Шукай большага
Чытаю:
Мноства людзей рассцілала свае плашчы на дарозе, іншыя ж зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі: “Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!”
Мц 21, 8-9
Гляджу: на сваё жыццё, на яго праявы ў розных сферах, – што я магу “рассцяліць” перад Панам? (Для натхнення можна скарыстацца фотаальбомам, фотагалерэяй у тэлефоне ці ў “воблаку”.)
Разважаю: ва ўрыўку, які ўзяты з апісання ўрачыстага ўезду Езуса ў Ерузалем, увага евангеліста скіравана на людзей, а Ён застаецца нібы ў фоне. Зусім як пасля Унебаўшэсця – навідавоку людзі, а не Пан. Людзі жывуць у пэўную эпоху і ў пэўным месцы, штосьці робяць, ходзяць там і тут, але тыя, хто пазнаў Яго і жыве ў Ягонай прысутнасці, не могуць утрымацца ад праслаўлення і стараюцца нейкім чынам выказаць Яму сваю пашану. Без прымусу і падрабязных інструкцый іх сэрцы спяваюць гімн свайму Стварыцелю і Пану.
Ці за гэты час Вялікага посту ў табе нарадзілася большае жаданне праслаўляць Бога? Можа, з’явілася больш устойлівасці ў цяжкасцях? Больш радасці ад магчымасці паслужыць іншым, нават тады, калі ніхто не бачыць? Больш удзячнасці за Ахвяру Хрыста? Больш глыбокае перажыванне Эўхарыстыі? Такіх пытанняў можа быць шмат, і варта пашукаць адказы, адчуць недахоп, папрасіць аб Божай ласцы…
Кожная новая праява жыцця і паўнаты ў табе – гэта новая зялёная галінка на тваім дрэве. Ты бачыш не ўсе, але Пан бачыць і дае ім рост. Ён не праміне паказаць табе (магчыма, праз іншых людзей), каб ты клапаціўся пра гэтую зеляніну і даглядаў яе. З дагледжанага дрэва можна спадзявацца лепшых пладоў. “І яблыкамі б’е паклоны сад,” – пачынаецца адзін з вершаў Рыгора Барадуліна. Паклон як жэст павагі, малітвы, пакоры. Яблыня праслаўляе Бога сваімі пладамі, а іншае дрэва – сваёй здольнасцю даваць цень у спякотны дзень. А іншае – зрэзанымі галінамі, пасцеленымі пад ногі Збаўцы. Так, тымі самымі, якія толькі-толькі выраслі, якімі дрэва не паспела нацешыцца, надыхацца… Для Пана зразаюць і аддаюць лепшыя галіны, не сухія. Разбіваюць флакон не са звычайным алеем, а з найкаштоўнейшым мірам.
А тая ж смакоўніца, ад якой Езус не дачакаўся пладоў, так празмерна дбала пра зялёнае лісце, што размінулася са сваім прызначэннем пладаносіць (Мц 21, 18-19). І ў п’есе “Вечар” Аляксея Дударава герой прыходзіць да высновы, што “душа ў чалавека баліць… Нічога за ўсё жыццё нікому не аддаў… Аддаць трэба… Трэба…”.
То калі захоўваць, а калі раздаваць? Які флакон разбіць, а які прадаць? Што з’яўляецца плодам, якога чакае Пан? Як, урэшце, разабрацца, што рабіць з гэтымі галінамі, з гэтым жыццём, з гэтым часам, які яшчэ застаўся нам тут, на зямлі?
Чалавек створаны, каб хваліць Бога, нашага Пана, шанаваць Яго і служыць Яму, і праз гэта збавіць сваю душу. Усё іншае на зямлі створана дзеля чалавека, каб дапамагчы яму дасягнуць мэты, для якой ён створаны. (ДП 23)
Так урачыста распачынае святы Ігнацый сваю кнігу “Духоўных практыкаванняў” (ДП), прапануючы нам адразу адчуць пад нагамі цвёрды грунт і апору для розуму, засвоіць ясны крытэрый выбару і правільную іерархію. Хоць кожны чалавек створаны ўнікальным, мэта ва ўсіх адна. А вось спосабы яе дасягнення будуць рознымі. Сапраўды, толькі ты адзін праслаўляеш Бога так, як ніхто іншы. Тваё “Гасанна!” гучыць для Яго асаблівай музыкай. Толькі табе даюцца тыя ці іншыя абставіны, сітуацыі, альтэрнатывы, дзе ты можаш ушанаваць Бога выкананнем Ягонай волі… Не трэба думаць, што камусьці прасцей ці складаней, бо тут не спаборніцтва лепшых, а разважлівы пошук: да чаго Бог кліча слабога чалавека, тое крохкае глінянае начынне, або тое дрэва, якое выпрабоўваюць усе вятры сучаснага свету. Толькі пры Ім, укаранёны ў багацці Яго любові, ты зможаш навучыцца служыць іншым, як Ён.
Прыгледзімся яшчэ раз да людзей вакол Езуса на восліку. Яны нібы танцуюць са сваімі плашчамі і галінкамі: чым бліжэй да Яго, тым лепш ведаюць, як выказаць сваю пашану і дзе іх месца. У Яго прысутнасці гатовыя ісці і праслаўляць… аж пакуль “сонца пераследу” не падымецца досыць высока і не выпаліць кволыя зялёныя парасткі, як прадказваў Збаўца ў прыпавесці пра сейбіта. І ўсё ж… І ўсё ж на Пяцідзясятніцу праз апостала Пятра слова зноў паляціць у свет і знойдзе добрую глебу.
Слухаю: музыку Духа Святога, якая запрашае да непаўторнага танца на хвалу Божую. Слухаю сваё сэрца, якое з любові абірае шляхі праслаўлення, пашаны і служэння Богу.
Спрабую: прасеяць скрозь “сіта” вышэйзгаданага ДП 23 розныя аспекты жыцця і спосабы выкарыстання Божых дароў, напрыклад, свае адносіны, карыстанне гаджэтамі, служэнне, планы, вялікія мары і жаданні. Ці сапраўды яны маюць на мэце хвалу, пашану і служэнне Богу ці спачатку ўласны камфорт, а потым – чамусьці толькі потым – пошук “часу” для Бога? Можна зрабіць гэтае практыкаванне ў форме ігнацыянскага рахунка сумлення, які складаецца з 5 крокаў: падзяка – малітва аб ласцы святла – агляд дня ці канкрэтнай дзеі, праекта – жаль за хібы і грахі – малітва аб ласцы на далейшы шлях.
Як варыянт: паспрабаваць зрабіць добры і разважлівы выбар у нейкай бягучай справе. Іншымі словамі, паглядзець не ў мінулае, а ў будучыню. Перад якой альтэрнатывай ты стаіш у гэты час? Гэта можа быць нейкая простая рэч. Спачатку паглядзі на справу праз “акуляры” мэты, дзеля якой ты створаны. Звярні ўвагу не на падрабязнасці таго, як будзе выглядаць хвала, пашана і служэнне ў тым ці іншым выпадку, які ты абярэш, а ў агульным накірунку, які набудзе тваё жыццё: ці стане ў ім больш Бога? Ці зможаш лепш служыць Хрысту церпячаму, пагарджанаму, убогаму?
Тэрэса Клімовіч
Дадатковыя (па жаданні) матэрыялы для чытання на гэтым тыдні
Рахунак сумлення як найважнейшы момант дня
Ігнацыянская схема прыняцця рашэнняў
Распазнаванне: добра, дрэнна… па-ігнацыянску
__________________________
Вярнуцца на пачатковую старонку разважанняў