Кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк прысвяціла сваё даследванне незвычайнаму езуіту, жыццё якога было ахвярным служэннем Богу і людзям на тэрыторыі Беларусі ў савецкі час.
Парафіяне вёсак Краснае Маладзечанскага раёна і Солы Смаргонскага да сённяшняга дня згадваюць часы, калі ў іх касцёлах служыў кс. Юзаф Марсангер. Святар, які ведаў кс. Юзафа асабіста, даў яму дзве кароткія, яркія і вельмі трапныя характарыстыкі. Ён назваў яго апошнім магіканінам і дадаў, што ксёндз Юзаф — гэта постаць, якая хутка стане легендай [1].
Юзаф Марсангер нарадзіўся 23 сакавіка 1902 г. у Кракаве ў сям’і чыгуначніка Фердынанда і Людвікі (у дзявоцтве Раўскай). У Кракаве скончыў гімназію [2]. У 17 гадоў Юзаф Марсангер уступіў у навіцыят ордэну езуітаў у Старай Всі. Адбылося гэта 29 верасня 1919 года. У 1923-1936 гг. вывучаў філасофію, тэалогію і класічную філалогію ў духоўнай акадэмііі «Бабалянум» у Любліне [3] і ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя [4]. Святарскае пасвячэнне атрымаў з рук біскупа Адольфа Юзафа Елавіцкага 23 чэрвеня 1935 г. у Любліне. Амаль 20 гадоў вучобы грунтоўна падрыхтавалі яго да выкладчыцкай дзейнасці. У сваёй аўтабіяграфіі кс. Марсангер адзначаў, што пасля заканчэння навучання і да акупацыі Вільні немцамі працаваў у віленскіх школах выкладчыкам рэлігіі. З 1939 да 1940 г. працаваў толькі ў езуіцкай гімназіі. На працягу 1941 г. выконваў выключна святарскія абавязкі ў езуіцкім касцёле ў Вільні [5].
У 1941 г. Віленскі арцыбіскуп мітрапаліт Рамуальд Ялбжыкоўскі заклікаў членаў манаскіх супольнасцяў паехаць працаваць на акупаванай немцамі тэрыторыі СССР. Сваё жаданне выказала група езуітаў з Віленскага калегіума, у тым ліку і кс. Юзаф. Першым месцам працы на Беларусі ў якасці вікарыя для яго стала мястэчка Ракаў. Праз год кс. Юзаф перабраўся ў Будслаў, дзе падчас Другой сусветнай вайны працаваў кс. Станіслаў Жук, які даў прытулак кс. Марсангеру [6].
У ліпені 1944 г. падчас вызвалення Вільні кс. Юзаф быў капеланам аддзела Арміі Краёвай, якім камандаваў былы выхаванец езуіцкай гімназіі Зыгмунт Аўгустоўскі [7]. Што святар перажыў на працягу лета 1944 года — невядома. Прызначэнне на пасаду пробашча ў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Краснае кс. Юзаф атрымаў 6 верасня 1944 г. (20 — у аўтабіяграфіі) [8]. У гэтым жа месяцы кс. Марсангер прыехаў у Краснае, якое стала для яго домам ажно на 24 гады.
Як успамінае а. Ф. Палюшкевіч, адно з самых цяжкіх рашэнняў кс. Юзаф павінен быў прыняць у 1945 г.: вярнуцца ў межы правінцыі, дзе можна было весці нармальнае манаскае жыццё, альбо застацца ў Беларусі і не ведаць, што прынясе заўтрашні дзень. І гэты выбар кс. Марсангер зрабіў у адпаведнасці з дэвізам ордэну, да якога належаў, ― дзеля большай хвалы Божай. Застаўся ў Савецкім Саюзе.
Дзейнасць Касцёла ў БССР распаўсюджвалася толькі на тэрыторыю, якая да пачатку Другой сусветнай вайны ўваходзіла ў склад Польшчы (6 заходніх абласцей) — там яшчэ ў 1939 г. «действовало 420 костелов, в которых верно и преданно несли службу римскому папе 511 ксендзов. В то время в данных областях насчитывалось более 1 миллиона верующих католиков, слепо повиновавшихся своим пастырям, из них около 490 тыс. поляков и до 600 тысяч белорусов. За время войны разрушено и сожжено 90 костелов, занято под православные церкви и для других надобностей 20 костелов. Таким образом, к началу 1946 г. оставалось 310 костелов в которых было 225 ксендзов» [9].
Пасля вайны ў Мінску не засталося аніводнага дзейнага каталіцкага храма, таму менавіта красненскі касцёл у пасляваенны час пачаў выконваць функцыі сталічнага: да Радашковічаў, якія бліжэй да Мінска, было складаней дабрацца, а да Краснага хадзілі цягнікі.
Кс. Юзаф пасяліўся ў доме каля самага касцёла. Спачатку абслугоўваў яшчэ касцёл у Плябані. Жыў, як і ўсе ў тыя часы, сціпла і бедна. «Дома было бедна. Краватка, пасцель. Не меў нічога: ні матацыкла, ні машыны, нават ровара не меў. <…> У аднэй комнаце жыла такая старушка Кога. У яе Тоня была дачка і тры ўнукі <…>. Яны хадзілі ў касцёл і так спявалі! Пелі гадзінкі раніцай. Дык вот жылі яны, ксёндз у аднэй комнаце, а яны ў другой. І вот людзі, як з вёсак прыязджалі на конях, хто хлеба булку, хто што прывозілі гэтай бабцы, што яна пры касцеле. Ксяндзу слаба насілі. Можа, не можна было, я не знаю» [10].
Аб жыцці парафіі ў першыя пасляваенныя гады захавалася няшмат звестак. Няма і людзей, якія б добра памяталі тыя часы. Можна меркаваць, што асноўным заняткам ксяндза ў гэты час была арганізацыя парафіяльнага жыцця і ўласнага быту, наколькі гэта было магчыма ва ўмовах савецкай рэчаіснасці. З 1947 г. савецкая ўлада распачала «арганізоўваць» рэлігійнае жыццё ў Заходняй Беларусі па ўзоры тэрыторый, якія з 1921 г. знаходзіліся ў складзе БССР, дзе ўжо не засталося аніводнага касцёла. На тэрыторыю Заходняй Беларусі распаўсюджвалася савецкае заканадаўства аб культах. Неабходна было арганізаваць душпастырскую дзейнасць ва ўмовах, якія не толькі гэтаму не спрыялі, але былі абсалютна варожымі да любых праяваў рэлігіі ў дзяржаве, якая павінна была ў хуткім часе стаць абсалютна атэістычнай. Варожасць была не пасіўнай: масава зачыняліся святыні, а святары абвінавачваліся ў антысавецкай дзейнасці [11]. Па ўсёй краіне была разгорнута шырокая атэістычная прапаганда. Толькі за тры гады ў перыяд з 1947 да 1950 г. улады прынялі наступныя меры «па ўпарадкаванні дзейнасці каталіцкай царквы»:
1) забаранілі ксяндзам, а ў далейшым і іншым асобам, праводзіць падрыхтоўку дзяцей да Першай Камуніі і навучанне іх катэхізісу;
2) абмежавалі святароў раз’ездамі толькі ў межах адной парафіі;
3) забаранілі сустрэчы святароў у касцёлах,«чтобы придать службе больше торжественности и этим самым привлечь большее количество верующих»;
4) забаранілі святарам «привлекать» школьнікаў для прыслугоўвання ў касцёлах і для ўдзелу ў хорах [12].
