Нашай дапамогай у малітве падчас Адвэнту стануць разважанні над пралогам Евангелля паводле Яна, а менавіта над фрагментам, які чытаецца на ранішняй святой Імшы ў першы дзень святаў Божага Нараджэння. Сімвалам Евангелля паводле Яна з’яўляецца арол, вастравокая птушка, якая лятае вельмі высока. Запрашаем вас скіраваць уважлівы духоўны позірк на «агульную карціну» свайго жыцця.

У пралогу Ян Евангеліст кажа нам: «Слова сталася Целам і пасялілася між намі». Яшчэ не так даўно католікі схілялі калені, вымаўляючы гэтую фразу. Яна змяшчае поўны выраз і пацверджанне хрысціянскага паслання, якое нясе свята Божага Нараджэння.

Спрадвечная Боскасць уваходзіць у час і жыве між намі. Бог робіць Сабе «месца пражывання», ставіць свой намёт сярод нас. Бог набліжаецца да нас праз прыйсце свайго Сына. Бог з намі на кожным этапе нашага жыцця, у радасныя хвіліны і балючыя. Прыйсце Месіі ў свет дае нам магчымасць убачыць бясконцую дабрыню Бога і Яго блізкасць да нас.

Пяць адвэнтавых разважанняў дапамогуць вам трываць у малітоўным чаканні Божага нараджэння, аднавіць уважлівасць і адчувальнасць да прысутнасці Хрыста ў вашым жыцці. Вельмі спадзяёмся, што вы знойдзеце час адгукнуцца на запрашэнне ўвайсці ў больш блізкія адносіны з Богам, прыняць Яго ўсім сэрцам і не баяцца стаць для ўсіх адлюстраваннем святла Яго любові.

Папа Францішак у сваёй апостальскай адгартацыі Gaudete et Еxsultate («Радуйцеся і весяліцеся») адзначае, што «малітоўнае чытанне Божага слова … дазваляе нам пастаянна слухаць Настаўніка, каб быў Ён лямпай для нашых ног і святлом на нашай сцежцы» (GE 156).

Разважанне першае: блізкасць Слова
Супакой

Звернем увагу на супакой розуму. Спачатку ўслухайцеся ў навакольны шум… Магчыма, вы чуеце гукі вуліцы або прыроды… Магчыма, шум працы хатніх электрычных прыладаў… Што б вы ні пачулі, адзначце для сябе гэтыя гукі і адпусціце іх. Пачніце факусіраваць увагу толькі на жыццядайным дыханні, якім адорвае вас Бог. Усведамляйце кожны ўдых… і выдых… Заставайцеся з гэтым некаторы час, рыхтуючыся ўвайсці ў малітву.

Божае слова

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.

Ян 1, 1-3

Разважанне

У адрозненне ад іншых евангелістаў, Ян не згадвае першае Божае Нараджэнне: няма анёлаў, якія абвяшчаюць Добрую Навіну, не згадваюцца пастухі, каралі, яслі, Ірад…

Замест гэтага Ян з глыбокім перакананнем адкрывае нам, кім быў Езус і адкуль Ён прыйшоў. Словы, якія выкарыстоўвае Ян, кажучы, што Езус быў з Богам ад пачатку часоў, гучаць, бадай, занадта абстрактна. Нам больш камфортна з гісторыямі, звязанымі з нараджэннем Езуса, якія мы чуем у іншых Евангеллях.

Як мова Яна Евангеліста ўздзейнічае на вас? Ці адразу вы зразумелі, што ён гаворыць пра Езуса? Толькі пазней, у 17-м вершы, Ян ужывае імя «Езус»… Чаму, як вам здаецца, Ян вырашыў не вымаўляць імя Езуса на самым пачатку свайго Евангелля?

У першым вершы Ян выкарыстоўвае тэрмін «Слова» тройчы. У грэцкім арыгінале — Logos. Гэты тэрмін быў добра знаёмы філосафам Грэцыі таго часу і звычайна ўжываўся для апісання прынцыпу ўпарадкаванасці, які праходзіць скрозь усю рэчаіснасць і ператварае гэтую рэчаіснасць з хаосу і бязладдзя ў нешта, што мае сэнс і накірунак.

Як гэтая ідэя суадносіцца з досведам таго ўплыву, які аказвае на вашае жыццё Езус? Калі і як Езус аднавіў зламаныя, хаатычныя часткі вашага жыцця, ацаляючы іх, вяртаючы ім сэнс? Калі і як Езус даў магчымасць і вам стаць ратункам і суцяшэннем для іншых людзей? Падумайце пра тых, каму вы дапамаглі — блізкім, сябрам, суседзям або тым, з кім вашыя шляхі перасякліся толькі аднойчы, — няхай яны будуць у вашым сэрцы ў гэтыя хвіліны малітвы.

