Што азначае SJ?
Пасля свайго прозвішча кансэкраваныя асобы звычайна дапісваюць лацінскі скарот сваёй супольнасці. Поўная назва ордэна – Таварыства Езуса (ТЕ). Першапачаткова скарачэнне лацінскай назвы ордэна “Societas Iesu” выглядала “SІ”: у класічнай лацінскай мове няма літары “J”, але пазней яе пачалі ўжываць у лацінскай арфаграфіі, і так з’явілася альтэрнатыўнае скарачэнне “SJ”. Аднак у наш час яно часта расшыфроўваецца са спасылкай на англійскую мову, на якой Таварыства Езуса гучыць “The Society of Jesus”.
Якія абяцанні складаюць езуіты?
У канцы навіцыяту кожны навіцый складае тры вечныя абяцанні. Менавіта вечныя, так! Езуіты – адзіны ордэн, у якім няма часовых абяцанняў. Гэта абяцанні чысціні, беднасці, паслухмянасці.
І толькі пасля апошняга этапа фармацыі (т.зв. “трэцяй прабацыі”), які адбываецца праз некалькі год пасля святарскага пасвячэння, езуіт складае яшчэ раз вечныя абяцанні, але публічна і ўрачыста, разам з чацвёртым абяцаннем – паслухмянасці Святому Айцу, што падразумявае гатоўнасць прыняць ад яго любую апосталькую місію.
У чым сутнасць абяцання чысціні?
Сутнасць абяцання чысціні добра перадае рускае слова “целомудрие”, якім перакладаецца грэцкае “sophrosyne” (сафрасюнэ): такім чынам падкрэсліваецца, што гэтае абяцанне датычыць усёй чалавечай асобы. Таму можна сказаць, што ўсё, што езуіт робіць, змешчана ў абяцанні чысціні. Яго сутнасць – гэта любоў, і езуіт пакліканы жыць любоўю. Абяцанне чысціні палягае на поўным адмаўленні ад сужэнства і ад сэксуальнага задавальнення праз цалкавітае прысвячэнне сябе любові і службе Божай.
У чысціні, якую абяцае езуіт, можна вылучыць: матэрыяльны складнік – ім з’яўляецца рэальнае ўстрыманне ад сужэнства і ўсіх чынаў, якія супярэчаць цноце чысціні, а таксама фармальны складнік як рашучы намер весці такі лад жыцця дзеля Божага валадарства, каб тым самым мацней любіць Бога і бліжняга. Звыш таго, паколькі гэта мае быць дасканалая чысціня, павінна быць назаўсёды – ад моманту абяцання і да канца жыцця.
Маецца на ўвазе чысціня цела і сэрца, уключна з чысцінёй пачуццяў, сціпласцю паводзінаў адносна сябе і іншых, а таксама чысціня душы.
У чым сутнасць абяцання беднасці?
Беднасць езуіт увасабляе ў сваім жыцці, вольны ад рэчаў і залежны ў валоданні імі.
“Вольны ад рэчаў” езуіт – той, хто не баіцца штосьці страціць, не хвалюецца, што нечага не хопіць. Усё, што мае і так яму не належыць, але дадзена ордэнам, каб як найлепш абвяшчаць Езуса Хрыста. “Залежнасць” палягае на тым, што не мае, чаго заўгодна, і не мяркуе, што “зарабіў”, “заслужыў” на нешта. Усё, што мае, атрымаў ад ордэна або са згоды ордэна. Езуіт павінен умець жыць і ў дабрабыце, і ў галечы. Стараецца быць кампетэнтным і прафесійным у абвяшчэнні Евангелля, але не забываецца, што толькі Дух Святы дае плёны.
На практыцы беднасць выражаецца праз:
– крытэрый выбару працы (не дзеля грошай),
– працавітасць і адданасць справе,
– дармовасць працы, таксама пры дзяленні ведамі,
– аддаванне настаяцелям усіх заробленых грошай,
– назіранне, ці карыстанне той ці іншай рэччу не спакушае іншых,
– сціпласць адзення (акуратнае, зручнае, але без празмернасці),
– у лакальнай супольнасці – гэта адзін альбо два аўтамабілі сярэдняга класа, якія (як і іншая маёмасць) належаць усёй супольнасці і нікому асабіста.
У чым сутнасць абяцання паслухмянасці?
Паслухмянасць – характэрны знак Таварыства Езуса. Яна сцісла злучана з заснавальнікам ордэна святым Ігнацыем Лаёлам. Ён заўсёды кожнай справе аддаваўся поўнасцю, таму гатоўнасць (паслухмянасць і дысцыплінаванасць) з’яўляюцца прысвячэннем сябе дарэшты нашаму Збаўцу і Настаўніку, а не жорсткім прытрымліваннем “правілаў” ордэна. Менавіта так езуіты разумеюць паслухмянасць: поўная адданасць Богу, а не правілам і прадпісанням. Дысцыплінаванасць – жаўнерская рыса, а езуіт знаходзіцца на полі бітвы, якая ідзе паміж Езусам і непаслухмянасцю сатаны.
Паводле думкі Ігнацыя, паслухмянасць дае ордэну плённасць дзеяння, адзінства, надзейнасць, згуртаванасць, трываласць і эфектыўнасць. У адным з лістоў св. Ігнацый піша:
Лепш пакінем іншым ордэнам апярэдзіць сябе ў пастах, чуваннях і іншых цяжарах (…), але што датычыцца дасканалай і сапраўднай паслухмянасці і адрачэння ад сваёй волі і свайго меркавання, то я хацеў бы, каб менавіта гэтым адзначаліся ўсе, хто ў Таварыстве Богу служыць.
