Хоць Каталіцкі Касцёл не мае сваёй адмысловай палітычнай праграмы, паколькі з’яўляецца зачаткам Божага Валадарства на зямлі, аднак існуюць пэўныя прынцыпы, якімі хрысціянін павінен кіравацца ў сваім грамадскім жыцці, у тым ліку беручы актыўны ўдзел у палітыцы.
***
“Вы ўзносіце хвалу Богу перад пасілкам. Добра”, – піша Г. К. Чэстэртан у сваім разважанні, сугучным выказванню св. Ігнацыя, што Бог жыве ва ўсім. “Аднак я благаслаўляю Бога перад канцэртам і операй, благаслаўляю перад спектаклем і пантамімай, і перш чым адкрыю кнігу, благаслаўляю Яго перад тым, як зрабіць эскіз, перад маляваннем, плаваннем, фехтаваннем, боксам, шпацырам, гульнёй, танцамі і благаслаўляю перад тым, як апусціць пяро ў атрамант”. Мы можам дадаць у гэты спіс сваё палітычнае жыццё, упэўненыя ў няспынным Божым дзеянні ў свеце, нават калі мы не заўсёды памятаем пра гэта альбо калі прысутнасць Бога не адразу відавочная.
Калі нашая грамадзянская актыўнасць застаецца адкрытай на пошук Бога ў палітычнай мешаніне, то яна будзе адрознівацца ад таго цёмнага духу, які мы часта знаходзім у навінах і сацыяльных сетках. Магчыма, мы змаглі б атрымаць такія ж плёны, якія прыносіць штодзённы рахунак сумлення: павелічэнне ўдзячнасці, больш глыбокае ўсведамленне Бога ў нечаканых месцах, пакора ў прызнанні ўласных недахопаў у спалучэнні з даверам да спагаднай Божай міласэрнасці, якая дапамагае нам узрастаць. Гэта ўсё дары Духа Святога, якія прынеслі б вялікую карысць палітычнаму жыццю.
Адданасць пошуку Бога ва ўсім – вось што ў першую чаргу прыводзіць нас у палітычнае жыццё. Асновай нашага грамадзянскага ўдзелу з’яўляецца прызнанне годнасці ўсіх людзей, бо кожны створаны на вобраз Божы і носіць аблічча Хрыста – з моманту зачацця аж да натуральнай смерці і на ўсіх этапах паміж імі.
Для разважання і абмеркавання: Здаецца, што палітыка з’яўляецца складаным месцам для пошуку Бога. Якія малітвы і духоўныя практыкі могуць дапамагчы мне ўбачыць Бога, які дзейнічае ў гэтай сферы? |
Крыніца: https://www.jesuits.org/our-work/justice-and-ecology/take-action-2/civic-engagement/11