Як вы думаеце, што азначае «Усё праз Яго сталася»? Паразважайце над гэтым у святле слоў, напісаных св. Паўлам у першым раздзеле Паслання да Каласянаў: «Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана» (Клс 1, 16).

Першы тыдзень Адвэнту сімвалізуе надзею. Пачынаючы сваё Евангелле словамі «На пачатку», Ян хацеў паказаць, якой сталай і нязменнай застаецца Божая прысутнасць у жыцці кожнага чалавека. Споўніцца кожная надзея, ускладзеная на Яго. З якімі надзеямі вы распачынаеце гэты шлях Адвэнту — для сябе, іншых, свету…?

Размова з Богам
  • Ян гаворыць нам, што «Слова было ў Бога», і тым самым прапануе кранальны вобраз, дзе Сын прабывае са сваім Айцом у любові. Хоць Яны розныя і асобныя адзін ад аднаго, няма ніякіх бар’ераў паміж Ямі.
  • Цяпер, у самым пачатку гэтых рэкалекцый, спытайцеся ў сябе: ці ёсць якая-небудзь перашкода, што час ад часу блакіруе будаванне блізкіх адносінаў з Богам? Езус запрашае зламаць гэтыя бар’еры і дазволіць сабе быць ахопленымі Яго безумоўнай любоўю і прыняццем, каб затым «гаварыць з Богам, як сябар гаворыць з сябрам», паводле парады св. Ігнацыя.
  • Называючы Езуса «Словам», Ян таксама нагадвае нам, што Ён — сапраўдны Божы голас у свеце і для свету. Прыслухайцеся да Яго. Зараз менавіта той самы момант, каб пачуць, што гаворыць Ён, і адказаць Яму так, як падказвае сэрца і розум.
Разважанне другое: блізкасць Святла
Супакой

Калі ёсць магчымасць, знайдзіце месца, дзе на вас будзе свяціць сонца. Няхай яго цёплыя промні атуляць і сагрэюць вас.

Святы Ігнацый прапанаваў духоўную версію гэтага практыкавання. Перад тым, як пачаць малітву, нам трэба каля хвіліны пастаяць у цішыні, дазваляючы Богу зірнуць на нас — Богу, які стварыў нас і моцна любіць.

Таму прысвяціце зараз гэтую хвіліну Яму. Устаньце, калі можаце, ці застаньцеся сядзець, калі так для вас лепш. Прабывайце ў супакоі, і няхай Бог глядзіць на вас альбо прабывае з вамі такім чынам, як Ён жадае… Дазвольце Богу праліць святло на ваш унутраны свет… Богу, які бачыць усю нашу цемру і працягвае любіць нас…

Божае слова

У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго. З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян.

Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.

Ян 1, 4-9

Разважанне

Евангелле паводле Яна распачынаецца з таго, што раскрывае перад намі значэнне місіі, даручанай Яну Хрысціцелю. Яна менавіта ў тым, каб сведчыць пра Езуса, які з’яўляецца Уцелаўлёным Святлом і Аб’яўленнем Божай любові.

Кожны з нас, як і Ян, быў пасланы Богам у свет з пэўнай місіяй. Якія пачуцці нараджаюцца ў вас, калі вы разважаеце над гэтым? Ці вашае пакліканне з’яўляецца сведчаннем? Папа Францішак нагадвае нам, што «евангелізатар ніколі не павінен выглядаць так, як быццам толькі што вярнуўся з пахавання» (EG, 10) Ці атрымліваеце вы асалоду з таго, што абвяшчаецца Добрая Навіна? Ці сапраўды вы верыце ў яе збаўчую моц? Як яна ўплывае на ваша жыццё? Што заахвочвае вас верыць у Добрую Навіну?

Ян Хрысціцель патрабаваў ад тых, хто прыходзіў хрысціцца да яго, цалкам прысвяціць сябе любові і справядлівасці. Прыняўшы хрост, Езус тым самым пацвердзіў каштоўнасць гэтых якасцяў, якія ў далейшым стануць неад’емнай часткай Ягонага служэння. Праз шмат стагоддзяў св. Ігнацый падкрэсліў цэнтральную ролю, якую адыгрываюць любоў і справядлівасць у нашай веры, кажучы: «Любоў выяўляецца больш у дзеяннях, чым у словах».

Ці праяўляюцца любоў і справядлівасць ў вашым паўсядзённым жыцці верай? Паразважайце над коштам, які заплаціў Ян за вернасць гэтым ідэалам.

