Чым з’яўляюцца Духоўныя практыкаванні св. Ігнацыя, распавядае нямецкі езуіт Штэфан Кіхле (прапануем адаптаваны фрагмент з яго кнігі “Ігнацый Лаёла – настаўнік духоўнасці”).
***
Цэнтрам ігнацыянскай духоўнасці з’яўляюцца духоўныя практыкаванні. Тут мы прадставім іх у першапачатковай 30-дзённай форме. Некаторыя канкрэтныя метады і вобразы, якія мы сустракаем у іх, з’яўляюцца дзіцём свайго часу, і сёння падаюцца нам чужымі. Таму наш выклад арыентуецца не на кнігу самога Ігнацыя, а на ягоны дух і сучасную практыку духоўных практыкаванняў. Што яны маюць на мэце, паводле Ігнацыя? Перш за ўсё, яны імкнуцца дапамагчы чалавеку паглыбіць свае адносіны з Богам. Гэта адбываецца пры дапамозе разважанняў, сузірання і малітвы. Чалавек павінен адчуць блізкасць, любоў, міласэрнасць і вернасць Бога. Акрамя таго, практыкаванні прызначаны дапамагчы ўпарадкаваць жыццё з пункту гледжання боскіх каштоўнасцяў, каб у будучыні старацца жыць у гармоніі з хрысціянскімі каштоўнасцямі і ідэаламі, а не кіравацца страхам і грахом. І, у рэшце рэшт, практыкаванні павінны садзейнічаць чалавеку ў распазнаванні Божай волі і выбары свайго асабістага шляху. Падчас практыкаванняў чалавек сустракаецца, у першую чаргу, з асобай і жыццём Езуса. Жыццёвыя прынцыпы Езуса ўсё больш павінны станавіцца прынцыпамі жыцця таго, хто робіць практыкаванні, а асоба Езуса – узорам і крытэрыем паводзінаў. Па заканчэнні рэкалекцый чалавек паглыбляе сваё жыццё, ідзе за Хрыстом.
Практыкавацца ў маўчанні
“Той, хто робіць практыкаванні” – так Ігнацы называе чалавека, які выконвае Духоўныя практыкаванні, у тым ліку жанчын. “Рэкалектант”, як сказалі бы мы сёння, на чатыры тыдні выпраўляецца ў кляўзуру (затвор), прабываючы там у маўчанні. Рэкалекцыйныя дамы знаходзяцца ў манаскім адасабленні. Захоўваючы маўчанне, удзельнік стараецца пазбягаць знешніх раздражняльнікаў. Унутраныя рухі душы і пачуцці атрымліваюць, такім чынам, магчымасць выразна праявіцца ў свядомасці. У маўчанні ўзрастае ўражлівасць. Толькі той, хто маўчыць, умее па-сапраўднаму слухаць, бо голас Божы гучыць ціха. Таму ёсць неабходнасць у цішыні, каб пачуць Яго. Праз некаторы час, праведзены ў маўчанні, пачынаецца працэс самапазнання і ўнутранай перамены. Рэкалектант больш не адчувае патрэбы гаварыць. Прабываючы ў маўчанні, ён можа заглыбіцца ва ўнутраныя рухі душы, каб паспытаць іх. Ігнацый называе душу чалавека стварэннем, да якога Стварыцель звяртаецца непасрэдна (пар. ДП 15). У гэтай непасрэднасці – як у сяброўстве двух блізкіх людзей – душа адчувае рухі, адбываецца размова, узнікаюць сапраўдныя адносіны.
