Ідзі бліжэй да Езуса
Чытаю:
Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»
Лк 23, 27-31
Гляджу:

Разважаю: Вялікі пост дае магчымасць адчуць, што самы кароткі шлях ад сухога дрэва да зялёнага – быць побач з Хрыстом на Крыжовым шляху. Побач з Церпячым Збаўцам немагчыма хлусіць і рабіць выгляд. Маскі ападаюць, як сухая кара, і застаецца тая нясцерпна сухая аголенасць непрыдатнага дрэва. З дагледжанага лесу сухастой лепш выдаліць, каб такія дрэвы не спрыялі вялікаму пажару. Сухое дрэва нібы чакае падпалу і цешыцца агню, радуецца, што нарэшце можа быць карысным, да нечага можа далучыцца… Людзей, якія адчуваюць сябе лішнімі, напаўжывымі ці нават мёртвымі ўнутры, сапраўды прыцягвае нейкая знешняя стыхія, чужы агонь, усё адно – шчасця ці бяды. Яны нібы страцілі сваё прызначэнне, імкненне споўніцца, але стаяць, адганяючы ад сябе думку, што дарма. Шукаюць запэўнівання, што ад іх яшчэ ёсць толк.
І вось Езус сустракае жанчын, якія галосяць над асуджанымі на смерць. Здавалася б, годны жэст спагады да тых, хто так моцна пакутуе. Прынамсі, не абыякавасць, не злосць, не кпіны. І ўсё ж, сапраўдны жэст спагады – гэта рух Веранікі з мяккай хустай для спакутаванага твару Езуса. А гэты плач жанчын нібы толькі дадае горычы і болю: Ён бачыць не ўдзел у Яго цярпенні, а імкненне “пастаяць побач”, ухапіць нейкае перажыванне. Калі б захацеў Ён абаперціся на іх, то не змог бы, бо там пустка, труха, гніллё. А на Хрыста, як на зялёнае дрэва, мы абапіраемся заўсёды. Калі ж Ён пасылае нам тых, пра каго хоча, каб паклапаціліся мы як добрыя самаране, то ці не падводзім мы Яго, сябе і бліжніх зноў і зноў?
Гэта непрыемна чуць, непрыемна пісаць, а тым больш непрыемна ўсвядоміць фальшывасць сваіх слёз і сваёй прысутнасці побач з тымі, хто церпіць. А хто ТЫ на Крыжовым шляху Пана? Мінак, абвінаваўца, жаўнер, жанчына ў незразумелых слязах ці вучань, які ідзе з любові?..
Увогуле пра жанчын сказана толькі ў Евангеллі паводле Лукі, іншыя евангелісты абмінулі і жанчын, і словы Хрыста. А між тым, падчас крыжовага шляху Езус звярнуўся словамі толькі да іх. Убачыў, пачуў і зрабіў высілак дзеля іх навяртання. Ягоныя словы не асуджаюць, але спрабуюць абудзіць, запрашаюць задумацца над тым, што цяперашні стан іх сэрцаў прывядзе да катастрофы. Калі жанчынам пачынаюць спачуваць, што яны нарадзілі і выгадавалі дзяцей, калі дзеці пачынаюць прагнуць, каб горы ўпалі на іх – бо гэта лепш, чым працягваць жыць – то набліжаецца сапраўды страшэнная катастрофа.
Езус, які ледзь стаіць пасля суда і бічавання, кажа жанчынам адкінуць усё, што “належыць” і што яны звыклі рабіць, і пашукаць вачамі сваіх дзяцей. Ці не яны вядуць Яго на крыж? І ці не яны потым будуць туляцца сярод руін сваіх дамоў?
Толькі паверыўшы ў тое, што гэты збіты чалавек, на якога страшна глянуць, з’яўляецца Богам, можна аднавіць зрок і вярнуць сабе жывое сэрца. Заплакаць так, каб аджыло тое, што засохла. Зрабіць крок, каб бліжэй ісці за Ім, а не ад Яго. Толькі хіба гэта ў нашых сілах? Прызнаемся ўрэшце, што не. Расчуліцца на хвіліну мы можам, укласці эмоцыі і чакаць пахвалы – вось, здаецца, і ўсё. Аднак павесці за Сабой – у Яго моцы, бо ўсемагутны Той, Хто стаіць перад намі ўвесь у крыві, хоць для збаўлення хапіла б адной кроплі. У вядомай малітве мы просім: “Кроў Хрыстова, напаі мяне”. Просім ад сэрца, усведамлючы патрэбу, ці толькі вуснамі, баючыся нават заглыбіцца ў сэнс?
Слухаю: жыццядайны дотык Божага прабачэння, поўнага любові, да ран, нанесеных грахом.
Спрабую: памаліцца “Душа Хрыстова”, разважаючы кожную просьбу ў кантэксце майго месца на Крыжовым шляху Пана; дазволіць гэтай малітве “прачытаць” нашыя патрэбы і патрэбы нашых дзяцей і тых, за каго мы нясём адказнасць, каб стаць перад Хрыстом такімі, якія мы ёсць: грэшнымі, сасмяглымі, нячыстымі, спалоханымі, разгубленымі, у чаканні збаўлення.
О Душа Хрыстова, асвяці мяне.
Цела Хрыстова, захавай мяне.
Кроў Хрыстова, напаі мяне.
О вада з боку Хрыстова, абмый мяне.
Мука Хрыстова, умацуй мяне.
О добры Езу, пачуй мяне.
У сваіх ранах укрый мяне.
Не дазволь мне Цябе пакінуць.
Ад ворага злога барані мяне.
У гадзіну смерці пакліч мяне.
І дазволь да Цябе прыйсці,
Каб са святымі хваліць Цябе
На векі вечныя. Амэн.
Не варыянт, а неабходны складнік папярэдняга практыкавання: падзяліцца нечым канкрэтным з патрабуючымі – добрым словам, усмешкай, матэрыяльнымі сродкамі, сваім сведчаннем (з тымі, хто страціў надзею), сэрцам і “вухам” (каб выслухаць тых, хто ў журбе), талентам, марай, парадай…
Тэрэса Клімовіч
Дадатковыя (па жаданні) матэрыялы для чытання на гэтым тыдні
Ласка, перамена, свабода, місія – ключавыя словы на шматлікіх шляхах навяртання
Адзін з найцяжэйшых учынкаў міласэрнасці
__________________________
Вярнуцца на пачатковую старонку разважанняў