Падумайце пра тых, каго закранаюць пераслед і ўціск па прычыне іх непарушнай адданасці справядлівасці і веры. Што азначае для вас быць салідарнымі з імі?

Евангеліст звяртае асаблівую ўвагу на тое, што Ян Хрысціцель не з’яўляўся Святлом, але толькі Яго сведкам. Знайдзіце час, каб паразважаць над тымі момантамі са свайго мінулага, калі вы станавіліся для каго-небудзь сапраўдным святлом. Можаце таксама ўсвядоміць, што іншы раз адварочваліся ад Святла і не дазволілі Яму дзейнічаць праз вас.

Ян ужывае грэцкае слова Zoë, што азначае «жыццё», калі піша: «У Ім было жыццё». Bios — яшчэ адно грэцкае слова, якім карыстаецца евангеліст. Яно адносіцца да біялагічнага жыцця і азначае натуральную працягласць чалавечага існавання да моманту смерці. Аднак, ужываючы паняцце Zoë, аўтар хоча паказаць, што жыццё, якое ёсць у Богу і ад Яго паходзіць, мае больш глыбокае значэнне.

А дакладней, што Zoë адносіцца да прынцыпу/сутнасці жыцця, з’яўляецца крыніцай жыцця, якое спрадвеку знаходзіцца ў «Слове». Гэта жыццё без смерці, жыццядайная моц, якая прарываецца скрозь цемру і смерць, жыццё, аб якім Езус пазней скажа, што Ён прыйшоў даць яго «ў дастатку» (Ян 10, 10).

Паразважайце над гэтай жыватворнай сілай, бясцэнным дарам ад Бога, які знаходзіцца ў вас… у вашых сем’ях і сябрах… у кожным чалавеку, якога вы сустракаеце… ва ўсім стварэнні… у Сусвеце. Як вы адчуваеце сваю ўкаранёнасць у Боскім жыцці, якое ахінае вас кожны момант?

Тэма ўзаемадзеяння Святла і Цемры праходзіць праз усё Евангелле паводле Яна. Евангеліст ужывае метафарычны вобраз, каб апісаць сустрэчу чалавека з Езусам: спачатку Нікадэм прыходзіць да Хрыста ўпоцемку (Ян 3, 1-21), каб пазней сведчыць пра святло каля Яго магілы (Ян 19, 39-42); здрада Юды адбываецца ноччу (Ян 18, 1-5); самаранка прыходзіць да студні апоўдні (Ян 4, 1-42)… Езус кажа вам, што вы таксама з’яўляецеся святлом свету, якое няспынна ззяе іншым людзям.

Падумайце, якое непаўторнае святло Бог даў асабіста вам. Вы трымаеце яго ў таямніцы? Што перашкаджае вам зрабіць так, каб гэтае святло ўбачыў увесь свет? Што дапамагло б вам па-сапраўднаму ацаніць тое святло, якое ў вас ёсць? …святло, якое ёсць у іншых?

Размова з Богам
  • Уявіце, што вы знаходзіцеся сам-насам з Езусам і Ён абяцае даць вам удзел ва ўнутраным Боскім жыцці. Захоўвайце цішыню і падумайце, што гэта магло б значыць. Што вы адчуваеце? Якія эмоцыі ў вас нараджаюцца, калі ўсведамляеце ўсю веліч Божых абяцанняў?
  • Падчас малітвы Езус прагне паказаць нам, што жыццё, у якое Ён запрашае, — гэта святло, якое свеціць у цемры (Ян 1,5). Спачуваючы нам, Бог прагне ўвайсці ў нашае жыццё і асвятліць яго найбольш цёмныя месцы. Прабывайце з Езусам у засярожанай малітве, каб Ён раскрыў перад вамі тыя месцы ў вас, у якія вы не хочаце ўпускаць промні Ягонага святла. Дазвольце найбольш утоеным і невыказаным пачуццям выйсці на паверхню — і вы адчуеце вялікую спагаду і моц безумоўнай Божай любові.
  • Паслухайце, што Езус кажа вам: «Любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, таму і даў табе Маё ўпадабанне» (Ер 31, 3). Дазвольце Богу атуліць вас Сваёй любоўю і прыняць вас такімі, якія вы ёсць на самой справе.
  • Як Ян Хрысціцель, так і мы пакліканыя сведчыць аб Святле. Успомніце словы папы Францішка: «Нам патрэбны верагодныя сведкі. Калі мы не маем сведкаў, нам можа здавацца, што нашыя справы ідуць добра: асвоілі нейкую прафесію, зарабляем дастаткова, у нас ёсць праца, сям’я… Але, магчыма, мы не рухаемся наперад, мы як быццам „прыпаркаваныя“ і стаім на месцы».
  • Ці адказваеце вы на заклік сведчыць аб Божым святле альбо аддаеце перавагу магчымасці «прыпаркавацца» ў жыцці без усялякага руху ў бок невядомага?
  • Ці хочаце больш адкрыцца насустрач таму, што прапануе вам Бог? Папрасіце Яго напоўніць сэрца ахвотнай рашучасцю ісці за натхненнямі «Бога, які любіць сюрпрызы»… даверыцца Богу-таямніцы… каб пастаянна наноў адкрываць для сябе Уцелаўлёнага Бога.
  • Адвэнт — час, пазначаны надзеяй і чаканнем у цемры і побач з тым — верай у святло. Чаго вы чакаеце ў гэтым Адвэнце? Якія спадзяванні ўскладаеце на будучыню? Адпусціце іх і даверце іх Богу настолькі поўна, як толькі можаце. Часам больш складана паверыць у святло, чым заставацца ў цемры. Калі вы адчуваеце, што так адбываецца з вамі, аддайце сваё нежаданне ў рукі Езуса і папрасіце ў Яго ласку даверу.
  • Працягвайце ціхую малітву з тымі вобразамі, пытаннямі і пачуццямі, якія засталіся ў вас пасля сённяшняга разважання аб блізкасці Святла.
Разважанне трэцяе: блізкасць Месіі
Супакой