Для таго, каб растлумачыць, што такое духоўныя практыкаванні, Ігнацый ужывае параўнанне з фізічнымі практыкаваннямі (пар. ДП 1). “Бо як практыкаваннем цела з’яўляецца: хада, шпацыр, бег”, дакладна гэтак жа для трэніроўкі душы неабходныя практыкаванні духоўныя: “кожны спосаб рахунку сумлення, разважання, сузірання, малітвы вуснай і мысленнай…” Аб некаторых з гэтых практыкаванняў мы распавядзём пазней. У тым, што малітву і духоўнасць трэба выхоўваць, Ігнацый быў глыбока перакананы: сама па сабе душа непрыхільная Богу, занятая тысячай размаітых рэчаў, лёгка рассейваецца і з радасцю дазваляе адцягнуць увагу, кідкая на спакусы. Толькі пастаяннае практыкаванне дае здольнасць “схіліць” душу такім чынам, што яна адкрываецца для Божага дзеяння, даючы прастору для новай арыентаванасці на Бога і змянення самой сябе. Сам Ігнацый быў дасведчаным чалавекам у духоўнай барацьбе. Доўгія гады ён выхоўваў у сабе, пераадольваючы памылкі, боль і крызісы, праўдзівыя глыбокія і моцныя адносіны з Богам. За гэтым стаіць пэўны педагагічны ідэал: Бог – як настаўнік вучню – павінен паступова даваць душы Свае ўрокі. Толькі з дапамогай дысцыпліны, трывала праходзячы скрозь крызісы і кружлянні на адным месцы, не шкадуючы высілкаў, вучань можа засвоіць Божае навучанне. Той, хто робіць практыкаванні, павінен шукаць не імгненнага задавольвання рэлігійных патрэб, але прыняць на сябе цяжар працы павольнага пераўтварэння сваёй душы. Гэты працэс спачатку можа выдавацца не вельмі прывабным, але ў доўгатэрміновай перспектыве менавіта ён з’яўляецца “каралеўскім шляхам”. Тут можна правесці паралель з адносінамі паміж мужчынай і жанчынай: сапраўдныя адносіны могуць скласціся толькі цягам доўгага часу, у няспынным дыялогу, праз досвед непаразуменняў, крызісаў і прымірэння.
На працягу 30 дзён рэкалектант штодня робіць чатыры, а часам і пяць практыкаванняў. Кожнае практыкаванне доўжыцца каля гадзіны часу, пасля чаго той, хто робіць практыкаванні, прысвячае яшчэ 15 хвілін на рэфлексію аб тым, як прайшло завершанае практыкаванне. Кожны дзень ён размаўляе з настаўнікам, апавядаючы яму аб мінулым дні, а той дае яму практыкаванні на наступны дзень. Акрамя таго, штодзень рэкалектант прымае ўдзел у святой Імшы. У прамежкавы час паміж практыкаваннямі ён можа разняволіцца, дазволіць вопыту, атрыманаму ў разважаннях, уздзейнічаць на душу, альбо заняцца нескладанай фізічнай працай. Звычайна практыкаванні адбываюцца ў малых групах, каб кожны мог з аднаго боку адчуваць падтрымку супольнасці, неабходную для прабывання ў маўклівасці, а з іншага боку, ісці ўласным індывідуальным шляхам.
Чатыры доўгія тыдні
Ігнацый дзеліць свае 30-дзённыя практыкаванні на чатыры “тыдні”, хоць пры гэтым ён мае на ўвазе не столькі прамежак часу, колькі некаторую адзінку зместу або, інакш кажучы, фазу. Кожная такая фаза доўжыцца прыблізна адзін тыдзень. Аднак у залежнасці ад індывідуальных асаблівасцяў яе можна падоўжыць або скараціць. У кнізе духоўных практыкаванняў Ігнацый дае перад гэтымі чатырма “тыднямі” невялікі тэкст тэалагічнага зместу пад назвай “Пачатак і аснова” (ДП 23). Ігнацый нічога не кажа, што трэба рабіць з гэтым тэкстам, як ён уключаны ў структуру чатырох тыдняў. Сёння ён з’яўляецца самастойнай часткай практыкаванняў, так што яны складаюцца цяпер з пяці частак.