У 1948 г. святарам было забаронена абслугоўваць больш за адну парафію. Спробы маладзечанскага дэкана кс. Лазоўскага назваць гэта парушэннем правоў не мелі выніку. Разам з гэтым, ва ўнутранай перапісцы ўпаўнаважаны адзначаў, што «хотя со стороны Уполномоченного по республике тов. Уласевича и имеются указания о том, что более лояльным ксендзам можно разрешить обслуживать и по два прихода, но со стороны местных властей делаются мне предупреждения, что якобы этого нельзя допустить» [13]. Незадавальненне святароў гэтай забаронай улады тлумачылі толькі адной прычынай: «т.к. это мешает их возможности разъезжать по территории приходов и сокращает их личные доходы» [14].
З лютага 1947 г. у заходніх абласцях распачалася масавая рэгістрацыя і ўлік каталіцкіх рэлігійных аб’яднанняў [15]. У Красным на працягу мая-ліпеня 1947 г. былі сабраны неабходныя дакументы і арганізаваны парафіяльныя групы. Ужо 20 чэрвеня 1947 г. паміж вернікамі красненскай парафіі і выканкамам Радашковіцкага раёна была заключана дамова аб перадачы ў бестэрміновае карыстанне будынка касцёла [16]. Спіс непасрэдных працаўнікоў касцёла складаўся з трох чалавек: пробашча Юзафа Марсангера, сакрыстыянкі Браніславы Эйсмант, вартаўніка Куліка Валяр’яна Іванавіча [17].
З Браніславай Эйсмант кс. Марсангер пазнаёміўся ў Вільні. Па адных дадзеных, яны разам вучыліся ва ўніверсітэце, па другіх — разам працавалі ў гімназіі, а падчас вайны Браніслава Эйсмант вельмі дапамагла святару. «Я когда-то спросила о ней у кс. Юзефа, и он мне сказал, что она в Вильнюсе, когда он был капеланом в Армии Краёвой, спасла ему жизнь. Она его прятала в Вильнюсе. И потом, когда кс. Юзеф уже уезжал из Вильнюса, он забрал её с собой. Но до этого она была директором гимназии» [18] . Па некаторых згадках, яна была безгабітоваю манашкаю, аднак гэта пакуль не пацверджана дакументамі.
У склад рэвізійнай камісіі, якая павінна была кантраляваць фінансавую дзейнасць кс. Марсангера, увайшлі Эдуард Голуб, Марыя Адамовіч, Ганна Шумская [19], а ў парафіяльны камітэт — Павел Шчарбіцкі, Пётр Лагіновіч, Юзаф Зелянко, Станіслаў Шапарэвіч, Ганна Чайкоўская. Сама ж парафія ахоплівала 41 населены пункт і па стане на 24 мая 1948 г. складалася з 853-х чалавек [20].
Святары, касцёлы і плябаніі падвяргаліся рэгулярным вобыскам і канфіскацыі касцёльнай маёмасці. Як адзначаў маладзечанскі ўпаўнаважаны Даманькоў у 1947 г.: «В последнее время поступают массовые жалобы ксендзов на неправильное и незаконное изьятие книг в костелах и личных библиотеках ксендзов…» [21]. Агрэсіўнасць уладаў трымала ксяндзоў у пастаянным напружанні. Так, у верасні 1953 г. (ці 1954?) да кс. Марсангера дадому з вобыскам прыйшлі ажно 12 прадстаўнікоў улады. «Знайшлі i „Гісторыю філасофіі“ Альберта Стокля (Albert Stockl) у апрацоўцы а. Францішка Квяткоўскага. Выявілі там крытыку марксізму. За захоўванне гэтай кнігі быў затрыманы 3 кастрычніка, але ненадоўга» [22].
Магчыма, пасля гэтага ў прадчуванні небяспекі ксёндз адпраўляўся начаваць у касцёл. «Было так, што ночай уцякае ў касцёл спаць. Бо прыедуць арыштаваць. Уцячэ, бедненькі. А што прыдуць да яго ночай, то пэўна знаў. Нейкія былі ж прыяцелі, што падкажуць, што прыедуць яго хватаць. Дык уночы паляціць, там у касцеле паначуе» [23].
Нягледзячы на цяжкасці, у 50-я гг. кс. Марсангер распачаў непасрэдную працу з людзьмі. Арганізаваў мужчын для паслугі пры алтары. «Мы былі хажоўскай парафіі. Але ксяндза Пётру Пупіна пасадзілі на 12 гадоў. І тады мы сталі хадзіць сюды. А ксёндз Юзаф прыйшоў у лаўку, відзіць, што чалавек умее, знае і ходзіць ― ты бэндзеш послуговаць, гаворыць. Мой бацька, што не ўмею, кажа. А ён сказаў ― навучышся! І ў закрыстыю пазваў. І татка хадзіў тады <…> А паслугавалі толькі старыя, дзецям няможна было. Ляўковіч, Шчарбіцкі з Сурынт і татка мой» [24].
Поўны энергіі, прыгожы, з добрым голасам і слыхам, адукаваны, разумны, мудры чалавек ― так адзінагалосна апісваюць кс. Юзафа Марсангера тыя, хто ведаў яго асабіста. «Вельмі добра спяваў. Голас быў такі магутны. І не цярпеў вось, як ведаеш, бабкі цягнуць. А раней жа ж Імшу тварам да алтара адпраўлялі. Дык як бабкі пачынаюць цягнуць, ён бывае павернецца і з-пад чорных брывей так гляне, і як запяе сам! Такі быў дзёрзкі. Пасля яго такіх не сустракала» [25].
«Ой, які ён быў душэўны, а шутлівы, на сказках, такі смеёнцы, такі ўжо быў прасцяк. Надта прасты быў і шутлівы» [26].
Маючы выдатны слых і голас, умеючы іграць на некалькіх музычных інструментах, кс. Юзаф вялікае значэнне надаваў музычнай частцы набажэнстваў. У 50-я гг. узяўся за рамонт аргана. «У 1956 годзе я выйшла замуж, ксёндз Юзаф нам шлюб удзяляў. Мы жылі каля самага касцёла. І Юзік, муж мой, іграў на арганах. Ксёндз Юзаф пазваў яго. Панадаваў ксёнжачак і ўчыў яго. Прыходзіць неяк Юзік дадому і кажэць: мы з ксяндзом арганы правілі. Халат, кажэць, ксёндз адзеў і палез. Там пылішча! Ён іграў очэнь красіва, Юзік. Гады тры іграў. Потым Насовіч стаў іграць, Донусь (Данат). І жыў там у ксяндза ў комнаце» [27].
