На шляху да сяброўства з Езусам мы маем патрэбу ў цішыні і слуханні, а таксама ў прасторы для сустрэчы з Езусам. Цэнтральным месцам сустрэчы з Езусам для кожнага хрысціяніна з’яўляецца Эўхарыстыя. Сакрамэнт споведзі – таксама месца сустрэчы з Ім. Рэкалекцыі – яшчэ адзін асаблівы шлях да аднаўлення і паглыблення сяброўства з Езусам. Праз грэх чалавек страціў супольнасць любові: з Богам, з бліжнім і з сабой. Святы Ігнацый акрэсліў, што духоўныя практыкаванні прызначаны для таго, каб “упарадкаваць сваё жыццё”, іншымі словамі, аднавіць сяброўства з Езусам, але таксама і з бліжнім, і з самім сабой. Такім чынам, рэкалекцыі – гэта прастора аднаўлення страчанай праз грэх еднасці.
Рэкалекцыі бываюць розныя. Напэўна кожны з нас меў досвед рэкалекцый, прынамсі ў выглядзе аднадзённай пілігрымкі, дзе ажыла нашая сувязь з Езусам. Насамрэч Богу дастаткова аднаго імгнення, каб да краёў напоўніць нашае сэрца ласкай. Бываюць рэкалекцыі “lectio divina”, тэматычныя рэкалекцыі, з канферэнцыямі, у цішыні, у маўчанні або ў камунікацыі між удзельнікамі, індывідуальныя, супольнасныя. Яны могуць доўжыцца ад аднаго да трыццаці дзён (як ігнацыянскія рэкалекцыі). Але што ў іх агульнае? Добрыя рэкалекцыі – гэта перадусім прастора для сустрэчы з Богам. Рэкалекцыі даюць магчымасць шукаць і знаходзіць Бога.
На добрых рэкалекцыях на першым месцы знаходзіцца Бог: не маё жыццё, не мае праблемы, а толькі Бог. Калі стаўлю Бога на першае месца, то Ён можа глыбей увайсці ў маё жыццё і вырашаць мае праблемы. За святым Аўгустынам мы паўтараем ягоную глыбокую тэалагічную думку: “Калі Бог на першым месцы, усё становіцца на свае месцы”. Або яшчэ кажуць: калі Бог знаходзіцца ў адзіным месцы – цэнтральным – у сэрцы, у цэнтры гісторыі майго жыцця, то ўсё тады на сваім месцы.
Таму падчас рэкалекцый я хачу свядома і дабравольна паставіць Бога на першае месца, каб Ён мог больш дзейнічаць, ствараць, перамяняць маё жыццё і адносіны. На самай справе, на рэкалекцыях Пан сапраўды можа мець прагненне, каб ты проста быў з Ім. Магчыма, ты таксама маеш такое прагненне: на рэкалекцыях проста быць з Ім, тых некалькі дзён, проста глядзець на Яго, а Ён будзе глядзець на цябе. У Евангеллі паводле Марка чытаем: “І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Імі” (Мк 3, 14) І толькі пазней каб прапаведвалі і выганялі злых духаў. Марк як катэхет паказвае важнасць прабывання каля Пана. Час рэкалекцый – гэта час, калі мы можам практыкавацца ў тым першасным служэнні для кожнага апостала і апосталкі: быць з Езусам. Ад таго, наколькі мы навучыліся быць з Ім, залежыць рэшта: нашая пропаведзь, безліч нашых служэнняў. Калі святар і кансэкраваная асоба не навучыліся быць з Ім, то як яны споўняць сваё пакліканне? Якімі сіламі? Калі я адразу пачну здзяйсняць сваё пакліканне з пропаведзі, не навучыўшыся быць з Ім, то мая пропаведзь не будзе пачутай, не будзе мець сілы ані для мяне, ані для тых, да каго яна скіравана.
Падчас рэкалекцый Бог можа даць безліч ласкаў. Можа падараваць мне прабачэнне, прымірэнне з блізкімі. Можа аб’явіць штосьці новае, даць ласку распазнаць пакліканне. Маладыя людзі вельмі часта менавіта падчас рэкалекцый распазнаюць, да чаго Пан іх кліча. Так, да жыцця, але таксама трэба ведаць, як гэтае жыццё рэалізаваць, каб пражыць яго ў паўнаце радасці, у згодзе з Божай воляй.