Тэма першай часткі, якую называюць яшчэ “Фундаментам” – Стварэнне: той, хто робіць практыкаванні, адчувае сябе створаным Богам, умілаваным праз Яго як асоба, сузірае сваё мінулае жыццё і бачыць, як шмат добрага атрымаў ад Бога. Ён дзякуе Богу і праслаўляе Яго. Узрастае ягоны давер Богу, а разам з тым і ягоная гатоўнасць выканаць практыкаванні. Ён свядома практыкуецца ў малітве, каб паглыбіць свае адносіны з Богам. Ён просіць Бога, каб Ён явіў Сваё Аблічча. Чалавек разумее, што ён створаны ў Богу, і што гэта азначае для яго асаблівае заданне і служэнне. Ён дзякуе Богу за шматлікія даброты створанага свету, дадзеныя яму для таго, каб дапамагчы выканаць гэтае заданне. Ён гатовы карыстацца гэтымі рэчамі, калі яны дапамагаюць яму служыць Богу, або адмовіцца ад іх, калі яны перашкаджаюць яму ў гэтым, збіваючы з дарогі, аддаляючы ад Бога і ад служэння Яму. Ён просіць унутранай свабоды, каб з непадзеленым сэрцам ён мог служыць Богу і людзям.
Першы тыдзень прысвечаны сузіранню цёмных бакоў жыцця: злу ў свеце і ва ўласным сэрцы, уцягнутасці ў няволю і віну. На пачатку Ігнацый прапануе сузіраць першародны грэх Адама і Евы: у пачатку гісторыі увесь свет падае ў няволю і віну і з той пары прасякнуты моцай зла. Затым рэкалектант сузірае сваё жыццё з пункту гледжання граху, намагаючыся абудзіць жаль за грахі і навярнуцца. Сёння для разважання над гэтымі тэмамі выкарыстоўваюцца пераважна біблійныія тэксты. Спачатку закранаецца тэма сапсаванасці ўсяго свету. Рэкалектант, з’яўляючыся часткай свету, таксама “заражаны” вірусам зла і адчувае сябе чалавекам, падпарадкаваным моцы зла, якая прыгнятае не толькі яго, але і ўвесь свет. Такім чынам, Ігнацый вызваляе яго ад празмерных самаабвінавачванняў і маралізатарства. Аднак, другі крок – усведамленне асабістага ўдзелу ў граху: той, хто робіць практыкаванні, павінен убачыць свае ўласныя грахі, жахнуцца імі і даверыцца Божай міласэрнасці.
На працягу Першага тыдня рэкалектант напрыканцы кожнага практыкавання вядзе размову з Езусам: уяўляе Яго ўкрыжаваным, давярае Яму, “як сябру” (ДП 53, 54), усё, што яго хвалюе. Нягледзячы на тое, што чалавек перажывае сябе грэшнікам, адначасова ён адчувае, што ягоныя грахі Хрыстус узяў на Сябе і тым самым вызваліў яго ад іх. Прызнаўшы, што Езус, узыйшоўшы на крыж, зрабіў для яго, – Езус з чыстай любові цярпеў бясконцую муку, каб вызваліць яго ад граху, – рэкалектант атрымлівае імпульс да таго, каб у сваю чаргу падумаць, што ён з удзячнасці павінен зрабіць для Яго і для ўсіх людзей. Досвед Першага тыдня, з аднаго боку, працверажае, таму што чалавек мусіць зірнуць проста ў вочы свайму ўбоству, немачы і загубленасці і прыняць гэтае ўсё. З другога боку, гэта вопыт вызвалення, бо ўсялякая віна і ўсялякі цяжар знятыя з яго. Перажыць сябе ў якасці грэшніка, якога ўзлюбіў Бог, і прыняць сябе – балесны і адначасова найцудоўнейшы момант практыкаванняў.