Сёння, каб знайсці цішыню і супакой, мы будзем вучыцца паўтараць вельмі важнае слова. Спачатку звярніце ўвагу, у якім месцы вы знаходзіцеся цяпер… як сябе адчуваеце… што адбываецца з вамі… і аддайце гэта ўсё Богу…

Потым папрасіце ў Яго ласку, якой прагнеце ў малітве… Магчыма, пазнаць і прыняць Езуса як свайго Пана… як Месію… альбо звярніцеся да Яго з іншай патрэбай сэрца…

Потым засяродзьцеся на арамейскім слове Мараната, якое азначае «Прыйдзі, о, Пане», і паўтарайце яго ў рытме дыхання… Мараната… на працягу некалькіх хвілін… Калі штосьці будзе адцягваць вашую ўвагу, проста вярніцеся да слова.

Божае слова

У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.

Ян 1, 10–13

Разважанне

Езус, Месія… памазанец … дадзены, як абяцана, ад Абрагама і ўсіх яго нашчадкаў, чаканы з вялікаю нецярплівасцю вельмі доўгі час. І ўсё ж габрэйскі народ, з якім Бог усталяваў асаблівыя адносіны і заключыў Запавет, не пазнаў, калі Ён прыйшоў, і таму не прыняў Яго.

У якой меры гэты вобраз закранае вас? Чаму, на вашую думку, так многія памыліліся ў Езусе і не пазналі, што Ён — Той, каго яны чакалі? Кім для вас з’яўляецца Езус? Ці пазналі б вы Яго, калі б Ён зноў уцелавіўся ў сённяшнім свеце? Хто або што паўстае ў вашым уяўленні ў адказ на пытанне Езуса: «А вы кім лічыце Мяне?» (Лк 9,20).

Ва ўсім Евангеллі Ян ужывае слова «вера» ў якасці дзеяслова. Для многіх паняццю веры адпавядае дактрына, але для Яна Евангеліста вера — не шэраг дактрынальных і рэлігійных заканадаўчых актаў, прытрымлівацца якіх людзі абавязаныя; у Евангеллі паводле Яна верай акрэсліваюцца жывыя і дынамічныя адносіны з Езусам. Верыць у Езуса — значыць поўнасцю даверыцца Яму. Ці заўсёды вы разумееце і стараецеся праяўляць сваю веру ў Езуса як адносіны?

Такое стаўленне да веры нагадвае нам, што мы належым да пілігрымуючага Касцёла і з’яўляемся часткай пілігрымуючага народа, які змяняецца пад уплывам свету, у якім мы жывем.

З такой перспектывы, вера — як дзеяслоў, як няспыннае развіццё адносінаў — ці напаўняе вас жыццём? І наступнае пытанне: у чым яна з’яўляецца цяжкай, магчыма, нават выклікам для вас? У сваіх адносінах з Езусам ці давяраеце вы Яму настолькі, каб аддаць у Яго рукі сваё жыццё? Усяго сябе цалкам?.. Кожную патрэбу і памкненне? Што вам неабходна зрабіць, каб паглыбіць адносіны даверу паміж вамі і Езусам?