Пры касцёле, нягледзячы на забароны, заўсёды дзейнічаў хор. «Я ў працэсіі была, падушачку насіла, Сэрца Езуса. І на хорах пела» [28].
У часы, калі мала хто са святароў пазбегнуў зняволення, кс. Юзафу шанцавала. А. Палюшкевіч тлумачыць гэта памылкай уладаў. Падчас нямецкай акупацыі іншы езуіт, а. Уладзіслаў Сэнк, дапамагаў савецкай партызанцы і нават быў узнагароджаны за гэта ордэнам Вялікай Айчыннай вайны. Мясцовыя ўлады былі перакананыя, што тым езуітам быў менавіта кс. Марсангер, і таму пытанне аб яго арышце не ўзнімалася [29]. Гэтым жа фактам мясцовыя жыхары тлумачаць тое, што красненскі касцёл ніколі не зачыняўся: «Гаварылі, што калі была вайна, ён памагаў партызанам, і таму наш касцёл потым не закрылі. Ён адстаяў. А так ці не так ― не ведаю» [30].
Невялікая колькасць святароў у Беларусі вымагала большай узаемадапамогі і фарміравала пачуццё ўзаемнай адказнасці. Па стане на 1959 г. па абласцях Беларусі колькасць святароў была наступнай: у Брэсцкай вобласці — 11, Гродзенскай ― 48, Маладзечанскай ― 45, Мінскай ― 1 [31]. Ксёндз Юзаф даваў прытулак святарам, якія па розных прычынах былі пазбаўлены рэгістрацыі альбо не маглі атрымаць яе пасля вяртання са ссылак. Так, з 6 жніўня 1954 г. у кс. Марсангера жыў кс. Такарскі, які марна спрабаваў атрымаць рэгістрацыю і ўладкавацца на працу. У справаздачы ад 10 мая 1955 г. упаўнаважанага І. Кліманскага занатавана: «В беседе (31 марта 1955) Токарский рассказал, что с 6.09.1954 года он живет у ксендза Красненского прихода Марсангера этого же района и до сих пор не работает. Одновременно просил совета, как ему быть дальше. Выслушав, я разъяснил ему, что претендовать на раковский костел нецелесообразно, т.к. костел еще занят под склад зерна и верующим еще не передан, кроме того, костел требует значительного ремонта. После чего Токарский согласился с моим мнением и сообщил, что он еще болен и пока будет жить у ксендза Марсангера» [32].Рэгістрацыю ў Ракаве кс. Такарскі атрымаў толькі ў 1956 годзе [33].
Некаторы час у кс. Марсангера жыў і ксёндз з радашковіцкага касцёла. «УРадашковічах закрылі касцёл, і ксёндз жыў тут у кс. Юзафа ў Красным трошкі. І тады выехаў у Польшчу. А калі мы шлюб бралі (1956 г. ― Р.З.), ксёндз Юзаф нам шлюб удзяляў, а гэты Стэфан [34] ксёндз іграў на арганах» [35].
Красненская плябанія ў 1956 годзе бачыла шмат святароў: без працы, пасля ссылак, звычайных наведвальнікаў кс. Юзафа. У 1956 г. з лагера быў вызвалены а. Антоні Зомбэк, езуіт. Спачатку ён пасяліўся ў кс. Марсангера ў Красным. Менавіта адсюль выязджаў у Оршу, Шабуні, Княжыцы, дзе выконваў душпастырскую паслугу. Аднак ужо праз год, 14.09.1957 г., ён быў арыштаваны і зняволены ў мінскай вязніцы. Разам з ім арыштавалі і кс. Юзафа, але невядома, што менавіта інкрымінавалі кс. Марсангеру: адзінай згадкай была агульная прычына ― «антысавецкая дзейнасць» [36].
Падчас зняволення кс. Марсангера, непакоячыся за лёс красненскага касцёла, які без святара мог у любы момант быць зачыненым, маладзечанскі дэкан кс. Лазоўскі настойліва дамагаўся ад упаўнаважанага Філона рэгістрацыі там кс. Шыманскага. Гэтага ж патрабавалі і вернікі, аднак у дадзенай сітуацыі больш дальнабачным аказаўся менавіта ўпаўнаважаны. «Лозовскому сказано было, что он зарегистрирован у нас не как декан, а как настоятель костела, и поэтому мыего за декана не считаем, в связи с этим рекомендуем ему в дела другого прихода не вмешиваться» [37]. У сваю чаргу вернікам «было разъяснено, что регистрировать второго ксендза на костел в Красном цецелесообразно, снимать же с регистрации ксендза Марсангера, до окончания следствия по его делу у нас нет оснований, а исполнительный орган костела этого вопроса перед нами не ставит, и поэтому решение вопроса надо отложить до окончания следствия по делу Марсангера. С такими доводами представители исполнительного органа красненского костела согласились и просили разрешить ксендзу Лозовскому отправлять в их костеле разовые богослужения. Эта просьба была удовлетворена. В настоящее время после освобождения Марсангера из-под стражи вопрос регистрации второго ксендза на красненский костел отпал» [38].
Увесь час святара моцна падтрымлівалі парафіяне. Штодзённа па некалькі гадзін перад брамай вязніцы ў Мінску стаялі вернікі, якія прывозілі ксяндзу перадачы. Па словах а. Палюшкевіча: «Меў усё. Зайздросцілі яму самі вартаўнікі вязніцы. Казалі, што ён тут, як у люксавым рэстаране, а не ў турме. Меў нават апельсіны, якія на волі яму і не сніліся. Больш за ўсё цаніў, аднак, тое, што дапытвалі яго ўдзень, а не ўначы. Начныя допыты многіх псіхічна знішчалі» [39].
Следства цягнулася два месяцы. Кс. Юзаф Марсангер быў вызвалены, а вось кс. Антонія Зомбка перавялі на 1,5 гады ў вязніцу ў Малдавіі, а адтуль у Польшчу — толькі там праз некаторы час ён быў вызвалены.
Пра свой арышт кс. Юзаф нікому не расказваў. «Што ён перажыў у няволі, якія выпрабаванні выпалі на яго долю ― аб гэтым ксёндз Юзаф ніколі не апавядаў» [40]; «Он никогда не боялся, но в своё время он мне говорил: я мог бы тебе рассказать многое, но я не хочу, потому что знаю, как могут допрашивать, и для чего тебе то, что не нужно, и то, что если будут спрашивать, ты могла бы рассказать» [41].
Аднак праблемы з уладамі не спыніліся: у 1958 г. яны выгналі святара з касцёльнага дома. «А тады ж было, што яго з хаты выгналі. Гэта можа 58 год быў. У хляве жыў. <…> І вот яны яго выгналі. Ну што ж, у двары хлеў, рашотачкі паставілі ўжо, і вот ён у гэтым хлеве жыў. А тады ўжо неяк людзі грошы злажылі, купіў хатку на 1 Мая» [42].