У практыкаваннях Першага тыдня Ігнацый робіць акцэнт на тэме граху. Сёння ў дадатак таксама важна прысвяціць увагу крыўдам і страхам. Многія з тых, хто робіць практыкаванні, бачаць сябе ахвярамі і ў паўсядзённым жыцці нясуць цяжар зраненасці, што адбіваецца на іх успрыманні і паводзінах. Сузіраць раны і шукаць ацалення – нялёгкі балючы працэс, які тым не менш несумненна патрэбны для будучага жыцця ў спакоі і суцяшэнні. Рэкалектант можа ўявіць свайго крыўдзіцеля і пастарацца прабачыць яму. Сапраўднае дараванне – заўсёды Божая справа. Мы павінны прасіць, каб Ён даў нам ласку прабачэння, і каб Ён даў нам сілы перадаць далей атрыманае прабачэнне. Страхі таксама з’яўляюцца вельмі важным аспектам разважанняў Першага тыдня. Яны прыгнятаюць душу, уводзяць у зман і ўплываюць на нашыя паводзіны, пазбаўляючы іх адэкватнасці. Падчас духоўных практыкаванняў можна таксама працаваць над страхамі, спрабуючы паступова пераадолець іх. Духоўны чалавек намагаецца давяраць Богу і так перамагаць свой страх. Вызваленне ад страху можна таксама разглядаць як плод практыкаванняў Першага тыдня, які з’яўляецца ўсёабдымным працэсам прыняцця ўнутранай цемры, віны, страхаў і ран, г.зн. прыняцця самога сябе: толькі тое, што прынята, можа быць адкуплена.
Другі тыдзень прысвечаны не сузіранню мінулага, а прадбачанню будучыні. Гледзячы на жыццё Езуса, той, хто робіць практыкаванні, спрабуе ўпарадкаваць сваё ўласнае жыццё ў Богу і выбраць – наколькі гэта з’яўляецца для яго актуальным і магчымым, – свой жыццёвы шлях. Перш за ўсё, ён павінен яшчэ больш умацавацца ў бясстраснасці, аб якой гаворыцца ўжо на этапе “Фундамента”. Пад бясстраснасцю Ігнацый разумее, што ў сваіх рашэннях рэкалектант павінен кіравацца не ўласнай карысцю, а тым, што набольш спрыяе служэнню людзям і Богу. Гэта азначае, што часам чалавек выбірае від дзейнасці або лад жыцця, якія, нягледзячы на тое, што яны асабіста для яго азначаюць большае адмаўленне ад пэўных выгодаў, боль і неабходнасць самаахвяравання, усё ж іншым людзям, якім ён хоча служыць, прыносіць больш дапамогі, радасці і супакою. Пры гэтым трэба не толькі жадаць гэтага адмаўлення, але мець дастаткова ўнутранай свабоды для таго, каб прыняць яго, згадзіцца на яго, калі Бог гэтага хоча. Стан бясстраснасці дасягаецца не так лёгка, бо чалавек – свядома ці падсвядома, добраахвотна ці не, – заўсёды схільны думаць пра сябе і свой камфорт. Таму бясстраснасць варта выхоўваць не толькі падчас духоўных практыкаванняў, але і на працягу ўсяго жыцця. У практыкаваннях Другога тыдня чалавек мэтанакіравана выхоўвае ў сабе бясстраснасць, актыўна спрабуе ўнутрана адмовіцца ад сваіх неўпарадкаваных прыхільнасцяў, якія абмяжоўваюць яго ў прыняцці належнага рашэння. Ігнацый прапануе (ДП 91 і далей) уявіць сабе рыцара, якому ягоны гаспадар загадвае выправіцца ў паход, і які ўсім сэрцам рыхтуецца прыняць на сябе ўсе цяжары і нягоды гэтай небяспечнай справы. Сёння ў гэтым практыкаванні для разважання прапануюць іншыя, як правіла, біблійныя тэксты, якія ўмацоўваюць у гатоўнасці аддана служыць Хрысту.