Рэкалекцыі даюць магчымасць проста адпачыць з Езусам, адчуць трымценне ад Божай прысутнасці. Пан ведае тваё жыццё, Ён цікавіцца ім, Ён ведае, што табе патрэбна. Таму на рэкалекцыях ставім на першае месца Бога, а не свае праблемы, нават калі яны часам вышэйшыя за Гімалаі. Рэкалекцыі не з’яўляюцца кананічным абавязкам хрысціяніна, але яны маюць вялікае значэнне для паглыблення сяброўства з Езусам. Маем абавязак быць у нядзелю на святой Імшы, але лепш быць не з абавязку…
На рэкалекцыях мы імкнёмся пабыць з Богам, шукаем часу, магчымасці, каб прысвяціць некалькі дзён толькі Яму. Час рэкалекцый – выключны час для Бога. Крытэрый нашага свяброўства – наколькі Пан для нас важны, што мы аддаём Яму некалькі дзён свайго жыцця (часам аж 8 дзён!), выключыўшы тэлефон.
Час Евангелля – гэта час рэкалекцый для апосталаў, якія праводзіў сам Езус Хрыстус. Тры гады Ён суправаджаў вучняў у іх рэкалекцыях. Калі ўважліва паглядзець, то Езус вучыў прабыванню з Ім: навучаў, паказваў ім Сябе, аб’яўляў Сябе, выяўляў Сваю чалавечую і боскую натуру.
Пад крыжам Езуса няшмат сяброў. За Ім ішло шмат людзей, але ў большасці сваёй яны нечага хацелі ад Езуса, але не Яго самога. Хрыстус выхоўвае апосталаў, каб яны шукалі перадусім Яго, а не падарункі. Падчас рэкалекцый усе нашыя намаганні скіраваны на пошук Пана. Чытаючы Святое Пісанне, мы распазнаём сябе на яго старонках, сваю гісторыю жыцця. Больш за тое: мы глядзім на сваё жыццё як на “Пятае Евангелле”. Святое Пісанне вучыць нас бачыць святога Пятра ў сабе, які адракаецца, сумняецца, але і Пятра, які ўрэшце наследуе Хрыста. Вучыць нас распазнаваць у сабе і Юду, які прысутнічае ў кожным граху. Рэкалекцыі – час жывой сустрэчы з Божым словам, якое прамаўляе і паказвае праўду пра нас.
Ігнацыянскія рэкалекцыі праходзяць у цішыні і маўчанні. Удзельнікі запрошаныя выключыць тэлефоны. Кожны дзень ёсць магчымасць правесці чатыры малітвы ўрыўкамі са Святога Пісання. Таксама штодня ёсць абавязковая размова з духоўным кіраўніком, бо гэта неад’емная частка такіх рэкалекцый. Ігнацыянскія рэкалекцыі – індывідуальныя. Кожная асоба праходзіць свой асабісты шлях з Богам. Могуць быць пададзены ўводзіны да малітваў. Штодня цэлебруецца святая Імша. Удзельнікаў таксама заахвочваюць прагульвацца паміж малітвамі, каб была нейкая фізічная актыўнасць.
Ігнацыянскія духоўныя практыкаванні месцяць у сабе чатыры тыдні. Для тых, хто прыязджае ўпершыню, прызначаны этап “Пачатак і аснова” або “Фундамент”. Мы засяроджваемся на тэме распазнавання Божай любові. Мы разважаем над біблійнымі тэкстамі, якія паказваюць нам гэты досвед любові або недахоп любові ў гісторыі нашага жыцця, разважаем над тэмамі ран з дзяцінства, над адносінамі з бацькамі. Гэты этап закранае тэму нашага асабістага вобразу Бога. Мы запытваем сябе, якога Бога носім у сваім сэрцы, у якога Бога верым на самай справе, за якім Богам крочым? Наступства перашроднага граху – скажоны вобраз Бога, бліжняга і самога сябе, таму глыбокае духоўнае жыццё па-сапраўднаму распачынаецца тады, калі мы ставім гэтае фундаментальнае пытанне пра свой асабісты вобраз Бога. Гэта няпросты этап, але вельмі важны. Тут мы пазнаём метад ігнацыянскай малітвы, вучымся весці духоўную размову, распавядаць пра сваё духоўнае жыццё. Сама назва “Пачатак і аснова” кажа пра нейкі падмурак, істотны для наступных крокаў.