Высяленне адбывалася напярэдадні парафіяльнай урачыстасці — 15 жніўня, таму замест падрыхтоўкі да свята ксёндз з дапамогай вернікаў пераносіў з дома свае рэчы. У доме, з якога выгналі кс. Марсангера, размясціўся дзіцячы садок, а пазней паліклініка.
Нягледзячы на забароны, не спынялася і катэхізацыя. Катэхізаваць дапамагала пані Браніслава [43], якая была асноўным памочнікам святара.
Адукаванасць і вопыт кс. Марсангера прыцягвалі да яго іншых святароў. Улады лічылі, што Краснае і Маладзечна ― гэта кіруючыя касцёльныя цэнтры ў Маладзечанскай вобласці. Па словах упаўнаважаных, «основная и руководящая роль в открытии костелов и регистрации костелов исходит от ксендза-декана молодечненского костела Лозовского Б.А. и ксендза красненского костела Марсангера И.Ф.» [44].
Аўтарытэт кс. Юзафа сярод духавенства быў бясспрэчным. Пра гэта ведалі і ўлады, у справаздачах якіх адзначалася, што ў БССР няма каталіцкіх структураў і адзінага цэнтра, аднак святары свае дзеянні ўзгадняюць з дэканамі. У Мінскай вобласці імі былі кс. Жук (Касцяневічы), кс. Каласоўскі (Нясвіж), кс. Марсангер (Краснае). Улады адзначалі, што «последний присвоил себе этот титул (декана. ― Р.З.) в 1966 г. после смерти ксендза Лозовского, ранее служившего в Молодечно и являвшегося деканом» [45].
Пасля размоваў з кс. Марсангерам чыноўнікі давалі яму наступныя характарыстыкі: «он является ярким приверженцем католицизма, ксендзом-фанатиком, питающий скрытую звериную злобу против советского государства, но создающий видимость лояльности, пытается не нарушать советское законодательство о культах» [46].
Менавіта ў Красным распачалася тайная фармацыя выхаванца кс. Юзафа ― Альберта Масальскага. Пазнаёміліся яны ў Мінску ў 1945 годзе. Альберту Масальскаму тады было 13 гадоў. Спачатку кс. Марсангер быў духоўным айцом Альберта Масальскага, а калі стала зразумелым пакліканне маладога чалавека ― яго настаўнікам і выкладчыкам. «Добра помню ксяндза Альберта. Колькі памятаю, ён заўсёды быў у Красным. Заўсёды быў у цывільным, у касцюме, часам быў міністрантам, але рэдка. Заставаўся часам у ксяндза» [47]. Як успамінаў сам кс. Альберт, тайныя святарскія пасвячэнні адбыліся ў Польшчы 21 жніўня 1966 года. Здзейсніў іх кардынал Стэфан Вышынскі ў сваёй капліцы [48]. Працягвалася фармацыя і пасля пераводу кс. Марсангера ў Солы, куды рэгулярна прыязджаў Альберт Масальскі. «Он воспитывал и учил ксендза Альберта Масальского. Он приезжал к нам все время. И когда отпуск был. И на выходных. Я знаю, что он работал в то время в киоске, называли его «киоскёром». Ксёндз его учил и иногда говорил мне, что это очень тяжело. Я думаю, что ему было трудно оттого, что у Масальского не было таких способностей, как у кс. Юзефа. Рукоположение кс. Масальского было в Польше. То, что Масальский стал священником, это заслуга исключительно кс. Юзефа» [49].
Доўгі час людзі не ведалі, што Альберт Масальскі ― святар. Дзейнічаць даводзілася таемна, а знешне весці звыклае жыццё. Спачатку ён працаваў на адным з мінскіх заводаў у планавым аддзеле, але быў звольнены пасля выпадку на мытні: аднойчы, калі ён вяртаўся з Польшчы, у яго знайшлі рэлігійную літаратуру і ружанцы. Пазней працаваў у кіёсках «Саюздруку». На выходных прасіў за грошы замяніць яго на працы, а сам ездзіў ў Краснае і ў Солы. Толькі з 1981 г. афіцыйна стаў пробашчам у Солах [50].
Не толькі падрыхтоўку святароў трэба было весці ва ўмовах канспірацыі: усе душпастырскія ініцыятывы былі забароненыя, а іх рэалізацыя выклікала падазрэнні і пераслед. Неаднаразова кс. Марсангер дабіваўся ад мясцовых уладаў дазволу на наведванне хворых, а таксама магчымасці наведваць красненскі шпіталь-стацыянар для таго, каб хрысціць хворых дзяцей і спавядаць дарослых. Аднак «на просьбу ксендза председатель сельсовета ответил отрицательно в виду того, что в больнице стационаре нет таких условий (отдельной комнаты), чтобы ксендз мог исповедовать больных верующих, то он ― ксендз, этот отказ назвал негуманным» [51].
У Беларусі святары былі абмежаваныя ў выездах для здзяйснення абрадаў. «Гэта цяпер ксёндз можа паехаць дзе хоча, пайсці. А ён, бедненькі, сядзеў у гэным касцельным доміку» [52]. З-за забаронаў ездзіў тайна. «Мы купілі матацыкл з каляскай. І вот ён прыйдзе да нас, яму трэба паспавядаць. Прыйшоў, сеў у каляску, ногі выцягнуў, памераў ― бо ён высокі быў ― а як ехаць, то ён накрыецца гэтай кляёнкай, каб не відзелі ніхто, што ксёндз. Вазіў мой муж, Юзаф» [53].
Нягледзячы на гэта, па магчымасці, стараўся клапаціцца і пра іншых святароў і людзей далёка за межамі сваёй парафіі. Падчас размоваў, якія вялі з ім правяраючыя з Камітэта па справах рэлігійных культаў, спрабаваў вярнуць права на выкананне святарскіх абавязкаў не толькі сабе, але і іншым святарам. У 1959 г., выкліканы на размову да ўпаўнаважанага па рэлігіі, «ксендз Марсангер выразил возмущение, что мы запретили ксендзу раковского костела Токарскому обслуживать верующих больных в гор. Минске и в его окрестностях, и добавил, что ему самому приходится выезжать к больным в гор. Минск. На мой вопрос к нему, кто разрешил ему выезжать в гор. Минск к верующим, он ответил, что об этом знаете Вы и тов. Лабус. Мною было замечено, что если мы запретили ксендзу Токарскому ездить в гор. Минск для отправления религиозных обрядов, то почему мы Вам разрешили, какая в этом разница? На это ксендз Марсангер мне не ответил, тогда я его предупредил, что если он и в дальнейшем будет посещать верующих в гор. Минске и исполнять религиозные обряды, мы будем вынуждены снять его с регистрации. Ксендз Марсангер сказал, что он это указание будет выполнять, но в душе он с этим не согласен»[54]. Ездзіць працягваў, нягледзячы на забароны…
Абмяжоўваліся ўсе кірункі дзейнасці духавенства. Упаўнаважаны П. Лабус адзначаў у сваёй справаздачы за 1959 г.: «В соответствии с советским законодательством, деятельность духовенства мы ограничили. Служитель культа может совершать обряды только в зарегистрированном приходе. Запрещено обучать детей религии и привлекать их для обслуживания ксендзов и для участия в крестных ходах. Запрещено ксендзам создание ружанцовых кружков для женщин, совершать подворные обходы верующих после рождественских праздников, проводить молитвенные собрания и спевки хора по частным квартирам, вне костелов, собирать пожертвования на нужды церкви по домам верующих, заниматься благотворительными целями и т.д.» [55].
