Дазволь сябе збавіць дзеля любові

Чытаю:

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

Ян 15, 12-17

 Гляджу: “Езус, мая любоў, укрыжаваны”. Св. Ігнацый Лаёла

Разважаю: Вось, новы Закон дае Пан, у якім ты можаш укараніцца і чэрпаць сілы для жыцця і росту. Лісце не завяне і ўсё будзе ўдавацца, калі будзеш мець у запаведзі любові асалоду – з гэтага і пачыналіся разважанні, успомні першую частку. 

Здаецца, можна больш нічога не казаць. Проста спалучыць пачатак і канец, карані і сапраўдную ваду, якая мае свой выток у прабітым баку Хрыста, і самім гэтым фактам усё патлумачыць. 

Аднак, па праўдзе, нават калі ўсё так ясна, скажы, гледзячы на сябе, на блізкіх, на свет: ці разумееш хоць нешта? “Ці бачыш што-небудзь?” – скарыстаўшыся пытаннем Езуса да сляпога з Бэтсаіды (зноў жа з першай часткі разважанняў). Хіба людзі не нагадваюць па-ранейшаму дрэвы, якія ходзяць? Хіба можаш вызначыць, чаго яны хочуць, сябры яны ці ворагі, набліжацца да іх ці ўцякаць? Пад якую “музыку” яны танцуюць? Ці добрых мэтаў дабіваюцца? 

І я таксама не патлумачу табе. Мы ўсё яшчэ дрэнна бачым, але сквапна стараемся захаваць свае “бярвёны” ў вачах, робім з іх палічкі, на якія расстаўляем людзей, дзелім на розныя катэгорыі. Вызначаем самі, каго любіць, каго не, і колькі “багацця” пры сабе пакінуць, баімся патокаў вады і ўсяго новага… У выпадку такой слепаты Езусу недастаткова ўскласці рукі на хворыя вочы – Ён бярэ на сябе ўсяго чалавека, і раны нашых грахоў раскрываюцца на Ягоным целе. 

Ён Сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя. 1 П 2, 24

Адкрый вочы, няхай закружыцца галава – ты на плячах Збаўцы свету, Ён узнёс цябе над светам. З невымоўнай любоўю Ён прыняў твае жорскія церні і палічыў гэтую карону за гонар. Ён схаваў цябе ў Сваім Сэрцы, каб ты нарэшце адчуў, што ты не адзін, што ты бязмежна любімы. 

Магчыма, за гэты час ты аднавіўся, аджыў настолькі, што пачуваешся на сілах збаўляць свет разам з Хрыстом. Магчыма, нават даеш Яму падказкі, як лепш гэта зрабіць. Пачакай. Спыніся хаця б у Вялікім тыдні і дазволь Яму збавіць цябе. “Пазбыцца грахоў”, як піша святы Пётр, – значыць прызнаць іх і аддаць, убачыць іх на аголеным зраненым Целе Хрыста і не збегчы, не зрачыся Яго, а ўбачыць у Ягоным позірку прабачэнне, адпушчэнне, дараванне… Назаві як хочаш, але прымі гэты дар. Тады будзеш аздароўлены, вольны, жывы настолькі, каб ісці следам за Хрыстом і застацца з Ім да канца. І ўвайсці ў славу разам з Ім. 

Слухаю: “Ты прабачаны!..” “Ты прабачана!..” 

Спрабую: даверыцца Божай ласцы, аб якой буду прасіць на гэтым тыдні і ў Пасхальны трыдуум: каб мне смуткаваць разам з Хрыстом, пагружаным у смутак, цярпець з Хрыстом у цярпеннях, плакаць і ўнутрана пакутаваць з-за такой вялікай мукі, якую Хрыстус вынес дзеля мяне (паводле ДП 203). Ідзецца пра дар, які Бог сам удзяляе ў той меры, якую лічыць адпаведнай. Гэта не эмоцыі, не нейкі ўнутраны пабожны вымушаны жэст дзеля “выніку”, але рух сэрца, які можа абудзіць толькі Божая ласка. Гэта тая “рана любові”, якая ацаляе, робіць чалавека па-сапраўднаму цэлым. 

Дапамогай можа стаць удзел у набажэнствах, якія адбываюцца на Вялікім тыдні ў кожнай парафіі. Асаблівую вартасць набывае цішыня, засяроджанасць, малітоўнае разважанне Мукі Пана, а таксама гатоўнасць і адкрытасць атрымаць тое, аб чым просім, наўпрост пасярод мітусні і віру паўсядзённасці. “Дзе Ты, Пане?” – добрае пытанне для бягучых спраў і на рахунак сумлення перад сном.