Уявіце, што вам трэба наняць садоўніка. Вы распытваецеся сярод сяброў і суседзяў і ўрэшце даведваецеся пра двух садоўнікаў, якія могуць узяцца за працу. Ад людзей, якія наймалі іх раней, вы атрымліваеце досыць дакладнае апісанне абодвух.
Першы садоўнік саджае разнастайныя віды гародніны і кветак. Ён рэгулярна прыходзіць і аглядае іх. Кожны раз, калі бачыць расліну ці кветку ў не вельмі добрым стане, вырывае яе і кідае ў кампостную яму або на сметнік. Ён саджае так шмат усяго, што такая практыка амаль не ўплывае на ўраджайнасць і знешні выгляд саду. Дробныя, нізкарослыя і пажоўклыя расліны, жаўтацветы, паедзеныя смаўжамі, памарожаныя кветкі – усе яны знікаюць. У такога падыходу ёсць нямала пераваг. Сад заўсёды выглядае дагледжаным і здаровым. А хворыя расліны пазбаўлены магчымасці заразіць астатніх.
Другі садоўнік таксама саджае розныя гатункі гародніны і мноства кветак, прыходзіць рэгулярна і аглядае іх. Але ягоны падыход іншы. Ён шукае расліны, якім не ўдаецца добра расці, каб убачыць, як ён можа дапамагчы ім стаць больш здаровымі. Калі ў капусты пажоўклі лісты, ён падкормлівае яе. Калі на кветку нападуць слімакі, ён саджае побач шкодную для іх расліну. Кветкі, якіх закрануў мароз, ён накрывае шкляным каўпаком, каб абараніць іх і даць ім магчымасць аднавіцца. Яму непрыемна і прыкра бачыць, як расліна ці кветка гінуць. Яго сады не такія прыгожыя, як дагледжаныя першым садоўнікам, бо некаторыя расліны маюць заўважна хваравіты выгляд.
Калі б вы шукалі садоўніка, вы хіба што напэўна абралі б першага. Ён уражвае сваёй эфектыўнасцю, практычнасцю, разважнасцю. Другі ж выглядае мяккасардэчным; ён хутчэй засяроджаны на раслінах, чым на садзе. Акрамя выпадкаў дагляду за вельмі рэдкімі раслінамі, мала хто з нас хацеў бы плаціць добрыя грошы за тое, што аб хворых асобніках будуць клапаціцца, тады як агульны стан саду будзе ў занядбанні.
Вобразы Бога
Калі даводзіцца выбіраць паміж рознымі вобразамі Бога, мы можам прыйсці да альтэрнатывы, якая нечым нагадвае згаданыя два тыпы садоўнікаў. Аднак, на сваё здзіўленне, мы можам знайсці, што вобраз Бога, які відавочна суадносіцца з хрысціянскай верай, больш падобны на другога, неэфектыўнага, садоўніка, чым на першага. Коратка можна вызначыць першага як Бога “розуму”, а другога як Бога “Аб’яўлення”. Канешне, паколькі Аб’яўленне прыходзіць да нас толькі з дапамогай чалавечага розуму, памылкай было б паспешна праводзіць выразную мяжу паміж двума вобразамі. Тым не менш, мы можам адрозніць паміж вобразамі Бога, якія заснаваны выключна (або ў асноўным) на абстрактных і навуковых разважаннях, і тымі, якія абапіраюцца на святыя кнігі. У другім выпадку ўяўленне і эмоцыі аўтараў, як і іх розум, вядома, граюць сваю ролю. Бог розуму існуе, прынамсі, з часоў вялікіх грэцкіх філосафаў, такіх як Платон і Плацін. Фактычна, Першы Ватыканскі Сабор, спасылаючыся на стагоддзі хрысціянскай філасофіі, вучыў, што Бог у прынцыпе можа быць пазнаны натуральным святлом чалавечага розуму. Хрысціянскія філосафы выпрацавалі т.зв. “доказы” існавання Бога.
