Аб падтрымцы, якую бацькі могуць знайсці ў ігнацыянскай духоўнасці, піша Бэкі Элдрыдж, мама трох дзетак і пісьменніца, якая займаецца духоўным суправаджэннем і фармацыяй дарослых больш пятнаццаці год.
Для мяне “быць маці” – адзін з найбольш удзячных і складаных заняткаў, якія былі ў маім жыцці. Гэта праца поўная радасці і малых сакрамэнтальных момантаў, якія часта паказваюць мне шлях да Бога сярод руціны звычайных дзён: радасць на дзіцячых тварах, цуд узрастання і развіцця, галасы дзяцей, іх смех. Бацькоўства – гэта праца, хаця іншы раз я адчуваю сябе так, нібы швы вось-вось разыйдуцца, і ўсё абрынецца ў хаос, нягледзячы на ўсе мае старанні паклапаціцца пра патрэбы маіх трох дзяцей. Бываюць ночы, калі я ляжу без сну ў трывозе за кагосьці з іх, перажываючы за цяжкасці, з якімі яму ці ёй прыходзіцца сутыкацца. Часта я варочаюся ў ложку і аналізую свае дзеянні як мамы за мінулы дзень і горача прашу Марыю памаліцца за мяне, дапамагчы мне быць лепшай маці, навучыць, як трэба любіць сваіх дзяцей.
Я звяртаюся да сваёй веры і задаюся пытаннем: чым яна можа мне дапамагчы? Маючы вялікае замілаванне да Духоўных практыкаванняў, я прыйшла да высновы, што ігнацыянская духоўнасць прапануе бацькам прынамсі тры карысныя ўрокі.
1. “Дазволь Стварыцелю ўзаемадзейнічаць непасрэдна з тым, каго Ён сатварыў”
Святы Ігнацый прапануе гэтую канцэпцыю кіраўнікам, якія вядуць іншых людзей праз духоўныя практыкаванні. Як маці я бачу ў ёй шмат мудрасці. Я моцна люблю і рупліва клапачуся пра сваіх дзяцей, але Бог любіць іх больш. І хоць я столькі раблю дзеля іх, Божая праца пераўзыходзіць маю. Я знаходжу супакой ва ўсведамленні, што Бог узаемадзейнічае непасрэдна з маімі дзецьмі, карыстаючыся тымі ж шляхамі, што і ў дачыненні да мяне. Калі мяне непакоіць рашэнне, якое прымае хтосьці з дзяцей, мяне суцяшае думка, што Бог не спыняе сваёй працы над яго ці яе сэрцам.
2. Бацькі – актыўныя ўдзельнікі
Як бацькі мы пакліканыя быць прысутнымі ў жыцці нашых дзяцей. Бог дзейнічае ў нашых дзецях, але адначасова давярае нам, бацькам, прымаць актыўны ўдзел у іх выхаванні, аддана любіць іх і дапамагаць ім даведацца пра Божую любоў да іх, а таксама рупліва тлумачыць ім, як адрозніваць дабро і зло, як рабіць правільны выбар у розных справах. Гэтая разнастайная і клапатлівая бацькоўская праца з’яўляецца нашым пакліканнем. Бацькоўства ні ў якім разе не азначае пасіўнасці! Аднак час ад часу наша пакліканне ў тым, каб проста заўважыць нейкія рэчы, паназіраць, прыняць усё тое, што нашы дзеці даюць гэтаму свету. Часам усё, што мы можам як бацькі, – гэта маліцца за нашых дзяцей і ўдзельнічаць у Божай працы, якая разгортваецца ў іх жыцці.
3. Езус мадэлюе шлях
У аснове духоўных практыкаванняў ляжыць пазнанне Асобы Езуса Хрыста. Паступова набліжаючыся да Яго, мы вучымся, як жыць і любіць. Езус мадэлюе для мяне шляхі, якімі я павінна ісці ў маім мацярынскім пакліканні, нават і ў цяжкія хвіліны. У складаных справах Езус заўсёды ішоў да Айца, свой Крыж нёс з Божай дапамогай. Езус быў глыбока ўкаранёны ў Бога і часта звяртаўся да Яго. Спачатку Ён маліўся, а потым браўся за працу. Гэта ўсё, што я магу рабіць як мама. Сярод сваіх шматлікіх заняткаў я магу спыніцца, узяць паўзу, скіраваць сваё сэрца і розум да Бога, і затым зноў вярнуцца да рытму свайго дня – зменьваць падгузнікі, даглядаць хворых, гатаваць, сачыць за выкананнем хатніх заданняў, мыць бялізну і транспартаваць дзяцей у школу, на дадатковыя заняткі і дадому. На працягу ўсяго дня я маю магчымасць звяртацца да Бога, прыносячы Яму радасці, трывогі і свае празаічныя справы, а потым засяроджвацца зноў на неверагодным пакліканні быць мамай.
Я напісала гэты тэкст і для сябе, і для іншых бацькоў, якія яго прачытаюць. Мне самой патрэбны такія напаміны ў некаторыя бяссоныя ночы ці ў дні, калі я сумняваюся ў сваёй здольнасці паклапаціцца пра трох скарбаў, якія Бог даў мне ў маіх дзецях. Гэтыя ўрокі для бацькоў з ігнацыянскай духоўнасці прыносяць мне палёгку і дапамагаюць лепш зразумець, што існуе мноства рэчаў, з якімі я не здолею справіцца сама, і таму поўнасцю давяраю Богу.
Бэкі Элдрыдж
Краніца: What Does Ignatian Spirituality Have to Offer Parents?
Фота: Віталій Палінеўскі