Выкананне гэтых прадпісанняў было немагчымым, бо ўсё забароненае з’яўляецца зместам працы святара. Спачатку кс. Марсангер спрабаваў выконваць некаторыя прадпісанні, напрыклад, аб тым, каб у касцёле не было дзяцей. «Учыцеля ж хадзілі тады, дзяцей пільнавалі. Дык гэтыя мужчыны, якія паслугавалі, хадзілі і пільнавалі, каб хоць хто з дзіцем не зайшоў, бо ксяндза пасадзяць. А ксёндз жа ж не вінават, што якая матка прывядзець свайго сына ці дочку. Хажоўскага ксяндза за гэта ж і пасадзілі, што дзетак вучыў. Дык гэты дзяцей ужо не вучыў. Таму ён гэты касцёл і так здзяржаў. Ён з власцяй так умеў <…> Хадзілі ў касцёл учыцеля глядзець, хто ходзіць. Была ўчыцельніца <…>. Але прыйдзеш ты, увідзела дзіця якога школьнага ― не відзела сказала б! І ўсё. Цябе пасылаюць ― ты пайшла. А яна ўсіх выдавала. Вот такія во былі прадацелі» [56].
Нягледзячы на пастаянныя праслухоўванні, кс. Марсангер казаў аб неабходнасці рэлігійнага выхавання дзяцей, і за гэта ў 1967 г. быў зняты з рэгістрацыі [57].
З часам прыйшло разуменне, што з уладамі трэба «іграць па іх правілах», ды і жаданне працаваць з моладдзю было вельмі моцным. З сярэдзіны 1950-х гг., пасля пераезду на новую плябанію, Краснае стала цэнтрам моладзевага каталіцкага жыцця. «Любіў з моладдзю. З Мінска прыязджала шмат народу! Дзяўчаты ўжо старэйшыя, з сем’ямі. І начавалі ў яго, там лесвічка была на другі паверх, дзе была абарудавана комната, і там яны і начавалі, тыя дзяўчаткі. І першыя лаўкі ў касцёле былі для іх. Сказаў: толькі для моладзі» [58]. Ведаючы, што моладзь прыязджае здалёк, а мясцовыя жывуць небагата, увёў традыцыю супольных вячэраў пасля катэхезаў [59].
Падтрымліваў сувязь з Віленскай курыяй. Да Вільні ад Краснага дзве гадзіны на цягніку. «В отношении продажи религиозной утвари ксендз Марсангер сказал, что таковую верующие привозят из гор. Вильнюса, а свечи для костела покупают в магазинах гор. Вильнюса, куда, кстати сказать, часто ездит и встречается с духовенством епископата» [60].
Стараўся, па магчымасці, быць у курсе ўсіх падзеяў: савецкай палітыкі, становішча Каталіцкага Касцёла ў свеце, сітуацыі ў Польшчы, міжканфесійных адносінаў, чым шакаваў прадстаўнікоў уладаў, якія перыядычна выклікалі яго на размовы. Напрыклад, у размове з намеснікам упаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце міністраў БССР Ярашэвічам, калі апошні запытаўся, «что ему известно о созыве Вселенского собора католической церковью, он <…> ответил, что он про созыв Вселенского собора слышал по радио из заграницы и добавил, что в Польше имеется его сестра, которая информирует о всех новостях <…> По вопросу религии, кроме того, он выписывает газету из Польши „Житье Варшавы“. Далее Марсангер сказал, что в этом году Папа проводил на одном из островов Италии совещание нескольких представителей религиозных центров по вопросу созыва Вселенского собора. <…>
Из беседы с ксендзом Марсангером выяснено, что он в курсе дела католической церкви в Англии, Франции и [разных] городах. <…> Через какие источники он знает все новости из заграницы про католическую церковь, кроме радио и газет ― трудно сказать.
В конце беседы он сказал, что когда Н.С. Хрущев поехал в США, то Папа дал телеграмму всей католической церкви провести богослужение за успешные переговоры и установление прочного мира на земле.
Вторую телеграмму Папа Римский давал католической церкви, чтобы она молилась за мир. Этим самым Марсангер подчеркнул, что руководство католической церкви стоит за то, чтобы во всем мире был мир. <…>
[Вопросы] выступления нашей печати о религии Марсангер переносит болезненно (он привел в пример [выступление] в печати о Жировичской семинарии) и сказал, что в печати необходимо выступать с научной точки зрения перевоспитания верующих масс, убеждать верующих, а не выступать с критикой отдельных служителей культа, это ничего не даст» [61].
Улады вельмі непакоілі спробы ўплыву Ватыкана на Касцёл у СССР. «Положение католической церкви в СССР не только беспокоит ксендзов, но и Ватикан. Это видно из того, что он ежегодно засылает свою агентуру в нашу страну в качестве туристов. Так, 9 ноября 1966 года в гор. Минске был один такой агент Ватикана ― ксендз Леклер, который прибыл в СССР в качестве туриста. Он третий раз приезжает к нам с целью ознакомления с состоянием церкви в СССР» [62].
Кс. Марсангер вельмі спадзяваўся, што становішча Каталіцкага Касцёла ў СССР зменіцца пасля запланаванай сустрэчы М.В. Падгорнага з папам Паўлам VI падчас прабывання савецкай урадавай дэлегацыі ў Італіі. Думаў аб тым, што «после встречи Папы с тов. Подгорным наконец-то в Белоруссии появится епископ, а возможно, даже будет представитель Ватикана в Москве» [63].
Станоўча ўспрыняў рашэнні Другога Ватыканскага сабору, аднак негатыўна паставіўся да звароту кардынала Вышынскага да епіскапаў Заходняй Германіі (1966 г.). На думку кс. Марсангера, гэтым кард. Вышынскі зменшыў свой аўтарытэт — немцы знішчылі шмат польскага народу і святароў, таму зварот быў неразумным дзеяннем [64].
Дзякуючы працы кс. Марсангера Краснае стала цэнтрам рэлігійнага жыцця Міншчыны. На святы сюды сцягваліся вернікі з усёй вобласці. Начальніку чыгуначнай станцыі даводзілася нават замаўляць дадатковыя цягнікі. У сакрэтнай дакладной запісцы на імя П. Лабуса ад 17 жніўня 1961 г. адзначана: «В м-ке Красное религиозный праздник начался тогда, когда поезд из гор. Минска привез в красненский костел более 1 000 верующих. Этим поездом ехали верующие из Минска, Дзержинска, Борисова, Заславля, Олехнович; несколько человек было из Орши и других мест.
