“П’ер Тэяр дэ Шардэн з’яўляецца адной з самых захапляльных і складаных постацей у думцы XX стагоддзя. Яго праца, якая знаходзіцца на перакрыжаванні навукі, тэалогіі і філасофіі, уяўляе сабой смелую спробу інтэграцыі касмічнай эвалюцыі з духоўнай канцэпцыяй сусвету”, – падкрэслівае кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па культуры і адукацыі напісаў уступ да кнігі Мерсэ Пратс “П’ер Тэяр дэ Шардэн. Біяграфія”, выдадзенай ватыканскім выдавецтвам “Libreria Editrice Vaticana”. 10 красавіка 2025 года спаўняецца 70 гадоў з дня смерці славутага французскага езуіта, тэолага і палеантолага, думка якога працягвае натхняць пакаленні мысліцеляў і вернікаў.
Кардынал дэ Мендонса нагадвае, што жыццё Тэяра “было адзначана няспынным пошукам сэнсу, які падсілкоўваўся як навуковымі назіраннямі, так і духоўнай кантэмпляцыяй”. Нарадзіўшыся ў 1881 годзе ў Францыі, ён вырас у асяроддзі, багатым культурнымі і духоўнымі стымуламі. Езуіцкая адукацыя забяспечыла яму трывалы тэалагічны фундамент, у той час як навуковая праца паставіла яго перад вялікімі пытаннямі эвалюцыі і прыроды чалавека.
Цэнтральным пунктам думкі Тэяра з’яўляецца ідэя, што сусвет няспынна эвалюцыянуе ў напрамку большай складанасці і глыбейшай свядомасці
“Гэтая “тэалогія эвалюцыі”, як яе часта называюць, з’яўляецца адным з яго найбольш арыгінальных і правакацыйных назіранняў. Для Тэяра эвалюцыя – гэта не проста біялагічны працэс, але касмічны рух, які ахоплівае ўсё стварэнне. Сусвет, у яго бачанні, адушаўлёны ўнутранай сілай, якая рухае яго ў напрамку пункта амега – тэрміна, прыдуманага Тэярам для абазначэння вяршыні эвалюцыі, дзе чалавечая і боская свядомасць злучаюцца ў гармоніі”, – чытаем ва ўступе кардынала.
Дэ Мендонса нагадвае, што думка езуіта выклікала шмат дыскусій як у навуковай супольнасці, так і ў тэалагічнай сферы. З аднаго боку, яго погляд на эвалюцыю як на працэс, унутрана арыентаваны на трансцэндэнтнасць, выклікаў пытанні аб сумяшчальнасці яго ідэй з дарвінаўскай тэорыяй. З іншага боку, яго смеласць у рэінтэрпрэтацыі каталіцкай веры ў святле навуковых адкрыццяў выклікала змешаныя рэакцыі ў Касцёле.
Папа Францішак прыгадаў постаць Тэяра дэ Шардэна ў верасні 2023 года падчас сваёй паездкі ў Манголію
Ён указаў тады на бліжэйшую пустыню Ордас, дзе больш за сто гадоў таму езуіт, які займаўся геалагічнымі даследаваннямі, склаў малітву “Імша над светам” (La Messe sur le Monde). Францішак прамовіў словы гэтай малітвы, а затым сказаў: “Гэты святар, якога часта не разумелі, прадчуваў, што “Эўхарыстыя заўсёды здзяйсняецца, у пэўным сэнсе, на алтары свету” і з’яўляецца “цэнтрам жыцця сусвету, цэнтрам, напоўненым любоўю і невычэрпным жыццём” нават у такія часы, як нашы, поўныя напружанняў і войнаў”.
Такім чынам Пантыфік хацеў ушанаваць постаць гэтага хрысціянскага мысліцеля, на якога ў 1962 годзе было накладзена monitum – папярэджанне тагачаснага Святога Афіцыя, папярэдніка сучаснай Дыкастэрыі веравучэння, але які таксама цытаваўся рознымі Папамі.
Кардынал далей звяртае ўвагу, што асабліва важным аспектам думкі Тэяра з’яўляецца яго глыбокі аптымізм. У часы, калі прагрэс часта звязаны з рызыкай і небяспекай, езуіт заахвочвае нас успрымаць эвалюцыю не толькі як крыніцу канфліктаў, але і як шанс для развіцця як віду і як асобы. “Яго аптымізм не наіўны, але ўкаранёны ў глыбокай веры ў здольнасць чалавека супрацоўнічаць з творчымі сіламі сусвету”, – сцвярджае кардынал дэ Мендонса.
“Для Тэяра любоў – гэта не толькі пачуццё ці маральная дабрачыннасць, але фундаментальная сіла, якая вядзе эвалюцыю ў напрамку большага адзінства і складанасці. Гэты аспект яго думкі, які Пратс развівае з вялікай глыбінёй, прапануе новы погляд на прыроду любові і яе ролю ў нашым асабістым і калектыўным жыцці”, – чытаем ва ўступе.
На думку кардынала, кніга Мерсэ Пратс з’яўляецца важным укладам не толькі для даследчыкаў Тэяра дэ Шардэна, але і для ўсіх, хто цікавіцца разважаннямі над вялікімі пытаннямі існавання. “Здольнасць аўтаркі рабіць даступнымі складаныя паняцці і пераплятаць думкі Тэяра з выклікамі нашага часу робіць гэтую кнігу патрабавальным, але важным чытаннем”, – сцвярджае напрыканцы кардынал дэ Мендонса.
На думку іерарха, у жыцці і працах П’ера Тэяра дэ Шардэна вылучаецца “арыгінальны сінтэз, які кідае выклік традыцыйным дыхатаміям паміж верай і розумам, прыродай і духам, часам і вечнасцю”. Ён нагадвае, што Мерсэ Пратс, выкладчыца ў “Фондзе Тэяра дэ Шардэна”, заслужыла прызнанне ў навуковых колах дзякуючы таму, што змагла дэталёва прасачыць і апісаць, як творы французскага езуіцкага мысліцеля распаўсюджваліся нефармальнымі шляхамі. Доўгі час яны не маглі быць афіцыйна апублікаваныя з прычыны забароны з боку касцельных улад.
Кніга Мерсэ Пратс, якая з’яўляецца вынікам шматгадовай гістарыяграфічнай працы, заснаванай на глыбокіх даследаваннях у розных архівах, такіх як архівы Дыкастэрыі веравучэння, французскай правінцыі Таварыства Езуса і Джорджтаўнскага ўніверсітэта ў Вашынгтоне, з’яўляецца на сённяшні дзень найбольш поўнай і дакументаванай біяграфіяй славутага езуіта, тэолага і палеантолага.

Больш на нашым сайце пра П’ера Тэяра дэ Шардэна SJ (1881-1955)