Езус быў адкінуты сваім народам — людзьмі, якія, як Ён лічыў, ведалі Яго найлепш, і з якімі Ён імкнуўся ўвайсці ў глыбокія і працяглыя адносіны. Паспрабуйце ўявіць, як адчуваў сябе Езус. Балюча пакрыўджаным? Пагарджаным? Непатрэбным?

Узгадайце час, калі вы або важная для вас справа былі адкінутыя… Выпадак, калі вас прымусілі адчуць, што вы пацярпелі няўдачу… што аказаліся не на вышыні… што ў вашых прапановах было мала карысці. Якія пачуцці ахоплівалі вас тады?

Ці разумееце, што часам і вы адкідалі іншага чалавека падобным чынам?

Гледзячы з перспектывы часу, як вам здаецца, ці можна было чамусьці навучыцца, пасталець ці атрымаць благаслаўленне, перажываючы падобныя сітуацыі?

Ян паказвае нам, што адказам Езуса на тое, што народ адвярнуўся ад Яго, былі адкрытасць і прыняцце. Езус і сёння кліча кожнага чалавека, нягледзячы на пагарду і кпіны, якія спазнае ад людзей… Ён адкрывае для іх магчымасць блізкіх адносінаў з Ім і з Айцом — адносінаў, якія ў роўнай ступені ўключаюць усіх, незалежна ад статуса, багацця або радаводу, што адлюстроўвае словы Езуса пра Апошні суд: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 31-46).

Вы — Божае дзіця, але што гэта значыць для вас? Ці аказвае істотны ўплыў на жыццё? Як вы трымаецеся прыкладу Езуса, сустракаючы на сваім шляху розных людзей? Ці аднолькава зычліва прымаеце ўсіх, без увагі да статусу, колеру скуры, паходжання, узросту і г.д.?

Рыхтуючыся падчас Адвэнту адкрыць дзверы Хрысту, які нароўні нараджаецца ў кожным чалавеку, падумайце аб дзвюх або трох рэчах, якія добра было б вам зрабіць, каб пераадолець існуючыя ў розуме і сэрцы бар’еры, якія перашкаджаюць вам бачыць і сустракаць кожнага вачыма Езуса.

Размова з Богам
  • Прысвяціце пэўны час разважанням аб Езусе — вандроўным прапаведніку… Сын Чалавечы, які не мае, дзе прыхіліць галаву… Заставайцеся з Ім, калі са сваімі бацькамі Ён уцякае ў Егіпет… Будзьце пры Ім у служэнні, якое цалкам прайшло ў дарозе, у перамяшчэннях з горада ў горад… Што вам прыходзіць на думку, калі вы суправаджаеце Яго ў вандраваннях? Ці Ён — той Бог, у якога вы хочаце верыць?
  • Што значыць, мець адносіны з такім Езусам? Чаго патрабуе ад вас вера ў такога Бога? Ці з палёгкай вы чуеце ад Яго: «Не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца»? (Мц 6, 25)
  • Цяпер, калі вы ўбачылі і адчулі рэальнасць і наступствы адносінаў з Езусам Хрыстом, што вы хочаце сказаць Яму?
  • Паведамляючы аб непрызнанні Езуса «сваімі», Ян нагадвае чытачу, што адносіны з Езусам — гэта пяшчотная, поўная любові сустрэча без ніякага прымусу; гэта адносіны, якія адзначаюцца адкрытасцю і свабодай волі і выбару. Такім чынам, Езус не выключае тых, якія Яго не прынялі, з «улады стаць Божымі дзецьмі»; але яны зрабілі такі выбар, што ў выніку выключылі сябе самі.
  • Святы Ігнацый кажа нам, як трэба выбіраць у жыцці: «Наш адзіны выбар павінен быць такім; я хачу і я выбіраю тое, што найлепшым чынам вядзе да паглыблення жыцця Бога ўва мне».
  • Якія аспекты вашага жыцця патрабуюць распазнавання або прыняцця рашэння падчас гэтага Адвэнту? Стварыце ўнутры сябе прастору і запрасіце ўвайсці ў яе Божую мудрасць і кіраўніцтва, каб спадарожнічалі вам у працэсе распазнавання.
  • Адгукаючыся на безумоўную любоў Езуса да ўсіх людзей, папа Францішак сказаў, што «вы можаце, вы павінны старацца шукаць Бога ў кожным чалавечым жыцці. Хоць жыццё на зямлі поўніцца цернем і пустазеллем, заўсёды ёсць прастора, дзе можа вырасці добрае насенне. Вы павінны давяраць Богу».
  • Пра якога чалавека вы найперш падумалі, чытаючы гэтыя словы? Некаторы час няхай ён будзе ў вашым сэрцы. Глядзіце вышэй за церне і пустазелле і засяродзьцеся на прасторы, у якой добрае насенне можа (і ўжо пачало) расці.
  • Папрасіце дапамогі ў Езуса — заўважаць больш лёгка і ахвотна здаровы рост і прыгажосць у гэтым чалавеку, каб вы маглі святкаваць, што Уцелаўлёны Бог нанава нараджаецца ў ёй ці ў ім. Якія вобразы, пытанні, думкі, пачуцці засталіся ў вас пасля разважання? Некалькі хвілін цішыні прысвяціце менавіта ім.
Разважанне чацвёртае: блізкасць Стварыцеля
Супакой

