Ігнацый Лаёла (Ignacio de Loyola) нарадзіўся ў 1491 г. у радавым замку ў іспанскай краіне Баскаў. Ён быў трынаццатым дзіцём у сям’і. Адпаведна звычаю свайго часу, атрымаў хатняе выхаванне. Ягонае юнацтва прайшло пры двары – ён быў пажом Хуана Веласкеса, скарбніка іспанскага караля. У складзе каралеўскай світы шмат падарожнічаў па краіне. Пасля смерці апекуна Ігнацый перайшоў на службу да віцэ-караля Навары.
Падчас франка-іспанскіх бітваў апынуўся ў абложанай Памплоне, дзе і адбыліся падзеі, якія вызначылі ягоны лёс. 20 мая 1521 г. Ігнацый быў цяжка паранены ў нагу. Доўгі перыяд рэабілітацыі прымусіў яго заставацца ў сваім радавым замку. У яго было шмат часу на чытанне кніг і разважанні. Менавіта тады ён перажыў навяртанне. Ігнацый вырашыў пакінуць свецкае жыццё, бляск і марнасць якога пачалі яго гнясці, і прысвяціць сябе служэнню Богу.
У той час ён яшчэ не бачыў яснай карціны сваіх дзеянняў, але ў душы ўжо з’явіліся першыя парасткі духоўнага прасвятлення, якія пазней ўцелавіліся ў “Духоўных Практыкаваннях”. Натхнёны бачаннем Найсвяцейшай Панны, Ігнацый канчаткова выбірае шлях хрысціянскага ўдасканалення.
Найперш ён марыў наведаць зямлю, па якой хадзіў Збаўца. Такое рашэнне патрабавала грунтоўнай падрыхтоўкі, і Ігнацый накіраваўся ў знакаміты кляштар Мансерат. Далей шлях павінен быў прывесці яго ў Барселону – адзін з найбуйнейшых партоў Міжземнага мора. Аднак, па невядомай прычыне, Ігнацый спыніўся паблізу – у Манрэсе. Адзінаццаць месяцаў ён правёў там у напружанай унутранай барацьбе, сумневах, падазронасці і спакусах, якія часам даводзілі яго да шалу, але таксама атрымаў незвычайнае духоўнае прасвятленне. Адна з найважнейшых падзей гэтага перыяду ўзлётаў і падзенняў душы – візія на рацэ Карданэр, калі “ён зразумеў і спазнаў мноства рэчаў – як духоўных, так і пра веру і навукі”, атрымаўшы “вялікую яснасць разумення”, надзвычай інтэнсіўную (“Апавяданне пілігрыма”, 30). У Манрэсе Ігнацый духоўна пасталеў і падужэў. Выпрабаванні стануць пасля ключом да наступных дзеянняў і лягуць у аснову ягонай кнігі “Духоўных Практыкаванняў”.
У 1523 г. Ігнацый выпраўляецца ў Рым, адкуль праз Венецыю ў рэшце рэшт дабіраецца да Святой Зямлі. Ягоным жаданнем было застацца там назаўжды, але, паслухмяны патрабаванню папскага пасланніка, ён скончыў сваё пілігрымаванне і вярнуўся ў Іспанію.
У трыццаць тры гады ён сеў на школьную лаўку, каб вывучыць лаціну. Затым у Алкале і Саламанцы слухаў лекцыі па філасофіі. Там Ігнацыя чакала новае выпрабаванне – абвінавачванне ў ерасі. Яго жабрацкая вопратка і аскетычны стыль жыцця занадта кідаліся ў вочы. Акрамя таго, Ігнацый настаўляў і прапаведваў, не маючы на тое афіцыйнага дазволу. Усё гэта выглядала падазроным для інквізіцыі: ці не з’яўляецца ён адным з тых alumbrados, членаў секты, якая моцна непакоіла касцёльную ўладу ў Іспаніі. Пасля расследавання абвінавачванні былі знятыя, аднак, амаль два месяцы Ігнацыю давялося правесці ў вязьніцах.
Гэтыя цяжкасці не спынілі Ігнацыя. У 1528 г. ён прыехаў у Парыж, каб працягнуць навучанне. Паглыбляючы веды, ён слухаў лекцыі па тэалогіі. Вучоба не давалася Ігнацыю лёгка. Ён жыў з міласціны, якую ўдзялялі багатыя іспанскія купцы. Нягледзячы на ўсе турботы, ён сустрэў у Парыжы верных сяброў, якія падзялялі ягоныя погляды: Францішак Ксаверы, П’ер Фабэр, Дыега Лаінэс, Сымон Радрыгес, Мікалай Бабадзілья, Альфонса Сальмерон. 15 жніўня 1534 г. на Манмартры яны склалі ўрачыстыя шлюбы – беднасці, чыстасці і безумоўнай паслухмянасці Папе – Намесніку Хрыста на зямлі. Акрамя таго, сябры прынялі рашэнне здзейсніць пілігрымку ў Святую Зямлю.