Религиозный праздник „Успение Богородицы“ продолжался с 11 часов утра до 17 часов вечера. После 17 часов верующие, которые прибыли из Минска, все не уехали, так как не было свободных мест. Начальник станции Уша в разговоре со мной сказал, что ему пришлось затребовать специально пассажирский состав из Минска для того, чтобы всех граждан отправить по направлению Минска. В этот день кассирша ст. Уша продала жд билетов в сторону Минска 618. <…>
Из общего количества верующих, прибывших поездом, были в основном пожилых возрастов и преобладающее количество женщин. Детей школьного возраста прибыло с родителями около 25 и молодежи до 25 лет около 50 человек. На религиозный праздник „Успение Богородицы“ к костелу прибыло довольно большое количество престарелых верующих, инвалидов, которые, сидя на лестнице, просили милостыню. Кроме того, часть инвалидов привезли с собой самодельные конфеты разных форматов, религиозную утварь разных форматов и др. По нашему настоянию (я был с т. Пономаревым), участковый милиционер пригласил в сельсовет тех, кто продавал религиозную утварь, составил акт и отправил их в Молодечно в ОБХС. В молодечненском и лебедевском костелах в этот религиозный праздник было мало верующих: в молодечненском костеле около 80 человек и в лебедевском около 150 человек» [65].
Забаранялася і важная рэлігійная дзейнасць, напрыклад, бежмаванне, «так как это приведет к значительной активизации католицизма не только в области, но и в республике» [66]. Аднак кс. Марсангер рабіў гэта індывідуальна.
Просьбы каталіцкага насельніцтва аб адкрыцці касцёла ў Мінску і ўлады, і вернікі звязваюць з асобаю кс. Марсангера. Аб непасрэдных яго закліках дакладвалі асобы, якіх адпраўлялі праслухоўваць набажэнствы. «Подобной практикой занимаются <…> кс. Марсангер, настоятель костела в Красном. Последний во время богослужения, на котором присутствовали и католики из г. Минска, в своей проповеди, произнесенной в начале июня сего года, призывал католиков г. Минска не прекращать своей деятельности, связанной с открытием костела в г. Минске, подавать ходатайства по этому вопросу в правительственные органы, рекомендовал им организовать массовые шествия католиков и проводить другие мероприятия. Не случайно 25 июня сего года католики гор. Минска в количестве 70 человек явились на прием в Совет Министров БССР по вопросу открытия костела в городе» [67].
Мінскія католікі напісалі ліст праваслаўнаму мітрапаліту Мікалаю, якога прасілі хадайнічаць аб адкрыцці касцёла. Апошні звярнуўся да патрыярха Пітрыма, а той пераслаў ліст упаўнаважанаму па справах Рускай Праваслаўнай Царквы, апошні ― упаўнаважанаму па справах рэлігійных культаў — Лабусу. Кола замкнулася, аднак актыўнасць вернікаў не знізілася. Мінскія католікі рыхтавалі ў апошнія дні снежня 1956 г. дэманстрацыю перад Домам ураду, каб паказаць сваю колькасць і звярнуць увагу на праблему. Аднак выкрыццё гэтых планаў перашкодзіла іх рэалізацыі. Упаўнаважаны адзначаў, што «и сейчас их (католікаў. ― Р.З.) в Минске проживает много, и в большинстве своем фанатики. Во время выборов в местные советы депутатов трудящихся многим депутатам задавали вопросы, почему не разрешают открывать костел в гор. Минске, в то время как работает три церкви, синагога и молитвенный дом баптистов» [68].
У 1968 г. кс. Марсангер быў пераведзены на новае месца працы. Яго перавод быў выкліканы падазрэннем уладаў у дзейнасці кс. Марсангера па адкрыцці ў Мінску касцёла, значным уплывам святара на сталічных католікаў, а таксама актыўнасцю вернікаў сольскай парафіі, якія дабіваліся рэгістрацыі ў іх касцёле ксяндза [69].
У Солах, нягледзячы на ўзрост (меў ужо 66 гадоў), ксёндз не сядзеў без справы: перадусім узяўся за рамонт касцёла і арганізацыю працы з парафіянамі. «Вечерами он собирал в костёле детей, прихожан и разучивал песни новые. Говорил, что завтра после Имши он ждёт детей с родителями, чтобы разучивать новые песни. К каждому празднику разучивали новые. Руководил. Выйдет, листочки раздаст напечатанные. Я думаю, что пани Бронислава печатала на машинке. Он играл на нескольких инструментах. Очень хорошо рисовал. В костёле в середине была нарисованная им Матерь Божья. Он постоянно что-то делал. Печатал на машинке тексты песен, учил с людьми, писал, рисовал, ремонтировал ― ни минуты без дела» [70].
Туга па выкладчыцкай дзейнасці прывяла да таго, што ў Солах ксёндз пачаў займацца навучаннем дзяцей з сем’яў, з якімі быў у добрых адносінах…
Дабірацца да Солаў было складаней, чым да Краснага, але да кс. Марсангера працягвалі прыязджаць мінчане і яго выхаванцы з іншых гарадоў. Працягвалася заснаваная ў Красным традыцыя супольных размоваў-катэхезаў і абедаў альбо вячэраў для моладзі пасля іх. «Нас всегда много у него собиралось, особенно если минчане приезжали. <…> На выходных очень много приезжало молодежи. И из России ― как они его знали? И вот всё, что мы узнавали о религии, это всё с тех встреч. Он очень привлекал молодежь. Он не был политизирован. <…> С нами, с молодежью, он говорил о том, о чем с нами родители не говорили. Я, например, про все женские дела узнала от него, потому что родители об этом не говорили, в школе тоже. Когда вышла замуж, рассказывал про предохранение, о том, что нельзя. Когда уже забеременела ― о том, что в случае опасности я могу окрестить своего ребенка сама. Говорил: если будешь видеть, что ребенок слабенький ― не жди. Потом принесёшь в костёл» [71].
Са з’яўленнем у Солах кс. Марсангера мястэчка стала цэнтрам душпастырскай дзейнасці. Толькі за няпоўны 1968 г. кс. Марсангер паспавядаў 7000 чалавек, у тым ліку звыш 200 дзяцей [72]. На споведзь да яго ездзілі з усёй рэспублікі. Аднак блізкіх людзей, з якімі сябраваў, не спавядаў. «В последнее время он меня уже не исповедовал. Сказал, что у нас слишком хорошие отношения, и ему будет сложно. Поэтому, когда к нему приезжали священники, он мне звонил и говорил, если хочешь на исповедь, беги, есть ксёндз» [73].
Трымаў сябе ў інтэлектуальнай форме: шмат чытаў, з пані Браніславай размаўляў па-лацінску, па-грэцку [74]. У Солах набыў сабе матацыкл, які служыў яму для блізкіх паездак [75].
Да кс. Марсангера часта прыязджалі святары. «Священники из деканата очень часто приезжали: из Островца всегда ― Алойзы, из Гервят ксёндз. Кроме того, он дружил со священником Яношем Робером ― я так понимаю, он сидел с ним. Приезжал священник из Бибрки, это Украина. Это недалеко от Львова, может километров 14–15. Они очень дружили Но тот был греко-католик, венгр по национальности» [76].