Калі вы знаходзіцеся побач з акном, то паглядзіце навокал. Калі не, то ўсё ж прыгадайце, як выглядае прырода ў гэтую пару года. Які сёння дзень? Што вы бачыце ці ўяўляеце? Некаторы час прабывайце з гэтым зімовым краявідам. Пры магчымасці, выйдзіце на вуліцу і знайдзіце аголенае дрэва або засохлую кветку — тое, што кажа аб надыходзе зімы. І няхай усё будзе такім, як яно ёсць.

Божае слова

Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».

Ян 1, 14–15

Разважанне

Калі Ян кажа пра «Слова» ў першым вершы Пралога да свайго Евангелля, ён робіць гэта дзеля таго, каб адкрыць нам Езуса, прысутнага ў самым пачатку стварэння: Ян паказвае Езуса ва ўсёй Ягонай сіле і бляску. Ян выкарыстоўвае «Слова», каб падкрэсліць, як немагчымае стала магчымым: сустваральнік уваходзіць у створанае (гл. Ян 1, 14).

Далёкі Бог становіцца нашым Эмануэлем — «Богам з намі». Навізна і радыкальнасць гэтай падзеі сталі прытупляецца з часам, ператварыліся ў вядомы і шмат разоў паўтораны факт.

Задумайцеся глыбей аб значэнні гэтай праўды веры для ўласнага жыцця — аб Уцелаўленні Бога ў маленькім Дзіцяці ў яслях.

Многія з тых, хто чакаў прыйсця Месіі, не змаглі прызнаць «Слова» з-за сваіх прадузятых ідэй адносна таго, у якой форме Ён мае прыйсці. Якія ідэі, могуць перашкаджаць вам у поўнай меры асэнсаваць, што Езус з’яўляецца Уцелаўлёным Богам?

Ці вы сапраўды верыце ва Уцелаўленне Бога, ці з часам веру замяніла звычка?

Уцелаўленне «Слова» ёсць уцелаўленнем ва ўсё стварэнне.

Папа Францішак нагадвае нам, што «Сусвет развіваецца ў Богу, які яго цалкам напаўняе. Таму існуе таямніца, якой трэба захапляцца ў лісці дрэваў, у сцежцы, у расе, у твары сустрэтага бедняка. Ідэалам з’яўляецца не толькі пераход са знешняга свету да ўнутранага, каб адкрыць дзеянне Бога ў душы, але і выйсце насустрач Яму ва ўсім» (Энцыкліка Laudato si’, 233).

Ці адчуваеце вы ў словах Папы выклік вашаму традыцыйнаму разуменню Езуса, які прыходзіць у свет? Задумайцеся аб сваёй інтэрпрэтацыі Уцелаўлення, беручы пад увагу словы з Паслання да Каласянаў: «Ён з’яўляецца першародным сярод усялякага стварэння, <…> каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё» (пар. Клс 1, 15–20).

Чым вы можаце напоўніць сваё Адвэнтавае падарожжа, каб разам з усім стварэннем святкаваць Божае Нараджэнне, Аб’яўленне «Слова, якое сталася целам»?

Як ваш штодзённы лад жыцця (то бок, выбар харчовых прадуктаў, спосабу перамяшчэння, паўторнага выкарыстання і г.д.) адлюстроўвае веру ў праяўленне Бога ва ўсіх рэчах? Якія змены вы хацелі б унесці ў свой лад жыцця, каб яшчэ больш умацаваць гэтую веру?

Калі Ян кажа нам, што Слова «пасялілася між намі», больш дакладны пераклад гучыць як «паставіла свой намёт» сярод нас. Гэты тэрмін паходзіць з часоў вандравання габрэйскага народа праз пустыню ў кнізе Зыходу, калі скінія была пераносным жыллём Пана, які ішоў перад людзьмі, каб весці іх, а таксама месцам, дзе людзі маглі сустрэцца з Богам. Скінія ўяўляла сабой драўляную канструкцыю з намётам (шатром), расцягнутым над ёю (гл. Зых 40, 34-38).

