Дамамагчы загоіць раны, выкліканыя злоўжываннямі у Касцёле, заклікаў Папа ірландскіх езуітаў, з якімі сустрэўся ў рамках свайго нядаўняга візіту ў гэту краіну.
Сустрэча Святога Айца з субратамі адбылася яшчэ 25 жніўня 2018 г. Яна праходзіла за закрытымі дзвярыма ў будынку Апостальскай нунцыятуры ў Дубліне. Па традыцыі суразмоўцы задавалі Францішку пытанні, на якія ён адказваў. Справаздача з сустрэчы была апублікавана на афіцыйным сайце Таварыства Езуса ў Ірландыі.
Адзін са святароў спытаў, што езуіты могуць зрабіць, каб дапамагчы Францішку, згодна з чацвёртым манаскім абяцанням, якое склалі – поўнай паслухмянасцю Пантыфіку. У адказ ён заклікаў субратоў далучыцца да працэсу выпраўлення наступстваў сексуальных злоўжыванняў духавенства ў гэтай краіне.
Іншае пытанне тычылася дзейнасці Папы і Касцёла, накіраванай на пераадоленне скандалу. Францішак пацвердзіў свой намер цалкам ліквідаваць з’яву злоўжыванняў. Ён таксама з удзячнасцю выказаўся пра езуітаў, якія дапамагаюць яму ў вырашэнні гэтай праблемы.
Аднаго з прысутных на сустрэчы ірландскіх законнікаў цікавіла, як у Папы атрымліваецца захоўваць супакой у такой сітуацыі. Пантыфік адказаў, што яму дапамагае пачуццё аптымізму, у сувязі з чым узгадаў постаць былога Генеральнага настаяцеля Ордэна Езуітаў, кс. Пэтэра Ганса Кольвенбаха, вядомага сваім добрым норавам і здольнасцю верыць у лепшае.
Адказваючы на чарговыя пытанні Святы Айцец пажадаў, каб езуіты пазбягалі “стэрыльнасці” і “прыцягвалі новыя пакліканні”. Францішак заклікаў сваіх субратоў быць “вернымі малітве” і “трываць у спагадзе”, захоўваючы лучнасць са Святым Духам і спачуванне да свету.
У падсумаванні вынікаў сустрэчы адзначаецца, што, прымаючы да ўвагі абставіны візіту Папы ў Ірландыю, яна прымусіла мясцовых езуітаў глыбей асэнсаваць некаторыя цёмныя аспекты жыцця Касцёла ў гэтай краіне, але ў той жа час, дазволіла ўбачыць, з якой мужнасцю Пантыфік глядзіць на гэтыя праблемы і нясе крыж.
Крыніца: Ватыканскае радыё