3 студзеня Каталіцкі Касцёл успамінае ў літургіі Найсвяцейшае Імя Езуса, якім было названае Дзіця Марыі ў восьмы дзень пасля нараджэння, згодна звычаю. Гэты дзень з’яўляецца тытулярным святам Таварыства Езуса, якое носіць імя Збаўцы. Да нядаўняга часу езуіты святкавалі яго разам з урачыстасцю Багародзіцы 1 студзеня – на восьмы дзень ад Божага Нараджэння, але некалькі год таму генеральны настаяцель Адольфо Ніколас вырашыў перанесці ўспамін, каб адзначаць яго разам з усім Касцёлам. Манаграма IHS, якая абазначае Найсвяцейшае Імя, часта сустракаецца ў дэкоры святынь і іншых будынкаў, звязаных з ордэнам езуітаў. Хоць шанаванне Імя Езуса было ўведзена яшчэ да заснавання Таварыства, яно шырока распаўсюдзілася, дзякуючы менавіта езуітам. Манаграма з лацінскіх літар першапачаткова была транскрыпцыяй трох грэцкіх літар (ёта, эта, сігма), якія выкарыстоўваліся для скарачэння імя Езуса (іх можна сустрэць на грэцкіх іконах, у манускрыптах). У лацінскай традыцыі гэтыя тры літары былі “раскрытыя” пры дапамозе выразу “Iesus Humanum Salvator” (“Езус, Збаўца людзей”).
Кароткая гісторыя
Абрэвіятура IHΣΟΥΣ на грэчаскай мове азначае “Езус”, у форме ΙΗΣ (“IHS”) сустракаецца ў рукапісах з другога стагоддзя, але менавіта ў Сярэднявеччы паўстала традыцыя асаблівага ўшанавання імя Езуса. Св. Ансэльм, арцыбіскуп Кентэрберыйскі XII ст., напісаў вельмі папулярную “Малітву да імя Езуса”. Святы Бэрнард Клервоскі, вялікі рэфарматар цыстэрцыянаў, у сваёй знакамітай пропаведзі назваў Найсвяцейшае Імя бальзамам, які валодае трыма якасцямі: лечыць, сілкуе і прасвятляе.
Менавіта ў XV стагоддзі францішканін, святы Бэрнардын Сіенскі, даў новы творчы імпульс пабожнасці. У канцы сваіх пропаведзяў ён выстаўляў таблічку з залатымі літарамі Найсвяцейшага Імя. Гэта было ўспрынята з энтузіязмам, але, як заўсёды, для некаторых было занадта папулярным. Дамініканін Джыралама Саванарола абвінаваціў Бэрнардына ў тым, што ён ставіцца да гэтага, як да нейкіх чараў, і выклікаў яго ў Рым. Аднак Папа Марцін V выслухаў паважлівы і грунтоўны выклад культу Імя Езуса і ўсім сэрцам падтрымаў гэтую пабожнасць, даючы Бэрнардыну падтрымку і аўтарытэт. І ўсё ж, каб прадухіліць любую будучую спробу знішчыць энтузіязм да Найсвяцейшага Імя, Папа папрасіў дадаць крыж да літар, каб “Ihs” стала “Iħs”, як можна ўбачыць на гербе Папы Францішка. Крыж часта або лунае над літарай “h”, або з’яўляецца яе часткай.
Пазней дамінікане стваралі Брацтвы Найсвяцейшага Імя Езуса. Жанна д’Арк, як вядома, таксама вельмі шанавала Імя Езуса, яе перадсмяротнымі словамі былі “Езус, Езус, Езус”… Усё гэта адбывалася яшчэ да таго, як з’явілася Таварыства Езуса. Такім чынам, хоць абрэвіятуру Ihs або Iħs часта звязваюць з езуітамі, добра памятаць аб усёй гісторыі і аб тым, што Найсвяцейшае Імя Езуса ўшаноўваецца ўсім Касцёлам.
“І няма ні ў кім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы можам атрымаць збаўленне,” – абвяшчае апостал Пётр перад Сінэдрыёнам пасля аздараўлення кульгавага ад нараджэння (Дз 4, 12).
На выявах з міланскага касцёла езуітаў San Fedele манаграма IHS мае незвычайны элемент – постаць Дзіцяці Езуса. Традыцыйна там знаходзіцца сімвал крыжа. Няхай жа ў калядны час гэтыя вобразы нагадаюць нам, што Бог дзеля нашага збаўлення выбраў прыйсці да нас, як малое безабароннае дзіця.