Бог узяў на сябе ініцыятыву прыйсця ў свет. Ён мог выбраць для нараджэння любое месца, любы час і любую сітуацыю, але вырашыў нарадзіцца ў галечы на задворках грамадства і рэлігіі.

Вобраз намёта (у адрозненне ад замка ці заможнага дома) прадугледжвае, што існаванне Езуса — гэта Ягоны свядомы выбар быць уразлівым, неабароненым ад самых розных небяспек, з якімі Ён сутыкнецца.

«Бог „паставіў свой намёт“ <…> між намі» (пар. Ян 1, 14). Ці чулі вы такі пераклад раней? Ці падабаецца ён вам? Чаму так або чаму не? Паразважайце пра яго некаторы час, і няхай такая сімволіка адкрые новае разуменне Уцелаўлення Божага для вас.

Прысвяціце некалькі хвілін на тое, каб успомніць аб тых выпадках, калі Езус быў уразлівым і безабаронным. Як вы думаеце, чаму Ён вырашыў так зрабіць?

У якіх сітуацыях у сённяшнім свеце Бог асаблівым чынам «ставіць свой намёт»? А які выбар робіце вы: вырашаеце сустрэцца з Ім у такіх сітуацыях ці закрываеце вочы, каб іх не бачыць?

Ян кажа нам, што Езус быў «поўны ласкі». Гэтая фраза часта асацыюецца з Марыяй, Ягонай маці. Але што гэта азначае? Гэта азначае, што Езус поўны безумоўнай любові і спагады да кожнага з нас.

У сваім «жыцці між намі» Езус бярэ на сябе ініцыятыву і прыходзіць з нябачанаю любоўю, перапоўнены бязмежнаю любоўю да ўсіх.

Дзе вы адчуваеце Яго безумоўную любоў і спагаду: у сям’і… з сябрамі… з суседзямі?

Якім чынам вы імкняцеся праяўляць безумоўную любоў у сваім штодзённым жыцці?

Размова з Богам
  • Бог стаў целам, каб нам было лягчэй з Ім сустрэцца. Ён вырашыў перажыць боль незразумення, знясіленасці, разбітага сэрца, горычы, прыніжэння, страху і здрады…
  • Ён вырашыў перажыць еднасць сяброўства, глыбіню самапазнання і пачуцця місіі, прыняцця на сябе служэння і любові, бяспеку сямейнага кола, радасць адносінаў…
  • Варта зараз падумаць аб тых момантах жыцця Езуса, сугучных з вашымі перажываннямі ў цяперашні перыяд жыцця. Якая сітуацыя непакоіць вас? У чым досвед Езуса падобны да вашага? Чым ён адрозніваецца? Пагаварыце з Ім аб сваёй канкрэтнай сітуацыі. Скажыце Яму, як вы сябе адчуваеце… чаго прагнеце… чаго вам не хапае…
  • Скажыце Яму ўсё. Ён будзе слухаць… Ён будзе ведаць… Ён зразумее.
  • Папа Францішак кажа нам, што праз нашыя целы «Бог так цесна злучыў нас з навакольным светам, што знішчэнне і атручванне зямлі з’яўляецца хваробай, якая закранае нас усіх, і мы можам смуткаваць над выміраннем нейкага віду як над нейкім знявечаннем» (Апостальская адгартацыя Evangelii Gaudium, 215; Энцыкліка Laudato si’, 89).
  • Знайдзіце спосаб занурыцца як мага паўней у Божае стварэнне, напрыклад, у форме шпацыру па лесе ці побач з возерам. Куды б вы ні вырушылі, можна ўбачыць і адзначыць, як Бог адкрывае Сябе ў створаным навакольным свеце. Можна зрабіць яшчэ прасцей: прыгледзецца да маленькай пакаёвай расліны дома (ці нават да яе выявы). Ці вы заўважалі, што кожны лісцік, кожная кветка, кожная сцяблінка, нават на адной расліне, адрозніваецца ад усіх астатніх. Кожны ўнікальны, і ў кожным Бог раскрываецца па-новаму, ніколі не паўтараецца.
  • Падзякуйце Езусу за цуд Ягонага выбару «паставіць свой намёт» сярод нас у кожнае імгненне нашага існавання.
  • Езус «поўны ласкі» (гл. Ян 1, 14).
  • Прабывайце ў прысутнасці глыбокай любові і спагады Езуса да вас. Вы адчуваеце Яго адносіны менавіта да вас?
  • Вы створаны з любові і для любові. Ці вы верыце гэтаму?
  • Ці адкрытыя для таго, каб быць умілаваным праз Бога? Ці бачыце і адчуваеце, як любоў Бога дакранаецца да вас?
  • Калі нешта замінае вам адчуваць такую любоў, варта падумаць, што гэта можа быць. Няхай усё, што абмяжоўвае вас унутры, далікатна і спакойна падымаецца на паверхню.
  • Цяпер паслухайце словы Бога да вас:

    «Вы соль зямлі…» (пар. Мц 5, 13)
    «Вы святло свету…» (пар. Мц 5, 14)
    «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго…» (пар. Быц 1, 27)
    «Нават калі маці забудзе сваё дзіця, Я не забуду цябе…»
    «Ці забудзе жанчына дзіця сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Нават калі яна забудзе, Я не забуду цябе» (пар. Іс 49, 15)

    Дазвольце безумоўнай любові Бога глыбока прасякнуць у глыбіню сэрца. Адчуйце Ягонае спачуванне.

  • Дзе ў вашым жыцці Бог выбірае сабе месца, каб «паставіць свой намёт»? Дзе вы можаце ўбачыць Яго прысутнасць: у сабе? у сваёй сям’і? сярод сяброў? у свеце? Куды кліча вас Бог гэтак жа «паставіць ваш намёт» — быць прытулкам і бяспекай для іншых… прытулкам, які таксама можа быць безабаронным і пакрыўджаным? Папрасіце Езуса, каб дапамог узрастаць у адкрытасці і смеласці, каб быць сведчаннем Ягонай прысутнасці для іншых.
  • Якія вобразы, пытанні, думкі або пачуцці засталіся пасля разважання над сённяшнімі вершамі Пралога да Евангелля святога Яна? Правядзіце з імі некаторы час у ціхай малітве.
Заканчэнне

Завяршаючы гэты цыкл, успомнім свае разважанні цягам Адвэнту. Мы стараліся заўважыць прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці, Яго сяброўства з намі, Яго прабыванне сярод нас.

Мы шырока адчынілі дзверы сэрцаў і розуму — дзверы ў нашую асабовасць, — каб наблізіцца да Слова, прывітаць у святле, сузіраць блізкасць Стварыцеля і сагрэцца ў прысутнасці Хрыста, які прыйшоў на свет дзве тысячы гадоў таму, які прыйдзе зноў і нейкім асаблівым чынам у свята Божага Нараджэння.

Штогод у калядны час мы больш-менш старанна падводзім вынікі мінулага года: з чаго пачаўся год? Дзе я цяпер знаходжуся? Чаго я дасягнуў? Што ўдалося, а што — не? Як бы я хацеў пражыць наступны год?

У Пралозе да Евангелля Ян дапамагае нам падрыхтавацца да новага пачатку, змяшчаючы нашую жыццёвую гісторыю не толькі ў мінулым годзе, але ў нашмат шырэйшай касмічнай гісторыі Логаса — Слова, якое сталася целам.

Ян запэўнівае нас у тым, што Бог заўсёды з намі. Слова вечнае. «Пачатак» ёсць канцом.

Бог суправаджае нас на кожным кроку нашага лёсу аж да дзвярэй смерці і далей за іх…

Адкрываючы нам, кім ёсць Езус і адкуль Ён прыйшоў, Ян дапамагае нам спасцігнуць, як мы рухаемся наперад, благаслаўлёныя Айцоўскай адданай любоўю, якая вылілася на нас праз Яго Сына.

І вось, на развітанне з Адвэнтавым падарожжам, якое мы прайшлі ў гэтых рэкалекцыях, узгадаем для сябе найбольш яркія моманты, а таксама цёплыя або складаныя… Яшчэ раз агледзім падарункі, якія Ян Евангеліст пакідае нам…

Наблізімся да ясляў і ўбачым і паверым, што ўсё ж такі зноў немагчымае стала магчымым — Бог становіцца чалавекам і ўваходзіць у кожны аспект нашага жыцця і ўсяго свету.

…Размаўляючы пра стайню, дзе хаваліся Тырыён (апошні кароль Нарніі) і яго паплечнікі, лорд Дыгары завўважае, што «ўнутры яна большая, чым звонку».

«Так, — адказала каралева Люсі. — У нашым свеце таксама была аднойчы такая стайня, дзе ўнутры было штосьці большае, чым увесь наш свет».

Клайв Стэйплз Льюіс, «Апошняя бітва»

Памятайце пра гэта, падыходзячы ўсё бліжэй да Бетлеемскай стайні, і рабіце так, як раіў святы Ігнацый:

«Ідзіце і запаліце ўвесь свет».

Упершыню апублікавана ў 2018 годзе ў супрацоўніцтве з парталам Catholic.by