Першы тыдзень прысвечаны тэме гісторыі граху, але таксама гісторыі асаібістага граху. Мы стараемся ўсвядоміць сабе нашую грэшнасць, але і прабачэнне, якое атрымліваемся ад Пана ў сакрамэнце споведзі.
Другі тыдзень прысвечаны тэме пазнання Пана нашага Езуса Хрыста, каб Яго больш любіць і наследаваць. Можна сказаць, гэта пачатак кантэмпляцыі жыцця Езуса Хрыста, ад Яго нараджэння да Мукі. Апостальства без глыбокага пазнання Езуса Хрыста немагчымае. Езус кажа да апосталаў: без Мяне вы нічога не можаце. На ўзроўні катэхезы вельмі цяжка наследваць Хрыста. Недастаткова штосьці ведаць пра Яго. Евангелле заахвочвае, каб пазнаць Яго самога як Асобу. Можна мець два дактараты з тэалогіі, але не мець досведу сустрэчы з Хрыстом – досведу Яго збаўчага дзеяння ў сваім жыцці. Падчас гэтага тыдня таксама прысутнічае тэма распазнавання паклікання. Святы Ігнацый прапануе малітвы аб добрым і разважлівым выбары і распазнаванні Божай волі. Тут можа нарадзіцца чалавек, гатовы да місіі. Калі мы ўважліва чытаем Евангелле, то бачым, як Езус прагне сустрэцца з чалавекам: Ён прыйшоў дзеля сустрэчы. Важна, каб чалавек гэта адчуў і адкрыўся на гэтую сустрэчу. Езус прыходзіць таксама і да фарысеяў і кніжнікаў, каб і з імі сустрэцца, каб і яны прынялі Яго.
Трэці тыдзень – пра Муку Хрыста. Мы просім аб тым, каб цярпець разам з Хрыстом. Пра гэта цяжка прасіць, бо чалавек не створаны, каб цярпець. Езус прыходзіць, каб нас уратаваць ад цярпенняў. Аднак пасля першароднага граху цярпенне прыйшло ў свет і кожны з нас яго зведаў. Нават працэс старэння – ужо крыж жыцця чалавека. Важна мець досвед Хрыста ў жыцці, поўным цярпення, каб быць больш сталым хрысціянінам. Падчас Трэцяга тыдня мы можам разважаць і пра Муку Хрыста, і пра крызісы свайго жыцця, досвед уласнага болю. Без Езуса і Яго Мукі вельмі цяжка несці крыж свой і крыж бліжняга. Калі я не адводжу позірк з крыжа Хрыста, то Ён бярэ мой крыж, маё жыццё на Сябе і дае мне сілу служыць з любоўю. Трэці тыдзень вучыць не баяцца Хрыстовага крыжа і сваіх крыжоў і такім чынам дорыць нам свабоду.
Чацвёрты тыдзень – пра Уваскрасенне Езуса Хрыста. Мы просім пра радасць Хрыстовага ўваскрасення, каб радавацца Уваскрасенню разам з Езусам, з Багародзіцай. Мы просім пра ласку ўдзелу ва Уваскрасенні, якое з’яўляецца нашай мэтай. Насамрэч мы ідзём да Уваскрасення. Ігнацыянскія духоўныя практыкаванні – шлях з Богам і да Бога.
Міхайла Станчышын SJ – рэкалекцыяніст, духоўны кіраўнік і выкладчык, доктар тэалогіі.
Паводле катэхезы, якая прагучала на хвалях “Радіо Марія”
Фота: Міхайла Стачышын SJ