Вера і розум. Тамаш Аквінскі паміж Арыстоцелем і Платонам
Спроба стварыць “рацыянальны” вобраз Бога выразней увасобілася ў жыццё з уздымам сучаснай навукі. У эпоху Асветніцтва ўзнік “дэізм”, які быў прапанаваны як “рацыянальная” альтэрнатыва традыцыйнай хрысціянскай веры ў Бога. Паколькі вялікай колькасці таямніцаў Сусвету знаходзіліся рацыянальныя тлумачэнні, многія навукоўцы і філосафы навукі пачалі ставіць пытанне, як Бог упісваецца ў гэтую карціну і нават ці ёсць для Бога месца ўвогуле? Сучасныя касмолагі, такія як Стывен Хокінг і Рычард Докінз разважаюць пытанне Бога ў кантэксце Сусвету, які відавочна ўзнік у выніку Вялікага выбуху і затым слепа сфармаваны эвалюцыйнымі сіламі. На самай справе, ва ўсёй сучаснай касмалогіі ёсць месца для “бога прабелаў”. Іншымі словамі, калі навука даходзіць да невытлумачальнага пункту, (напрыклад, хто запаліў кнот Вялікага выбуху) “бог” можа быць выкарыстаны, каб запоўніць прабел.
Паколькі дамінаванне навукі ў сучасным свеце павялічваецца, нашая канцэпцыя Бога ўсё больш і больш вызначаецца пытаннямі і дыскусіямі вучоных. Калі гэтыя дэбаты не вядуць наўпрост да агнастыцызму ці атэізму, мы як мінімум знаходзімся ў небяспецы канструіравання Бога, прыязнага навуцы, але пазбаўленага асабовасці, што моцна адрозніваецца ад вобразаў Бога, створаных аўтарамі псальмаў альбо сярэднявечнымі містыкамі, якія знаходзілі Бога ў глыбіні сябе, а таксама і ў захапленні Сусветам.
Не толькі фізіка фармуе наш погляд на тое, як працуе свет. Сучасная эканоміка ўсё часцей прымушае глядзець на паводзіны чалавека з рацыянальнага пункту гледжання. Эканоміка стала светам са сваімі законамі і незалежнымі ад іншых нормамі паводзін. “Эканамічны чалавек” азначае асобу, для якой існуе толькі дыктат сваёй зацікаўленасці ў асабістай выгадзе. Паняцце сацыяльнай справядлівасці выключана. Справядлівасць становіцца “камутатыўнай” (заснованай на абмене)справядлівасцю, якая звязана толькі канвенцыямі, дасягнутымі праз перамовы ў межах закона попыту і прапановы.
Сучасны бог розуму можа быць прадметам акадэмічных дыскусій. Але такі Бог не прыцягвае нас ніякім асабістым чынам і не мае патрэбы ў нашай прыхільнасці і цеплыні. Накірунак сучасных навуковых даследванняў робіць Бога максімальна безасабовым: ён хутчэй нагадвае гіганцкі камп’ютар, прадказальны, нягнуткі і нават пэўным чынам загадзя запраграмаваны. Бог у такой перспектыве таксама больш падобны на першага садоўніка, у якасці якога ён (або “яно”) эфектыўна кіруе Сусветам, але мы не чакаем, што яго будуць турбаваць дробныя дэталі чалавечых правінаў і няўдач.
Уплыў Трыдэнта
Іншым фактарам, які глыбока паўплываў на наш вобраз Бога, было навучанне Трыдэнцкага сабору адносна граху і споведзі. Трыдэнт узмацніў паняцце нябеснай “бухгалтэрыі”, паводле якога дакладна вымяраўся цяжар грахоў, а пакаранне прызначалася аўтаматычна. У 50-х гадах мінулага стагоддзя большасць школьнікаў-каталікоў у якасці ілюстрацыі боскай справядлівасці атрымала парадокс чалавека, які ўвесь час жыў беззаганна, але ў канцы жыцця ўчыніў сексуальны грэх. На наступны дзень ён загінуў у аўтакатастрофе. Не было ніякіх сумневаў наконт ягонага лёсу ў вечнасці. Ён трапіў бы проста ў пекла, бо сексуальныя грахі заўсёды былі “смяротнымі”, без выключэнняў. У такім уяўленні пра грэх не было гаворкі пра тое, як Бог глядзіць на няшчасце чалавека. Сапраўды, стваралася ўражанне, што Бог быў бяссільны ў гэтай сітуацыі, звязаны правіламі, якія, магчыма, былі Яго ўласнымі, але якія цяпер былі ўпарадкаваныя і замацаваныя Ягонымі зямнымі прадстаўнікамі. Бог выяўляўся як чалавек-суддзя, які ў выпадку некаторых злачынстваў не мае іншага выбару, акрамя як абвясціць кару смерці альбо іншую форму пакарання.
