Гамілія на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
Чытанне святога Евангелля паводле Яна
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. Сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Ян 20, 19-23
Дух дзейнічае няспынна ў Касцёле і ў сэрцах вернікаў
У маёй памяці асаблівым чынам засталося святкаванне ўрачыстасці Спаслання Святога Духа падчас маёй вучобы ў Падуі, у Італіі. У бэнэдыктынскай базыліцы святой Юстыны ёсць вельмі прыгожы звычай: пасля гаміліі з-пад купала касцёла, з вышыні каля 70 метраў, на сабраных вернікаў пачынаюць сыпацца чырвоныя пялёсткі руж — сотні ці нават тысячы пялёсткаў, якія сімвалізуюць языкі полымя, што сышлі на вучняў, як апісвае сённяшняе чытанне з кнігі Дзеяў Апосталаў.
Гэтая традыцыя, як і літургія наогул, павінна дапамагчы вернікам адчуць, што тыя падзеі, пра якія кажа Святое Пісанне, актуальныя і сёння і мы маем магчымасць непасрэдна ўдзельнічаць у гісторыі збаўлення.
Але гэта не быў адзіны асаблівы момант у тым урачыстым святкаванні. Той дзень мне запомніўся таксама тым, якой пяшчотнай любоўю павявала ад маладой сям’і: мамы, таты і іх маленькага дзіцяці, якія сядзелі ў лаўцы перада мной. Знаходзячыся ў велічным касцёле-базыліцы, я адчуў, што Пан хацеў паказаць мне, як дзеянне Духа Святога ўцелаўляецца ва ўзаемнай любові той сям’і — «хатняга Касцёла». Таму дзень Пяцідзесятніцы тады запомніўся мне ў гэтым дыптыху: пялёсткі руж — сімвал агня Духа, і любоў паміж жонкай, мужам і іх дзіцем — плод дзеяння Духа ў сэрцах вернікаў, у «хатнім Касцёле».
Дзень Пана — успамін Уваскрасення Езуса і дару Духа Святога
Кожную нядзелю мы, хрысціяне, святкуем не толькі Уваскрасенне Езуса, але і дар Спаслання Духа Святога, якое адбылося праз сем тыдняў, у дзень Пяцідзесятніцы. Менавіта Дух Суцяшыцель нясе збаўчую моц перамогі Езуса над смерцю і дар новага жыцця ў сэрца кожнага, хто верыць. Евангеліст Ян па-свойму падкрэслівае еднасць гэтых дзвюх падзей: паўстання Езуса з мёртвых і дару Духа Святога. Уваскрослы Пан дыхнуў на вучняў, сабраных у Вячэрніку за закрытымі дзвярыма, кажучы: «Прыміце Духа Святога».
Прысутнасць Уваскрослага Хрыста немагчыма аддзяліць ад дзеяння Духа.
Калі Евангелле кажа пра подых Езуса, які нясе ў сабе жыватворчую моц Духа, мы павінны ўспомніць аповед пра стварэнне чалавека: «Пан Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця, і стаў чалавек жывой істотай» (Быц 2, 7). Уваскрослы Езус — крыніца новага жыцця, новага стварэння.
Можам задаць пытанне, чаму гэта так, то бок чаму Пісанне падкрэслівае, што менавіта пасля Пасхі Езуса, пасля Яго смерці і ўваскрасення, прыходзіць час на дар Духа вернікам?
Дух-Жыватворца дзейнічае ад самага пачатку стварэння Сусвету; без Яго не можа быць ніякага жыцця. Але паўната Яго жыццядайнай моцы аб’яўляецца менавіта ў тым, што Ён вяртае да новага, праслаўленага жыцця Езуса, Сына Божага і Сына Чалавечага, як першага сярод усіх Яго братоў і сясцёр. Сэнс Уваскрасення Хрыста не ў тым, каб Яго новае жыццё засталося толькі ў Ім, але каб яно дзейнічала ва ўсіх, дзеля каго Ён прыйшоў: каб мы станавіліся «новым стварэннем» (2 Кар 5, 17). Менавіта Дух дае нам гэты «новы подых» у жыцці, дзень пры дні, і асаблівым чынам Яго моц яўляецца, калі Ён падымае нас з нашых «маленькіх смерцяў»: калі мы губляем веру і надзею, калі блукаем у жыцці, збочваем з простай дарогі, калі губляемся ў эгаізме і засяроджанасці на сабе.
Абвяшчаць «вялікія справы Божыя», ідучы за натхненнем Духа
Тое, што Дух Святы, Дух Уваскрослага Езуса здзяйсняе ў нашым жыцці, не можа застацца толькі нашым «здабыткам», нашай уласнасцю. Вяртаючыся да апісання дня Пяцідзесятніцы ў Дзеях Апосталаў, мы бачым, што Дух падштурхоўвае вучняў дзяліцца, абвяшчаць «вялікія справы Божыя» тым, хто прыйшоў на свята ў Ерузалем. Адбываецца цуд: іх словы становяцца зразумелымі, хоць іхнія слухачы паходзяць з розных месцаў і гавораць на розных мовах.
Тут рэч не ў суперздольнасці імгненна вывучыць чужую мову, але ў тым, што і як яны абвяшчаюць і Хто дзейнічае праз іх.
Гэтая падзея, адваротная змяшэнню моў пры будове Бабілёнскай вежы: там людзі перасталі разумець адзін аднаго, бо іхні праект быў скіраваны на жаданне праславіць саміх сябе. У дзень Пяцідзесятніцы тыя, хто атрымалі дар Духа і напоўніліся новым жыццём, праслаўляюць «вялікія справы Божыя»: іх «вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца» (пар. Мц 12, 34). Напэўна, тая сапраўдная, глыбокая радасць, якую толькі Божы Дух можа даць, дапамагала, каб словы былі зразумелымі і пераканаўчымі для слухачоў.
Дух Святы — крыніца адзінства праз любоў
Святы Павел нагадвае нам, што толькі Дух Святы стварае сапраўднае адзінства ў чалавечай супольнасці. Адзінства, якое паходзіць ад Бога, не адмаўляе таго, што па-сапраўднаму асабістае і адметнае ў кожным з нас як непаўторных дачках і сынах Божых, а наадварот, дазваляе праявіцца ўсяму багаццю асобы кожнага і кожнай з нас.
Праз дзеянне Духа, калі мы сапраўды адкрываем Яму дзверы сэрца, нашае жыццё становіцца часткай «вялікіх справаў Божых», а нашая гісторыя — старонкай вялікай Гісторыі Збаўлення.
Дух Уваскрослага Езуса, Дух Божай любові няспынна імкнецца ўцелавіцца ў нас як Яго святынях: у нашых жаданнях, словах, учынках, і такім чынам дазваляе нам разам будаваць цела Касцёла (пачынаючы ад «хатніх касцёлаў», часткай якіх кожны з нас з’яўляецца) як жывога арганізму, пра які піша святы Павел — цела, у венах якога цячэ любоў. Дазволім Святому Духу натхніць нас, каб Яго любоў ўсё больш станавілася матывацыяй нашых слоў і учынкаў.
Віктар Жук SJ