Даручэнні і намеры настаяцеля ўсе езуіты павінны прымаць з адкрытым сэрцам, ставячыся асабіста і адказна. Гэта зусім не выключае дзейснага супрацоўніцтва з настаяцелямі, падавання ўласных прапаноў ці пярэчанняў. Кожны езуіт павінен з пакорай і ўмеранасцю камунікаваць з настаяцелямі. Тым не менш такая пастава вымагае гатоўнасці падпарадкавацца ў канчатковым рахунку волі настаяцеля. Мая паслухмянасць як езуіта павінна быць сляпой, але ў тым значэнні, што я з даверам прымаю распараджэнні настаяцеля, а не ў тым, што настаяцель бярэ ўсю адказнасць замест мяне. Крытычны падыход да рашэнняў настаяцеля адпавядае абяцанню езуіцкай паслухмянасці.
Ігнацый прагнуў звышпрыроднай паслухмянасці. Але ніколі езуіт не павінен узводзіць настаяцеля ў ранг боскай асобы. З дапамогай Святога Духа езуіт павінен у яго словах і намерах распазнаваць Божую волю, адначасова заўважаючы ў ім звычайныя чалавечыя рысы. Адзначым, што настаяцель не можа загадваць нічога, што з’яўляецца грахом.
Чым займаецца езуіт?
Езуіты – людзі місіі. Рэгіянальны настаяцель кожнаму даручае пэўнае заданне (часам, не адно), улічваючы, з аднаго боку, здольнасці, зацікаўленасці і абмежаванні езуіта, і з другога боку, патрэбы Таварыства Езуса, звязаныя з выкананнем місіі, атрыманай ад Касцёла.
Ці носяць езуіты сутану або габіт?
Езуіты свабодныя ад нашэння манаскіх або касцёльных вопратак. Толькі ў выпадку неабходнасці і патрэбы дзеля выканання місіі члены Таварыства Езуса могуць выкарыстоўваць афіцыйны касцёльны строй.
Хто такія навіцыі?
Навіцыі або паслушнікі – езуіты на першым этапе фармацыі, які называецца навіцыятам. На працягу 2 гадоў яны прысвячаюць сябе малітве, жыццю ў супольнасці, прасякаюцца таямніцамі ігнацыянскай духоўнасці, выпрабоўваюць сябе ў апостальскім служэнні.
Хто такія браты?
Служэнне ў Таварыстве Езуса не абмяжоўваецца святарскай працай. Каб тыя, хто прымае ўдзел у сакрамэнтальным святарстве Хрыста, маглі найлепшым чынам выкарыстоўваць час і інтэлектуальную падрыхтоўку на карысць душпастырства або выканання асаблівых заданняў, ёсць людзі, якія служаць Богу клопатам пра базу для функцыянавання ордэна. Яны забяспечваюць спаўненне місіі.
Браты ў Таварыстве, паколькі маюць ідэнтычнае са святарамі пакліканне ісці за Хрыстом дарогай евангельскіх парадаў (паслухмянасць, чысціня і беднасць), праходзяць тую ж самую фармацыю: пасля навіцыята і адпаведнай падрыхтоўкі, складаюць манаскія абяцанні і ўдзельнічаюць ва ўсіх заслугах Ордэна. Аднак не з’яўляюцца выбранымі праз Касцёл для святарскага пасвячэння. Браты прысвячаюць сваё жыццё служэнню Касцёлу ў Таварыстве Езуса.
Хто такія схаластыкі?
Ад лац. scholasticus – студэнт. Так называюць езуітаў, якія праходзяць фармацыю дзеля таго, каб стаць святарамі.
Хто такія прафесы?
Ад лац. professio – вызнанне, публічная заява. Гэта езуіты-святары, якія склалі апошнія абяцанні.
Чаму езуіты кажуць, што яны не манахі?
У тэрміналогіі Каталіцкага Касцёла адрозніваюць “манахаў” (лац. monachus), якія вядуць кантэмпляцыйнае жыццё (звычайна ў адным кляштары), і “кансэкраваныя асобы” (лац. religiosus), якія вядуць апостальскае жыццё, г.зн. дзейнае. Езуіты адносяцца да апошніх.
На чале Таварыства Езуса стаіць “генерал”. Ці не з’яўляецца гэта прыкметай ваеннай арганізацыі ордэна езуітаў?
Слова “генерал” у дадзеным выпадку з’яўляецца скаротам тэрміна “генеральны настаяцель”, таму да ваеннай тэрміналогіі не мае дачынення.
Як стаць езуітам?
Калі ў сэрцы адчуваеш прагненне служыць Богу і разважаеш над дарогай жыцця ў ордэне езуітаў, то найперш прапануем пазнаёміцца з асноўнымі характэрнымі рысамі нашага паклікання.
Колькі часу займае езуіцкая фармацыя?
Ад моманту ўступлення ў навіцыят да апошніх абяцанняў праходзіць прыкладна 15-20 год, неад’емнай часткай з’яўляецца апостальская дзейнасць.
Якая працэдура ўступлення ў Таварыства Езуса?
Звычайна кандыдаты падтрымліваюць рэгулярны кантакт з езуітамі, з адказным за пакліканні альбо духоўным кіраўніком. У нашым рэгіёне кандыдату перад навіцыятам неабходна прайсці прэнавіцыят, што дае магчымасць Таварыству і кандыдату пазнаёміцца лепш, каб рашэнне, якім бы яно ні было, прынята было свядома.