Затым рэкалектант разважае над разнастайнымі сцэнамі з жыцця Езуса. Ён пачынае з разважання таямніцы Уцелаўлення (ДП 101 і далей), уяўляе сабе, як Тры Боскія Асобы на небе раяцца між сабой, што Яны павінны зрабіць, каб уратаваць сапсаванае чалавецтва, якое гіне. Рада заканчваецца рашэннем, што “Другая Асоба Найсвцейшай Тройцы” сыдзе на зямлю дзеля ўратавання чалавечага роду. Наступныя разважанні аб Звеставанні анёла Марыі, аб Нараджэнні Езуса і Яго дзяцінстве маюць для Ігнацыя вельмі вялікае значэнне. Той, хто робіць практыкаванні, павінен палічыць сябе пагарджаным і нязначным чалавекам, таму што Божы Сын таксама прынізіў Сябе. Затым ён падрабязна разважае над грамадскім служэннем Езуса: як Ён з любоўю адносіцца да людзей, прапаведуе ім, дапамагае бедным, ацаляе хворых. Гэтыя практыкаванні дапамагаюць арыентаваць уласнае жыццё па прыкладу і ўзору Хрыста. Невычарпальная любоў Езуса да чалавецтва павінна крануць сэрца так, каб у ім магло нарадзіцца новае любячае стаўленне да Езуса і бліжніх. Чалавек павінен адчуць у сваім сэрцы заклік Езуса стаць Ягоным вучнем. У гэтай фазе практыкаванняў у ім могуць саспець выразныя рашэнні, як дробныя, так і значныя. Ён можа прыняць рашэнне змяніць некаторыя са сваіх звычак альбо можа разважаць пра выбар сваёй жыццёвай дарогі, спрабуючы ў размове з Панам прыняць адпаведнае рашэнне.
Практыкаванні Трэцяга тыдня прысвечаны цярпенню Езуса. Рэкалектант разважае над балесным шляхам Мукі Хрыста, Яго ўкрыжавання і смерці. З прычыны таго, што цвёрдае сэрца, непадатлівае да зменаў, не можа ўспрымаць пакуты, чалавек просіць аб ласцы суперажывання з Езусам. Боль Мукі Езуса і пакуты незлічонай колькасці людзей, у якіх Хрыстус працягвае цярпець у гісторыі, пабуджаюць яго прысвяціць сваё жыццё дапамозе бедным і гаротным. У практыкаваннях Трэцяга тыдня ён, так бы мовіць, у экстрэмальных умовах правярае рашэне, прынятае ім падчас Другога тыдня. Ён разважае над тым, да якіх канфліктаў, варожых адносінаў і пакутаў можа прывесці выбраны ім шлях, і ці гатовы ён гэта прыняць. У Духу ён рыхтуецца да таго, што шлях наследавання Хрыста можа стаць для яго крыжовым шляхам. Ён просіць Бога даць яму сілу і мужнасць трывала ісці гэтым шляхам. Маючы перад сабой прыклад Хрыста, да смерці вернага Свайму пасланню, ён просіць для сябе ласку вернасці да смерці.
У практыкаваннях Чацвёртага тыдня рэкалектант сузірае таямніцу Уваскрасення Езуса. Грэх, цярпенні і смерць пераможаныя магутнасцю Божай. Новае жыццё перамагло ўсялякую цемру. Пасхальная радасць вучняў Езуса становіцца ягонай радасцю. У цяперашні час ён можа спазнаць яе пачатак як духоўнае суцяшэнне і супакой. У будучыні яны абяцаныя яму ва ўсёй поўні. Падчас Першага тыдня ён павінен з болем прыняць сябе такім, які ён ёсць, са сваімі цёмнымі бакамі, на Трэцім тыдні ён рыхтуецца ў будучыні прыняць на сябе некаторыя цёмныя бакі свету. Аднак усё гэта ён разумее як прамежкавыя прыпынкі на шляху да пасхальнага збаўлення. Пры гэтым ён не можа нічога зрабіць выключна сваімі сіламі. Ён разумее, што збаўленне паходзіць толькі ад Бога. У гэтай вялікай перакананасці, у веры, надзеі і радасці ён завяршае Духоўныя практыкаванні і, адноўлены і ўмацаваны ў Духу, вяртаецца да свайго звычайнага жыцця. Ён пачынае рэалізаваць прынятыя ім рашэнні ва ўпэўненасці, што яны прайшлі сур’ёзную праверку перад Богам.
