З 6 па 10 лістапада айцец генерал Артура Соса здзейсніў першы афіцыйны візіт ва Украіну, імкнучыся ў гэты складаны час прынесці надзею і салідарнасць у краіну, якая знаходзіцца на скрыжаванні складаных палітычных, сацыяльных, эканамічных і гуманітарных праблем. 

Разам з а. Артура Соса SJ прыбылі таксама два асістэнты айца генерала, а. Томаш Кот SJ і а. Дуглас Маркуйлер SJ, а. Далібор Рэніч SJ, старшыня Еўрапейскай канферэнцыі правінцыялаў і а. Альберта Арэс SJ, дырэктар JRS Europe 

Украінская місія, якая з’яўляецца часткай Паўднёва-польскай правінцыі, складаецца з супольнасцяў у Львове, Хмяльніцкім і Чарнаўцах. Там працуюць 11 езуітаў, якія займаюцца рознымі формамі служэння, у тым ліку праводзяць ігнацыянскія рэкалекцыі. Два сабраты з Украіны зараз праходзяць манаскую фармацыю ў Польшчы.

Першы і другі дні візіту айца генерала былі прысвечаны ўзаемным сустрэчам і размовам, а таксама знаёмству з Чарнаўцамі, дзе езуіты з’явіліся ўжо напрыканцы XIX ст. Сумесная братэрская сустрэча дазволіла гасцям пачуць досвед сабратоў, якія працуюць ва Украіне. Як адзначыў у сваім рэзюмэ  айцец генерал, бясцэнным стаўленнем з’яўляецца блізкасць да людзей у гэты цяжкі час і пастаяннае вяртанне да Пана, у якім мы чэрпаем моц і ў якім усе нашыя ўчынкі павінны шукаць свае вытокі і карані.

Адным з асноўных момантаў 5-дзённага візіту айца генерала стала ўрачыстае адкрыццё «Прасторы надзеі» – цэнтра, прысвечанага аказанню псіхалагічнай і духоўнай падтрымкі людзям, якія пацярпелі ад бачнай і нябачнай траўмы. 8 лістапада 2024 г. у Чарнаўцах на паўднёвым захадзе Украіны адбылося асвячэнне адноўленага будынка, які з гэтага часу будзе служыць у працы Таварыства.

Пасля святой Імшы адбылося асвячэнне дома, падчас якога арцыбіскуп, генерал і іншыя госці прайшлі па будынку, акрапляючы яго святой вадой. Пасля малітоўнай часткі адбыліся выступы і прэзентацыя працы а. Міхаіла Станчышына SJ і а. Норберта Фрэека SJ «Прастора надзеі».

Айцец генерал падкрэсліў прызначэнне цэнтра як маяка стойкасці, адзначыўшы, што гэта мае быць «месца надзеі перад абліччам вайны, якая працягваецца».

Суботу, 9 лістапада, а. Артура Соса правёў у Львове. Дзень пачаўся з пасадкі «дрэва надзеі» ў садзе езуіцкай супольнасці ў Львове. Пасаджаны там канадскі клён мае сімвалізаваць жыццё і надзею ў такі цяжкі для Украіны час і быць знакам прысутнасці езуітаў як людзей, якія нясуць надзею.

Затым, пасля супольнай малітвы на Лычакаўскіх могілках, айца генерала і суправаджаючых яго асоб прымалі ў львоўскай сядзібе JRS (Езуіцкай службы бежанцам). Дом, які з’яўляецца працоўным месцам для каманды JRS, адначасова з’яўляецца прытулкам для бежанцаў. Інга Дуль, нацыянальны дырэктар JRS ва Украіне, распавяла пра працу сваёй каманды з 14 чалавек. JRS існуе ва Украіне з 2008 года і дапамагае бежанцам з розных краін. Штомесяц дапамогу атрымліваюць больш за 500 чалавек, а з 2022 года гэтая колькасць перавысіла  20 тысяч чалавек. У Львове JRS кіруе двума дамамі-прытулкамі для маці з дзецьмі на 25 чалавек кожны. Неадкладная дапамога забяспечвае людзей жыллём, харчаваннем, лекамі для тых, хто ў гэтым мае патрэбу. Доўгатэрміновая дапамога ўключае ў сябе, між іншым, падтрымку мігрантаў, асабліва пажылых людзей і інвалідаў, у інтэграцыі ў новае асяроддзе і арганізацыі адукацыі для дзяцей.

Потым госці наведалі выставу ў Львоўскім Палацы Мастацтваў, дзе адбываўся дабрачынны аўкцыён карцін, напісаных дзецьмі з прытулкаў г. Львова.

Духоўным падсумаваннем дня стала святая Імша ў капліцы львоўскай езуіцкай супольнасці – візантыйская літургія святога Яна Залатавуста.

На працягу ўсяго візіту генеральны настаяцель  пераказваў яснае пасланне адносна місіі Таварыства Езуса ў свеце і асабліва езуітаў, якія служаць ва Украіне: езуіцкая місія грунтуецца на служэнні іншым. Прысутнасць айца Сосы была моцным знакам падтрымкі, які даў надзею мясцовым езуітам і ўмацаваў іх адданасць служэнню.

А. Даміян Мазуркевіч SJ у сваіх успамінах аб гэтым візіце падзяліўся шматзначным, хоць і невялікім, на першы погляд, эпізодам з прабывання на Лычакаўскіх могілках, які можа служыць падсумаваннем візіту айца генерала. Часткай малітвы ў гэтым месцы быў час цішыні, калі пасля сумеснай малітвы мы паасобку абыходзілі могілкі, спыняючыся ля выбранай магілы. Пажылая жанчына, якая нікога з нас не ведала, убачыўшы, што мы стаім з запаленымі свечкамі, хацела запаліць сваю і падышла да айца генерала і папрасіла агню. У гэтай просьбе да езуітаў аб агні для свечкі мы бачым выраз больш глыбокага жадання атрымаць полымя веры і надзеі, памяці, больш светлых гарызонтаў у цемры вайны. Адказ на гэтае жаданне яскрава адлюстроўвае цяперашнюю місію Таварыства Езуса ва Украіне.

Па матэрыялах (тэкст і фота): https://jesuits.global  і https://jezuici.pl/