Апошні Суд. Мікеланджала
У часы росквіту”фіксаваных пакаранняў” за правіны былі святары, якія мелі некаторую надзею на больш лагодны Божы падыход. Падчас рэкалекцый апавядаліся невялікія гісторыі пра Божую міласэрнасць і моц ласкі. Але ў цэлым заставалася меркаванне, што адзіная надзея месціцца ў нейкім пакаянні “на смяротным ложы”, дзе грэшніку ўдалося б выказаць скруху, неабходную для зняцця правіны. Зноў жа, гэта не залежала на самай справе ад Бога. Адказнасць ляжала на грэшніку.
Можна не сумнявацца, што падобны від тэалогіі глыбока паўплываў на народны вобраз Бога. У найгоршым выпадку Бог быў зведзены да ўзроўню робата, што выносіць прысуды з халоднай безасабовасцю і рацыянальнасцю інспектара, які выпісвае штраф за паркоўку. Гэты вобраз узмацніў “навуковае” ўяўленне пра Бога, які не мае асабовасці, а толькі грае пасіўную ролю ў Сусвеце, якім кіруюць як маральныя, так і навуковыя законы.
Бог хрысціянскага Аб’яўлення
Бог Аб’яўлення моцна адрозніваецца ад Бога розуму. У святых кнігах Бог далёка не безасабовы. У Бібліі мы знаходзім разнастайныя эмоцыі і паставы, якія прыпісваюцца Богу. Некаторыя з іх не вельмі прывабныя, напрыклад, рэўнасць, імпэтнасць, помслівасць, фаварытызм, непрадказальнасць і гэтак далей. Але надзвычайнымі якасцямі, якія знаходзім, прымаючы Біблію ў поўным аб’ёме, з’яўляюцца любоў і міласэрнасць.
Бог Аб’яўлення сапраўды даволі падобны на другога садоўніка. Дарэчы, Біблія часам выкарыстоўвае выявы раслін і догляд за раслінамі, каб праілюстраваць Божы клопат: “Не зломіць надломленай трысціны” (Іс 42, 3). Біблія напоўненая вобразамі Бога, які, здаецца, больш зацікаўлены ў чалавеку, чым у агульнай сістэме. У Новым Запавеце неаднойчы выкарыстоўваецца метафара згубленай авечкі: “Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала?” (Мц 18,12). Падобна таму, як другі садоўнік быў засяроджаны на раслінах, а не на садзе, так і Бог Аб’яўлення паказаны Тым, хто асабліва клапоціцца пра слабых, бедных, згубленых, сляпых, хворых, а не пра агульную эфектыўнасць “сістэмы”.
Гэта не той вобраз Бога, які можна было б выпрацаваць навуковымі разважаннямі альбо логікай. Бог Аб’яўлення, шчыра кажучы, вельмі своеасаблівы Бог. На памяць прыходзяць такія тэрміны, як “мяккадушны” і “непрактычны”. Нават адданыя вернікі могуць негатыўна адрэагаваць на некаторыя крайнія прыклады клопату Хрыста пра “няўдачнікаў”, напрыклад, пра сына, які збег і змарнаваў грошы, ці пра работнікаў у вінаградніку, якія наняліся непасрэдна перад канцом працы. Ніхто не пазнаў “скандал” Бога, адкрытага ў Езусе, лепш, чым св. Павел, прасякнуты “логікай” грэцкай філасофіі: “Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці (тэрмін, які Павел выкарыстоўваў да чалавечай мудрасці ў філасофіі і рыторыцы). Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў – згаршэнне, для язычнікаў – глупства” (1 Кар 1, 22-23).
Бог, які знаходзіцца “не ў цэнтры”
Калі мы глядзім на Сусвет вачыма навукі, нас уражвае яго заканамернасць. Прыродны свет поўны сістэм, цыклаў і навуковых “законаў”. Мы вывучалі гэтыя законы і сістэмы ў школе, асабліва на ўроках хіміі і фізіцы. Мы вучылі закон Бойля пра атмасферны ціск, Ньютанаўскія законы руху, перыядычную сістэму элементаў Мендзялеева і інш. Навуковаму розуму цяжка паверыць, што ёсць Бог, які вынайшаў альбо стварыў гэтыя фізічныя законы ў тым сэнсе, што мог бы вынайсці другія законы. У нас ёсць спакуса лічыць, што гэтыя існуючыя законы маюць прыярытэт нават перад Богам. Мы не можам уявіць свет, у якім квадрат гіпатэнузы прамавугольнага трохвугольніка не роўны суме квадратаў катэтаў. У выніку нескладана паверыць, што ў сваёй справе стварэння Бог вызначаецца альбо абмяжоўваецца наборам папярэдніх законаў і не мае поўнай свабоды рабіць тое ці іншае. Навуковы розум, калі ён гатовы прызнаць існаванне Бога, патрабуе, па меншай меры, каб гэты Бог быў такім, хто выконвае правілы і “ведае сваё месца”, падобны хутчэй да гіганцкага безасабовага камп’ютара. І ніякай іншай функцыі ў Яго няма.
