Сінадальнасць тычыцца не проста працэсу прыняцця рашэнняў. Яна з’яўляецца фундаментальнай рысай касцёльнай тоеснасці, – лічыць падсакратар Дыкастэрыі па служэнню інтэгральнаму развіццю чалавека.
Кардынал Майкл Чэрны падзяліўся думкамі аб сінадальнасці ў артыкуле, які 31 снежня 2020 г. быў апублікаваны на старонках італьянскага езуіцага часопіса “La Civiltà Cattolica”.
Іерарх нагадаў, што Касцёл заклікае да адказнасці ўсіх сваіх членаў, ён цэніць розныя харызматы і служэнні, умацоўвае повязі братэрскай любові. У такім сэнсе трэба разумець важнасць свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла, бо яны пакліканы ўдзельнічаць у кіраванні ім, згодна з заданнямі, роляй і магчымасцямі, якія ім належаць.
Кардынал Чэрны заўважыў, што “калегіяльнасць” тычыцца служэння біскупаў, а “сінадальнасць” з’яўляецца больш шырокім паняццем, бо прадугледжвае ўдзел усяго Божага народу ў жыцці і місіі Касцёла. Гэта той сэнс, які Францішак укладае ў слова “сінод”. Такім чынам гаворка ідзе не толькі пра “касцёльную структуру”, але таксама пра “бачную форму адзінства”, “шлях касцёльнага братэрства, у якім усе ахрышчаныя прымаюць удзел і робяць свой асабісты ўнёсак”.
“Сінадальнасць – гэта шлях, якога Бог чакае ад Касцёла ў трэцім тысячагоддзі”, – падкрэсліў іерарх, цытуючы Святога Айца. Ён нагадаў словы Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”, дзе сінадальнасць акрэслена як “неад’емная ўмова для таго, каб даць Касцёлу абноўлены місійны імпульс”.
Кардынал заўважыў, што Касцёл можа многаму навучыцца ў свецкіх вернікаў у пытаннях, якія тычацца народнай пабожнасці, звычайнай душпастырскай дзейнасці, культуры і сацыяльнага суіснавання. У той жа час патрэбна належная фармацыя свецкіх вернікаў і пераадоленне клерыкальнай ментальнасці, якой уласціва разглядаць свецкіх у падпарадкаванай ролі.
“Суадказнасць усяго Божага народа за місію Касцёла” вымагае яшчэ больш актыўнага ўдзелу свецкіх вернікаў. У гэтым кантэксце кардынал Чэрны адзначыў актуальнасць Апостальскай канстытуцыі “Episcopalis Communio”, выдадзенай Францішкам у 2018 г. Гэты дакумент з’яўляецца крокам наперад пасля Другога Ватыканскага Сабору, бо “ператварае ў касцёльны досвед тэарэтычныя аргументы”. У ім падкрэсліваецца важнасць слухання: Божага народу, пастыраў і Біскупа Рыма. Толькі так сінадальны досвед зможа мець пачатак, а калегіяльнасць будзе знаходзіцца на службе сінадальнасці.
Падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека лічыць, што важнай прыладай сінадальнасці з’яўляецца прынцып перавагі, якая аддаецца бедным. Гаворка ідзе не столькі пра сацыяльнае паняцце, колькі пра тэалагічнае. На думку іерарха, Касцёл павінен перастаць разглядаць бедных выключна як “аб’ект” клопату, але “прызнаваць іх як членаў Божага народу і суб’ектаў уласнага вызвалення”.
У сувязі з гэтым ён нагадаў, што Папа неаднойчы заклікаў да “фактычнай і канкрэтнай” інтэграцыі бедных, мігрантаў, бежанцаў, прызнаючы іх “актыўнымі агентамі евангелізацыі”. “Сустрэча з бедным – гэта шчаслівая магчымасць, каб дазволіць евангелізаваць сабе самому Хрысту”, – дадаў кардынал Чэрны.
Іерарх падкрэсліў, што ўмацаванню сінадальнасці ў Касцёле павінна спрыяць актывізацыя працэсаў навяртання, накіраваных на “інклюзіўную еднасць”, якая будзе ахоплівасць усе часткі Божага народу, асабліва бедных. Без “узаемнага прыняцця” касцёльныя структуры, прылады адзінства, “могуць аказацца недастатковымі для дасягнення тых мэтаў, для якіх былі створаны”, – дадаў падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Крыніца: vaticannews.va