На заканчэнне Чацвёртага тыдня Духоўных практыкаванняў Ігнацый прапануе адно нязвыклае разважанне пад назвай “Сузіранне дзеля адшукання любові” (ДП 230-237). У пачатку ён з уласцівай яму сцісласцю адзначае, што любоў трэба ўкладаць больш у справы, чым у словы, і што любоў палягае на ўзаемным даванні абодвух бакоў. У чатырох частках – “пунктах” – гэтага практыкавання той, хто робіць яго, павінен уявіць сабе дабро, якім Бог адарыў яго: спачатку ўспомніць пра дабро стварэння і збаўлення, затым аб “Прысутнасці” Бога ў велічы сусвету; у трэцяй частцы – як Пан клапоціцца пра яго ў Сваім стварэнні, і як Ён няспынна працуе дзеля яго і ўсіх людзей. У заключэнне рэкалектант разважае аб тым, як дабрыня, справядлівасць і зычлівасць Бога сыходзяць з неба на зямлю. На гэта ён адказвае малітвай любячага служэння. Гэтая малітва з’яўляецца рухам чалавека насустрач Богу: Бог у Сваёй любові дае яму так шмат, чалавек у адказ на гэтую любоў хоча аддаць Богу столькі, колькі можа, г. зн. у канчатковым рахунку самога сябе. У гэтай размове, якая адбываецца ў ягоным сэрцы, умацоўваецца здольнасць і гатоўнасць чалавека любіць.
Малітва любячага служэння
“Вазьмі, Пане, і прымі
ўсю маю свабоду,
памяць, розум і ўсю маю волю –
усё, што маю і чым валодаю.
Ты мне ўсё гэта даў,
Табе, Пане, вяртаю.
Усё Тваё.
Распараджайся гэтым паводле Сваёй волі.
Дай мне толькі любоў Тваю і ласку,
і мне гэтага хопіць.”
(ДП 234).
Па той прычыне, што Бог дае чалавеку ўсё і ў Езусе Хрысце Самога Сябе, то чалавек можа ў адказ на гэта таксама аддаць Богу ўсё і самога сябе. Спачатку прапанова адмовіцца ад сваёй свабоды і ўласнай волі можа напалохаць. За татальнасцю гэтай ахвяры стаіць досвед, што калі чалавек усё аддае Богу, то ён атрымлівае ад Яго ўсё назад, у тым ліку і свабоду і волю. Гэта парадокс: хто звязвае сябе дарэшты, становіцца вольным.
Духоўныя практыкаванні ў іх поўнай 30-ці дзённай форме езуіт робіць двойчы за жыццё. Іншыя хрысціяне рэдка маюць такую магчымасць, бо гэта патрабуе вельмі вялікага напружання сіл і шмат часу. Большасць курсаў практыкаванняў працягваецца ад шасці да васьмі дзён. Пры гэтай скарочанай форме практыкаванняў з чатырохтыднёвай праграмы выбіраюцца тыя практыкаванні, якія ў найбольшай ступені адпавядаюць асабістым мэтам і праблемам таго, хто робіць практыкаванні. Як правіла, акцэнт робіцца на “Фундаменце” і на практыкаваннях Першага тыдня. Практыкаванні Другога тыдня бяруцца перадусім у тых выпадках, калі рэкалектант стаіць перад важнымі жыццёвымі рашэннямі. Нават у сваёй скарочанай форме Духоўныя практыкаванні могуць даць глыбокі духоўны вопыт, які здольны перамяніць жыццё чалавека.