Карл Барт
Але Бог, апісаны ў хрысціянскім Аб’яўленні, здаецца, зусім не падобны на Бога, якога некаторыя вучоныя, напрыклад, Хокінг, гатовыя змясціць у сваёй сістэме. Замест аўтамата ці камп’ютара мы знаходзім у святых кнігах асобу з вельмі выразнай і нават “мудрагелістай” асабовасцю. Хрысціянскі Бог сапраўды ёсць Першарухавіком, але Ён з’яўляецца “Першарухавіком з ідыясінкразіямі, то бок вельмі асаблівым Першарухавіком. Такая думка можа сур’ёзна спалохаць нават ненавукоўца. Яна ўздымае тыя ашаламляльныя пытанні, якія абмяркоўвалі многія тэолагі, у прыватнасці Карл Барт, – пытанні накшталт “Чаму Бог з’яўляецца такім Богам, а не якім-небудзь іншым?” (Адказ: Таму што Бог у сваёй свабодзе абраў такі спосаб існавання); “Што вызначае прыроду Бога?” (Адказ: Бог). Барт прыходзіць да высновы, што Божы спосаб жыць і любіць абсалютна Ягоны ўласны, ніякім чынам не прадыктаваны Яму звонку і не абумоўлены ніякай вышэйшай неабходнасцю.
Наколькі мы можам спасцігнуць, гэтая думка палохае. Нават у касмічных міфах, якія мы будуем самі, заўсёды імпліцытна прысутнічае пэўны абмежавальны фактар, які абараняе Сусвет ад хаосу. Калі ёсць злая ведзьма, заўсёды ёсць хросная-фея. Мы не можам пагадзіцца з магчымасцю, што Лекс Лютэр урэшце пераможа Супермэна. Але для Бога няма абмежавальнага фактару, акрамя самога Бога. І нават у гэтым выпадку мы захоўваем надзею, што Бог – такі, якога мы можам спасцігнуць дзякуючы логіцы і розуму. Але Аб’яўленне адкрывае, што гэтыя чаканні марныя. Барт сапраўды робіць выснову, што Бог “не можа быць іншым, чым Ён ёсць”. Але на наша пытанне “Што такое Бог?” нельга адказаць логікай і розумам. Мы павінны прымаць Бога такім, якім мы Яго знаходзім, як адкрыта нам на старонках нашых святых кніг. І Бог, якога мы знаходзім, – гэта той, хто, між іншым, мае відавочную прыхільнасць да бедных і прыгнечаных.
Выбар на карысць убогіх
У пэўным сэнсе шкада, што цяперашні акцэнт на ўбогіх у Касцёле мае выразнае сучаснае паходжанне – канферэнцыя ў Мэдэлін 1968 года і Сінод 1971 года. Тым, хто хацеў бы адасобніцца ад гэтага, занадта лёгка сказаць, што ўсё тое было “навамоднай” ідэяй, якая паходзіла ад святароў-марксістаў. А на самай справе ў Евангеллі няма больш гучных выказванняў, чым сцвярджэнне, што Бог аддае перавагу бедным і адкінутым. Той факт, што біскупы павінны былі звярнуць на гэта ўвагу, паказвае, наколькі паспяховымі былі спробы ўспрымаць Евангелле ў духу рацыяналізму і эканамізму, заглушаючы “Магніфікат”, “Казанне на Гары” і большасць прыпавесцяў.
