Гамілія на ІV Велікодную нядзелю, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Яна
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых». Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я – брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, – гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.
Ян 10, 1-10
Вобраз пастыра, статку, пашы быў знаёмы слухачам Езуса: у Старым Запавеце часта адносіны паміж Ягвэ і народам Ізраэля параўноўваюцца менавіта з тым, як пастыр, пастух пасвіць сваіх авечак. З іншага боку, у святых пісаннях таксама лідараў Ізраэля — каралёў, суддзяў, святароў — называлі пастырамі народу, і вельмі часта, на жаль, яны кепска спраўляліся з тым заданнем, якое ім было даверана.
Пастух павінен ахоўваць жыццё і дабрабыт статку, забяспечваць авечак ежай і вадой, знаходзіць сховішча на ноч, бараніць ад драпежных звяроў… Гэта сціплы і адначасова нялёгкі занятак, які патрабуе высілку, цярплівасці, вытрымкі. Абагульніць гэтую працу можна словам «апека, клопат».
Менавіта ў апецы і клопаце павінна выражацца праца і тых, каму дадзена ўлада, адказнасць за іншых, і гэта таксама найчасцей патрабуе сціплага высілку, служэння на карысць іншых.
Але часта не толькі ў досведзе Ізраэля, але і ва ўсе часы і паўсюль надта прывабнай для тых, хто мае ўладу (на жаль, не толькі свецкую, але і рэлігійную, сакральную), з’яўляецца спакуса выкарыстаць яе не дзеля служэння іншым, а дзеля ўласнай карысці. І тады тое, што павінна паслужыць дабрабыту «авечак», становіцца набыткам нешматлікіх «выбраных».
Езус жа кажа пра зусім іншы стыль стаўлення пастыра: пра жаданне даць авечкам найлепшае, пра «асабісты падыход», у якім кожную з іх пастыр кліча па імені, а не лічыць проста адзінкай з натоўпу. Праз свае словы наш Пан закранае глыбокае жаданне ў сэрцы кожнага і кожнай з нас: каб да мяне адносіліся з увагай і шчырым клопатам, каб маё імя вымаўлялася з любоўю, каб хтосьці вывеў мяне на прастору, дзе я знайду «пашу», паўнату жыцця. Словы Езуса нагадваюць нам, што наш шлях праз жыццё — не ў самоце, у цемры, а ў прыманні апекі і клопату як выразу любові і асабістай увагі Пана; гэта шлях следам за Ім, а не блуканне ў бясплодных пошуках.
Мы можам настолькі прызвычаіцца да такога стаўлення, дзе ад нас толькі нехта патрабуе, дзе чалавек — гэта выключна рабочая сіла, падаткаплацельшчык або спажывец, што нам цяжка паверыць у нейкую іншую магчымасць.
Найгорш, калі пагаджаемся, што гэта і ёсць норма ў адносінах, калі — свядома ці несвядома — пачынаем паводзіць сябе падобным чынам, ставіцца да іншых, зыходзячы выключна з пазіцыі сваёй уласнай карысці. Інакш кажучы, калі не верым, што бескарыслівая любоў і шчыры клопат — гэта сутнасць нашага існавання. Езус, наш добры Пастыр, сёння нагадвае нам, што нашае ўспрыманне адносінаў паміж асобамі патрабуе пастаяннага навяртання. У нас ёсць патрэба вяртацца зноў і зноў да той крыніцы, дзе мы атрымліваем асабістую любоў і апеку і вучымся адносіцца такім жа чынам да іншых — перш за ўсё да нашых блізкіх, але не толькі да іх. Тое, якія канкрэтныя формы гэтае адноўленае стаўленне будзе прымаць у нашай рэчаіснасці, залежыць ад розных абставін і ад нашай крэатыўнасці, якая з’яўляецца дарам Духа, але заўсёды можна пачаць ад найпрайсцейшага — добрага слова, усмешкі, прабачанай крыўды, гатоўнасці дапамагчы, выслухаць і падзяліцца…
Менавіта такім чынам мы знойдзем багатую пашу, знойдзем дабрабыт і прастору для душы, бо сапраўднае багацце паводле логікі Евангелля — не тое, што мы набываем і назапашваем для сябе, а тое, што мы аддаем іншым. Вобраз прасторы, адкрытага месца, які прысутнічае ў словах Пана Езуса, кантрастуе з тым, у якіх абставінах многія з нас апынуліся сёння з прычыны эпідэміі, вымушаныя знаходзіцца ў закрытых памяшканнях, чакаючы, калі зможам зноў свабодна перамяшчацца.
Але і наша душа патрабуе таго, каб выйсці з закрытасці, з хранічнай хворай засяроджанасці на саміх сабе.
Толькі такім чынам мы адкрыемся для паўнаты жыцця, якой для нас жадае Езус, дзеля чаго Ён і прыйшоў да нас.
Езус — адзіны сапраўдны добры Пастыр. Ён не толькі працаўнік дзеля нашага дабра, не толькі «дзейнічае, як і Айцец дзейнічае» (пар. Ян 5, 17). Езус аддае сваё жыццё за авечак, і такім чынам паказвае нам, якія мы каштоўныя для Яго і для Айца. Праз сакрамэнты, праз Яго слова, прынятае з верай, праз дар Духа Святога мы жывімся Яго жыццём. Няхай кожны з нас сёння пачуе нанава Ягоны голас, які з любоўю і апекай прамаўляе нашае імя; няхай гэты голас вывядзе нас з нашых «загонаў», з нашай закрытасці на багатую пашу, дзе мы можам з радасцю дзяліцца дарам Божай любові і апекі з іншымі.
Віктар Жук SJ
Выява: Yongsung Kim “Ранішняя паша”