езуса ў 1587 г. Памёр у 1591 г. у Рыме, стаўшы ахвярай чумы, якой ён заразіўся падчас догляду за хворымі. 21 снежня 1726 г. кананізаваны Бэнэдыктам XIII, які затым у 1729 г. абвесціў яго апякуном моладзі, асабліва – студэнцкай.
Каб дацаніць веліч і сілу асобы Луіджы Ганзагі, варта паглядзець на ягонае жыццё ў гістарычным кантэксце і ўсвядоміць той евангельскі выклік, які ён кінуў тагачаснаму грамадству.
Юнацтва і перспектывы
У дзяцінстве Луіджы адзначаўся жывым, адкрытым розумам і ўладным характарам, уласцівым членам сям’і Ганзага. З малых гадоў ён знаходзіўся ў арыстакратычным асяроддзі, з’яўляўся яго часткай і павінен быў пераняць тытул Імператарскага маркіза Кастыльёнэ дэлле Стыв’ерэ. Такім чынам, ён падпарадкоўваўся прыдворнаму этыкету Кастыльёнэ ў Фларэнцыі, дзе валадарылі Медычы і Філіп ІІ Іспанскі (1581-1583).
Луіджы рос у гэтым пустым свеце, дзе пыха і інтрыгі былі адметнымі рысамі грамадства, занураным ў распусце. Пад уплывам сваёй горача любімай маці, з якой, на вялікі ягоны жаль, яго часта разлучалі, ён сардэчна прымаў Божы голас, які чуў унутры сябе, і адказваў на яго. Ён адчуваў, што Бог прагне, каб ён належаў Яму, і ўжо ў вельмі юным узросце дарэшты прысвяціў сябе Богу ў касцёле Звеставання ў Фларэнцыі (1583). З часам свет, у якім ён вымушаны быў жыць, рабіўся ўсё больш нязносным, і Луіджы паўставаў супраць яго. Гэта быў бунт чалавека, чыім ідэалам было безумоўнае наследаванне Хрыста, чалавека, які выбраў не багацце, а беднасць з Хрыстом бедным, не пашану, а прыніжэнне з Хрыстом прыніжаным (пар. Духоўныя Практыкаванні, 167).
Адказ на ласку
Луіджы прызнаўся маці, што прысвяціў сябе Богу, і сутыкнуўся з незадаволенасцю з боку бацькі і свайго атачэння. Не баючыся кпінаў, ён не хаваў пагарды да грамадства, якое яго адкінула, раз’язджаючы, напрыклад, на міланскім парадзе на асле замест ганаровага каня. Прыдворныя насміхаліся з яго, але ён менавіта гэтага і хацеў: быць з Хрыстом, пра якога ў свой час казалі што Ён страціў розум, а не з мудрымі і разумнымі гэтага свету. Насамрэч у глыбіні душы свет захапляўся ягонай хрысціянскай мужнасцю, якой не мог нічога супрацьпаставіць. Відавочна, што Луіджы зусім не з’яўляўся слабавольным чалавекам або баязліўцам, які імкнуўся збегчы ад жыцця і ад свету.
Падчас навучання Луіджы выявіў выдатныя здольнасці да моў і матэматыкі (пазней ён вылучаўся ў філасофіі і тэалогіі), а таксама да тонкасцей дыпламатыі. Ягоны бацька назвычай ганарыўся ім, таму і бацькоўская нязгода адносна выбару ім манаскага паклікання была асабліва моцнай – ён бачыў у сыне свайго пераемніка. Луіджы ведаў аб спадзяваннях бацькі і разумеў, што здольнасці яго малодшага брата Рудольфа сур’ёзна саступаюць ягоным.
Цяжкае рашэнне
З аднаго боку, Луіджы адчуваў заклік Хрыста ісці за Ім і стаць манахам, аднак, з іншага боку не мог пазбавіцца ад думкі, колькі дабра ён можа прынесці свайму народу, залежнаму ад прывілеяванага класа, стаўшы маркізам Кастыльёнэ дэлле Стыв’ерэ. Вырашыць такую праблему было складана. Яму спатрэбілася выключная інтэлектуальная і духоўная праніклівасць, асабліва, калі ўлічыць, што свецкія арыстакраты, а таксама і прадстаўнікі Касцёла намаўлялі яго аддаць перавагу больш разважліваму з чалавечага пункту гледжання рашэнню.
Тым не менш, для Луіджы канчатковай прычынай была Божая воля, і нішто не магло прымусіць яго ад яе адступіцца: ні гнеў бацькі, ні думка аб расстанні з маці, не кажучы ўжо пра страту багацця і адзнакаў гонару. Менавіта па гэтай прычыне ён выбраў Таварыства Езуса і ўступіў у яго ў 1587 г. Ён ушанаваў тую любоў, якая схіліла Бога стаць Чалавекам і даць людзям жыццё, і палюбіў Хрыста Укрыжаванага. Таму ён хацеў пакінуць самога сябе, цалкам ахвяраваўшыся іншым у апостальскім і кантэмпляцыйным жыцці Таварыства Езуса.
Поўная самаадданасць
Дух Луіджы быў прасякнуты думкай аб любові і служэнні бедным і патрабуючым. Але гэтае служэнне не абмяжоўвалася толькі знешнімі ўчынкамі. Ён зразумеў, што жыццё манаха і святара – гэта, перш за ўсё, самаахвярнасць, перамяненне, калі моцай ласкі чалавек вучыцца ўспрымаць ідэалы Хрыста, як свае ўласныя, жыць Яго жыццём і такім чынам станавіцца сапраўдным апосталам.
У перыяд навіцыяту і ў Рымскай калегіі, калі Луіджы рыхтаваўся да святарскага жыцця пад кіраўніцтвам св. Роберта Беларміна, яго любоў да Хрыста стала глыбейшай і ўсё больш настойліва вяла да поўнай паслухмянасці волі Бога, які няспынна прыцягваў яго да Сябе. Так Луіджы хутка дасягнуў хрысціянскай сталасці і мудрасці, якая ведае, што пшанічнае зерне, каб прынесці плод, павінна найперш памерці.
Вясной 1591 г. у Рыме, дзе ён вывучаў тэалогію, успыхнула страшная эпідэмія чумы. Натхнёны верай, умацаванай малітвай і асвечанай містычным досведам, з мужнасцю і неймавернай велікадушнасцю Луіджы добраахвотна вызваўся служыць хворым. Ён клапаціўся аб іх і наведваў па дамах. Захварэў і неўзабаве памёр 21 чэрвеня 1591 г. Ён загінуў ад любові, якая прымушала яго адгукацца на крык болю, на заклік Хрыста, які ў Сваіх церпячых братах ва ўсе часы чакае на суцяшэнне, любоў і клопат: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40).
Успамін 21 чэрвеня.