Надзея не расчаруе!
Нараджэнне беднага і пакорнага Езуса сталася вырашальнай ціхай «рэвалюцыяй», якая выклікала фундаментальныя змены ва ўсім чалавецтве. Божае Нараджэнне — гэта радаснае выкананне Божага абяцання збаўлення, на якое мы маем адвагу спадзявацца.
Калі падчас Духоўных практыкаванняў мы сузіраем таямніцу Уцелаўлення, то бачым, як поўны любові позірк Святой Тройцы адкрывае свет крайняй няроўнасці і палярызацыі: дабро і зло, любоў і нянавісць, радасць і смутак, багатыя і бедныя, мір і вайна, жыццё і смерць. У гэтым кантэксце, не надта адрозным ад нашага сучаснага, Езус у вызначаны час прыняў нашую чалавечую прыроду і паставіў свой намёт сярод нас (пар. Ян 1, 14). Разам са святым Ігнацыем Лаёлам мы молімся аб ласцы глыбокага пазнання Езуса, каб больш любіць Яго і больш рашуча ісці за Ім (ДП 101-109).
Нягледзячы на велізарны прагрэс у розных галінах чалавечай дзейнасці, наш свет па-ранейшаму раздзіраюць праблемы і трывогі: дэградацыя навакольнага асяроддзя, абязлічаная беднасць, крызіс лідэрства, масавае перамяшчэння людзей, разбуральныя канфлікты і войны. Усіх, хто выклікае канфлікты і тых, хто нажываецца на вайне, мы заклікаем спыніцца! Хопіць! Усіх тых, каго маргіналізавала грамадства, чыя годнасць прыніжаная і хто нясе цяжар працяглага неспакою, мы заклікаем не губляць надзеі.
Таварыства Езуса разам з нашымі партнёрамі па місіі будзе працягваць служыць у розных няпростых і складаных месцах, каб несці святло Евангелля і працаваць на карысць справядлівасці, супакою, аздараўлення і прымірэння. Няхай гэтае свята Божага Нараджэння прынясе неабходнае спыненне агню і далейшае мірнае, справядлівае і раўнапраўнае завяршэнне крывавых канфліктаў, якія калечаць наш цудоўны свет.
Нядаўні Сінод на тэму сінадальнасці заклікае ўсіх людзей стаць «пілігрымамі надзеі» (Выніковы дакумент, 115). У ноч на Божае Нараджэнне Папа Францішак адкрые Юбілейны год надзеі. Наш свет прагне «надзеі, якая не асароміць» (Рым 5, 5) — надзеі, укаранёнай у Хрысце, якая натхняецца і жывіцца бедным і пакорным Езусам Хрыстом.
Для мільёнаў пілігрымаў, якія чакаюць у Рыме Юбілей надзеі ў 2025 г., і для мільёнаў іншых людзей, якія будуць святкаваць Юбілей у сваіх дыяцэзіях і краінах, няхай кожны з нас і ўсе мы разам будзем носьбітамі і інструментамі надзеі ў свеце.
Паколькі «Ён [Езус] палюбіў нас», мы можам паўтарыць словы Папы Францішка і навучыцца ў Сэрца Езуса Хрыста, як «ствараць здаровыя і шчаслівыя адносіны і будаваць Валадарства любові і справядлівасці ў гэтым свеце. Нашае сэрца, з’яднанае з сэрцам Хрыста, здольнае на гэты сацыяльны цуд» (Dilexit nos, 28).
Няхай нараджэнне Езуса, Князя супакою, запаліць любоў і надзею ў нашых сэрцах, сем’ях, супольнасцях і ва ўсім свеце.
Зычу вам радаснага свята Божага Нараджэння і напоўненага надзеяй Новага 2025 года!
Артура Соса SJ
Генеральны настаяцель Таварыства Езуса
Паслухаць пасланне на англійскай мове: https://www.youtube.com/watch?v=OoFVsfJwjIc