Перад тым, як распачаць год новы, запрашаем азірнуцца на той, які адыходзіць. Св. Ігнацый Лаёла ўсім раіў навучыцца рабіць штодня своеасаблівы “экзамен”, праглядаючы думкі, словы і ўчынкі, падзеі і сустрэчы, жаданні і пачуцці – “шукаючы і знаходзячы Бога ва ўсім”. Мы не проста засяроджваемся зноў на саміх сабе, але адкрываем прысутнасць Бога, “у якім жывём, рухаемся і існуём”. Тым больш шкада было б “адпусціць” цэлы год без увагі, падзякі і рэфлексіі. Прапануем скарыстацца нашымі пытаннямі творча, даверыўшыся ў малітве Духу Святому.
На пачатку суцішымся і ўсвядомім, што Бог глядзіць на нас. Затым агульна прыгадаем падзеі, якія адбыліся ў нашым жыцці за мінулы год. Зробім глыбокі ўдых і выдых.
Гледзячы на мінулыя 12 месяцаў, за што я адчуваю асаблівую ўдзячнасць?
Магчыма, за мужнасць, якая была мне дадзена? Коратка прыгадаю абставіны, падзякую Богу.
За любоў і падтрымку?…
Прашу аб святле, каб распазнаць Божую прысутнасць і тое, як Ён бачыць мяне.
Што ў гэтым годзе прынесла мне сапраўдную радасць?
Што мяне турбавала, палохала, засмучала?
Якія былі выклікі і цяжкасці?
Калі і дзе ў мяне з’яўляліся магчымасці аднавіць сілы і перадыхнуць?
Ці я заўважыў/заўважыла, што Бог быў ва ўсім гэтым?
У святле гэтага прагляду года – што я хачу сказаць Богу майго жыцця?
Як хачу адгукнуцца на Яго любоў?
З якімі думкамі і настроем я стаю на парозе Новага года?
З якім духам раблю крок наперад?
Аб чым хачу цяпер папрасіць Бога?
Завяршаю прагляд года малітвай “Ойча наш…”
Па матэрыялах jesuits.org