У 60–70-я гг. асноўным метадам змяншэння актыўнасці святароў былі фінансавыя спагнанні. Розныя камісіі па кантролі за выкананнем заканадаўства аб культах рэгулярна ладзілі праверкі. Было выяўлена, што «служитель культа Масонгер (sic) делал попытку ввести индивидуальную обработку верующих, особенно молодежи и детей, в результате часть детей дошкольного и школьного возраста Сольского с/с начали посещать костел. Члены комиссии приглашали Масонгера и председателя костельного комитета, делались им серьёзные предупреждения. В ноябре-декабре месяце Сольский костел без ведома органов власти был радиофицирован. На заседании административной комиссии председатель костельного комитета Астюневич Иван Антонович оштрафован на 50 рублей, предложено в недельный срок убрать средства радиофикации» [77]. У чарговы раз за радыёфікацыю касцёла, а таксама за навучанне дзяцей рэлігіі кс. Юзафа і старшыню касцёльнага камітэта аштрафавалі ў 1971 г. — кожнага на 50 руб. [78].
За 9 месяцаў 1969 г. сольскі касцёл пералічыў у фонд міру 340 руб., што складала 7,8% ад яго агульнага даходу (4359 р. ― сума збораў за 9 мес.). У Гродзенскай вобласці больш плацілі толькі касцёлы ў Васілішках і Поразаве [79].
Упаўнаважаных па рэлігіі вельмі непакоілі настроі духавенства ў сувязі з падзеямі ў Чэхаславакіі. У выніку праслухоўванняў было высветлена: «Ксендзы Лазарь из Бреста, Марсангер из д. Солы считают, что мы не должны были вмешиваться в дела Чехословакии. „Пусть чехи и словаки ―говорят они ― строят социализм, какой им хочется“, и т.д. <…> Из этого мы делаем выводы и принимаем меры по улучшению работы с духовенством» [80].
Кс. Марсангер удзяляў тайныя шлюбы. «Я ездзіла да яго вянчацца, у Солы. Мы тайна ездзілі. Ксёндз Ян сказаў ― тут (у Красным. ―Р.З.) вянчаць не буду, ты тут працуеш, у камсамоле, навошта праблемы. Едзь у Солы. Мама з’ездзіла ў Солы, ён сказаў — канешне, прызджайце»(81). Найбольш клапаціўся пра блізкіх знаёмых: «Венчаться я хотела открыто. Но муж мой закончил Гродненский мединститут. И собирались студенты приехать к нам на свадьбу, но почему-то ксёндз Юзеф сказал, что венчание будет за закрытыми дверьми. Он сказал, это дело касается не только тебя» [82].
За ўвесь час кс. Марсангер ні разу не выехаў у Польшчу. Спачатку гэта было небяспечна ― у выніку нават тыднёвай адсутнасці пры касцёле пасля вяртання можна было даведацца аб тым, што будынак «па просьбе вернікаў» перайшоў у карыстанне дзяржавы. Аднак і пазней далёка не ад’язджаў, бо ўпаўнаважаныя па рэлігіі падазрона ставіліся да выездаў святароў за мяжу. Напрыклад, П. Лабус разважаў: «Встает вопрос. Какая цель преследуется теми органами, которые выдают разрешение на право поездки ксендзами Белоруссии в Польскую народную республику? Об этой цели я не знаю, но известно одно, что эти поездки имеют своим следствием активизацию ксендзов, активизацию в целом католической церкви в западных областях Белоруссии, в чем никто из нас не заинтересован. В связи с вышеуказанным прошу ЦК Компартии Белоруссии вмешаться в это дело и дать соответствующее указание административным органам о прекращении выдач разрешений ксендзам Белоруссии на поездку в ПНР, ибо от этих поездок, кроме активизации католицизма, мы больше ничего иметь не будем» [83].
Пры неабходнасці ў Польшчу выязджала Браніслава Эйсмант. У 1967 г. пры вяртанні з Польшчы падчас догляду на мяжы ў яе забралі рэлігійную літаратуру і прадметы культу(84). Неабходную дапамогу часам аказвалі і парафіяне. «Мои родители поехали в Польшу. Из Польши они везли мшал. Везли его в коробке из-под конфет. Маму досматривали полностью. Отца не так. Если бы их поймали, это было бы чревато серьёзными последствиями» [85].
Апошнія гады жыцця ксёндз Юзаф хварэў. «В последнее время он очень сдал, мучился с ногами. Туда ездили почти все наши доктора сморгонские. Для моего мужа кс. Юзеф остался единственным ксендзом, с которым он общался» [86].
Памёр кс. Юзаф 9 чэрвеня 1982 года. Нягледзячы на праведзеную працу ў архівах і з людзьмі, якія дзяліліся сваімі ўспамінамі пра святара, застаецца яшчэ шмат пытанняў і недакладнасцяў, але гэта яшчэ больш падштурхоўвае для далейшых пошукаў і працы.
***
Раіса Зянюк — кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. У 2004 г. скончыла БДПУ імя М. Танка, у 2010 г. — аспірантуру Інстытута гісторыі НАНБ. У 2015 г. абараніла дысертацыю на тэму «Навучальныя ўстановы Рыма-каталіцкай Царквы ў Беларусі (1772–1914): структура і дзейнасць». Даследуе канфесійную гісторыю Беларусі канца XVIII — пачатку XX ст.
1 Paluszkiewicz F. Ostatni mohikanin. W: Przyszli służyć, Rzym. — 1985. — S. 14.
2 Маладзечанскі занальны архіў (МЗА). Фонд 895. Воп. 2. Спр. 17. Арк. 33.
3 Дзейнічала ў перыяд 1922/1926–1939/1951 гг.
4 1926 г. — скончыў філасофію ў Любліне, 1932 г. — класічную філалогію ў Вільні,
1936 г. — тэалогію ў Любліне. МЗА. Фонд 895, воп. 2, спр. 17, арк. 33 (іншыя
звесткі: духоўнае званне — Вільнюская духоўная акадэмія, 1926; філалагічны
факультэт Вільнюскага ўніверсітэта — 1932; Люблінская духоўная акадэмія
— 1936; пасвячэнне — 1935. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (ДАГВ)
475–1–129. С. 57, адв. — 58).
5 МЗА. Фонд 895. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 8.
6 Śmierci się z nas nikt nie boi. Listy kapłanów archidiecezji wileńskiej z ZSRR. — Białystok,
2012. — S. 94–95; НАРБ. Фонд 952. Воп. 4. Спр. 22. Арк. 56; МЗА. Фонд 895. Воп.
1. Спр. 13. Арк. 8.
7 Paluszkiewicz F. Ostatni mohikanin. S. 14.
8 МЗА. Фонд 895. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 4.
9 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Фонд 952. Воп. 2. Спр. 23. Арк.
1–2.