Праўда ў тым, што Бог вызначаецца сваім выбарам на карысць бедных і патрабуючых. Зразумела, гэта не адзіны спосаб вызначэння Бога, але найважнейшы сярод іншых. Па асаблівых гістарычных прычынах раннія тэолагі былі значна больш заклапочаныя акрэсленнем прыроды Бога ў квазіфіласофскіх катэгорыях, выпрацоўваючы формулы, што Ён – Адзін у трох Асобах і што Ён Усемагутны, мае ўладу, ніякім чынам не абмежаваную. Такі філасофскі падыход спрычыніўся да дэперсаналізацыі Бога. Перш за ўсё, калі Бог мысліцца як “дасканалы”, то ў нас не ўзнікае жадання шукаць адметныя рысы, бо пры нашым абмежаваным разуменні яны могуць разглядацца як Яго недахопы. Можна сказаць пра знаёмага чалавека: “Ён быў цудоўным чалавекам, але быў занадта добрым да жабракоў”, маючы на ўвазе дэфект асабовасці. Па чалавечай логіцы, як св. Павел нястомна паказваў, Бог поўны такіх недахопаў. У прыватнасці, Ён вельмі прыхільна ставіцца да бедных і, магчыма, досыць нацягнута, надзвычай прадузята адносіцца да людзей багатых. “Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае” (Мц 19, 24).
Нягледзячы на тое, што вучонаму, які сядзіць у кожным з нас, напэўна цяжка даць рады з ідэяй “Першарухавіка з ідыясінкразіямі”, мы можам лічыць, што вера ў Яго – больш, чым выклік, гэта штосьці больш сур’ёзнае для нас, чым вера ў нябесны камп’ютар. Людзі хочуць не проста мець “штосьці”, у ва штоверыць, але Кагосьці. Яны прагнуць веры, а не проста лагічнай карціны Сусвету. Бог, якога можна вывесці з дапамогай абстрактных формул, наўрад ці будзе чымсьці большым, чым “штосьці”. Бог хрысціянскага Аб’яўлення, асабліва ўцелаўлёны ў асобе Езуса Хрыста, ёсць найвыразнейшым чынам Кімсьці. Такі Бог можа падштурхнуць нас да дзеяння так, як не можа зрабіць ніякая абстрактная канструкцыя. Выбар на карысць бедных прынёс з сабой веру, якая спрыяе справядлівасці, таму што мы не можам захаваць сваю асабістую цэласнасць, калі заяўляем пра сваю веру ў Бога, але не дзейнічаем у адпаведнасці з тым, чаго Бог сапраўды жадае ад нас.
Выбар на карысць убогіх прыходзіць да нас з Аб’яўлення. Аднак заўсёды існуе небяспека, што ён можа адарвацца ад гэтага Аб’яўлення. Клопат пра бедных, у рэшце рэшт, сам па сабе з’яўляецца каштоўнасцю. Шмат людзей у свеце, якія не цікавяцца Богам, выбралі дапамогу абяздоленым. У той жа час, калі выбар на карысць бедных адыходзіць ад Евангелля і Касцёла, ён губляе свае карані, а іншыя падмуркі, на якія ён абапіраецца, могуць быць не настолькі бяспечнымі. Гэты выбар не абапіраецца на тое, што лічыцца “рацыянальным” у большай частцы сучаснай культуры.
Але ёсць яшчэ адна небяспека, магчыма, больш рэальная для Касцёла нашых дзён. Калі ў процівагу таму, што выбар на карысць убогіх адыходзіць ад Касцёла, сам Касцёл аддаліцца ад прыярэтытнасці такога выбару, важная частка Аб’яўлення можа быць фактычна страчана Касцёлам. Выбар на карысць бедных, калі ён дзейнічае ў жыцці Касцёла, паказвае нам, кім Бог ёсць. Нагадвае нам, што Бог, рэальная Асоба з рэальнай, крыху мудрагелістай асабовасцю, – Бог, які любіць аўтсайдэра і няўдачніка, Бог, якога мы, напэўна, палічылі б вельмі раздражняльным, калі б Ён зноў сышоў да нас, Бог, якога б мы ніколі не ўзялі на працу садоўнікам. Калі мы адмовімся ад выбару на карысць убогіх, можа раптам адкрыцца, што ў нашай літургіі ці ў нашай тэалогіі ёсць не так шмат таго, што прадстаўляе нам Бога асабовага і канкрэтнага, Бога, якога б мы хацелі пазнаць, а не проста ведаць пра Яго.
Біл Тоўнэр SJ
Артыкул “The two gardeners” быў упершыню апублікаваны ў 2003 годзе ў кнізе “Windows on Social Spirituality”, выданай Езуіцкім цэнтрам за веру і справядлівасць.