Неўзабаве Ігнацый павінен быў пакінуць сваіх таварышаў і выправіцца ў Лаёлу, каб умацаваць сваё хісткае здароўе. Астатнія шляхам пілігрымаў накіраваліся ў Венецыю. Там яны планавалі сустрэцца і сесці на карабель у Палесціну. Але зносіны Венецыянскай Рэспублікі і Усхода змяніліся, і візіт у Святую зямлю стаў немагчымым. Сябры засталіся і пачалі рыхтавацца да святарскага пасвячэння. Увесь вольны час аддавалі хворым у бальніцах, выконваючы самую цяжкую і брудную працу. Ігнацый, вярнуўшыся з Лаёлы пасля лячэння, атрымаў пасвячэнне 24 чэрвеня 1536 г. Усе разам яны выправіліся ў Рым з надзеяй знайсці там адказ адносна сваёй будучыні.
У Ла Сторта па дарозе ў Вечны горад Ігнацый перажыў новае бачанне, якое ўзрушыла яго да глыбіні душы. Хрыстус, прыгнечаны цяжарам крыжа, зацвердзіў намер сяброў прысвяціць сваё жыццё служэнню па Яго прыкладу. Шляхам доўгіх развагаў і сумесных абмеркаванняў яны прыйшлі да разумення, якім чынам возьмуцца за ажыццяўленне сваёй задумы. Тады і з’явіліся першыя накіды Канстытуцый, так званая “Формула Інстытуту”, якую папа Павел ІІІ ўрачыста зацвердзіў 27 верасня 1540 г. Гэты дзень стаў па-сапраўднаму важнай падзеяй у гісторыі Касцёла. Ігнацый быў выбраны настаяцелем і разам са сваімі паплечнікамі склаў шлюбы ў заснаваным Ордэне.
З гэтага моманту Ігнацый пастаянна прабываў у Рыме. Ён клапаціўся аб самых бедных, прыніжаных і бяздольных. Незвычайна цёпла адносіўся да сіротаў, хворых, жанчын, вымушаных жыць у распусце. Шмат часу прысвячаў духоўнаму кіраўніцтву і ліставанню. Аднак найбольш увагі патрабавалі праблемы ордэна, які вельмі хутка разрастаўся. Прадстаўнікі Таварыства з’явіліся ў многіх еўрапейскіх краінах і на місіях. Ігнацый вырашаў пытанні арганізацыі навучання, клапаціўся аб духоўным і інтэлектуальным развіцці маладых езуітаў, а таксама абараняў ордэн ад розных нападак.
Ігнацый быў геніяльным настаяцелем. Ён працаваў з людзьмі самааддана, патрабавальна, але пры гэтым добразычліва, з бацькоўскай цярплівасцю і разуменнем. У Канстытуцыях, якія нарадзіліся ў малітве, містычным досведзе і слязах, вобраз ідэальнага настаяцеля выразна адлюстроўвае ягоны ўласны партрэт. Канстытуцыі Таварыства Ігнацый ствараў на працягу многіх гадоў. Дні і ночы ён праводзіў у малітве, выпрошваючы натхнення з нябёсаў, і пакрысе, адкідаючы лішняе, склаў сістэму кіравання адначасова моцную і гнуткую, дзейсную ў самых разнастайных умовах.
Ігнацый не шкадаваў сябе ў служэнні, якое нёс на мяжы сваіх сіл і здароўя. Ён памёр у Рыме без розгаласу і фанфараў 31 ліпеня 1556 г. Сваім нашчадкам ён пакінуў увесь свой вопыт, захаваны ў рукапісах і тысячах лістоў да розных людзей, тры з якіх – аб паслухмянасці, беднасці і манаскай дасканаласці – увайшлі ў спіс абавязковага чытання для членаў многіх ордэнаў. Духоўнай пярлінай з’яўляецца таксама “Апавяданне пілігрыма” – частка гісторыі Ігнацыя, напісаная пад яго дыктоўку, дзе ён смела адкрывае складаныя перыпетыі яго пошуку Божай волі. Захаваўся і фрагмент Духоўнага дзённіка – бясцэннага сведчання містычнага досведу заснавальніка Таварыства Езуса. Аднак найбольшае значэнне ў гісторыі манаскага жыцця і развіцці хрысціянскай духоўнасці набылі два асноўныя творы: “Канстытуцыі Таварыства Езуса” і “Духоўныя Практыкаванні”, – маленькая кніжачка, якая ўжо некалькі стагоддзяў натхняе тысячы верных сыноў Ігнацыя, а таксама незлічоную колькасць тых, якім блізкі дух гэтага незвычайнага святога, які шукаў Бога ва ўсім і імкнуўся чыніць усе справы дзеля большай хвалы Божай.