Разважанні над Святым Пісаннем
Важнейшым спосабам малітвы для Ігнацыя з’яўляецца разважанне над Святым Пісаннем. У практыкаванні, якое доўжыцца каля гадзіны, той, хто моліцца, робіць наступныя крокі: на пачатку ён павінен прыняць паставу, у якой ён зможа прабываць на працягу наступнай гадзіны. Ігнацый пакідае за ім поўную свабоду ў выбары паставы цела. Каб асягнуць супакой можна некалькі хвілін засяродзіць сваю ўвагу на целе, сканцэнтравацца на сваім дыханні. Думкі і пачуцці, якія ўсё яшчэ адцягваюць нас ад кантэмпляцыі Божага слова, мы можам свядома ўспрымаць яшчэ некаторы час, а затым адкласці невялікім высілкам волі. Рэкалектант просіць Бога аб тым, каб у гэты час яго думкі і намеры былі скіраваныя на Яго. Ён моліць аб тым, каб чуць, што Бог хоча сказаць праз біблійны тэкст.
Кіраўнік – той, хто дае практыкаванні, – прапануе для малітвы пэўны фрагмент Святога Пісання. Другі крок – чытанне тэкста. Рэкалектант спалучае з разважаннем інтэнцыю або жаданне: напрыклад, аб спазнанні сваіх грахоў і жалю за іх. Альбо, атрымаўшы тэкст аб аздараўленні, ён жадае ўбачыць цёмныя плямы свайго жыцця і атрымаць ацаленне. Падчас Другога тыдня інэнцыяй можа быць яснае бачанне свайго паклікання. Якім бы ні быў намер, ён прыносіць яго Богу: “Я прашу аб тым, чаго хачу і жадаю” (ДП 48). Адкрываючы свае жаданні і патрэбы Богу, чалавек адначасова адчыняецца сам дзеля таго, каб прыняць ад Бога тое, што Ён жадае яму даць.
Трэці крок – “уяўленне месца”. У сваім уяўленні ён спрабуе як мага навочна ўявіць сабе біблійную сцэну. Гэтаксама, як рэжысёр ставіць п’есу на тэатральнай сцэне, так і рэкалектант, намагаецца інсцэніраваць у сваёй душы фрагмент Святога Пісання, над якім ён разважае. Ён можа выкарыстоўваць пры гэтым усе свае пачуцці: зрок, слых, смак, дотык, нюх, каб уявіць сабе, што адбываецца ў пэўнай сцэне. Словы, якія гавораць дзеючыя асобы, можна агучваць уголас. Можна пастарацца адчуць іх пачуцці. Дарэчы, езуіцкі тэатр эпохі барока бярэ пачатак менавіта ў гэтай духоўнай практыцы.
Чацвёрты крок – самаідэнтыфікацыя з дзеючымі асобамі біблійнага ўрыўка. Чалавек знаходзіць у пачуццях, словах, паводзінах персанажаў свае ўласныя пачцці, словы, учынкі. Напрыклад, ён пазнае сябе ў фарысеі і з прыкрасцю разважае над гэтым падабенствам. У сляпым жабраку ён бачыць сваю немач, сваю радыкальную патрэбу ў аздараўленні. У вучнях Езуса, якія пакідаюць сваё мінулае жыццё дзеля вучнёўства, ён адкрывае для сябе магчымасці новых жыццёвых арыенціраў, магчымасць пакінуць некаторыя са сваіх звычак і прысвяціць сябе служэнню бліжнім. У самім Езусе ён знаходзіць прыклад служэння бедным, міласэрнасці да грэшнікаў, крытыкі фарысейства, вернасці свайму пакліканню… Часта атаясамліванне з біблійнымі героямі прыводзіць чалавека (нават пры ўмове, што ён моліцца даўно знаёмымі тэкстамі) да надзвычайных адкрыццяў. Канфрантацыя з біблійнымі вобразамі і сюжэтамі дазваляе выявіцца некаторым экзістэнцыяльным аспектам жыццёвага шляху, праўда выходзіць на паверхню, выклікі прымаюцца. Жыццё робіцца багацейшым, радасць і боль адчуваюцца вастрэй.
