Будзь трывалым у цяжкасцях
Чытаю:
Ён вырас, як парастак, перад намі, і як корань з сухой зямлі. Не меў ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на яго; і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто.
Але ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе.
Іс 53, 2-5
Гляджу:

Разважаю: З нябесных вышыняў, дзе нічога не бракуе, Езус прыйшоў у нашую “сухую зямлю”, каб праліцца, як ахвяра (пар. 2 Цім 4). Гэты дзіўны, незвычайны ў нашых суровых умовах “малады парастак”, якім можна было бясконца любавацца, быў зранены і пабіты да непазнавальнасці, раздаўлены і адрынуты. Цяжка глядзець на зламаныя дрэвы, на пакуты людзей, але боль гэтай зламанасці дзеліць з імі Збаўца чалавецтва.
Кожнаму чалавеку нешта баліць, нават юнаму і закаханаму, упэўненаму ва ўзаемнасці. Цяжкасці ў той ці іншай меры дасягаюць кожнага. Адны правакуем мы самі сваімі грахамі і занядбаннямі, іншыя спадаюць знянацку і з невядомай прычыны. Чалавечага цярпення на зямлі – сапраўды акіян, які не акінуць вокам.
Калі нейкага цярпення можна пазбегнуць, яго варта пазбегнуць. Умоўна кажучы, калі каменьчык трапіў у бот і замінае ісці, трэба выкінуць яго і працягваць шлях. У выпадку хваробы – карыстацца медычнай дапамогай, прымаць лекі, рабіць адпаведныя фізічныя практыкаванні і г.д.; канешне, маліцца аб аздараўленні і прасіць іншых памаліцца. Так бы мовіць, знешне і ўнутрана супраціўляцца хваробе. Хіба што кожны з нас ведае прыклады ці дасведчыў ва ўласным жыцці, як перажыванне цяжкасцяў прывяло да асабістага росту і сілы. Тыя, хто ішоў насустрач праблемам з адвагай і верай, сапраўды потым не шкадавалі аб гэтым. Лішняя нервовасць, адчай, нецярплівасць могуць зрабіць чалавека няздольным маліцца, часам наўпрост замінаюць працы лекараў. І толькі пасля таго, як праміне небяспека, чалавек можа прызнаць, што найлепшай “стратэгіяй” было б захоўваць спакой і вернасць Богу. Інакш кажучы, памятаючы пра Божую любоў, захоўваць устойлівасць, як дрэва з моцнымі каранямі ў добрай вільготнай глебе. Спадзяюся, тут па-добраму адгукнецца табе ўспамін пра першую і другую частку нашых разважанняў.
Аднак, цярпенне можа быць такім, што не ўцячэш. На яго розных прычынах зараз не будзем спыняцца. Наш свет недасканалы, незавершаны. Не кожную цяжкую сітуацыю можна вырашыць нават вялікай талакой. Боль можа стаць няспынным. Так доўга можна было б працягваць спіс чалавечых бедаў, якія здараюцца проста цяпер, дзесьці побач і па ўсім свеце: адзінота, чалавечы холад, падмануты давер, пакінутасць у галечы, смяротны прысуд, у тым ліку прысуд, вынесены хваробай…
Дзякаваць і праслаўляць Бога – у такіх умовах? Жыць напоўніцу – калі жыццё рассыпаецца на часткі? Глядзець у нябёсы – калі хочацца знайсці вінаватага сярод бліжніх і абрынуць на яго ўвесь гнеў? Занадта цяжкая мова, і ўсё ж няма іншай Божай волі, каб толькі да апошняга ўздыху жыць як мага паўней, не зважаючы на тое, што зло ў тых ці іншых сваіх праявах імкнецца сказіць гэтае жыццё да непазнавальнасці. Гэта толькі на першы погляд цярпенне забірае ўсю энергію, пакідаючы пустку; на самай справе чалавек апынаецца перад выбарам: скіраваць усю сваю энергію на негатыў ці на прыняцце цярпення і лучнасць з Богам. Нават у найгоршых умовах ёсць месца для таго, каб рабіць штосьці добрае для свету, грэць яго хаця б сваім дыханнем. Калі казаць менш вобразна і больш дакладна, то Касцёл і свет маюць безліч патрэб, на карысць якіх можа быць ахвяравана цярпенне і тады яно дакладна не будзе бяссэнсам і пусткай.
Нават калі чалавек ужо не можа рухацца фізічна, ягоная малітва можа ахінуць цэлы свет, дасягнуць далёкіх місій, заступіцца за паміраючых, прывесці да Бога тых, хто адыйшоў. Сапраўды не банальнае пытанне, хто робіць для Божага Валадарства больш: хто ходзіць нагамі ці хто “ходзіць” штодзённымі ахвярамі сваіх пакут. Касцёл не выстаяў бы без заступніцтва тых, хто аддае сваё цярпенне.
Галоўнае, што трэба памятаць: Бог не перастае любіць. Ён не спыняе жыццядайныя патокі, нават калі адчуванні пачнуць нас падводзіць. Як сказаў адзін мудры чалавек, з Богам у жыцця ёсць пачатак і вечнасць.
Слухаю: рэспансорый “Ecce quomodo moritur justus” (паводле Іс 57, 1-2 “Справядлівы гіне, і няма нікога, хто б прыняў да сэрца”). У выкананні камернага хора “Salutaris” – https://youtu.be/V7SZVHdXXcA?si=94FwUdLPRuVTYPeE
Спрабую: удзельнічаць у велікапосных набажэствах, такіх як Крыжовы шлях, “Песні жальбы”, з большым жаданнем падзяліць цярпенне Езуса Хрыста.
Як дадатак да асабістай малітвы: вазьмі ў рукі невялікі крыж, можна нават той, што на ружанцы, і – замест чытання ці прагляду навінаў – паўгадзіны глядзі на Укрыжаванага. На Ягоным крыжы ты “прачытаеш” пра ўсіх, хто ў гэтыя хвіліны знаходзіцца ў шпіталях і бальніцах, у зняволенні, у небяспецы, у голадзе, у агоніі… Пра ўсіх здраджаных і пакінутых, высмеяных і закатаваных… І пра свой боль, самоту і цемру, якія ты, магчыма, хаваеш за ўсмешкай… Не адводзь вачэй, распавядай усё Таму, Хто не сышоў з крыжа, – і спрабуй пачуць Яго.
Тэрэса Клімовіч
Дадатковыя (па жаданні) матэрыялы для чытання на гэтым тыдні
Духоўны крызіс – закон развіцця
__________________________
Вярнуцца на пачатковую старонку разважанняў