10 Успаміны Казак (ва ўласнасці аўтара).
11 «За связь и поддержку антигосударственных и бандитских элементов, за непосредственное участие в антисоветской и шпионской деятельности в период с 1946 г. по 1 июля 1950 г. арестовано и осуждено на разные сроки тюремного заключения 62 ксендза. Чувствуя за собой вину перед государством и боясь понести наказание
за свою антисоветскую деятельность, 10 ксендзов сбежали. Таким образом, на 1 июля 1950 г. осталось на территории БССР 104 ксендза, которые обслуживают 103 костела с приблизительным количеством верующих 247 тысяч человек. Кроме этих 104 действующих костелов, в 91 костеле верующие собираются без ксендзов (примерно 139 тысяч верующих). В течение 1947–1949 гг. 50 костелов занято органами „заготзерно“ под зерносклады» / 28.06.1950. К. Уласевич (НАБ, 952–2–23. Справаздачы за 1950 г., с. 2–2). Паводле падлікаў упаўнаважаных, 38
ксяндзоў у Беларусі за антысавецкую дзейнасць прабылі ў зняволенні агулам больш за 100 гадоў. Цыт па: НАРБ. Фонд 136. Воп. 2. Спр. 25 (1971 г.). Арк 18.
12 НАРБ. Фонд 952. Воп. 2. Спр. 23. Справаздачы за 1950 г., Арк. 205.
13 МЗА. Фонд 855. Воп. 2. Спр. 6. Арк. 8.
14 НАРБ. Фонд 952. Воп. 2. Спр. 19 (1949 г.). Арк. 125.
15 НАРБ. Фонд 952. Воп. 2. Спр. 23. Справаздачы за 1950 г.
16 МЗА. Фонд 895. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 2 адв.
17 МЗА. Фонд 895. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 9.
18 Успаміны Франюк (ва ўласнасці аўтара).
19 МЗА. Фонд 895. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 15.
20 МЗА. Фонд 895. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 10–10 адв.
21 МЗА. Фонд 855. Воп. 2. Спр. 5. Арк. 22.
22 Paluszkiewicz F. Ostatni mohikanin. S. 14.
23 Успаміны Казак (ва ўласнасці аўтара).
24 Тамсама.
25 Успаміны Хамічонак (ва ўласнасці аўтара).
26 Успаміны Казак (ва ўласнасці аўтара).
27 Тамсама.
28 Тамсама.
29 Paluszkiewicz F. Ostatni mohikanin. S. 15.
30 Успаміны Хамічонак (ва ўласнасці аўтара).
31 НАРБ. Фонд 952. Воп. 4. Спр. 22 (1959 г.). Арк. 117.
32 МЗА. Фонд 855. Воп. 2. Спр. 20. Арк. 80.
33 МЗА. Фонд 895. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 42.
34 Стэфан Шыманскі, 1911 г.н., у 1957 г. выехаў у Польшчу. МЗА. Фонд 859.
Воп. 1. Спр. 3, Арк. 43.
35 Успаміны Казак (ва ўласнасці аўтара).
36 НАРБ. Фонд 136. Воп. 2. Спр. 11. Арк. 84.
37 МЗА. Фонд 895. Воп. 2. Спр. 25. Арк. 20.
38 МЗА. Фонд 895. Воп. 2. Спр. 25. Арк. 20.
39 Paluszkiewicz F. Ostatni mohikanin. S. 15.
40 Лагуновіч Францішак. Ксёндз Юзаф Морсангер. Маладзечна, 2005. Рукапіс з
архіва касцёла св. Юзафа ў Маладзечне.
41 Успаміны Франюк (ва ўласнасці аўтара).
42 Успаміны Казак (ва ўласнасці аўтара).
43 Успаміны Хамічонак (ва ўласнасці аўтара).
44 НАРБ. Фонд 952. Воп. 4. Спр. 2 (1956). Арк. 269.
45 НАРБ. Фонд 136. Воп. 2. Спр. 11. Арк. 89.
46 НАРБ. Фонд 952. Воп. 4. Спр. 22 (1959 г.). Арк. 56.
47 Успаміны Хамічонак (ва ўласнасці аўтара).
48 Калевіч Г. Вернасць пакліканню // Наша вера. 2010. №7.
49 Успаміны Франюк (ва ўласнасці аўтара).
50 Калевіч Г. Вернасць пакліканню // Наша вера. 2010. №7.
51 НАРБ. Фонд 952. Воп. 4. Спр. 22 (1959 г.). Арк. 155–156.
52 Успаміны Казак (ва ўласнасці аўтара).
53 Тамсама.
54 НАРБ. Фонд 952. Воп. 4. Спр. 22 (1959 г.). Арк. 157.
55 Тамсама. Арк. 118.
56 Успаміны Казак (ва ўласнасці аўтара).
57 НАРБ. Фонд 136. Воп. 2. Спр. 11. Арк. 85.
58 Успаміны Хамічонак (ва ўласнасці аўтара).
59 Тамсама.
60 НАРБ. Фонд 952. Воп. 4. Спр. 22 (1959 г.). Арк. 158.
61 Тамсама. Арк. 159–160.
62 НАРБ. Фонд 136. Воп. 2. Спр. 5. Арк. 235.
63 Тамсама. Спр. 11. Арк. 86.
64 НАРБ. Фонд 136. Воп. 2. Спр. 5. Арк. 82.
65 НАРБ. Фонд 952. Воп. 4. Спр. 30. Арк. 74 – 75.
66 Тамсама. Спр. 22 (1959 г.). Арк. 149‒150.
67 Тамсама. Спр. 10. Арк. 77.
68 Тамсама. Воп. 3. Спр. 6. Арк. 15‒17.
69 ДАГВ. Фонд 475. Воп. 1. Спр. 23 (1968 г.). Арк. 49.
70 Успаміны Франюк (ва ўласнасці аўтара).
71 Тамсама.
72 НАРБ. Фонд 136. Воп. 2. Спр. 15 (1968 г.). Арк. 20.
73 Успаміны Франюк (ва ўласнасці аўтара).
74 Тамсама.
75 Тамсама.
76 Тамсама.
77 ДАГВ. Фонд 475. Воп. 1. Спр. 41 (1969 г.). Арк. 32.
78 Тамсама. Спр. 52. Арк. 40.
79 Тамсама. Спр. 42 (1969 г.). Арк. 13.
80 НАРБ. Фонд 136. Воп. 2. Спр. 14. Арк. 9.
81 Успаміны Хамічонак (ва ўласнасці аўтара).
82 Успаміны Франюк (ва ўласнасці аўтара).
83 НАРБ. Фонд 952. Воп. 4. Спр. 22 (1959 г.). Арк. 144.
84 НАРБ. Фонд 136. Воп. 2. Спр. 11. Арк. 88.
85 Успаміны Франюк (ва ўласнасці аўтара).
86 Тамсама
Упершыню надрукавана ў часопісе “Наша вера” 4 (78)/2016
Заглаўнае фота касцёла ў вёсцы Краснае ўзята з парафіяльнай стронкі.