Пяты крок: чалавек фармулюе ў малітве тое, што яму адкрылася падчас разважання. Усё, што ўсхвалявала яго, ён апавядае Богу ў сваёй малітве. Ён звяртаецца да Бога Айца ці Езуса. Ігнацый рэкамендуе таксама звяртацца з малітвай да Марыі, у якой увасабляецца жаночы аспект боскага, і таму закранае іншыя струны душы чалавека. У малітве ён выказвае ўсё, што ўзнікла ў душы. Малітва павінна быць дарэшты шчырай. Гэтак, як у сапраўдным глыбокім чалавечым сяброўстве можна размаўляць пра ўсё, уключна з самымі інтымнымі рэчамі, так і ў малітве ўсё, што нараджаецца ў душы, трэба прынесці Богу. Малітва не намагаецца атрымаць ад Бога штосьці такое, чаго б Ён не даў без малітвы. Мэта малітвы заключаецца хутчэй ў адкрытасці на Божы ўплыў, каб дазволіць Яму перамяняць сябе.
Па завяршэнні часу, прызначанага на разважанне, рэкалектант адводзіць 15 хвілін на рэфлексію малітоўнага досведу. Што ўдалося, а што не, што адкрылася, які плод разважання? Ён дзякуе Богу за ўсе дары. Калі ёсць уражанне, што ён быў недастаткова ўважлівы, то спрабуе высветліць прычыну, просіць Бога аб прабачэнні і вырашае выправіць гэта. Каб найлепшым чынам захаваць плады практыкавання, рэкамендуецца рабіць запісы.
Духоўныя практыкаванні ў паўсядзённым жыцці
У адной з заўваг (ДП 19) Ігнацый згадвае пра магчымасць іншай формы духоўных практыкаванняў. Той, хто робіць практыкаванні, не адасабліваецца, каб пэўны час поўнасцю прысвяціць сябе рэкалекцыям, а робіць іх у сваёй паўсядзённасці, паралельна са сваімі звычайнымі заняткамі. На працягу некалькіх тыдняў або месяцаў ён штодзённа адводзіць паўтары гадзіны духоўным разважанням і малітве. Некалькі год таму гэтая форма атрымала другое нараджэнне і шырока практыкуецца пад назвай “духоўныя практыкаванні ў паўсядзённым жыцці”. Яна набыла папулярнасць як простая і эфектыўная форма духоўных практыкаванняў. Удзельнікі сустракаюцца, як правіла, вечарам раз на тыдзень і размаўляюць аб сваім досведзе, які атрымалі на працягу апошняга тыдня, і атрымліваюць неабходныя настаўленні ад кіраўніка на наступны тыдзень. Кожны выбірае сабе зручны час для малітвы і разважанняў.
У параўнанні з “класічнымі” практыкаваннямі такая форма мае свае перавагі і недахопы. З прычыны таго, што чалавеку ўсё ж перашкаджае шум яго штодзённасці, адцягваючы ўвагу ад унутранага шляху, у дадзенай форме практыкаванняў не дасягаецца тая глыбіня асабістага досведу, характэрная для практыкаванняў у кляўзуры. Аднак тое, што падзеі паўсядзённага жыцця з’яўляюцца складовай часткай працэса практыкаванняў, можа стаць перавагай. Так чалавеку лягчэй пазбегнуць небяспекі, што, спазнаўшы ў адасобленасці глыбокія перажыванні, ён, вярнуўшыся ў звычайнае жыццё, занадта хутка страціць іх духоўны плён, і ў доўгатэрміновай перспектыве практыкаванні не будуць мець жаданага ўздзеяння. Таксама з-за таго, што практыкаванні ў кляўзуры патрабуюць шмат вольнага часу і азначаюць пэўныя матэрыяльныя выдаткі, практыкаванні ў паўсядзённым жыцці маюць перавагу і ў аспекце сваёй дасяжнасці шырэйшаму колу веруючых. Вядома, неабходнай умовай з’яўляецца высокі ўзровень асабістай дысцыпліны, каб штодзённа весці інтэнсіўнае малітоўнае жыццё. Але гэтая духоўная дысцыпліна можа стаць вынікам удзелу ў такіх духоўных практыкаваннях. Яны будуць карыснай дапамогай хрысціяніну, які шукае ўзрастання ў духоўным жыцці.